Aug 17, 2013

Увесь гэты сьвет

Успамін

Раптам усплыў яркі ўспамін зь дзяцінства: у вёсцы было вясельле, нявеста раскідвала цукеркі і дзяці імгненна падбіралі іх з дарогі. Дзяцей было многа. Я спрабаваў падняць хоць адну, але ніколі не пасьпяваў. Было такое вострае пачуцьцё абдзеленасьці і адчужанасьці. Цукеркі скончыліся і я, мабыць, унутрана ўжо плакаў, але раптам гэтая неверагодная чыстая белая добрая істота падыходзіць да мяне і сама дае мне цукеркі ў рукі.


Перапын

У сваіх развагах мы звычайна зыходзім з ідэі працягласьці рэчаіснасьці, быцьця, суб'екта. Прадмет развагі існуе працягла, працягла існёе і той, хто разважае. Інакш губляецца сэнс развагі, і сама рэчаіснасьць таксама губляецца. Асабліва гэта важна для сучаснай навукі зь яе ідэяй аб'ектыўнасьці. Фізыка і гісторыя бачаць час і прастору як працягласьць.

Але гэтае бачаньне заўжды выносіць за дужкі той просты несумнеўны факт, што быцьцё ўвесь час перапыняецца і ня можа не перапыняцца. Мы ніколі не зьяўляемся сьведкамі няспынных часу, прасторы, быцьця, рэчаіснасьці. Сон зноў і зноў перапыняе быцьцё, перазапускае рэчаіснасьць, утварае новы суб'ект. І гэты новы суб'ект з усіх сілаў верыць у той, што зьяўляецца працягам учорашняга, што новая рэчаіснасьць працягвае старую.

Бо перапыннае быцьцё - ужо нибы і не быцьцё. Перапынны суб'ект - увогуле ніякі і не суб'ект. Перапынная рэчаіснасьць - увогуле нікуды ня вартая ў якасьці рэчаіснасьці. Чаго вартая перапынная гісторыя? Але суб'ект перапынны, быцьцё перапыннае, рэчаіснасьць перапынная. Бо ёсьць тое большае чым гэтая рэчаіснасьць, гэтае быцьцё, гэты суб'ект, што стварае гэтую рэчаіснасьць, гэтае быцьцё, гэты суб'ект. Таму што прыходзіць сон і перапыняе ўсё, а затым пачынае ўсё наноў. Дзень і ноч таму - найважнейшыя катэгорыі перапыннасьці.


Успамін успаміна


Успамін ажыўляе, аднаўляе памяць. Можна ўспомніць свой дзень, усе ўчынкі, сустрэчы і размовы свайго дня і ясна ўзгадаць сябе, які іх зьдзяйсьняў, у іх удзельнічаў. Але нельга ўзгадваць сябе ўзгадвачым. Успамін на гэтым спыняецца. Тут мы сустракаемся з тайнай.


Памяць нязьменная і нескасоўная, і ўжо гэтым успрымаецца як прымус суб'екта, але яна ўсё ж суцэльна належыць нам. Суб'ект успамінаў - уладар неадчужальнай уласнасьці, што ўвесь час прырастае актуаліяй. Немагчымасьць успомніць успамінаючага адкрывае суб'екта ўспамінаў як мэта-суб'екта, што пераўзыходзіць суб'екта перажываньня.

Няўклюднасьць

Няўклюднасьць, асабліва дзіцячая, кажа пра тое, што мы існуем ня тут, а тут і там, дзе ўсіх гэтых абмежаваньняў, якія ўвесь час парушаюць нашыя целы, няма. Варта нам крыху забыцца, і мы ў родным сьвеце, дзе ўсё выконваецца адразу, а не пасьлядоўна, праўь сьцены можна хадзіць, рэчы не абавязаны падаць долу і можна лётаць. Няўклюднасьць кажа пра тое, што сон - ня збор успамінаў і адбіткаў, а нашае прыроднае асяродзьдзе, дзе мы як рыбы щ вадзе.

Земнаводныя

Людзі зарадзіліся ў вадзе сну і "цягам эвалюцыі" выпаўзьлі на сушу чуйнаваньня.

Заваёўнік
Хаця сьвет чуйнаваньня неахвотна падпарадкоўваецца чалавеку і прымушае яго гуляць па сваіх правілах, у яго ёсьць і свая прастора, дзе ўсе яго жаданьні і ідэі без адвалокі спаўняюцца, сон. І чаго дасягнуў ён, чаго такога пажадаў, чаго такога стварыў, маючы гэтыя амаль бязьмежныя магчымасьці, такога, каб відавочна перасягала тыя магчымасьці, якія ён мае ў прасторы чуйнаваньня? Ён там проста адпачывае, ад змаганьняў у "сапраўдным" сьвеце.
Падобна, што чалавек кажа пра сваю несвабоду ў сьвеце чуйнаваньнязусім не таму, што ў яго тут нешта не атрымліваецца зрабіць ці дасягнуць. Для яго прынцыпова важна дасягнуць сваіх жаданьняў менавіта тут, дзе форма сухая, цьвёрдая і доўна трымае сьлед, дзе ён як захопнік і заваёўнік навязвае матэрыі сваю волю, а ня там, дзе ўсякая яго прыхамаць безумоўна зьдзяйсьняецца ў поўным аб'ёме паслухмяным вільготным асяродзьдзем.
Старэньне

Рэчы, што стварае чалавек, немінуча ўвесь час старэюць. Усё, што стварае чалавек, імкнецца да разбурэньня навязанай ім формы. Чаму адбываецца старэньне? Таму, што чалавек не адсюль, ён тут захопнік, чужы. Матэрыя, часова падпарадкаваная мове, выяўленьню імёнаў і вобразаў, адразу ж пачынае змагацца за сваю свабоду. У яе ёсьць свая мова, свае імёны і вобразы, свая граматыка і сінтаксіс. Быць рэччу - не яе прыроднае прызначэньне. Гэтаксама і цела, зробленае духам сваёй часовай выявай. Што значыць старэньне? Тоt, что там, на Радзіме, адкуль чалавек бярэ імёны і вобразы, яго няма.

Прадчуваньне

Калі адкрываеш для сябе нешта новае, кнігу, музыку, пісьменьніка, філязофію, то нейкі час яшчэ невядома, наколькі вялікая гэтая новая акдрытая прастора. І ў гэты час яна яшчэ бясконцая, гэтая расхінутая чароўная пэрспэктыва, цэлы сьвет наперадзе. Так, кніга мае гэтулькі старонак, і пісьменьнік напісаў гэтулькі раманаў, і ў музыкі ёсьць гэтулькі  альбомаў. Ёсьць нейкія межы. Але гэта вонкавыя межы, унутры ж раскрываецца бясконцая пэрспэктыва.

Ёсьць чары ў гэтым імгненьні, калі вывучаеш новую мову, і яшчэ не разумеючы яе, слухаеш яе гукі. Так можна слухаць яе толькі ў гэты момант пачатку навучаньня, бо пасьля гукі будуць незваротка прыдушаны змыслам. Зь іншага боку, калі няма намеру вывучэньня, гэта яшчэ проста гукі, а не невядомыя знакі, ня дзьверы ў іншыя сусьветы. Вучыць новую мову  - гэта як перажыць новае каханьне. Так глядзіш на чалавека, калі зь ім толькі знаёмішся, і пасьля яго, ужо знаёмага, нельга будзе ўбачыць такім самым.

Увесь гэты сьвет

Успамін нават аднаго імгненьня аднаўляе ўвесь сьвет цалкам, якім ён быў для мяне ў тое імгненьне. І колькі імёненьняў я перажыў, столькі сусьветаў я нясу ў сабе.

Ва ўспаміне ня толькі я - гэта я, але і ўсё засталае, увесь сьвет - таксама я. Успамін як сон, увесь цалкам складаецца зь мяне і зроблены мной. І ўсе імгненьні, якія я ўзгадваю, усё гэта - я, усё гэта робіцца мной і складаецца зь мяне.

Успамін нават аднаго імгненьня разгортвае цэлы сьвет, але гэта мой сьвет, такі, якім ён быў толькі для мяне.

Але вось гэтае імгненьне, якое зараз стане ўспамінам, сьвет у ім таксама толькі мой, такі, якім ён ёсьць толькі для мяне.

Гэтае імгненьне, якое зараз стане ўспамінам, увогуле можа стацца ўспамінамтолькі таму, што ўжо зараз робіцца мной і ўжо ўсё складаецца зь мяне, гэта і ёсьць я.

Я і ёсьць увёсь гэты сьвет.

І калі я памру, скончыцца ўвесь гэты сьвет, усе сусьветы, якія я нясу ў сабе. Ці магу я памерці?

No comments:

Post a Comment