Aug 17, 2013

Паўтор

Калі мы слухаем музыку, напрыклад, Месяцовую санату, ёсьць імгненьне, калі пасьлядоўнасьць пачынае паўтарацца. І адразу ж тыя самыя ноты, што гучалі раней як мэлёдыя, становяцца нечым большым, выдзяляюцца ўжо як элемэнты кампазіцыі.

Паўтор аднаго элемэнта стварае рытм. Варыяваньне элемэнтаў стварае мэлёдыю. Паўтор мэлёдыі зноў стварае рытм, выдзядяючы элемэнт вышэйшага парадку. Варыяваньне мэта-элемэнтаў зноў стварае мэлёдыю. 

Паўтор стаіць у пачатку менаваньня. Змысел атрымлівае імя, калі паўтараецца. Паўтарэньне стаіць на пачатку граматыкі. Граматычнае мэта-імя зьяўляецца, калі паўтараецца агульны змысел імёнаў. Сінтаксіс утвараецца, калі паўтараецца пасьлядоўнасьць мэта-імёнаў. 

Думаючы пра мову і імёны, мы інтуітыўна адчуваем, што паўтарэньне тут прычым. Але справа ня ў колькасьці паўтораў, а ў рытме, які яны спараджаюць.

Паўтарэньне стварае граматыку мовы, яе элемэнты і мэта-элемэнты. Варыяваньне ставарае лексыку, спэктр у межах пэўнага ўзроўня. Паўтор, ствараючы рытм, кожны раз узводзіць мову на ўзровень вышэй. 

Як у музыцы, у любой мове ёсьць свая мова мэлёдыі, лексыка і свая мова рытму, граматыка. Мовай можна назваць усё, што мае паўтарэньне і варыяваньне.

No comments:

Post a Comment