Aug 30, 2014

Прастора і Час

Ёсьць змысел часу, дзея часу і ўспрыманьне часу. Змысел часу - ня тое самае, што дзея часу. І сама па сабе зьмена яшчэ не стварае час. Час утвараецца адначаснасьцю дзьвюх дзей, што будуецца трэцяй дзеяй - мовай часу.

Пераадкрыцьцё дзеі, што зьяўляецца іменем для мовы часу, утварае дзею часу. Час як дзея немагчымы бяз мовы.

Мова часу робіць магчымай мову руху. Мова руху ўтварае прастору як затрыманы выказ працягу, унутры якога выказваюцца ўсе іншыя прасторы і рухі.

Прастора ствараецца насуперак дзеі часу. Час адбываецца з таго боку погляду, а прастора - з гэтага.

Будову прасторы складаюць сталыя крокі круга працягу, унутры якіх адбываюцца зьмены. Таму кожны крок круга прасторы - імя, а яго зьмест - ява. Таму прастора - гэта мова прасторы.

Усё сталае - гэта пад-прастора ў мове прасторы, усё рухомае - гэта явы імён прасторы. Неба, Зямля, Захад, Усход, Поўнач, Поўдзень, Верх і Ніз - усё гэта мы носім з сабой, усё гэта затрыманы чын у мове прасторы.

Прастора ствараецца дзеяй часу, але даймо, успрыманьне часу ўтвараецца прасторай. Прастора чытае час і запісвае яго ў крокі свайго кругу, спыняючы яго і ператвараючы ў прастору. Гісторыя, успрыманьне часу - гэта пераклад з мовы часу ў мову прасторы.



Мова прасторы

Чын у мове руху - гэта трохкутная будова, што складаецца з імені і явы. Імя чыну - гэта яго змысел, вяршыня трохкутніка, а ява - пасьлядоўнасьць зьдзяйсьненьня, аснова трохкутніка чыну.

Імя чыну яднае пасьлядоўнасьць і стварае яе працягласьць. Імя чыну само па сабе зьяўляецца трохутнай будовай, што мае крыніцу і цэль, адкуль і куды, з чаго у што.

Ява чыну зьяўляецца кругам, што можа мець некалькі крокаў. Але кожны крок кругу явы можа сам быць чынам - мець сваё імя і яву, змысел і пасьлядоўнасьць. Мова руху надбудоўвае імёны чыну над імёнамі чыну, ствараючы над-кругі і пад-кругі пасьлядоўнасьці.

Для зьдзяйсьненьня чыну патрэбна толькі мова часу, кожны крок якой забірае з сабой крок кругу чыну. Абнаўленьне дзеі адпаведна мове часу трымае "пару адначаснасьці", што заўжды складаецца з імені чыну і пэўнага кроку пасьлядоўнасьці. Чын чытаецца ў глыбіню, і ў гэтай глыбіні ствараецца цэласьць руху.

***
Прастора лічыцца звычайна належнай парадку быцьця, нібыта яна насамрэч існуе па той бок погляду. Але прастора - гэта толькі пэўны спосаб прадстаўленьня змыслу і як прадстаўленьне існуе і ствараецца па гэты бок погляду. Як такая прастора згортваецца пры засынаньні і разгортваецца пры прачынаньні.

Хаця ўсе змыслы, што ўтвараюцца мярэжай падзей - гэта ўжо змыслы прасторы, стварыць змысел прасторы і стварыць прастору руху - зусім розныя задачы. Але аб'ядноўваючы пасьлядоўнасьць у працягласьць, імя чыну стварае тым самым і першую прастору, расьцяг чыну ад крыніцы да цэлі.

Уявім сабе такі чын працягласьці, што мае імя і пасьлядоўнасьць, кожны крок якой у сваю чаргу зьяўляецца дзеяй, што аднаўляецца іншым чынам. Чын працягласьці трымаецца нязьменным цягам усяго чуйнаваньня, мовай часу абнаўляецца толькі зьмест яго крокаў.

Раўналежная зьмена ўсіх крокаў чыну працягласьці ставарае прастору руху. Разнастайная будова круга працягласьці стварае разнастайнасьць магчымых прастораў. Прастора прастораў - разготвае свае дзеі іншымі прасторамі.

Спадчына продкаў апісвае прастору як кола, крокамі якога зьяўляюцца староны сьвету, кожнай зь якіх адпавядае пара году, які таксама апісваецца як кола. Прастора - гэта чын у мове руху. Гэта выказваньне, унутры якога выказваюцца іншыя выказы. Прастора - гэта затрыманы круг часу, застылы ўспамін.



Мова сказу

У мове чыну бег мае імя, якое аб'ядноўвае пасьлядоўнасьць станаў, што зноў і зноў разгортваецца па крузе, пакуль доўжыцца бег. Ён мае сваю агульную будову - крыніцу і цэль, што запаўняюцца значэньнямі на ўвесь чын, а таксама будову кругу, што запаўняюцца значэньнямі на кожным яго кроку - адкуль і куды перастаўляць ногі.

Гэтаксама і сказ зьяўляецца часткай мовы чыну, мае сваю агульную будову - значэньні, што маюць сілу на ўвесь сказ, і будову кругу - значэньні, што мяняюцца на кожным яго кроку. Габрыэль Гарсія Маркес напісаў раман, што складаўся з аднаго вялікага сказу - "Сто гадоў адзіноты". Сказ жывой размоўнай мовы, сапраўды, ня мае межаў гнуткасьці і працягласьці, мяняе свае значэньні і цэлі цягам свайго гаварэньня - як мяняе цэлі і хуткасьць бег.

Сказ мовы мае будову кругу, што можа паўтарацца, пакуль ня будзе выказаны змысел сказу. Крок гэтага кругу мае выказваць частку змыслу разам з адзінкай, што выражае яе адносіны да ўсёй цэласьці сказу. Гэтыя адзінкі, што ўлучаюць і пазначаюць часткі выказванага змыслу, зьяўляюцца часткай мовы сказу. Назавем гэта кругавым суладам. Кругавы сулад дазваляе ўлучаць у адну пасьлядоўнасьць мноства адзінак мовы сказу, ператвараючы ў пасьлядоўнасьць глыбінныя змысловыя будовы.

Змысел сказу ёсьць увесь адразу. Ён можа расьці ў час маўленьня, але гэты рост толькі дадае да адначасовасьці. Змысел сказу ў прамове - гэта непасьлядоўная будова, што складаецца з мноства мярэжаў. Мярэжа мае абмежаваную колькасьць частак і расьце ў глыбіню, раскрываючыся іншымі мярэжамі. Назавем гэта мярэжавым суладам. Мярэжавы сулад дазваляе ўтварыць любы змысел як глыбінную будову абмежаваных мярэжаў.

Мярэжавы сулад дазваляе выразіць любыя сказавыя адносіны глыбіннай будовай, але не дазваляе зьмясьціць іх усе на адным узроўні. Калі ў сказе мовы можа быць два ці тры дачыны ("ідзе ў горад у краму да сябра"), то ў сказе прамовы гэтаму змыслу адпавядаюць некалькі мярэжаў, аб'яднаных надмярэжамі ("ён(1) ідзе ў горад(2). ён(=1) ідзе ў краму(3,in2). ён(=1) ідзе да сябра(in3)"). Зьдзяйсьняючы пераклад зь мярэжавага суладу ў кругавы, сказ дазваляе паставіць усе адносіны на адзін узровень - утвараючы мову сказу.

Адзінкі мовы сказу ўлучаюць у сябе адзінкі змыслу, згорнутыя ў імёны. Але прыгэтым уся разнастайнасьць мовы сказу, усе пазнакі, канчаткі, прыназоўнікі і займеньнікі, згортваюць такія самыя змыслы, як і імёны, якія яны ўлучаюць. Так, напрыклад, у злучэньні "падарунак для сябра" прыназоўнік "для" згортвае дзеяньне "прызначэньня": "падарунак прызначаецца сябру". Такім чынам, усякі змысел дзеяньня ў мове сказу можа спарадзіць асаблівую "часьціну сказу".

А гэта можа зрабіць мову сказу такой жа разнастайнай і неабмежаванай, як мова слоўніка. Гэта стварае магчымасьць для мовы, што зьмяшчае ня толькі будоўлю імёнаў слоўніка, але і будоўлю імёнаў суладу. Гэта значыць, што мова сынтаксу можа стацца такой жа гнуткай і ўтваральнай, як мова слоўніка. Гэта значыць таксама, што кругавы сулад ня проста пераводзіць глыбіннае ў пасьлядоўнае, але стварае новыя ўзроўні змыслу, немагчымыя іншым чынам. Разьняволеньне мовы сказу і круговога суладу робіць сказ здольным пасьлядоўна выразіць любую глыбіню.



Aug 15, 2014

Будова чыну

Чын і змысел чыну - зусім не адно і тое самае. Зрабіць змысел чыну і зрабіць чын - розныя заданьні. Здаецца, што чын адбываецца, імя яго называе. Але не, імя называе толькі яго змысел, наставу па яго выкананьні. Бяз імені ж чын рассыпаецца на адзінкі, што скадаюць пасьлядоўнасьць.

Чын рушыць, і праз працягласьць, што ствараецца змыслам чыну, здаецца нечым адзіным, цэлым і постым. Але тое, што мае і працягласьць, і пасьлядоўнасьць, ужо ня можа быць простым.

Чын мае будову, у якой імя і змысел чыну - толькі яе часткі. І ў такім разе імя чыну насамрэч папярэднічае чыну. Чын немагчымы бяз мовы, якая яго спараджае. Бяз мовы ёсьць толькі змысел чыну.

Імя - гэта скарачэньне явы. Імя захоўвае пасьлядоўнасьць, а затым разгортвае яе ў мове часу. Таму імя - загад і скарачэньне чыну.

Скарачэньне злучае пачатак і канец. Пачатак - гэта адкуль, крыніца, а канец - куды, цэль. Імя чыну - гэта яго намер, гэта заўсёды адкуль і куды, крыніца і цэль. Нават калі яны супадаюць.

Чын мае будову, што складаецца з імені, крыніцы і цэлю. Намер - занятак уладара. Усё засталае здольле - хто, чаго, дзе і іншыя абставіны - спускаецца на прыступку ніжэй. Здольнасьць заставацца ва ўладзе - гэта здольнасьць будаваць мову чыну.

'Узьнікаць' - значыць спачатку ня быць, а пасьля быць. 'Ісьці' значыць перасоўваць ногі. Што не было і што ўзьнікла, адкуль і куды перасоўваць - гэта высьвятляецца на месцы.

Намер - гэта выбар імя для чыну. Намер намервае - адкуль і куды, з чаго у што. Успрыманьне чыну наадварот гадае пра намер, чытае круг чыну і атрымлівае яго імя.

Імя абуджае і ўзнаўляе чын раз за разам. Таму любы змысел чыну ўтварае круг. Стан - гэта аднакрокавы круг, зьмена - двукрокавы, а рух - мнагакрокавы.

Корань слова - гэта імя чыну, скарочаны намер. Гэта скарачэньне крыніцы і цэлю. Сказ, дзе гукі значаць адкуль, як і куды. У будове кораня захоўваецца сынтакс мовы чыну, сулад намеру.




Aug 7, 2014

Ноч

рукі начных нябёс
гладзяць твае валасы
ты гледзіш у вочы зор
і пазнаеш сябе

і з кожным дотыкам ты
будзеш усё танчэй
а вочы начных нябёс
будуць далей расьці



Aug 6, 2014

На паверхні

Імя скарачае мноства да адзінкі. Імёны скарачаюцца да імён імёнаў, мовы - да мовы моваў. І ўся мова выяўляецца вялікім скарачэньнем скарачэньняў. 

Усякае мноства можна скараціць да яго назвы і мець справу з адным. Але скарачэньне да імені выяўляецца таксама ўладай разгортваньня імені ў мноства. Кожнае імя - гэта загад, а мова - ўлада.

За паверхняй імені могуць хавацца неверагодныя невычэрпныя глыбіні. Але ўладар мае справу з паверхняй. Як жук-плывунец ён сьлізгае па вадзе мовы і заўжды застаецца зьверху.

Ён перажывае досьвед, паглыбляецца ў разуменьні змыслаў, але кожны раз выходзіць зь іх чыстым і пустым, і зноў мае справу з усім адразу. Як масла ў вадзе ён не расчыняецца ў тым, што бачыць і не застаецца ў ім.

Той, хто ёсьць толькі зараз, зьдзіўлецца таму, як гэта - быць заўжды. Але дзіўна якраз тое, як ён не размазваецца па часе і застаецца ў адным імгненьні. Чаму ён не зыходзіць у мінулае разам зь ім? Якім чынам ён застаецца на паверхні часу?

Вечнасьць адначаснасьці насамрэч заўжды перад намі - гэта роўня зроку, якую мы бачым. Імгненьне - гэта імя пасьлядоўнасьці і мноства, што ўвесь час мяняе свой зьмест. Імгненьне - зусім ня частка пасьлядоўнасьці часу, а наадварот, тое, што ўзвышаецца над ім і яго пераўзыходзіць.

Мова як корань імёнаў заўжды застаецца зьверху, як імёны заўжды застаюцца паверх яваў. Улада як сталае заставаньне зьверху - гэта дзея мовы. Імгненьне - гэта ўлада над часам, мова часу.


Мова і рух

Рух адбываецца ў прасторы назіраньня, бо інакш ён застаецца невядомым нават для свайго чыньніка. І тут рух мае сваю будову.

Рух адбываецца як пасьлядоўная зьмена станаў. Чалавек ідзе - пасьлядоўна перастаўляе ногі. Але кожны кадр гэтай пасьлядоўнасьці паасобку стаіць і не складае рух. Ісьці - ня роўна ніводнаму становішчу ног, што складаюць хаду.

Аднак, і ўсе кадры разам таксама не зьяўляюцца рухам. І разам, і паасобку яны стаяць. Толькі назіральнік са свайго боку бачыць рух як працягласьць і адзінства, якім з адваротнага боку адпавядае пасьлядоўнасьць станаў.

Але рух - таксама ня той змысел чыну, што яднае разасобленую пасьлядоўнасьць у працягласьць. Бо ўзяты паасобку змысел чыну таксама толькі стаіць.

Такім чынам, рух - гэта сувязь змыслу і пасьлядоўнасьці станаў. І гэта сувязь мовы, тоества імені і явы. Рух кожны раз перакладае змысел чыну ў пасьлядоўнасьць яго выкананьня.

Рух - гэта мова. Змысел руху скаладае яго імя, а пасьлядоўнасьць станаў - яву. Мова руху ператварае слова ў дзею, "што" у "як", стан у плынь. Кожнае імя ў мове рухаў складае напрамак, ад зыходнага стану да цэлю.

Намер выбірае змысел і разгортвае яго ў рух. Воля гаворыць мовай руху.



Aug 4, 2014

Зараніца. Мова прасьветаў

Тэорыя сымбалізму зьяўляецца частка Узораў Свадзеі і разглядаецца ў разьдзеле Прасьветаў, пазнаёміцца зь якім можна ў гэтай прэзэнтацыі:


Разам з выкладаньнем тэорыі сымбалізму ў гэтым разьдзеле ўтвараецца асаблівая мова прасьветаў - сымбалічная мова.

"Зараніца" - гэта зрокавая сымбалічная мова, створаная на аснове матрыцы традыцыйнага беларускага народнага арнамэнту.

"Зараніца" - вынік ужываньня агульных прынцыпаў сымбалізму і канструктыўнай лінгвістыкі. Гэта не тлумачэньне арнамэнту ў яго традыцыйным ужываньні. Вывучэньне такой мовы дазваляе засвоіць сымбалізм актыўна, як навык і ўменьне.

1. У разуменьні Ўзораў Свадзеі сымбаль - гэта знак, які азначае сам сябе, сваё дзеяньне - дзеяньне ўтварэньня знаку. Сымбалічным значэньнем гуку зьяўляюцца высілкі яго ўтварэньня, а вобразу - рухі яго маляваньня.  Калі значэньне імені адвольна, то значэньне сымбаля прадстаўляецца ім самім. Сымбалізм папярэднічае мове.

Сымбаль утвараецца мярэжай знаку - матрыцай сымбаля. Змысел накладаецца на матрыцу знаку як уточная нітка на аснову тканіны. Змысел сымбаля прасьвечвае праз матрыцу знаку, таму сымбаль ва Ўзорах Свадзеі называецца прасьветам. Матрыца знаку заўсёды прысутнічае ў любым сымбалі.


У аснове сымбалізму знаходзіцца суадпаведнасьць дзьвюх цэласьцяў, вялікай і малой - макракосму і мікракосму. Вялікай цэласьцю зьяўляецца ўвесь сьвет, увесь сэнс увогуле. Малой цэласьцю зьяўляецца мярэжа знаку. Усё, што ёсьць у вялікай цэласьці, мае месца і ў малой цэласьці. Вялікая цэласьць можа зьмяншацца, але прынцып суадпаведнасьці застаецца заўсёды.


Усе прасьветы адной мярэжы складаюць кола прасьветаў. Любому змыслу адпавядае адзін з прасьветаў. І паколькі мярэжа знаку растэрызуе і спрашчае змысел, аднаму сымбалю адпавядае мноства змыслаў.



З аднаго боку, значэньне сымбаля як дзеяньня ўнівэрсальнае. З другога боку, яно залежыць ад той вялікай цэласьці, зь якой суадносіцца мярэжа знаку. Для ўдзельнікаў сымбалічнай мовы гэтая цэласьць мае быць вядомай. Першаснае значэньне сымбаля - гэта яго дзеяньне, і толькі ў другую чаргу прадмет ці зьява, што яго ўвасабляюць. Сымбаль ня мае сталага прадметнай замацаванасьці. Слоўны пераклад сымбаля пераводзіць яго ў парадак мовы і сымбалізм зьнікае.




Сымбалічная мова ці мова прасьветаў становіцца магчымай тады, калі прасьвет улучаецца ў мярэжу сказу. Мова прасьветаў зьяўляецца мовай толькі на ўзроўні сынтаксу. Усякі асобны прасьвет "Зараніцы" ўжо зьяўляецца сказам. У адзіночнай мярэжы прасьвет становіцца чынам ці прэдыкатам.

Рушыць.

Часткі сказу падзяляюцца знакам крыжа. У двайной мярэжы першы прасьвет азначае асобу ці суб'ект, а другі - чын.

Пераадоленьне ідзе.

У трайной мярэжы першы прасьвет азначае асобу, другі - чын, а трэці - дачын. У "Зараніцы" мярэжа сказу можа мець толькі тры ячэі. Усе засталыя адносіны (прычыны, месца, вычыну) выражаюцца ўскладненьнем простага сказу.

 Пераадоленьне ідзе да зьвяршэньня.

Кожная частка сказу можа мець ня толькі адзін прасьвет, але цэлую мярэжу адносін. У мярэжы адносін першая частка - заўсёды галоўная, а другая - залежная. Ёсьць два віды мярэжы асносін. Першы від называецца мярэжай сувою, азначае адносіны тоества і выражаецца словамі "той, які". Адносіны тоества выражаюцца крыжом з дужкай зьверху.

Перамога, якая вяртаецца

Другі від называецца мярэжай развою, азначае адносіны валоданьня і выражаецца словамі "той, у якога". Адносіны валоданьня выражаюцца крыжом з дужкам зьнізу.

Перамога вяртаньня.

Калі другая частка мярэжы адносін запаўняецца таксама мярэжай адносін, утвараюцца больш складаныя дачыненьні - развой сувою і сувой развою.

 Бліскучая перамога бліскучага вяртаньня.

Бліскучае пераадоленьне ідзе да поўнага зьвяршэньня.


Сказ можа быць згорнуты ў больш шчыльную адзінку - корань. Уласна, адзін прасьвет - гэта ўжо адзіночны корань. Два прасьветы ўтвараюць двайны корань, а тры - трайны. Унутры кораня ня можа быць мярэжы адносін.

Перамога праменіць = Праменна-перамагаць


Перамога праменіць вяртаньне = Праменна-перамагаць-вяртаньне

Калі складаныя карані ўлучаюцца ў мярэжу адносін, утвараецца слова.

Бліскучае-пераадоленьне імкліва-ідзе да поўнага-зьвяршэньня.

Мярэжа сказу можа запаўняцца сказамі. У такім разе ўтвараецца расказ ці разьвіты сказ. Часткі расказу падзяляюцца крыжамі з дужкамі зьверху і зьнізу.

Тое, што пераадоленьне ідзе, прычыняе тое, што зьвяршэньне спаўняецца.

Некалькі сказаў пасьлядоўна ўтвараюць радно ці тэкст. Сказы радна падзяляюцца асаблівым знакам разрыву.

Пераадоленьне ідзе. Зьвяршэньне спаўняецца.

"Зараніца" - даволі лёгкая сымбалічная мова, засвоіць якую можна за поўгадзіны. Як усе сымбалічныя мовы, гэта мова паэзіі і магіі.

Верш Алеся Разанава "Сейбіт" у перакладзе на "Зараніцу" будзе выглядаць так:


Ня вернецца воін,
вандроўнік ня вернецца, 
вернецца сейбіт…
Заўсёды вяртаецца сейбіт.

Алесь Разанаў

Сымбалічны пераклад можа быць і нашмат больш простым. Так можа выглядаць сымбалічнае выкананьне песьні пра крыніцу і дзяўчыну:


А дзе ж тая крынічэнька, што голуб купаўся?
А дзе тая дзяўчынонька, што я заляцаўся?
Ой жаль, жаль мне будзе, возьмуць яе людзі,
возьмуць яе людзі, а мне не будзе.
А ўжо з тае крынічэнькі валы ваду п’юць.
А ўжо тую дзяўчыноньку за руку вядуць.
Ой жаль, жаль мне будзе, возьмуць яе людзі,
возьмуць яе людзі, а мне не будзе.
А я тую крынічэньку тыччам ператычу,
А я тую дзяўчыноньку клічам пераклічу.
Ой жаль, жаль мне будзе, возьмуць яе людзі,
возьмуць яе людзі, а мне не будзе.

Радно можа мець многа вымераў. Калі радно мае больш за адзін вымер, сказ мае сканчацца знакам напрамку. Сказ, што мае два напрамкі, мае чытаньне ў абодва бакі.

Перамога вяртаецца. Вяртаньне перамагае.

Мнагамернае радно ўтварае прастору прасьветаў, што можа чытацца з усіх бакоў ува ўсе бакі. У прасторы прасьветаў прасьвет любога сказу можа стаць прасьветам іншага сказу. 

Першасная інда-эўрапейская мова, створаная паэтамі-рышы, адпачатку ўяўляла сабой гукавую сымбалічную мову, у якой кожны гук быў сымбалем, а карані ўтвараліся як згортваньні сымбалічных сказаў. Сымбалічная мова лёгка робіцца асновай моваўтварэньня пры замацаваньні знакаў за зьявамі і ператварэньні сымбаляў у імёны. У такой якасьці "Зараніца" як зрокавая сымбалічная мова можа стаць адным зь пісьмёнаў Свамовы.


Сымбалізм - гэта перадусім ня сымбалі, а гледжаньне, што ператварае ў сымбаль усё. Вывучэньне сымбалічнай мовы вяртае чалавека да сымбалічнай пазіцыі, вучыць чытаць сьвет як сымбаль і выражаць змысел сымбалічна. Рэнэ Генон пісаў, што сама па сабе мэдытацыя на традыцыйны сымбаль можа быць падзеяй ініцыяцыі.

P.S.

Стварыць тэкст на "Зараніцы", можна карыстаючыся шрыфтом "Прасьвет".


Карыстацца шрыфтом ня так проста, як папярэднімі, паколькі суадносіны кірылічных літараў і знакаў у дадзеным выпадку амаль адвольныя. Для даведкі можна карыстацца наступнай табліцай прасьветаў:


Знакі сынтаксу:




Aug 3, 2014

Мёд

у залатаскурых палёх
з духмяных красак вачэй
зьбіраюць таемны мёд
п'яныя пчолы багоў

у залатаскурых агнёх
з суплёту танкіх галін
з пахам малочных рэк
у неба ўзыходзіць дым



Прасьвет

У мове адно азначае другое, імя выступае замест явы. Але мове папярэднічае прамова. Мова вышываецца на яе тканіне.

Cымбаль належыць прамове. Тут адно не азначае другое. Сымбаль як знак азначае сам сябе – дзеяньне, што яго стварае.

Свадзея - гэта свая дзея, дзеяньне самаўтварэньня. Свадзея гуку роўна высілкам яго вымаўленьня. Свадзея рысы роўна рухам яе маляваньня.

Свадзейным, сымбалічным можа быць усё. Усё можа быць як сымбалем, так і іменем - залежна ад нашага стаўленьня. Можна чытаць сьвет як мову або як прамову.

Прыпісаць сымбалю прадметнае значэньне, перакласьці яго на мову - значыць ператварыць яго ў імя. Бо імёны гавораць, замяняючы адно на другое.

Сымбаль таксама гаворыць, але не заменай. Сымбаль – гэта ня чысты змысел, а ягоны вобраз. Гэта свадзея, на якую пазіраюць празь іншую свадзею, празору. Сымбаль – гэта прасьвет свадзеі ў празоры.

Празора ўтварае мярэжу, матрыцу знаку. Зь мярэжы паўстае ўсемагчымасьць знакаў. Уся прастора змыслу дзеліцца ёй як пірог на часткі.

Так, калі ўявіць мярэжу, што ўтварае дванаццаць знакаў, то любы змысел, патрапіўшы ў яе, будзе выяўлены адным з дванаццаці прасьветаў. Таму сымбаль мае мноства значэньняў, ня маючы ніводнага. Змысел сьвеціцца праз сымбаль.

Сымбалізм – гэта прамое выказваньне на прамове. Гэта мова не міжчалавечых, а нечалавечых зносінаў. Сымбалізм ужываецца ў варажбе і чарах, не чалавек тут зьяўляецца атрымальнікам паведамленьня. Узоры вышываюцца на мяжы чалавецтва.

Сымбалізм - гэта гледзішча, а не дачын гледжаньня. Каб гаварыць і чытаць прасьветы, патрэбен ня слоўнік, а навык празоры, растэрызацыі змыслу ў мярэжы знаку.