vāg-arthāv iva sam-pṛktau vāg-artha-pratipattaye, jagataḥ pitarau vande pārvatī-parameśvarau - "Дзеля спазнаньня сэнсу мовы я слаўлю бацькоў сусьвету, злучаных як мова і сэнс, Дачку гары і Навышняга ўладара" (Ка̄ліда̄са. Раґгувам̣ш́а 1.1).
Слова artha ўтвараецца ад кораня ṛ ("рухацца") і значыць "сэнс, мэта, абсяг, ужытак, уласнасьць". Слова padārtha літаральна перакладаецца як "сэнс слова" і значыць "рэч". Можа падацца, што - гэта рэфэрэнцыя, спасылка на аб'ект. Але аб'екту адпавядае іншая "рэч" - adhikaraṇam (над-дзеяньне, апора, падпарадкаваньне, субстанцыя).
Сэнс збана (ghaṭa) ў тым, што ў яго нешта зьмяшчаецца (ghaṭyate). Гэта кавалак рэчыва (dravya), прыкладам, гліны, што мае такі ўжытак (prayoga). Менавіта аб'ект (гліняны ці драўляны, вялікі ці маленькі), а не яго імя зьяўляецца "ўмоўнасьцю". Рэч адначасова зьяўляецца пасыўнай субстанцыяй і яе актыўным ужываньнем.
Збан - не аб'ектыўная рэч, ён збан толькі для чалавека, які яго так ужывае, як такі ён - рэчыва, вытвор (vikṛti) субстанцыі, прыроды (prakṛti). Але і ўсе іншыя рэчы, увесь сьвет зьяўляецца такім толькі для чалавека. Тое, што ўспрымаецца як вуліца з крамамі і ўстановамі - толькі ўпарадкаванае нагрувашчаньне зямлі і камянёў. "Аб'ектыўны сьвет" самым літаральным чынам зьяўляецца мовай, сэнсам словаў, размовай чалавецтва адносна субстанцыі.
Разнастайнасьць субстанцыі зводзіцца да таттваў, першаэлемэнтаў, якія аднак таксама ў рэшце рэшт зьяўляюцца сэнсамі - трансфармацыяй, ужыткам першапачатковага, адзінага. Субстанцыя зьяўляецца аб'ектыўнай толькі як аб'ект ужываньня і трансфармацыі, але ўжо ад свайго адзінства ня можа быць успрынята як аб'ект. Тое, што чалавек успрымае, - гэта менавіта яе вытвор, артха, ужытак, "рэч для нас", сэнс слова. Рэч распадаецца на адзіную субстанцыю і дзеяньне, артху, і месца для вонкавага аб'екта не застаецца.
Таму рэч - літаральна "рэч" (ад "рачы́", гаварыць). Гэта сапраўды пада̄ртха, сэнс слова. Паколькі сэнс - гэта прызначэньне, ужытак, дзеяньне, ён залежны ад меры, апоры, кропкі дачыненьня, якая і робіць яго сэнсам. Але чалавек ня можа быць такой "мерай усіх рэчаў", бо таксама зьяўляецца сэнсам і словам у мове. Ніякі сэнс не існуе асобна, адзінкава, але толькі як элемэнт, судачыненьне ў межах сэнсавай цэласьці. Ні збан, ні чалавек не існуе асобна, але мае наўвеце судачыненьне з усімі сэнсамі мовы. Таму мерай і рэчаў, і чалавека можа быць толькі сама мова, поўнае кола сэнсаў.
Сэнсам слова можа быць дзеяньне, што вылучае кавалак з адзінства субстанцыі, але не сама субстанцыя, адзіная ў сваёй пасыўнасьці. Словы санскрыту ўтвараюцца ад каранёў, значэньнем якіх зьяўляецца дзеяньне (kriyā ці bhāva). Сэнсамі афіксаў зьяўляюцца ка̄ракі (дзейнікі), якія удакладняюць, упэўніваюць сэнс кораня, вызначаючы ролю рэчы ў дзеяньні (што? чаго? адкуль? для каго? у чым?). Санскрыцкія словы зьяўляюцца сапраўднымі імёнамі рэчаў, бо сапраўды выяўляюць іх сэнс, іх дзеяньне і ролю ў дзеяньні.
Калі сэнсамі каранёў зьяўляюцца дзеяньні, то альфабэт сэнсаў, зь якога ўтвараюцца карані, павінен складацца зь першасных дзеяньняў сьвядомасьці. Пачатковы сэнс, зь якога ўтвараецца альфабэт сэнсаў, павінен быць тым дзеяньнем, што ператварае адзіную субстанцыю ў мову. Такім дзеяньнем, сэнсам мовы зьяўляецца сам падзел і сама сувязь (sampṛkti) сэнсу і формы.
No comments:
Post a Comment