Jun 1, 2011

Воля да мовы

Тры ступені праявы мовы - найтонкая (sūkṣmatara), тонкая (sūkṣma) і грубая (sthūla) - адпавядаюць тром магутам - волі (icchā-śakti), знаньню (jñāna-śakti) і чыну (kriyāśakti).

Адзінкай грубай ступені зьяўляецца сказ (vākyam) - пасьлядоўнасьць складнікаў, якой выражаецца цэласьць змыслу. Усе засталыя адзінкі зьяўляюцца тонкімі, прамежкавымі, інтэлектуальна выдзельнымі паміж цэласьцю змыслу і пасьлядоўнасьцю гукаў сказу. Цэласьць змыслу зьяўляецца ўмовай яго выяўленьня, сьцег якога апісваецца правіламі вйа̄караны.

Пачаткам любога выказваньня зьяўляецца vivakṣā - воля да мовы, жаданьне сказаць. У волі да мовы ўвесь змысел сказу ўжо ёсьць як адзіны непадзельны намер. Вівакша̄ зьвяртаецца да адзінага змыслу і выбірае (vara), выдзяляе яго частку. Таму вівакша̄ - не пазамоўны ініцыятар, а найтонкая ступень яе праявы. Паколькі чуйнасьць (citta) - гэта тое, што афармляецца мовай, мова выяўляецца яе самаафармленьнем.

catvāri vāk parimitā padāni tāni vidur brāhmaṇā ye manīṣiṇaḥ. guhā trīṇi nihitā neṅgayanti turīyaṃ vāco manuṣyā vadanti (Ṛg-veda 1-164.45) - "На чатыры крокі памерана мова, іх ведаюць бра̄гман̣ы, якія мудрыя, сукрыта схаваныя тры не рушаць, чацьверты словамі гавораць людзі".

Праява мовы праходзіць чатыры крокі: Ад адзінай сэнса-формы да падзелу на сэнс і форму. Ад сэнсу і формы да альфабэту сэнсаў (varṇa). Ад варнаў да каранёў (dhātu), якія выдзяляюць і зьбіраюць першасныя сэнсы. Ад каранёў да сказаў (vākya), што зьвязваюць і зьбіраюць словы (pada).

Пачатак мовы, адзіная сэнса-форма, патэнцыя ўсякай праявы называецца вышэйшай мовай (parā). Пры першасным падзеле на выяву (idam) і змысел (adaḥ) мова называецца відушчай (paśyantī). На ступені ўтварэньня кола змыслаў, калі існуе актыўны сэнс і неактыўны сэнсавы фон, мова называецца сярэдняй (madhyamā). Мова праяўленай змысловай множнасьці называецца выразнай (vaikharī).

Кожны сказ ад свайго намеру да канчатковай формы праходзіць гэты шлях афармленьня змыслу. Сьвядомасьць (citta), што афармляецца, прыгэтым застаецца кожны раз адзінай. Уся мова цалкам прысутнічае ў кожным выказваньні, як яго выдзеленая, актыўная і фонавая, неактыўная частка. Гэта матрыца змыслаў (mātṛkā), здольная выразіць любы магчымы змысел, такім чынам тоесна вышэйшай мове (parā) і магуце чуваньня (cit-śakti).

2 comments:

  1. З тэксту не зусім ясна:
    1.як суадносяцца першыя названыя "тры ступені праявы мовы" і тыя, што пералічваюцца потым.
    2.што ўласна разумеецца тут пад словамі "тонкі" і "грубы"?
    3.чаму вівакша̄ адначасова называецца найтонкай ступеньню праявы мовы і тым, што "выбірае" частку сэнсу?
    4.што ў тэксьце разумеецца пад словам "форма"? што можа афармляцца на той стадыі, калі няма нават першасных сэнсаў?
    5.Чаму названыя чатыры стадыі называюцца стадыямі "праявы"? для каго праяўляюцца першасныя сэнсы, хто гэтую праяву ўспрымае? І калі нехта яе ўспрымае - чаму тады прамежкавыя тонкія стадыі названыя "інтэлектуальна выдзельнымі"?
    6.чаму ў апошнім абзацы "матрыца сэнсаў" называецца тоеснай parā, хаця ў перадапошнім стадыя яе ўтварэньня адносіцца да madhyamā?

    ReplyDelete
  2. > 1.як суадносяцца першыя названыя "тры ступені праявы мовы" і тыя, што пералічваюцца потым.

    Я прыйшоў да высновы, што яны суадносяцца так:
    parā - cit, ānanda - mātṛkā
    paśyantī - sūkṣmatarā - icchā - vivakṣā
    madhyamā - sūkṣma - jñāna - varṇa
    vaikharī - sthūla - kriyā - vākya.

    Гэта суадпаведнасьць, але ня тоеснасьць.
    parā, paśyantī, madhyamā, vaikharī - падзел паводле дыфэрэнцыяцыі.
    sūkṣmatarā, sūkṣma, sthūla - падзел паводле магуты.

    2.што ўласна разумеецца тут пад словамі "тонкі" і "грубы"?

    праява рушыць ад адзінага да множнага
    тут вызначаецца паводле ш́акті - найтонкі - адзіны ў намеры, волі, тонкі - існы ў знаньні, грубы - рэалізаваны ў чыне
    можна вызначыць і так:
    найтонкі - ўспрыманы буддгі (розумам, інтэлектам, які робіць niścaya - рашэньне, выбар),
    тонкі - ўспрыманы манасам (вумом, мэнталам, які робіць saṃśaya - вікалпу, варыятыўнасьць)
    грубы - ўспрыманы індрійамі (чуцьцямі)

    Пра некаторыя формы ў Ка̄ш́іка̄ гаворыцца - buddhistha - "калі яны яшчэ знаходзяцца ў розуме".

    > 3.чаму вівакша̄ адначасова называецца найтонкай ступеньню праявы мовы і тым, што "выбірае" частку сэнсу?

    Вівакша̄ выбірае магчымасьць з усемагчымасьці, яе варыянт, абмяжоўвае яе, таму з гледзішча таго, што адбываецца, яна ёсьць абмежаваньне ўсемагчымасьці, воля - выбар (vara). Гэта значыць яна стаіць на ступеньку ніжэй за ўсемагчымасьць. Яна ня вонкавая да яе, бо ўсемагчымасьць - гэта ўсемагутнасьць самаіснага. Сьпярша яго ўсемагчымасьць, пасьля яе абмежаваньне. Тое, што абмяжоўваецца (cit), яно і абмяжоўвае (cit).

    > 4.што ў тэксьце разумеецца пад словам "форма"? што можа афармляцца на той стадыі, калі няма нават першасных сэнсаў?

    Форма можа быць толькі формай сэнсу, сэнс можа быць толькі сэнсам формы, няма аднаго без другога, яны ўзьнікаюць адразу. Афармляецца і абмяжоўваецца пачатак мовы, што зьяўляецца першапачатковай адзінай формай і сэнсам. Любое абмежаваньне, усё што можна ўспрыняць, пра што можна гаварыць - абавязкова форма. Першасныя сэнсы адначасова першасныя тонкія формы.

    > 5.Чаму названыя чатыры стадыі называюцца стадыямі "праявы"? для каго праяўляюцца першасныя сэнсы, хто гэтую праяву ўспрымае? І калі нехта яе ўспрымае - чаму тады прамежкавыя тонкія стадыі названыя "інтэлектуальна выдзельнымі"?

    Ведычная традыцыя гаворыць пра самапраяўленьне, самаўзьнікненьне, самабыцьцё, самавольную праяву ўсемагутнасьці пачатку. Ён беспрычынна і неабумоўна захацеў быць усім і стаў усім. Ён глядзіць усімі вачыма адразу, таму могуць існаваць усе магчымыя гледзішчы. Мы глядзім вачыма трэцяга пурушы (мікракосма), і мяркуем як гэта ў другога (які стаіць на вяршыні сьвету) і першага (найвышэйшага) па аналёгіі з сабой. Прамежкавыя стадыі зьяўляюцца інтэлектуальна выдзельнымі, бо праява адбываецца негістарычна, нячасава, адразу - цэлы сэнс - цэлая форма.

    > 6.чаму ў апошнім абзацы "матрыца сэнсаў" называецца тоеснай parā, хаця ў перадапошнім стадыя яе ўтварэньня адносіцца да madhyamā?

    матрыца сэнсаў ня тоесна альфабэту сэнсаў, іх неабходна адрозьніць.

    ReplyDelete