Jan 16, 2012

Род

Cлова brahman утвараецца ад кораня bṛh ці vṛh, ужыванага ў змыслах “росту” (vṛddhau) і “мовы” (śabde). Брагман - тое, што бясконца расьце, перасягае межы, гэта рост, узыход сам па сабе. Брагман - тое, з чаго ўсё расьце, пачатак і выток. У гэтым змысьле яго можна перакласьці словам Род, якім славяне называлі прабога пачатку. Род яднае ўсё, бо зьяўляецца пачаткам усяго, для ўсіх відаў род зьяўляецца адзіным і навышнім. Ад кораня “род” паходзяць “расьці” і “радзі́ць”. Род нараджае і росьціць усё. mama yonir mahad brahma tasmin garbhaṃ dadhāmy aham. saṃbhavaḥ sarvabhūtānāṃ tato bhavati bhārata - “Мне ўлоньне вялікі Род, у яго я ўкладаю зародак, зь яго субыцьцё ўсіх бытаў узьнікае, нашчадак Бгараты” (Багавітава Песьня 14.3).

Брагман у змысьле “мовы” значыць śabda-brahman - брагман-слова, сьвятарную мову, слуш, Веды. Гэта сьвятарны прагук ОМ, пачатак мовы, першы гук чалавека, калі ўся мова - адно імя і адна ява, гук, у якім ужо ёсьць магчымасьць усіх гукаў і праявы ўсёй мовы. Гэта пачатак, Рот і Род мовы. Гук Роду вяртае да Роду. Слова брагман значыць таксама малітву, сьвятарнае слова, зьвернутае да пачатку. Бра̄гманам завецца той, хто знае Род, брагман, той, хто зьвяртае слова да Роду, пачатку.

І ў гэтым змысьле брагман можа таксама быць перакладзены словам Род, калі зьвярнуць увагу на блізкія да яго словы. З “родам” у беларускай перагукаецца слова “рада” (улада, настава, савет, сумова, сродак). З гледзішча множнай этымалёгіі у “радзе” зьліваюцца рэкі словаў “ра́дзіць” (кіраваць, правіць, памагаць, выпраўляць, спраўляцца, прыстасоўваць), “радзе́ць” (памагаць, старацца), “радзівы” (старанны), “ра́давацца” (быць шчасным), “радзі́ць” (апранаць, ладзіць, прыводзіць у парадак), “рад” (парадак, крэс, лінія), “рот” (выток мовы), “радаўніца” (дзень памінаньня продкаў), “радны” (праведны, належны, сумленны), “абрад” (сьвятарны аброчны рытуал), “радно” (тканіна, “тэкст”). Іх змыслы прыродна перагукаюцца і тлумачаць адно аднаго ў розуме носьбіта мовы. І пераход “а” у “о” для каранёў - частая зьява. Рада - гэта радная мова-ўлада, мова-магута, мова, што ра́дзіць, зьдзяйсьняецца, правіць, выпраўляе, раду́е, усталёўвае парадак, мова-настава (śāstra), сьвятарная мова абраду, радаўная мова продкаў, радная, правільная, чыстая, пачатковая, істая мова Роду. Хто яе ведае, той радавіт.

4 comments:

  1. думаю, можна патлумачыць "радзіць" ня толькі як адыменны дзеяслоў, але й як каўзатыў / ітэратыў:

    старарускае редъ "снедь", а значыць можна выснаваць рэсьці (рэд+ці; раду́, радзе́ш) "расьці", ад якога маем род (як везьці - воз), радзіць "нараджаць" (як мерці - марыць; каўзатыў "змушаць вырасьці"; нарадзіць сына) або радзіць "даваць ураджай" (як везьці - вазіць, несьці - насіць; ітэратыў "расьці моцна, шмат"; жыта ўрадзіла).

    ReplyDelete
  2. відаць так, першаснай мусіла быць выява са змыслам "расьці" - як у выпадку रोहति - रोधति

    ReplyDelete
  3. згодна з гэтым кавалкам Гіты, Брагмана па-руску можна называць "Все-ленная", бо "всеобщее лоно". калі разглядаць гэтае слова з іншага боку, то бок не ад "вселиться"

    ReplyDelete