Jun 1, 2011

Багавітава Песьня, трэйці ўзыход

Трэйці ўзыход
Чын

Арджуна прамовіў:
Калі вышэйшая думка ад чыну, о Люду Прытулак,
чаму да жахлівага чыну тады мяне ты схіляеш? |1|
Ты быццам зблытаным словам тлуміш нібы маю думку,
адно скажы мне рашуча, чым дабра дасягну я. |2|

Сьвяты Багавіт прамовіў:
У гэтым сьвеце два віды апоры мной сьцьверджаны даўна:
знаньнем яданьне зьлічэнцам, чынам яднаньне яднальцам. |3|
Ад непачынаньня ўчынкаў муж не збаўляецца чыну,
ня толькі адрокам адзіным ён да зьвяршэньня ўзыходзіць. |4|
Ніхто не стаіць ні імгненьня, не спрычыняючы чыну,
усіх прымушаюць да чыну кметы пратворы міжволі. |5|
Хто здолі чыну суняўшы, сядзіць і ўзгадвае мыслам
дачыны іх, самааблудны, завецца той крывадушным. |6|
Хто мыслам здолі суняўшы, Арджуна, здолямі чыну
яднаньне чынам зьдзяйсьняе, лічыцца той няпрывязным. |7|
Належны чын учыняй, вышэйшы чын ад нячыну,
бо нават жыўленьня цела не атрымаеш бяз чыну. |8|
Ад чыну ня дзеля аброку людзі вязьняцца чынам,
таму для аброку, сын Кунты, чын учыняй, непрывязны. |9|
З аброкам стварыўшы нашчадкаў, прамовіў спачатку Пан роду:
"Ім плёньцеся, ён вам хай будзе спаўненьня жаданьняў каровай. |10|
Ім баўце багоў, і няхай вас багі тыя бавяць таксама,
адзін аднога баўленьнем дасягнеце вышняй даброці. |11|
Жаданых здаволяў дадуць вам багі, якіх бавяць аброкам,
а хто, не аддзяўчышы дарам, зьядае дары іх, той злодзей". |12|
Хто есьць астачу аброку, усіх пазбаўляецца ганаў,
які для сябе толькі ежу гатуе, той жывіцца ганай. |13|
Ад ежы ўзбываюцца быты, з дажджу узбываецца ежа,
з аброку ўзбываецца дождж, аброк жа ўзбываецца з чыну. |14|
Чын ведай з Роду узбытым, а Род зь нязгубнага ўзбыты,
таму гэты Род паўсюдны ў аброку заўжды ўсталяваны. |15|
Хто так закручонага кола кручэньня далей ня доўжыць,
зламысны, здоляў здаволя, дарэмна жыве ён, сын Прытхі. |16|
Які чалавек самашчасны, сабою спатолены, Партха,
хто рады сабе, той ня мае болей належнага чыну. |17|
Ні ў тым яго цэль, каб чыніць, ні ў тым, каб стрымацца ад чыну,
ніяк яго цэль не залежыць ад іншых бытаў таксама. |18|
Таму заўжды незалежна дзейсьні належны учынак,
хто дзейсьніць чын незалежна, той вышняга муж дасягае. |19|
Зьвяршэньне дасягнута чынам такімі як мудры Джанака,
на цэласьць зважаючы сьвету і ты чын выконваць павінен. |20|
Усё, што ні робіць найлепшы, робяць і іншыя людзі,
які ён узор утварае, такі сьвет за ім пераймае. |21|
Няма для мяне ў трох сьветах таго, што чыніць я павінен,
чаго я хачу ці ня маю, але я займаюся чынам.|22|
Калі перастаў бы нястомна займацца я чынам напраўду,
маёю дарогай пайшлі бы, сын Прытхі, усе чыста людзі. |23|
Загінулі б гэтыя сьветы, калі не чыніў бы я чыну,
я стаў бы прычынай зьмяшэньня і зьнішчыў усе спараджэньні. |24|
Ад чыну залежныя людзі, няведнікі як учыняюць,
хай чыніць так незалежны веднік для цэласьці сьвету. |25|
Злом думкі хай не стварае нязнаўцам, чынам зьвязаным,
няхай прымае ўсе ўчынкі веднік, у дзеяньні едны. |26|
Пратворы кметамі ўчынкі ўсе чыста ўчыняюцца толькі,
"Я чыньнік" – так уважае самападмануты язьняй. |27|
Хто ўведаў тойства падзелу, Арджуна, кметаў і чыну,
"Займаюцца кметамі кметы" – ня ўласьцячы, так разважае. |28|
А тых, хто падмануты ўласьціць учынкі кметаў пратворы,
няведнікаў цэлага, дурняў, хай цэлага веднік ня рушыць. |29|
Мне ўчынкі адрокшы ўсе чыста чуваньнем прасамасьці цалкам,
пазбыты спадзеваў і язьні, змагайся, пакінуўшы жарсьці. |30|
Маёй гэтай вечнае думкі якія трымаюцца людзі,
бяз зайздрасьці, поўныя веры, збаўляюцца ўчынкамі нават. |31|
А тыя, што поўныя злобы, ня вераць маёй гэтай думцы,
аблудныя ў знаньні усякім, тых згіблымі ведай нячуйных. |32|
І знаўца нават паводзіць падобна да ўласнай пратворы,
пратворы ўсе сьледуюць быты, навошта чыніць перашкоду? |33|
Шлях здолі да кожнае цэлі хавае агіду і прагу,
як рабаўнікоў на дарозе, ісьці ў іх няволю ня мае. |34|
Лепш дрэнна уласную праўду адстойваць, чым добра чужую,
лепш гінуць за ўласную праўду, чым жыць за чужую у страху. |35|

Арджуна прамовіў:
Але чым прымушаны гэты зло чалавек учыняе,
міжволі нават, Варшнэя, сілай нібы кіраваны? |36|

Сьвяты Багавіт прамовіў:
Пажада гэта, гнеў гэта, што з кметы палу ўзьнікае,
шматжэрны і шматзлачынны, тут яго ворагам ведай. |37|
Агонь як ахутаны дымам, як люстра пакрытае срэбрам,
зародак пакрыты балонай, так ім усё гэта пакрыта. |38|
Пакрытае знаньне так гэтым знаўца ворагам вечным,
што мае выяву пажады, агнём ненажэрным, сын Кунты. |39|
Завуцца яго валадарствам і здолі, і мысел, і думка,
якімі ён тлуміць чуваньне, уцеленых знаньне пакрыўшы. |40|
Таму спачатку суняўшы здолі, нашчадак Бгараты,
пратні тое ліха, якое вызнаньне і знаньне зьнішчае. |41|
Вышэйшымі лічацца здолі, а мысел вышэйшы за здолі,
за мысел вышэйшая думка, ён той, хто вышэйшы за думку. |42|
Пазнаўшы яго звыш за думку, сабою сябе ўмацаваўшы,
бі ворага, магутнарукі, схаванага ў яве пажады. |43|

No comments:

Post a Comment