Jul 31, 2011

Наскрозь

Адзінае выяўляецца трысьветам змыслу, явы і чыну. Змысел утварае неба, хуткую і тонкую здоль слыху, абсяг Таго, прастору імені. Ява ўтварае зямлю, трывалую і доўгую здоль зроку, абсяг Гэтага, прастору вобразу. Чын, раскрыты змыслам і явай, утварае абсяг паміж, здоль дотыку і руху, прастору чыну, вецер, што вее скрозь сьветы.

Чын (karman) арэ зямлю явы, кідае ў поле (kṣetra) вобразаў семя (bīja) змыслу, і пад промнямі сонца і кроплямі хмараў з уробленага поля ўзрастае (vipāka) плён (phala). Знаўца поля (kṣetrajña), араты, вяртае плён чыну аброкам (yajña) небу, і здаволены астачай (śiṣṭa), застаецца нязьвязным. Такі чын у коле аброку завецца культурай (saṃskṛti). yajñaśiṣṭāśinaḥ santo mucyante sarvakilbiṣaiḥ - "Праведныя, што зьядаюць астачу аброку, вызваўляюцца ад усіх заганаў" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 3.13).

Чын папярэднічае яве, выяўляецца явай, але нязводны да явы. Ява не зьяўляецца змыслам чыну, але толькі яго вынікам. Змыслам чыну зьяўляецца аброк, што вяртае яву змыслу па кругу дару. Чын ня дзеля плёну чыну, явы, застаецца свабодным ад закону гэтай працяглай і трывалай здолі, адбываючыся наскрозь, неапасродкавана ў празрыстай першасьці свабоды. karmaṇy evādhikāras te mā phaleṣu kadācana, mā karmaphalahetur bhūr mā te saṅgostv akarmaṇi - "Твая ўлада толькі над чынам, ніколі над плёнам чыну, плёнам ня будзь абумоўны, нячынам ня будзь зьвязаны"  (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 2-47).

Чын, які ставіць яву сваім цэлем, стаецца абумоўленым законамі явы і трапляе пад уладу яе даўгіх ланцугоў прычынаў і наступстваў. yajñārthāt karmaṇo'nyatra lokoyaṃ karmabandhanaḥ - "Ад чыну, што не для аброку, сьвет гэты зьвязаны чынам" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 3.9)Пазбыты свайго праўдзівага змыслу, прыняўшы за змысел яго выяву, ён усё больш апасродкуецца, ліючы ваду сваёй сілы на жорны ўласнай няволі.

Чын дзеля плёну чыну, чын не дзеля аброку, вымыкае чыньніка з адзінага скразнога сьвету свабоды. evaṃ pravartitaṃ cakraṃ nānuvartayatīha yaḥ, aghāyur indriyārāmo moghaṃ pārtha sa jīvati - "Хто так закручонага кола кручэньня далей ня доўжыць, зламысны, здаволя здоляў, дарэмна жыве ён, Па̄ртха" (Бгаґавад-Ґі̄та̄, 3-16).

Дзеля таго каб дасягнуць аднаго, трэба зрабіць другое, а для другога трэцяе - такая прычыннасьць абумоўленага явай чыну. Каб апынуцца ў гасподзе, неабходна ўзьняцца па сходах, адчыніць дзьверы. Уява прадказвае доўгі вобразны алгарытм дасягненьня цэлю, тым часам як ён можа быць дасягнуты непасрэдна і адразу. Магчыма адразу апынуцца ля цэлю, бо выява няўладна над тым, што яна выяўляе.

Імя і вобраз зьяўляюцца імем і вобразам чыну. Тое, што доўга і пасьлядоўна ў прасторы явы, імгненна і адначасова ў прасторы змыслу. Чын, вольны ад служэньня яве, вярнуўшы змысел аброку, стаецца скразным і непасрэдным, неабумоўленым прычыннасьцю працягласьці і прасторы. sthūla-svarūpa-sūkṣma-anvaya-arthavattva-saṃyamād bhūta-jayaḥ. tato 'ṇimādi-prādurbhāvaḥ kāya-saṃpat tad-dharma-anabhighātaś ca - "Ад авалоданьня змысьловасьцю сувязі тонкай і грубай явы адбываецца перамога (вялікага) быцьця. Адгэтуль узьнікненьне зьмяншэньня і іншых здольнасьцяў, набыцьцё (ўсякага) цела і непашкоднасьць яго прыроды" (Пат̣аньджалі. Йоґа-сӯтры, 3.44-45)

śraddhayāgniḥ samidhyate śraddhaya huyate haviḥ - "Верай запальваецца агонь, верай абракаецца аброк" (Р̣г-веда 10.151.1). Вера стаіць напачатку мовы, злучаючы прасторы явы і змыслу, прасягаючы ўвесь трысьвет. ahám evá vā́ta iva prá vāmy ārábhamāṇā bhúvanāni víśvā, paró divā́ pará enā́ pṛthivyaítā́vatī mahinā́ sám babhūva - "Я нібы вецер вею, рушачы ўсе сусьветы, больш за неба, больш за зямлю, магутой такая паўстала" (Рг-веда, 10.125.8).

yā niśā sarvabhūtānāṃ tasyāṃ jāgarti saṃyamī - "Што ноч дзеля ўсіх істотаў, у тым самаўладны чуйны" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 2.69). Чын аброку дзеіцца ў ночы явы, чацьвертай (turya) уседасяжнай прасторы веры, аднолькава блізкай да любога часу і месца, цэлі і прычыны. Няма немагчымага веравіту.

Jul 29, 2011

Сэрца

śraddhāvāṃl labhate jñānaṃ - "У якога ёсьць вера, атрымлівае знаньне" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 4.39). Што такое вера? Які змысел веры? Як зьвязаныя вера і знаньне? Якім чынам знаньне вынікае зь веры?


Чалавек як істота зьяўляецца ў выніку раскрыцьця адзінага змыслам і явай, іменем (nāman) і вобразам (rūpa). Чалавек жыве ў сьвеце знаньня, і толькі суадпаведнасьць, тоеснасьць (tattva) явы і змыслу робіць магчымым знаньне. Імя і вобраз - гэта імя і вобраз чыну (karman) адзінага. Чалавек мае пяць здоляў чуваньня (indriya). Тры зь іх утвараюць для чалавека тры сьветы (tri-bhuvanam): неба (svar), зямлю (bhū) і прастору сярод (bhuvas). Слых (śrotra) - найтонкая і найхуткая здоль - ужыта як прастора імені і змыслу, неба, прастора Таго. Здоль зроку (cakṣus) - доўгая і трывалая - ужыта як прастора явы і вобразу, зямля, апора Гэтага. Паміж імі адбываецца і яднае іх прастора руху і чыну, здоль дотыку (sparśa) і ветру (vāyu). Імя - чын у прасторы слыху, вобраз - чын у прасторы зроку. Пяць здоляў - гэта пяць выяваў (vyakti) адзінага вялікага быту (mahābhūta). 

Ісьненьне ў адной прасторы зводзіцца да простай рэакцыі на імпульсы без усякай магчымасьці знаць пра сябе, сваё існаваньне і чын, раджэньне і сьмерць, без магчымасьці зьмяніць сваю долю. Для істоты, пазбытай суадпаведнасьці змыслу і явы, любая разнастайнасьць прастораў будзе збытнай, няўведнай і няіснай, роўнай той самай адной прасторы. І толькі падзел на змысел і яву, імя і вобраз робіць магчымым знаньне і сама-змысьленьне, сьвядомасьць. І хаця змысел і ява ня тоесны вобразу і імені, хаця здолі слыху і зроку ўжываюцца як прасторы змыслу і явы, чалавечыя слых і зрок могуць узьнікнуць толькі разам і як вынік узьнікненьня явы і змыслу. Што робіць неба сінім і бязьмежным, траву зялёнай, а дрэва высокім у нашых вачах? Чаму зямля ўнізе, а неба ўверсе? Чаму мы бачым такім тое, што бачым? Бо сьвет як прастора явы і ўсякая асобная ява абавязкова зьяўляецца выявай змыслу. Змысел і ява ўтвараюць слых і зрок як прасторы сваёй праявы. Разрозьненьне змыслу і імені, вобразу і явы другаснае ў чалавеку, а першапачатковае неразрозьненьне цалкам апраўднае.

Знаньне можа быць толькі знаньнем ісьціны (sattva), таго, як насамрэч ёсьць. Бяз знаньня быцьцё нібы роўнае нябыту. Знаньне ісьціны, вернага немагчымае без раскрыцьця аднаго існага ў дзьвю прасторах - таго і гэтага, азначальнага і азначанага, назоўнага і называнага, змыслу і явы і іх суадпаведнасьці, судачыннасьці, тоества. "Гэта ёсьць тое", тое змысел гэтай явы, тое імя гэтага вобразу - гэтае падставовае двойства і лучнасьць явы і змыслу завецца тоествам (tattva). Тое, што лучыць гэтыя дзьве прасторы, цьвердзіць іх абавязковую (nitya) адпачатковую лучнасьць (sambandha) - папярэднічае і знаньню, і ісьціне, і чалавеку як істоце знаньня. Змысел абавязкова зьяўляецца змыслам явы, а ява абавязкова зьяўляецца явай змыслу, яны ўзьнікаюць і існуюць адначасова, аднаго няма без другога. Тоества мае наўвеце ня проста сувязь таго ці іншага імені і вобразу, але суцэльную першапачатковую вернасьць, ісьціннасьць прасторы явы і прасторы змыслу як перадумовы ўсякага знаньня.

Дзіця спазнае сьвет, зыходзячы з адной гэтай пэўнасьці (pratyaya) ў тоестве змыслу і явы. Яно знае, нічога яшчэ ня знаючы, але давяраючы, што знаньне магчымае ў прынцыпе, што пытаньні маюць адказы, і гэтая прастора даверу пакрысе запаўняецца знаньнем. Вера мове, прыняцьце тоества змыслу і явы, давер да мовы неабходная як перадумова спазнаньня і вучэньня. Сумнеў можа ўзьнікнуць толькі пасьля веры і ніколі перад ёй, бо сумнеў гэта сумнеў у вернасьці. Вера (śrat) робіць магчымым знаньне, ісьціну і чалавека. śraddhāvāṃl labhate jñānaṃ - "Які мае веру, атрымлівае знаньне".  (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 4.39). Зь веры насамрэч вынікае знаньне.

Слова śraddhā (вера) складаецца з слова śrat (ці śrad) і кораня dhā (ставіць, класьці, усталёўваць). śrat ужываецца як прыстаўка і зь іншымі каранямі - kṛ (рабіць) і (даваць). Слова śrat можа паходзіць ад кораня śrathазьнявольвацца, дападаць, пакладацца, далучацца, зьвязвацца), а ў прычынным змысьле значыць "старацца, намагацца, радавацца, зьвязваць". Або, магчыма, ад незасьведчанага кораня śrad. śrath перагукаецца з śri (льнуць, дападаць, апірацца), śru (слухаць, чуць) і śrambh (давяраць). Ад слова śrat паходзяць бел. "сярод, сярэдні, сэрца", "сердаваць, сярчаць", рас. "среди, сердце, усердствовать, сердиться", лац. "cor, cordis" (сэрца), "credo" (верыць), грэц. "καρδία" (сэрца), анг. "heart" (сэрца). śraddhā такім чынам значыць засяроджаньне, усталяваньне сярэдзіны, сэрца, цэнтру, сувязь, злучэньне, дападаньне адно да аднаго.

Цяпер звыкліся ўяўляць сэрца як руха́вы кавалак мяса ўнутры цела, а веру як бяздумнае прыняцьце за праўду неправераных зьвестак. Але калі адмовіцца ад ілюзіі зрокавай выявы як аб'ектыўнай рэальнасьці і зразумець яе як тое, чым яна і зьяўляецца - выявай, зрокавым выказам змыслу, то што тады будзе сэрцам, сяродкам, цэнтрам істоты і сьвету? У чым змысел сэрца? Што яно чыніць? Сярэдзіна, сэрца яднае істоту як сяродак кола яднае сьпіцы і вобад у кола. Сэрца робіць часткі цэлым целам. Бяз сэрца істота памірае, і сабраныя ў яе складнікі распадаюцца. Таму істота цалкам можа быць зьведзеная да свайго сэрца, месьціва душы, крыніцы жыцьця і руху. Чалавек як істота жыве ў сьвеце мовы і знаньня, і калі распадаецца знаньне і мова, ён перастае быць чалавекам. Чалавечы сьвет - гэта ўпарадкаваная цэласьць явы і змыслу. Таму тое, што зьбірае і злучае ўсе явы і змыслы ў цэласьць мовы і цэласьць сьвету, зьяўляецца сэрцам мовы і чалавека. Верай завецца гэты цэльны, жывільны чын сэрца, тая абавязковая сувязь імені і вобразу, змыслу і явы, што робіць саму мову магчымай.

Ёсьць першасная суадпаведнасьць, пачатковае тоества сэрца сьвету і сэрца істоты, вялікага і маленькага чалавекаў. Празь сярэдзіну гэтых двух колаў праходзіць вось сусьвету, злучаючы іх у вялікі воз. Зрух, перамяшчэньне цэнтру малога кола адпаведна зьмяняе яго судачыненьне зь вялікім колам. Гарызантальная адлегласьць паміж двума цэнтрамі адсутнічае, таму перанос цэнтру азначае падарожжа па прасторы ўсемагчымасьці. Вера, змысьленая як чын сэрца, як магута зрабіць пэўны змысел цэнтрам істоты, зьмясьціць істу ў сваё сэрца, выбірае дарогу і вызначае сьвет. śraddhāmayoyaṃ puruṣo yo yacchraddhaḥ sa eva saḥ - "Чалавек гэты цалкам зроблены зь веры, якая яго вера, такі і ён сам" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 17.3).

Папярэднічаючы знаньню, вера вызначае існасьць і няіснасьць. aśraddhayā hutaṃ dattaṃ tapas taptaṃ kṛtaṃ ca yat, asad ity ucyate pārtha na ca tat prepya no iha - "Што абракаюць, жарбуюць, дораць ці чыняць бязь веры, няісным, Па̄ртха, завецца, бо ні тут, ні пасьля не існу́е."  (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 17.28). Зьнявера, сумнеў (saṃśaya) ірве абавязковую сувязь тоества, якое перадумоўлівае самы чалавечы сьвет. Разбураючы веру, сумнеў насамрэч разбурае самога чалавека, спляжваючы яго стоцевы траісты сьвет у аднамерную рэактыўную прастору. Сьцьверджаньне неабавязковасьці, адвольнасьці і ўмоўнасьці сувязі явы і змыслу, імені і вобразу хаця і мае разумовае апраўданьне, насамрэч супярэчыць розуму як суадпаведнай прасторы змыслу, выдаляючы самую яго сярэдзіну. ajñaścāśraddadhānaśca saṃśayātmā vinaśyati, nāyaṃ loko'sti na paro na sukhaṃ saṃśayātmanaḥ - "Які знаньня ня мае і веры, той самасумнеўны гіне, ні гэты сьвет, ані вышні, ні шчасьце для самасумнеўных" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 4.40).

sa prāṇam asṛjata, prāṇāc chraddhāṃ khaṃ vāyur jyotir āpaḥ pṛthivīndriyaṃ mano 'nnam, annād vīryaṃ tapo mantrāḥ karma lokā, lokeṣu nāma ca - "Ён спарадзіў дых, з дыху ўзьнікла вера, прастор, вецер, сьвятло, воды, зямля, здоль, мысел, ежа, зь ежы - семя, жарба́, мантры, чын, сьветы, і ў сьветах імя (Праш́на-упанішад 6-4). Слова prāṇa значыць прад-рух, пачатак руху, і адначасова пра-рух, рух наперад. Зь першаруху, дыху спачатку зьяўляецца вера. Вера становіць яву і ў явы зьяўляецца імя. Нездарма іншае слова, якім называецца вера (viśvāsa) значыць літаральна "выдых".

máyā só ánnam atti yó vipáśyati yáḥ prā́ṇiti yá īṃ śṛṇóty uktám, amantávo mā́ṃ tá úpa kṣiyanti śrudhí śruta śraddhiváṃ te vadāmi - "Мной ежу той есьць, які бачыць, які дыхае, слухае сказ які, несьвядома жывуць ува мне яны, слухай, слушны, верна кажу я"  (Р̣г-веда 10.125.4). Чалавек жыве і чыніць у мове, на зямлі явы, пад небам змыслу. Верай пачынаецца праява мовы, вера паўсюдна расчынена ў мове. Вера мове ёсьць крыніцай знаньня.

Jul 21, 2011

Багавітава Песьня, шосты ўзыход


Шосты ўзыход

Сьвяты Бог прамовіў:
Незалежны ад плёну чыну належны чын які чыніць,
той адрочнік, і той йоґі́н, не бязвогневы, не безабрадны. |1|
Што называюць адрокам, тое йоґай ведай, сын Пан̣д̣у,
бо без адроку намераў йоґі́н не бывае ніякі. |2|
Які моўкнік да йоґі ўзыходзіць, для таго чын завецца дзейсным,
для таго, хто ўзьняўся да йоґі, спакой называецца дзейсным. |3|
Калі ні да цэляў здоляў, ні да чынаў не дападае
адрочнік усіх намераў, тады ўзьнятым да йоґі завецца. |4|
Хай уздыме сябе сабой, хай сам сябе не апускае,
бо толькі сам сабе сябра, і толькі сам сабе вораг. |5|
Сябра сам сабе для таго, кім адолены сам сабою,
у варожасьці да не-сябе сам сабе будзе як вораг. |6|
З супакоеным, самаадольным навышні сам супадае
у холадзе, сьпёцы, пакутах, уцехах, павазе, зьнявазе. |7|
Спатолены знаньнем, вызнаньнем, канцавосны, адолеўшы здолі,
йоґін едным завецца аднакі да жвіру, золата, гліны. |8|
Сябраў, любых, варожых, староньніх, пасярэдніх, агідных, родных,
злых і добрых пераўзыходзіць той, розум якога аднакі. |9|
Йоґі́н хай яднае няспынна сябе ў таямніцы сталы,
самотны, чуцьцё суняўшы, бесспадзеўны, неназапашны. |10|
Усталіўшы ў чыстым месцы пасад для сябе трывалы,
незанізкі, незавысокі, коўдрай, шкурай, Куш́ай пакрыты, |11|
аднацэльным мысел зрабіўшы, чын чуцьця і здоляў суняўшы,
на пасадзе сеўшы, яднацьме йоґу для самачышчэньня. |12|
Роўна цела, сьпі́ну і шыю хай нярушна трымае трывалы,
узерыўшы ў носа вяршыню, не зьвяртаючы ўвагі навокал. |13|
Хай самаспакойны, бясстрашны, сталы ў волі Роду дасягу,
едны ісьніць, мысел суняўшы, чуцьцём да мяне, вышняй цэлі. |14|
Які так яднае няспынна йоґі́н сябе, мысел суняўшы,
у неруш-вярхоўны спакой, прысутны ўва мне, ўзыходзіць. |15|
Няма йоґі таму, хто замнога есьць ці ня есьць анічога,
звыкламу спаць замнога або чуйнаваць, Ардж́уна. |16|
Для стрыманага ў ежы й спачыне, намаганьнямі стрымнага ў чыне, 
для стрымнага ў сьненьні й чуваньні будзе йоґа згубай пакуты. |17|
Калі чуцьце сунятае цалкам у сабе застаецца толькі,
збыты прагі да ўсіх пажадаў тады назаваецца едным. |18|
Як сьвечка ў бязьветры ня рушыць - зраўнаны такім падабенствам
йоґі́н, якім чуцьце сунята, які сябе ў йоґу яднае. |19|
Дзе адпачывае чуцьцё, спынёнае йоґі адданьнем,
дзе сам сабой сябе бачыць і сам сабой сабе рады, |20|
надздалёвае поўнае шчасьце, асяжнае розумам толькі
дзе ўведвае ён, дзе стаўшы больш з тоества не адпадае. |21|
што дасягшы, ня лічыць нічога іншага большым дасягам,
дзе стаўшы, ня ўзрушыцца болей нават вялікай пакутай, |22|
тое ведай злукі пакуты разлукай, йоґай названай;
тую йоґу належыць рашуча яднаць адваротным чуваньнем. |23|
Узьніклых з уявы пажадаў адрокшыся ўсіх без астачы,
здоляў усю грамаду суцэльна мыслам суняўшы, |24|
паволі паволі спыні́цца мае розумам, воляй стрыманым, 
у сабе ўсталяваўшы мысел, ні пра што разважаць ня мае. |25|
Чаму б і куды б не зыходзіў мысел рухавы, нястойкі,
хай яго адусюль адняўшы, да сябе ўва ўладу вяртае. |26|
Йоґі́на, чый мысел спакойны, суцішаны страсьці якога,
які брагманам стаў, бязбрудны, страчае навышняе шчасьце. |27|
Яднаючы гэтак няспынна йоґі́н сябе, вольны ад бруду,
дасягае бязьмежнага шчасьця дотыку брагмана лёгка. |28|
Сябе існым ува ўсіх бытах, і ў сабе самым усе быты
бачыць йоґай самаадзіны, паўсюль аднакавы зрокам. |29|
Які бачыць мяне паўсюдна, і ўсё ўва мне які бачыць, 
я не зьнікаю ў яго, і ён у мяне не зьнікае. |30|
Мяне існым ува ўсіх бытах хто бажае, абраўшы адзінства,
якім чынам не існаваў бы, йоґі́н той ва мне існуе. |31|
Які ўсюды сабе падабенствам як адно тое самае бачыць
пакуту або асалоду, той йоґі́н уважаны навышнім. |32|

Ардж́уна прамовіў:
Тая йоґа, якую ты мовіў як аднакасьць, Мадгу-забойца,
у яе не магу я разгледзець праз рухавасьць трывалай асновы. |33|
Бо мысел рухавы, вірлівы, моцны і крэпкі, Кр̣шн̣а,
яго затрыманьне лічу я бы ветра спыненьне цяжкім. |34|

Сьвяты Бог прамовіў:
Несумнеўна, магутнарукі, цяжкастрымны мысел, рухавы,
але заданьнем, сын Кунті, спыняецца ён і бясстрасьцем. |35|
Для несамастрымнага йоґу я ўважаю цяжкадасяжнай,
але намагар самаўладны дасягнуць яе высілкам здольны. |36|

Ардж́уна прамовіў:
Які зь верай, але бяз стрыму, чый мысел зрушыў ад йоґі,
не дасягшы йоґі зьвяршэньня, якім сьцегам ідзе ён, Кр̣шн̣а? |37|
Ці абедзьве дарогі згубіўшы, бы разьвеянай хмарай ня гіне
безасноўны, магутнарукі, які з сьцегу брагман̣а збочыў? |38|
Гэты сумнеў мой, Кр̣шн̣а, расьцяць без астачы ты маеш,
бо ад цябе ніхто іншы расьцяць той сумнеў ня можа. |39|

Сьвяты Бог прамовіў:
Па̄ртха, ня тут, і ня там для такога ня маецца згубы,
дабрачынец ніякі дрэннай дарогай, сыне, ня рушыць. |40|
Праведных сьветаў дасягшы, там безьліч гадоў пражыўшы,
бацькоў чыстых, багатых у доме родзіцца зрушаны зь йоґі. |41|
Або нават у йоґінаў родзе духовых ён узьнікае,
але вельмі рэдка дасяжна ў сьвеце такое раджэньне. |42|
Там ён ад мінулага цела тую розуму повязь прымае,
і ўзмацняе сваё намаганьне да зьвяршэньня, Куру нашчадак. |43|
Да ранейшых сваіх стараньняў ён вяртаецца нават міжволі,
знаць йоґу жадаючы проста, слова-брагман пераўзыходзіць. |44|
Імкнучы намагарна да йоґі, йоґі́н, ачышчоны ад бруду,
дасягшы па многіх раджэньнях, рушыць дарогай вышэйшай. |45|
Ад жарбітаў йоґін вялікшы, яго лічаць вялікшым ад знаўцаў,
ад чыньнікаў йоґін вялікшы, таму, Ардж́уна, станься йоґі́нам. |46|
Але з усіх чыста йоґі́наў хто сабою адданы мне цалкам,
мне зь верай сябе прысьвячае, той для мяне самы едны. |47|

ОМ ТАТ САТ
такі ў сьвятых Песьнях Бога, велічных упанішадах, брагма-ведзе, йоґа-наставе, у сумове сьвятога Кр̣шн̣ы і Ардж́уны шосты ўзыход на імя "Йоґа самаўладаньня".

Пераклаў з санскрыту Міхась Баярын.

Бгаґавад-Ґі̄та̄, шосты ўзыход, паслоўны пераклад

atha ṣaṣṭhodhyāyaḥ
Шосты ўзыход

śrībhagavān uvāca
anāśritaḥ karmaphalaṃ kāryaṃ karma karoti yaḥ
sa saṃnyāsī ca yogī ca na niragnir na cākriyaḥ 6.1

śrī- Сьвяты bhagavān - Багавіт uvāca - прамовіў:
6.1 an-āśritaḥ - Незалежны phalaṃ - ад плёну karma- чыну yaḥ - які karoti - чыніць kāryaṃ - учынны, належны karma - чын, saḥ - той saṃ-ni-āsī ca - і адрочнік, yogī ca - і йоґі́н, na nir-agniḥ - ня той, хто без агню na ca a-kriyaḥ - і ня той, хто без абрадаў.

yaṃ saṃnyāsam iti prāhur yogaṃ taṃ viddhi pāṇḍava
na hy asaṃnyastasaṃkalpo yogī bhavati kaścana 6.2

6.2 saṃ-ni-āsam - адрок yaṃ - што iti - так pra āhur - называюць , taṃ - тое yogaṃ - йоґай viddhi - ведай, pāṇḍava- о сыне Па̄н̣д̣у (Ардж́уна), hi - бо - не a-saṃnyasta- не адрокшы saṃ-kalpaḥ - намераў, жаданьняў, yogī - йоґін na - не bhavati - бывае kaḥ ca na - ніякі.

ārurukṣor muner yogaṃ karma kāraṇam ucyate
yogārūḍhasya tasyaiva śamaḥ kāraṇam ucyate 6.3

6.3 muneḥ - Для моўкніка, ā-rurukṣoḥ - што жадае ўздыму yogaṃ - да йоґі, karma - чын ucyate - называецца kāraṇam - дзейсным, eva - але tasya - для таго, ā-rūḍhasya - хто ўзьняўся yoga- да йоґі, śamaḥ - спакой ucyate - называецца kāraṇam - дзейсным.

yadā hi nendriyārtheṣu na karmasv anuṣajjate
sarvasaṃkalpasaṃnyāsī yogārūḍhas tadocyate 6.4

6.4 hi - Бо yadā - калі na - ні artheṣu - да цэляў indriya- здоляў, na karmasu - ні да чынаў anu ṣajjate - ён не апускаецца, saṃ-nyi-āsī - адрочнік sarva- усіх saṃkalpa- намераў, tadā - тады ā-rūḍhaḥ - ўзьнятым yoga- да йоґі ucyate - завецца.

uddhared ātmanātmānaṃ nātmānam avasādayet
ātmaiva hy ātmano bandhur ātmaiva ripur ātmanaḥ 6.5

6.5 ud dhared - Хай уздыме ātmānaṃ - сябе ātmanā - сабой, ātmānam - сябе na ava sādayet - хай не апускае, hi - бо eva - толькі ātmā - сам ātmanaḥ - сабе bandhuḥ - сябра, eva - толькі ātmā - сам ātmanaḥ - сабе ripuḥ - вораг.

bandhur ātmātmanas tasya yenātmaivātmanā jitaḥ
anātmanas tu śatrutve vartetātmaiva śatruvat 6.6

6.6 bandhuḥ - Сябра ātmā - сам ātmanas - сабе tasya - для таго, yena - кім ātmā - сам ātmanā - сабой eva - жа jitaḥ - пераможаны, tu - але śatrutve - у варожасьці an-ātmanas - да не-сябе ātmā - сам eva - жа varteta - будзе śatruvat - як вораг.

jitātmanaḥ praśāntasya paramātmā samāhitaḥ
śītoṣṇasukhaduḥkheṣu tathā mānāpamānayoḥ 6.7

6.7 jita-ātmanaḥ - З самаадольным, pra-śāntasya - спакойным parama- вышэйшы ātmā - сам sam-ā-hitaḥ - супадае, супадзяецца, śīta- у холадзе ūṣṇa- і сьпёцы, sukha- - у асалодах duḥkheṣu - і пакутах, tathā - а таксама māna- у павазе apa-mānayoḥ - і зьнявазе.

jñānavijñānatṛptātmā kūṭastho vijitendriyaḥ
yukta ity ucyate yogī samaloṣṭāśmakāñcanaḥ 6.8

6.8 jñāna- Знаньнем vi-jñāna- і вызнаньнем tṛpta-ātmā - самаспатолены, kūṭa-sthaḥ - канцавосны, непарушны vi-jita- якім пераможаны indriyaḥ - здолі, yuktaḥ - едны iti так ucyate - завецца yogī - йоґін, sama- аднакі loṣṭa- да гліны, aśma- каменя, kāñcanaḥ - золата.

suhṛnmitrāryudāsīnamadhyasthadveṣyabandhuṣu
sādhuṣv api ca pāpeṣu samabuddhir viśiṣyate 6.9

6.9 su-hṛt- Між сябраў, mitra- прыяцеляў, ari- ворагаў, ud-āsīna- староньніх, madhya-stha- пасярэднікаў, dveṣya- ненавідных, bandhuṣu - сваякоў, sādhuṣu - сярод добрых api ca - а таксама pāpeṣu - злых vi śiṣyate узвышаецца buddhiḥ - той, розум якога sama- аднакі.

yogī yuñjīta satatam ātmānaṃ rahasi sthitaḥ
ekākī yatacittātmā nirāśīr aparigrahaḥ 6.10

6.10 yogī - Йоґін yuñjīta - хай яднае ātmānaṃ - сябе satatam - няспынна rahasi - ў таямніцы sthitaḥ - сталы, ekākī - адзінотны, самотны, yata-citta-ātmā - сам суняўшы чуцьцё, nir-āśīḥ - безспадзеўны, a-pari-grahaḥ - пазбыты назапашваньня, зьбіраньня.

śucau deśe pratiṣṭhāpya sthiram āsanam ātmanaḥ
nātyucchritaṃ nātinīcaṃ cailājinakuśottaram 6.11

6.11 śucau - У чыстым deśe - месцы prati-ṣṭhāpya ўсталяваўшы ātmanaḥ - сабе sthiram - трывалы āsanam - пасад, na ati-ud-śritaṃ - незавысокі na ati-nīcaṃ - і незанізкі, uttaram - пакрыты caila- тканінай, ajina- шкурай kuśa- і травой Куш́а,

tatraikāgraṃ manaḥ kṛtvā yatacittendriyakriyaḥ
upaviśyāsane yuñjyād yogam ātmaviśuddhaye 6.12

6.12 tatra - там kṛtvā - зрабіўшы eka-agraṃ - аднацэльным manaḥ - мысел, yata- - суняўшы kriyaḥ - чын citta- чуцьця, indriya- і здоляў, upa-viśya - сеўшы ā-sane - на пасадзе yuñjyād - хай яднае yogam - йоґу ātma-viśuddhaye - для самачышчэньня.

samaṃ kāyaśirogrīvaṃ dhārayann acalaṃ sthiraḥ
saṃprekṣya nāsikāgraṃ svaṃ diśaścānavalokayan 6.13

6.13 dhārayann - Трымаючы samaṃ - роўна kāya- цела, śiraḥ- сьпіну grīvaṃ - і шыю a-calaṃ - нязрушна sthiraḥ - трывалы, saṃ-prekṣya - засяродзіўшы позірк agraṃ - на вяршыні nāsikā- носа svaṃ - свайго, ca - і an-ava-lokayan - ня гледзячы diśaḥ - па баках,

praśāntātmā vigatabhīr brahmacārivrate sthitaḥ
manaḥ saṃyamya maccitto yukta āsīta matparaḥ 6.14

6.14 praśānta-ātmā - Самаспакойны, vigata-bhīḥ - бясстрашны, sthitaḥ - сталы vrate - ў волі, зароку brahma-cāri- брагмарушніка, saṃ-yamya - суняўшы manaḥ - мысел, mat- у мяне скіраванае cittaḥ - чуцьцё якога, yuktaḥ - едны, mat- я paraḥ - цэль якога, да мяне нацэлены āsīta - быцьме.

yuñjann evaṃ sadātmānaṃ yogī niyatamānasaḥ
śāntiṃ nirvāṇaparamāṃ matsaṃsthām adhigacchati 6.15

6.15 evaṃ - Так yuñjan - яднаючы sadā - няспынна ātmānaṃ - сябе, yogī - йоґін, ni-yata- цалкам суняўшы mānasaḥ - мысел, nirvāṇa-paramāṃ - у неруш-вярхоўны śāntiṃ - спакой, mat-saṃsthām - ува мне прысутны, adhi gacchati - ўзыходзіць.

nātyaśnatas tu yogosti na caikāntam anaśnataḥ
na cātisvapnaśīlasya jāgrato naiva cārjuna 6.16

6.16 tu - Але yogaḥ - йоґа asti - ёсьць na ati-aśnataḥ - не для таго, хто есьць замнога na ca - і не anaśnataḥ - для таго, хто ня есьць eka-antam - зусім, na ca - і не ati-svapna-śīlasya - для таго, хто замнога сьпіць na eva ca - і не jāgrataḥ - для таго, хто (замнога) чуйнуе, arjuna - о Ясны, Ардж́уна.

yuktāhāravihārasya yuktaceṣṭasya karmasu
yuktasvapnāvabodhasya yogo bhavati duḥkhahā 6.17

6. 17 yukta- Для стрымнага, самаўладнага ā-hāra- ў спажыве vi-hārasya - і адпачыне, yukta- для стрымнага, самаўладнага ceṣṭasya - намаганьнямі karmasu - ў чынах, yukta- для стрымнага svapna- ў сьненьні ava-bodhasya - і чуваньні yogaḥ - йоґа bhavati - стаецца duḥkha-hā - згубцам пакуты.

yadā viniyataṃ cittam ātmany evāvatiṣṭhate
niḥspṛhaḥ sarvakāmebhyo yukta ity ucyate tadā 6.18

6.18 yadā - Калі vi-ni-yataṃ - цалкам сунятае cittam - чуцьце ātmani - ў сабе ava tiṣṭhate - застаецца eva - толькі, niḥ-spṛhaḥ - збыты прагі sarva- да ўсіх kāmebhyaḥ - пажадаў tadā - тады yuktaḥ - едны iti - так ucyate называецца.

yathā dīpo nivātastho neṅgate sopamā smṛtā
yogino yatacittasya yuñjato yogam ātmanaḥ 6.19

6.19 yathā - Як dīpaḥ - сьвяцільня, sthaḥ - што стаіць ni-vāta- у бязьветры, na iṅgate - не рушыць, sā - тое upa-mā - параўнаньне smṛtā - ўзгадваецца yoginaḥ - да йоґі́на, cittasya - чуцьце якога yata- сунята, yuñjataḥ - які яднае, злучае yogam - йоґу, адзінства ātmanaḥ - сябе.

yatroparamate cittaṃ niruddhaṃ yogasevayā
yatra caivātmanātmānaṃ paśyann ātmani tuṣyati 6.20

6.20 yatra - Дзе upa ramate - адпачывае cittaṃ - чуцьце, ni-ruddhaṃ - спыненае sevayā - служэньнем, адданьнем yoga- йоґі, ca - і yatra - дзе ātmānaṃ - сябе eva - менавіта ātmanā - сабой paśyan - бачачы, tuṣyati - радуецца ātmani - ў сабе,

sukham ātyantikaṃ yat tad buddhigrāhyam atīndriyam
vetti yatra na caivāyaṃ sthitaścalati tattvataḥ 6.21

6.21 tad - тое ātyantikaṃ - бязьмежнае sukham - шчасьце, yat - якое grāhyam - асяжнае buddhi- розумам, ati-indriyam - якое пераўзыходзіць здолі, надздалёвае, yatra - дзе vetti - ён уведвае, ca eva і (дзе) ayaṃ - ён sthitaḥ - стаўшы, tattvataḥ - ад тоества, істоты na calati - не адпадае,

yaṃ labdhvā cāparaṃ lābhaṃ manyate nādhikaṃ tataḥ
yasmin sthito na duḥkhena guruṇāpi vicālyate 6.22

6.22 ca - і yaṃ - што labdhvā - дасягшы, na manyate - ня лічыць tataḥ - ад яго adhikaṃ - большым a-paraṃ - іншы lābhaṃ - дасяг, yasmin - дзе sthitaḥ - стаўшы, больш na - не vi cālyate - ўзрушаецца api - нават guruṇā - вялікай duḥkhena - пакутай,

taṃ vidyād duḥkhasaṃyogaviyogaṃ yogasaṃjñitam
sa niścayena yoktavyo yogo nirviṇṇacetasā 6.23

6.23 taṃ - Тое vidyād - мае ведаць vi-yogaṃ - разлукай saṃ-yoga- злукі duḥkha- пакуты, saṃ-jñitam - знанай, названай yoga- йоґай; saḥ - тая yogaḥ - йоґа yoktavyaḥ - павінна быць яднаная, злучаная niś-cayena - рашучым nir-viṇṇa- адваротным, скіраваным назад, да сябе cetasā - чуваньнем.

saṃkalpaprabhavān kāmāṃs tyaktvā sarvān aśeṣataḥ
manasaivendriyagrāmaṃ viniyamya samantataḥ 6.24

6.24 saṃ-kalpa- З уявы pra-bhavān - ўзьніклыя kāmān - пажады tyaktvā - пакінуўшы sarvān - ўсе a-śeṣataḥ - без астачы, grāmaṃ - грамаду, збор indriya- здоляў manasā - мыслам eva - менавіта sam-antataḥ - суцэльна, да канца vi-ni-yamya - цалкам суняўшы,

śanaiḥ śanair uparamed buddhyā dhṛtigṛhītayā
ātmasaṃsthaṃ manaḥ kṛtvā na kiṃcid api cintayet 6.25

6.25 śanaiḥ śanaiḥ - Паволі паволі upa ramed - мае спыні́цца buddhyā - розумам, dhṛti- воляй gṛhītayā - стрыманым, manaḥ - мысел kṛtvā - зрабіўшы ātma-saṃsthaṃ - сама-стойным, усталеным у сабе, na kiṃ cid api - ні пра што ня cintayet - мае разважаць.

yato yato niścarati manaścañcalam asthiram
tatas tato niyamyaitad ātmany eva vaśaṃ nayet 6.26

6.26 yataḥ yataḥ - Чаму бы і дзеля чаго бы не niḥ carati - зыходзіў manaḥ - мысел cañcalam - рухавы, a-sthiram - нястойкі, tataḥ tataḥ - адтуль адусюль, etad - яго ni-yamya - адняўшы, ātmani - у сябе eva - менавіта vaśaṃ - пад уладу nayet - хай вяртае.

praśāntamanasaṃ hy enaṃ yoginaṃ sukham uttamam
upaiti śāntarajasaṃ brahmabhūtam akalmaṣam 6.27

6.27 hi - Бо enaṃ - да гэнага yoginaṃ - йоґі́на, pra-śānta- - супакоены manasaṃ - мысел якога, śānta- сьцішана rajasaṃ - страсьць якога, bhūtam - які стаў brahma- брагманам, a-kalmaṣam - да пазбытага бруду upa eti - прыходзіць uttamam - навышняе sukham - шчасьце.

yuñjann evaṃ sadātmānaṃ yogī vigatakalmaṣaḥ
sukhena brahmasaṃsparśam atyantaṃ sukham aśnute 6.28

6.28 yuñjan - Яднаючы evaṃ - так sadā - няспынна ātmānaṃ - сябе yogī - йоґі́н, vi-gata- пазбыты kalmaṣaḥ - бруду, sukhena - лёгка aśnute - дасягае ati-antaṃ - бязьмежнага su-kham - шчасьця saṃ-sparśam - дотыку brahma- брагмана.

sarvabhūtastham ātmānaṃ sarvabhūtāni cātmani
īkṣate yogayuktātmā sarvatra samadarśanaḥ 6.29

6.29 ātmānaṃ - Сябе stham - стойным, існым sarva- ува ўсіх bhūta- бытах, ca - і sarva- ўсе bhūtāni - быты ātmani - ў сабе īkṣate - бачыць yoga- йоґай yukta-ātmā - самаадзіны, sarvatra - паўсюдна sama-darśanaḥ - аднакавы зрокам.

yo māṃ paśyati sarvatra sarvaṃ ca mayi paśyati
tasyāhaṃ na praṇaśyāmi sa ca me na praṇaśyati 6.30

6.30 yaḥ - Які māṃ - мяне paśyati - бачыць sarvatra - паўсюль, sarvaṃ ca - і ўсё mayi - ўва мне paśyati - бачыць, tasya - у таго ahaṃ - я na pra ṇaśyāmi - не зьнікаю, saḥ ca - і ён me - у мяне na pra ṇaśyati - не зьнікае.

sarvabhūtasthitaṃ yo māṃ bhajaty ekatvam āsthitaḥ
sarvathā vartamānopi sa yogī mayi vartate 6.31

6.31 māṃ - Мяне sthitaṃ - стойным, існым sarva- ува ўсіх bhūta- бытах yaḥ - які bhajati - бажае, пачытае, шануе, ā-sthitaḥ - усталіўшыся, абраўшы ekatvam - ў адзінстве, sarvathā - усяк, любым чынам vartamānaḥ - існуючы api - нават, saḥ - той yogī - йоґін mayi - ува мне vartate - існуе.

ātmaupamyena sarvatra samaṃ paśyati yorjuna
sukhaṃ vā yadi vā duḥkhaṃ sa yogī paramo mataḥ 6.32

6.32 yaḥ - Які aupamyena - падабенствам ātma- да сябе sarvatra - паўсюль samaṃ - як адно тое самае, аднака, роўна paśyati - бачыць, arjuna - о Ардж́уна, yadi - калі (настае) sukhaṃ vā - ці пакута, duḥkhaṃ vā - ці асалода, saḥ - той yogī - йоґін mataḥ - лічыцца, уважаны paramaḥ - навышнім.

arjuna uvāca
yoyaṃ yogas tvayā proktaḥ sāmyena madhusūdana
etasyāhaṃ na paśyāmi cañcalatvāt sthitiṃ sthirām 6.33

arjuna - Ардж́уна uvāca - прамовіў:
6.33 ayaṃ - Гэтая yogaḥ - йоґа, yaḥ - якая tvayā - табой pra-uktaḥ - праказана, паведана sāmyena - як аднакасьць, роўнасьць, таясамасьць, madhu-sūdana - о Мадгу-забойца (Кр̣шн̣а), etasya - у яе cañcalatvāt - ад рухавасьці ahaṃ - я na paśyāmi - ня бачу sthirām - трывалай sthitiṃ - асновы.

cañcalaṃ hi manaḥ kṛṣṇa pramāthi balavad dṛḍham
tasyāhaṃ nigrahaṃ manye vāyor iva suduṣkaram 6.34

6.34 Рухавы бо мысел, вірлівы, моцны і крэпкі, Кр̣шн̣а, стрыманьне яго я лічу такім цяжкім, як ветра спыненьне.

śrībhagavān uvāca
asañśayaṃ mahābāho mano durnigrahaṃ calam
abhyāsena tu kaunteya vairāgyeṇa ca gṛhyate 6.35

śrī- Сьвяты bhagavān - Багавіт uvāca - прамовіў:
6.35 a-sañśayaṃ - Несумнеўна, mahā-bāho - о дужарукі (Ардж́уна), manaḥ - мысел dur-ni-grahaṃ - цяжкастрымны, calam - рухавы, tu - але gṛhyate - ён спыняецца abhi-āsena - стараньнем vairāgyeṇa ca - і бязжарсьцем, бясстрасьцем, kaunteya - о сыне Кунті̄.

asaṃyatātmanā yogo duṣprāpa iti me matiḥ
vaśyātmanā tu yatatā śakyovāptum upāyataḥ 6.36

6.36 yogaḥ - Йоґа duṣ-prāpaḥ - цяжкадасяжкая a-saṃyata-ātmanā - для несамастрымнага iti - такая me - мая matiḥ - думка, tu - але vaśya-ātmanā - для самаўладнага yatatā - які намагаецца для яднаньня, намагара śakyaḥ - яе магчыма ava-āptum - дасягнуць upāyataḥ - высілкам.

arjuna uvāca
ayatiḥ śraddhayopeto yogāc calitamānasaḥ
aprāpya yogasaṃsiddhiṃ kāṃ gatiṃ kṛṣṇa gacchati 6.37

arjuna - Ардж́уна uvāca - прамовіў:
6.37 upa-itaḥ - Маючы śraddhayā - верай, a-yatiḥ - пазбыты стрыманьня, суйманьня, mānasaḥ - мысел якога calita- зрушыў yogāt - ад йоґі, a-pra-āpya - не дасягшы saṃ-siddhiṃ - зьвяршэньня yoga- йоґі, kāṃ - якім gatiṃ - сьцегам, дарогай gacchati - ідзе ён, kṛṣṇa - о Кр̣шн̣а?

kaccin nobhayavibhraṣṭaśchinnābhram iva naśyati
apratiṣṭho mahābāho vimūḍho brahmaṇaḥ pathi 6.38

6.38 kat-cit - Ці vi-bhraṣṭaḥ - згубіўшы ubhaya- абедзьве (пуціны), iva - як chinna- раскіданая, разьвеяная abhram - хмара na - ня naśyati - гіне, a-pratiṣṭhaḥ - безасноўны, mahā-bāho - о дужарукі (Ардж́уна), vi-mūḍhaḥ - заблуканы, памылены pathi - на пуціне, дарозе brahmaṇaḥ - брагмана?

etan me saṃśayaṃ kṛṣṇa chettum arhasy aśeṣataḥ
tvadanyaḥ saṃśayasyāsya chettā na hy upapadyate 6.39

6.39 etat - Гэты saṃ-śayaṃ - сумнеў me - мой, kṛṣṇa - Кр̣шн̣а, chettum - расьсячы a-śeṣataḥ - без астачы arhasi - ты маеш, hi - бо tvad- ад цябе anyaḥ - іншага chettā - зьнішчальніка asya - гэтага saṃ-śayasya - сумневу na upa padyate - не існуе.

śrībhagavān uvāca
pārtha naiveha nāmutra vināśas tasya vidyate
na hi kalyāṇakṛt kaścid durgatiṃ tāta gacchati 6.40

śrī- Сьвяты bhagavān - Багавіт uvāca - прамовіў:
6.40 pārtha - О сыне Пр̣тхі (Ардж́уна), eva - напраўду na iha - ня тут na amutra - b і ня індзе, ня тут tasya - для яго ня vidyate - маецца vi-nāśaḥ - згубы, hi - бо kalyāṇa-kṛt - дабрачынны kaḥ cid - ніякі na gacchati - ня рушыць dur-gatiṃ - злым шляхам, tāta - сыне.

prāpya puṇyakṛtāṃ lokān uṣitvā śāśvatīḥ samāḥ
śucīnāṃ śrīmatāṃ gehe yogabhraṣṭobhijāyate 6.41

6.41 pra-āpya - Дасягнуўшы lokān - сьветаў puṇya-kṛtāṃ - дабрачынцаў, uṣitvā - пражыўшы (там) śāśvatīḥ - вечныя samāḥ - гады, gehe - у доме śucīnāṃ - чыстых śrīmatāṃ -  багатых (бацькоў) abhi jāyate - нараджаецца bhraṣṭaḥ - зрушаны, адпалы yoga- зь йоґі.

athavā yoginām eva kule bhavati dhīmatām
etad dhi durlabhataraṃ loke janma yad īdṛśam 6.42

6.42 athavā - Або eva - нават kule - у родзе yoginām - йоґі́наў dhīmatām - духовых, разумных bhavati - ён узьнікае, hi - але ж dur-labhataraṃ - найцяжка дасяжнае loke - ў сьвеце etad - гэтае janma - раджэньне yad - што īdṛśam - падобнае на гэта.

tatra taṃ buddhisaṃyogaṃ labhate paurvadehikam
yatate ca tato bhūyaḥ saṃsiddhau kurunandana 6.43

6.43 tatra - Там тую - taṃ saṃ-yogaṃ - повязь buddhi- розуму, paurvadehikam - што паходзіць ад мінулага цела, labhate - ён прымае, ca - і bhūyaḥ - яшчэ больш tataḥ - за тое yatate - пачынае імкнуцца saṃ-siddhau - да зьвяршэньня, kuru-nandana - о нашчадак Куру, або радасьць Куру (Ардж́уна).

pūrvābhyāsena tenaiva hriyate hy avaśopi saḥ
jijñāsur api yogasya śabdabrahmātivartate 6.44

6.44 hi - Бо tena - тым eva - жа pūrva- ранейшым abhi-āsena - стараньнем hriyate - ён пасоўваецца, захопліваецца api - нават a-vaśaḥ - міжволі, api - нават проста jijñāsuḥ - жадаючы знаць yogasya - йоґу, śabda-brahma - слова-брагман ati vartate - ён пераўзыходзіць.

prayatnād yatamānas tu yogī saṃśuddhakilbiṣaḥ
anekajanmasaṃsiddhas tato yāti parāṃ gatim 6.45

6.45 tu - Але yatamānaḥ - імкнучыся (да йоґі) pra-yatnād - старанна, прыкладаючы высілкі, yogī - йоґі́н, saṃ-śuddha- ачышчаны kilbiṣaḥ - ад бруду, an-eka- пасьля многіх janma- раджэньняў saṃ-siddhaḥ - (яе) дасягшы, tataḥ - затым yāti - ідзе parāṃ - вышнім gatim - сьцегам.

tapasvibhyo’dhiko yogī jñānibhyopi matodhikaḥ
karmibhyaścādhiko yogī tasmād yogī bhavārjuna 6.46

6.46 yogī - Йоґі́н adhikaḥ - вялікшы tapasvibhyaḥ - ад жарбітаў, api - а таксама mataḥ - ён лічыцца, уважаны adhikaḥ - вялікшым jñānibhyaḥ - ад знаўцаў, ca - і karmibhyaḥ - ад чыньнікаў adhikaḥ - вялікшы yogī - йоґі́н, tasmād - таму, arjuna - о Ардж́уна, bhava - станься yogī - йоґі́нам.

yoginām api sarveṣāṃ madgatenāntarātmanā
śraddhāvān bhajate yo māṃ sa me yuktatamo mataḥ 6.47

6.47 sarveṣāṃ - З усіх api - жа yoginām - йоґінаў yaḥ - які mad-gatena - мне адданым, да мяне імклівым antar-ātmanā - ўсім сабой, śraddhāvān - веравіты māṃ - мяне bhajate - бажае, saḥ - той me - для мяне yukta-tamḥ - самы едны.

OṂ TAT SAD
iti śrīmadbhagavadgītāsūpaniṣatsu brahmavidyāyāṁ yogaśāstre śrīkṛṣṇārjunasaṁvāde ātmasaṃyamayogo nāma pañcamo'dhyāyaḥ

ОМ ТАТ САТ
такі ў сьвятарных Багавітавых Песьнях, велічных упанішадах, брагма-ведзі, йоґа-наставе, у сумове сьвятога Кр̣шн̣ы і Ардж́уны шосты ўзыход на імя "Йоґа самаўладаньня".

Пераклаў з санскрыту Міхась Баярын.