Таява

Зора

дзе мая зора, я да якой ішоў
добра бачыў удзень, а ўначы згубіў
ці згасла таму назад мільярды гадоў
ці вочы асьлеплі ад яе блізіні
як адрозьніць цяпер адну між гэтых агнёў
у пагражаючым вечнай цемрай небе душы

Берагі

рэкі топяць свае ільды
хаты бураць свае муры
мора прагне неба вады
каб адолець свае берагі
птахі рушаць свае вятры
рыбы рыюць свае віры
сонца да ўсходу ідзе ўначы
каб у неба сваё ўзысьці

Палка з адным канцом

загнанага ў кут разварот ува ўсе бакі
круглага вока пагляд зь вяршыні гары
злоўлены ў шар люстэрка сьвятла прамень
цягні сябе з багны за валасы мацней
пад нагамі ўзьнікаюць прыступкі ў горад багоў
сам у сябе ў руках палка з адным канцом

Захмарны горад

удыхну ўвесь сьвет абдыму прастору
адчыню сябе ў неба вострай брамай
пракладу сябе стаўпавой дарогай
у захмарны горад узыйду сонцам
закляну ўваход непаэт ня ўвойдзе

Сьцег прачыну

мужная моўч прасьціной пустыні
вечнага зору сьцілае сьцег
апоўначы явы да поўні чыну
золатам зыбкім лягае сьвет
з абодвух канцоў тады рухам адзіным
крокам рашучым выходзь настрэч
і твар пазнаўшы ў лонях радзімых
сябе згубіўшы, знайдзі сябе

Першае вока

глыбее таемны ўзыход,
раскрываючы вока вачэй,
расуе пялёсткамі верамя
нерушы вірная краска,
вяртаючы памяці зьлепак
у першую гліну быцьця

Прарок

вяліка пустэль, непраглядны дзень
ды нястомен конь, непазьбежна цэль

сьлепа вачам, кожны рух у круг
ды нязломна весьць, несупынен дух

ваяры зь пяску, гарады ў пяскі
нечуваны слых, небываны быт

Вечны пачатак

назаўжды калі ўсё наперадзе
калі сьцегі ўсе адкрываюцца
калі вока бясконца зьдзіўляецца
калі толькі сьвет прачынаецца
калі толькі ўсё пачынаецца

Кружало

калі сьвет патанае ў бяздонным віры
хай прачнецца ўладар пасярод кружала
белай поўняй успыхнуўшы ў белай начы
пераліецца кубкам нясьмерця за край
залатым вадаспадам жаданьня быцьця
з кожнай кроплі раджаючы новы сусьвет
каб убачыць сябе з соцень тысяч вачэй
і абняць сябе сотнямі тысячаў рук
каб забыць сябе сотнямі тысячаў сноў
узгадаўшы сябе, перабольшыць сябе

Буян

мыслу рака выплынае на доўгі дол
пэўна паволі поўніць сабой абшар

дзержа на сівер кола стырна рукой
човен упарты правіць самаўладар

верны і абяцаны днее мора-кіян
ясны стажары, ноч абяцае дзень

на даляглядзе стане сьвяты Буян
дзе залатой гарой зьзяе Латыр-камень

Вір

пуста сьвятая мясьціна
вось раскрываецца кругам

дзьме дух на вугольле цела
агонь уздымае крылы

неба разгорне дзьверы
ступіць на глебу зь віру

Зьвяршыня

з мора-студні рыўкамі ўсплывае мэдуза-душа
у нязнаны прасьвет кажана выпускае пячора
над сьляпой галавой невідочна зьзяе зьвязда
непазьбежным пачаткам чакае сьвятая зьвяршыня

Ключ

падыйшлі да дзьвярэй у старым муры,
сталі таборам, палілі агні,
аблажылі замак кальцом драбін,
адвечныя дзьверы прайсьці не маглі.
пакінуўшы дар, на дзявяты рок,
я стаўся ключом, разамкнуў замок.

Гара

за сьпіною няспынна ў неба расьце гара
узыходзяць у ноч над зямлёй маладыя багі
лейцы сьвету сьціскае мацней рука ўладара
і конь часу ўстае станьгом ды іржэ ў адказ

Увесь гэты сьвет

Бясконцая сталь

ёсьць келіха змысел і змысел віна
сталёвых вачэй бясконцая даль
багіня радзіма гаворыць з табой
і мякка кранае сьнежнай рукой

за вачэй бясконцых далёкую сталь
за келіха змысел і змысел віна
майтрэі атрады рушаць у бой
і сонца ўзыйдзе апошняй зарой

Па-над сьвятам

- ты - ня тое вечнасьвята на галоўнай плошчы места,
дзе кірмаш сабраўся зь вёсак, дзе пад музыку аркестра
скача гарная паненка з закаханым кавалерам,
дзе нявеста на вясельлі дзецям кідае цукеркі.

- ты - што міма пралятае, птах, шукаючы свой вырай,
чыё вока з-па-над хмараў ловіць сквапна як здабычу
кветкі ў валасах жанчыны, бляскі пацерак на шыі,
і ў сьвяточным ачмурэньні кажа шэптам ”міг, спыніся”.

Зеўра

разрываецца зеўра нябёс за сьпіной
немакрыкам тугі па зямлі абяцанай
які боль назіраць за тваёю красой
о багіня Радзіма што станецца явай

Чайкі

летам чайкі крычаць
што там за вуліцы рогам
чакае нас сіняе мора
смачнае і ласкавае
як нецалаваныя вусны
клічнае і напятае
як маладыя грудзі
зіхцяць залатыя вятрылы
на срэбных шчоглах чаўноў
гатовых адплыць на Буян

Поўдзень

ты далёкага сонца пасланьне,
паўднёвая веліч паветра,
абяцаеш мне рай на зямлі,
калыхаючы шолахам сьветлым,
і пяром у прадоньне дрымоты
зарынаючы дрогкія веі,
па той бок ажываюць навалы
грымотныя крокі па глебе.

Рыба

ты невад, закінуты ў мора
богам, што ходзіць па водах
і ловіць адбіткі абдымкаў
ты невад, а я твая рыба

Арлы

калі долу ладзяць скокі мячоў байцы
і зьвіняць у замках варотаў роду ключы
там таявы арлы звужаюць вакол кругі
і нагбом піюць сьпяваны аброк багі

Лянота

уладарная млявасьць самлелага цела
ціха падае высьпелым плодам у рукі
зь недасяжнай вяршыні сьвятарнай ляноты
цераз край выкіпаючы сонечным сокам

Ноч

рукі начных нябёс
гладзяць твае валасы
ты гледзіш у вочы зор
і пазнаеш сябе
і з кожным дотыкам ты
будзеш усё танчэй
а вочы начных нябёс
будуць далей расьці

Вечар

шэрыя птахі складаюць крылы
на плечаў галінах каб шолахам весьці
ночную раду пра рэкаў сутокі

пра шчасьце кроплі ў велічы водаў
вяртаньне кветаў у лона цемры
купаньне душаў у моры целаў

Сум

між прорваў напятым стажарам
напружанай цягліцай бога
зноў суму струна дрыжыць
пад ласкай празрыстых пальцаў
нямым урачыстым стогнам
гучыць з таго боку кліч

Ўладар і госьць

у хмарным замку сабраўшы разам
ўсе шчасьці явы, ўсе тайны цемры
у вечным сьвяце найпоўных чашаў
ў аздобе гудаў, дзявіц суквецьці
ў сяброўстве вояў, у шэпце мудрых
ў быцьця вяршыні вітаўт сусьвету
чакае моўчкі, калі ў пакоі
увойдзе самым жаданым госьцем
заўжды адсутны ўладар нястачы

Мёд

у залатаскурых палёх
з духмяных красак вачэй
зьбіраюць таемны мёд
п'яныя пчолы багоў

у залатаскурых агнёх
з суплёту танкіх галін
з пахам малочных рэк
у неба ўзыходзіць дым

Птах самоты

не лякай таго птаха што сеў на галіну самоты
ён шапне табе ў вуха што зараз далёка-далёка
іншы птах пра цябе павядае на іншай галіне
што няма часам ёсьць і паболей чым іншыя былі

Мост

пад мостам часу рака, а на мосьце мы
места, што час спыніў, зіраем агні
час разлучыў, а мост злучыў берагі
каб мы зіралі агні ў ад'яве яго ракі

Цераз край

о келіх, перапоўнены нястачай
чырвоных вуснаў смаку і тугой
па дотыку далоні ўсхваляванай,
што цераз край заве ў сябе напой

Гукі

ты чуеш у льдзістых узорах
на роўніцы спыненых рэкаў,
у згуках падзеньня лістоты
ў суплёты таемных прасьветаў,
як грукае ў бубен прасторы
сьцісканьне цягліцаў волі,
як ніткай праходзіць вецер
скрозь перлы сьмяротных істотаў

Пан глыбіні

о вязень, зрынуты з вышыняў
у цёмны склеп, дзе ў часе зьмены кар
склікае ўсіх, кім быў даўно забыты
за стол старых напояў, рэдкіх страў,
разгортвае абшары пан глыбіняў
і кожны прыйшлы атрымае дар

Узыход

ночны вецер спыняе дых
цішыня агартае слых
калі з досьвітнай цемры мар
зараніцай у неба твар
узыходзяць сузор'і вей
перад сонцам тваіх вачэй
і па плечах твае валасы
праліваюць сьмех залаты
з багавітых волі вышынь
па-над голым долам прычын

Палон

пагляд вандроўніка, захоплены ў палон
вачэй і вуснаў навіной імклівай
вядзі яго да прывіднай вяршыні,
над прорвай цішыні ўзрастаючы мастом

Зьзяньне

так зьзяе прагай сябе
нічый пакуль яшчэ бог
і кожны ягоны крок
таемны віна глыток
пакуль яшчэ нічые
срэбныя роўні вачэй
узяўшы тое сьвятло
ня зробяць яго ярчэй

Ключы

колькі гадоў мінула, што ўсе забылі калі
былі замкнутыя дзьверы і зьніклі гаспадары

куды растуляюцца брамы, каго спыняюць муры
хто вырабіў з золку явы ад іх залатыя ключы

дзе іх знайшоў твой позірк, як увайшоў сюды
як могуць з пачатку сьвету чакаць тут твае сьляды

Далонь

неба падае на зямлю
сонца пыніць сваю хаду
зоры вернуць сваё сьвятло
я кранаю тваю далонь
кон хапае маю душу
і вяртае ў тваю руку

Гальлё

як павольна галініць дрэва зямлі
свае рэкі разлогамі мараў
так ласкава чакае сустрэчы вякі
з дрэвам дрэваў наканаваным
як імкліва зрынаецца дрэва нябёс
стадам птахаў бліскучых з-за хмараў
так сплятаюць яны залатое гальлё
нараджаючы новае зьзяньне

Люстра

яшчэ ня зьзяе срэбным пылам
таго люстэрка шкло, ў якім,
складуцца нашых лёсаў рысы,
сабой стварыўшы твар адзін,
дзе верным знакам кожны рух
здабудзе дарам цэль адвечны,
калі, празорыўшы, скранецца
у новым целе новы дух

Рака

па-над белай зямлёй
тонкай чорнай зьмяёй
як ты цячэш, рака,
зараз, калі няма
нават маіх сьлядоў
тых каля берагоў,
дзе над ціхай вадой
мы маўчалі з табой

Хмара

покі хмара ня знае,
чым упадзе на дол,
неба яшчэ гадае,
чым разарве прастор,
тое, чаго ня зьзяе,
зараз ужо маўчыць,
тое, што гукам стане,
зараз ужо дрыжыць

Погляд

над горадам плынуць хмары
на хмарах высяцца вежы
зь вежаў губляюць кветкі
вянкі несьмяротных дзеваў

чым сьмех нязмушаней зь неба
павольней кветак падзеньне
тым больш захоплены долу
на неба зьдзіўлены погляд

а што калі кветкі зь неба
на хмарах нясьмерця вежы
толькі дзеля зьдзіўленьня
твайго, сьмяротны паглядзе

Замест

Заместа шэрай вуліцы з вакна,
Замест чаканьня сну працягам ночы,
Замест таго ўсяго, што бачаць вочы,
Магло бы быць усё, чаго няма.

Нішто

калі сьпярша адсутнічала ўсё,
чаго няма ўжо і яшчэ ня стане,
калі ўсё зноў абернецца ўнівіч,
ды не пакіне нават успаміну,
тады нішто ніколі не было

Каліва

О каліва, закінутае ў цемру
брыняць вадой, ты скора станеш тым,
чаго ня знаеш, але мусіш ведаць,
каб гэтым новым немінуча стаць

Паміж вяршыняў

Час доўжыцца і цягнецца прастора,
дарога губіцца паміж вяршыняў гор,
мы ўзгадваем, што памяталі ўчора,
як цягся час і доўжыўся прастор

Ранак

шэры доўгі панылы ранак,
як жа больш цябе за мяне!
я аддаў табе ўсё, што маю,
і цяпер ніхто за цябе
не мацнейшы на гэтым сьвеце,
покі сьвет гэты - сьвет мяне

Вочы

а можа ты нарадзіўся
каб бог тваімі вачыма
галоднымі вызнаў нарэшце
сваю немагчымую немач

Дождж

Калі дождж - гэта мова,
якую мы не разумеем,
але намагаемся ўпарта,
і кідаем марныя спробы?

Літары

уночы ўваходзіш у пакой
зьзяе клявіятура лэптопа
што не пасьпеў заснуць
і вось яны - тыя літары на камянях
тыя самыя праз тысячагодзьдзі
сьветлыя ў цемры

Бог Месца

А можа бог ёсьць месцам тым,
Куды вярнуцца ты павінен?
Ці можа месца богам ёсьць,
Адкуль зыйшоў ты назаўсёды?

Дамы

Дамы, збудаваныя побач,
Каб нельга было іначай
Прайсьці, і так і ня ўбачыць,
Як трымціць паміж імі
Паветра іншага сьвету.

Вялікі сьвет

Вялікі сьвет і нязнаны
Шчодра ў сабе зьмяшчае
Усе магчымыя кшталты
Раскошы спакусы і смутку
І ўсё адно яго мала
Каб пустату запоўніць
Цябе незваротнай страты
Якую ўжо прадчувае

Атлянтыда

Човен плыве, а пад ім краіна.
Называецца - Атлянтыда.
Даўна мінула, наколькі даўна?
Бацька мой жыў тым, і дзед таксама.

Старыя часы

Вернуцца старыя часы,
Ты падумаеш, ці гэта яны пачынаюцца,
Вандраваньні па колах пекла,
І ня мецьмеш рацыі.

No comments:

Post a Comment