Твор дастаўляе ўспрымальніка ў месца свайго стварэньня, а калі не, значыць гэта ня твор. Твор сьпярша адбываецца зьверху ўніз, каб пасьля адбыцца зьнізу ўверх. Кожны верш "Павароту" робіць сваю творную справу, напраўду творыць. Я быў у тым сьвеце, і палюбіў яго ўсёй душой. Ужо гадоў дзесяць ні адна кніга паэзіі так мяне не кранала. Гэтая кніга адбылася ўва мне, мне захацелася зрабіць гэтыя вершы часткай сябе, перавучыць іх усе на памяць і парасьцягваць радкі на афарызмы.
Расту з іспадчыны, каб напаткаць нясьмерць,
гляджу навыварат, гарнуса да Стажар,
Стажаруса вакол адвечнай бліскавіцы -
каб восьсю стаць самім у зор'я крутаверць
і слухаць трэйцім вухам споведзь крыцы.
Няхай адбудзецца ўва мне мудрэц-маўчар,
што выпее знацьцё Яго з клінопісу ігліцы.
Як бог-нямко, што мовіць дзесяцьма,
зачышчу голас свой ад пустазельля сну -
у кожным слові высьмягну канечнась.
у кожным слові высьмягну канечнась.
Мая душа паўсюль - нат дзе мяне няма, -
у прадзіві надслоў высноўваючы вечнась,
каб зь першакаранёў у неруш-старану
мне вырасьці да дна і чэрпаць чалавечась.
Сьвядомасьць неабуджаных адлюстроўвае, пасыўна і рэактыўна. Каб нешта ў ёй адбылося патрэбны вонкавы кастыль, санкцыя аб'ектыўнасьці. З ста адсоткаў яе магчымасьцяў адбываюцца як найбольш дзесяць. Але ніякага абавязку зводзіць усё багацьце чуйнасьці да адлюстраваньня калектыўных аблудаў няма. Калі чалавек адкрывае свабоду сьвядомасьці, ён стаецца паэтам. Творы яго - толькі неабавязковыя вынікі гэтай нутраной свабоды, актыўнай сьвядомасьці. Я шчасьлівы, што ў нашай мовы зноў ёсьць паэт. Свабода - гэта тое месца, куды дастаўляе гэтая кніга. "Паварот" вызваляе, гэта паварот на волю. Мора сэнсаў, разгул хваляў магчымасьцяў, адлюстраваньня якіх рэактыўная сьвядомасьць не дачакала б ніколі.
Проста заўжды шукай - нават у чыстым полі,
мрой аб усім на сьвеце ўвечары перад сном.
Проста глядзі ў вакно, покуль з вачэй ад солі,
не пасыплюцца зоркі велічынёю з дом.
Проста забудзь сябе прыхапкам у Гандване,
перавядзі гадзіньнік уперад на пачуцьцё.
Проста згарні абшар да глыбіні дыханьня,
ды пацалуй таго, хто чуе ў табе небыцьцё.
Проста зьбі з палюсоў компасы - дай ім неба,
потым ідзі навылёт, узброены да зубоў,
проста ад сьмеху і заплясьнелага хлеба,
ды ўтрымай на руках немаўля сваіх слоў.
Проста ня будзь халатны да тугі далячыняў,
выхадзі пустату, чуючы пад сабою ног.
Высьвятлі для сябе кчэмную палавіну,
і ня дай ёй загаснуць.
Словы, якія ніколі не дачалі б свайго "ўжываецца" і "сустракаецца", каб быць ужытымі. Пакланеньне гаворцы вёсак некалі жывіла мову, але цяпер мярцьвіць. Каб застацца жывой яна цяпер павінна стацца свабодна ўтваральнай і этымалягічна празрыстай. Мова жывая ня так колькасьцю носьбітаў, як іх якасьцю. Няма сёньня другой такой сучаснай мовы, дзе паэт ствараў бы новыя словы ў кожным вершы, і гэта было б звычайнай практыкай. Наша Мова - Багіня Беларусь - прызначае паэтаў паэтамі, робіць іх сваім голасам.
Сум, багове, дарэшты ссушэце забытым ісловам!
Скрухі струхлелай зьнішчатар няхай распачнецца ўва мне.
Поўнюся моваю мёртвай, каб выказаць сьвет у Нанова -
ўсякай аблогі араты, што радасьці скібу скране.
Шыру сябе ў панадгор'е, высільваю страх неабсягам -
болей імне не мадзець ужо ў вузкай цямрэчы душы.
П'ю сырадой гукаведы й п'янею спрадвечнасьці пахам -
нікбячы ўладу самоты, зрастаюся ў спарышы.
Жыў некалі народ наш ля мора-кіяна, на востраве Буяне, і адтуль наша мова, песьні і заклёны поўныя тым пракаветным морам, каб знайсьці дарогу да якога, выбіраюць пятую з чатырох старонаў.
вечнае падарожжа якое вабіць на полюс
просты маршрут каторы не пралажыць да канца
час немінуча губляецца й ходзіць кругамі вокал
мора якое так блізка заліта палярным днём
мора адкрыта як рана якое нішто не загоіць
нават занятае лёдам яно нястомна баліць
ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ за такія добрыя словы. нават ня ведаю, ці варты я іх. калі не, то вашая пахвала натхняе быць.
ReplyDelete