У мове адно азначае другое, імя выступае замест явы. Але мове папярэднічае прамова. Мова вышываецца на яе тканіне.
Cымбаль належыць прамове. Тут адно не азначае другое. Сымбаль як знак азначае сам сябе – дзеяньне, што яго стварае.
Свадзея - гэта свая дзея, дзеяньне самаўтварэньня. Свадзея гуку роўна высілкам яго вымаўленьня. Свадзея рысы роўна рухам яе маляваньня.
Свадзейным, сымбалічным можа быць усё. Усё можа быць як сымбалем, так і іменем - залежна ад нашага стаўленьня. Можна чытаць сьвет як мову або як прамову.
Прыпісаць сымбалю прадметнае значэньне, перакласьці яго на мову - значыць ператварыць яго ў імя. Бо імёны гавораць, замяняючы адно на другое.
Сымбаль таксама гаворыць, але не заменай. Сымбаль – гэта ня чысты змысел, а ягоны вобраз. Гэта свадзея, на якую пазіраюць празь іншую свадзею, празору. Сымбаль – гэта прасьвет свадзеі ў празоры.
Празора ўтварае мярэжу, матрыцу знаку. Зь мярэжы паўстае ўсемагчымасьць знакаў. Уся прастора змыслу дзеліцца ёй як пірог на часткі.
Так, калі ўявіць мярэжу, што ўтварае дванаццаць знакаў, то любы змысел, патрапіўшы ў яе, будзе выяўлены адным з дванаццаці прасьветаў. Таму сымбаль мае мноства значэньняў, ня маючы ніводнага. Змысел сьвеціцца праз сымбаль.
Сымбалізм – гэта прамое выказваньне на прамове. Гэта мова не міжчалавечых, а нечалавечых зносінаў. Сымбалізм ужываецца ў варажбе і чарах, не чалавек тут зьяўляецца атрымальнікам паведамленьня. Узоры вышываюцца на мяжы чалавецтва.
Сымбалізм - гэта гледзішча, а не дачын гледжаньня. Каб гаварыць і чытаць прасьветы, патрэбен ня слоўнік, а навык празоры, растэрызацыі змыслу ў мярэжы знаку.
No comments:
Post a Comment