Чацьверты ўзыход
Сьвяты Бог прамовіў:
Гэтую вечную йоґу паведаміў я Вівасвату,
Вівасват яе вымавіў Ману, Ману мовіў яе Ікшва̄ку. |1|
Так адзін ад аднога сьледам яе ведалі князі-прарокі,
але цягам вялікага часу йоґа тая зьнікла, Ардж́уна. |2|
Тая самая мной табе сёньня адвечная моўлена йоґа,
бо ты мой божнік і сябра, а гэта навышняя тайна. |3|
Ардж́уна прамовіў:
Пазьней нараджэньне пана, раней Вівасвата раджэньне,
як зразумець мне тое, што ты "спачатку паведаў"? |4|
Сьвяты Бог прамовіў:
Ардж́уна, многа мінулых і ў мяне, і ў цябе народзін,
я ведаю ўсе іх цалкам, ты ня ведаеш, ворагаў пекла. |5|
Ненароджаны, саманязьменны, хаця я ўладар усіх бытаў,
над сваёй пратворай уладны я сваёю магою ўзьнікаю. |6|
Калі заняпад прыходзіць дгармы, нашчадак Бгараты,
ды адгармы ўздым узьнікае, тады сам сябе я ствараю. |7|
Для абароны добрых і дзеля злачынных згубы,
дзеля сьцьвярджэньня дгармы я ўзьнікаю ў кожную йуґу. |8|
Пачатак і чын мой боскі хто ведае так напраўду,
пасьля цела не да перароду, але да мяне прыходзіць. |9|
Бяз палу, страху і гневу, ўва мне апорных, мной поўных
многа спратаных знаньня жарбой майго быцьця дасягнула. |10|
Хто як да мяне прыходзіць, таго гэтак я і частую,
сьцегам маім усе людзі сьледуюць, Па̄ртха, суцэльна. |11|
Прагныя посьпеху чынаў тут абракаюць боствам,
скора бо ў людзкім сьвеце посьпех ад чыну ўзьнікае. |12|
Мной створаны станы чатыры адпаведна кметам і чыну,
але нават іх творцу мяне нячыньнікам ведай нязьменным. |13|
"Учынкі мяне ня плямяць, плёну чыну няма ў мяне прагі",
хто пазнае́ мяне гэтак, той ня вязьніцца чынам. |14|
Так знаючы, чын чынілі продкі, жадаючы волі,
таму чыні чын той самы, што продкі раней чынілі. |15|
Што чын? Што нячын? - тут змануты нават празорцы.
Той чын павяду я табе, які ўведаўшы, ліха пакінеш. |16|
Змысел чыну ў розуме ўведаць мае і звы́чыну змысел,
у розуме змысел нячыну, паколькі глыбокі сьцег чыну. |17|
У чыне нячын хто ўбачыць зможа, і чын у нячыне,
той між людзей разумны, той адзіны, чын поўны чыніць. |18|
Усе пачынаньні якога намеру пажады пазбыты,
чый спалены чын агнём знаньня, той званы разумнымі мудрым. |19|
Плёну чыну пакінуўшы зьвязак, беззалежны, заўжды здавольны,
нават у чыне заняты, нічога зусім ня чыніць. |20|
Бесспадзеўны, суняўшы чуцьце, які ўсё зьбіраньне кінуў,
які целам чын толькі чыніць, той ганы не дасягае. |21|
Выпадковым дасягам рады, панаддвойны, пазбыты скомы,
аднакі ў споры і страце, ня вязьніцца, чынячы нават. |22|
Хто вязьмы пакінуў, вольны, чуваньне ўсталіўшы ў знаньні,
дзеля аброку дзейсьніць, таго чын расчыняецца цалкам. |23|
Брагман-богу брагман-аброк дае брагман у брагман-агонь,
брагман тым дасягнуты быць мае, ў каго брагман і чын супадае. |24|
Адны аброкі багом йоґі́ны шануюць удзелам,
іншыя ў брагман-агонь аброк прыносяць аброкам. |25|
Адны слых і іншыя здолі ў стрыманьня агні абракаюць,
другія гук і абсягі ў здоляў агні абракаюць. |26|
Іншыя чын усіх здоляў, а таксама чын усіх дыхаў
абракаюць у знаньнем запалены агонь йоґі самаўладаньня. |27|
Рэчы аброк адных, аброк іншых жарба і йоґа,
самаўзыходу знаньне - аброк у зароку трывалых. |28|
На выдыху ўдых абракаюць, і выдых на ўдыху другія,
удыху й выдыху рухі спыніўшы для дыхастрыманьня. |29|
Спажыву суняўшы, другія дых абракаюць у дыхах,
усе яны знаўцы аброку аброкам зьнішчылі ганы. |30|
Хто нясьмерце астачы аброку есьць, рушыць у вечны брагман,
сьвет гэты не для неаброчных, скуль іншы ім, Куру найлепшы? |31|
Прасьцягнуты мноствы аброкаў так перад брагмана ротам,
іх узьніклымі з чыну ўсе ведай, дасягнеш, так знаючы, волі. |32|
Лепш ад аброку рэчаў аброк знаньня, ворагаў пекла,
Па̄ртха, ўвесь чын суцэльны асягаецца цалкам у знаньні. |33|
Уведай тое паклонам, роспытам і служэньнем,
знаньне табе пакажуць знаўцы, што тоествы бачаць, |34|
узнаўшы якое, болей ня ўвойдзеш у зман, сын Па̄нду,
якім без астачы ўсе быты ў сабе, і ўва мне ты ўбачыш. |35|
Але нават калі ты з грэшных усіх найвялікшы грэшнік,
усё ж знаньня чоўнам ты можаш пераплыць усю бездань ліха. |36|
Як агонь запалены дровы ператварае ў попел,
знаньня агонь усе чыны так у попел ператварае. |37|
Бо да знаньня падобны іншы не існу́е тут ачышчальнік,
яго сам, дасягнуўшы йоґі, у сабе зь цягам часу знаходзіць. |38|
Веравіт дасягае знаньня, тагацэльны, адолеўшы здолі,
знаньня дасягшы, скора ў навышні спакой узыходзіць. |39|
Які знаньня ня мае і веры, той самасумнеўны гіне,
ні гэты сьвет, ані вышні, ні шчасьце для самасумнеўных. |40|
Хто йоґай стаў вольны ад чыну, хто знаньнем адсек сумневы,
таго самавітага ўчынкі ня вязьняць, скарба-зваёўнік. |41|
Таму ад нязнаньня ўзьніклы мячом самазнаньня сьсекшы
сумнеў той у сэрцы, ў йоґу стаўшы, паўстань, Бга̄рата. |42|
ОМ ТАТ САТ
такі ў сьвятарных Багавітавых Песьнях, велічных упанішадах, брагма-ведзі, йоґі-наставе, у сумове сьвятога Кр̣шн̣ы і Ардж́уны чацьверты ўзыход на імя "Йоґа брагма-аброку".
Пераклаў з санскрыту Міхась Баярын.
Пераклаў з санскрыту Міхась Баярын.
No comments:
Post a Comment