Jul 7, 2011

Багавітава Песьня, пяты ўзыход

Пяты ўзыход

Ардж́уна прамовіў:
Як адрачэньне чыну, так і йоґу ты, Кр̣шна, славіш,
адно, з абаіх што лепей, тое скажы мне ясна. |1|

Сьвяты Бог прамовіў:
Як адрок, так йоґа чыну дабрачынныя цалкам абое,
але зь іх адрачэньне чыну йоґа чыну пераўзыходзіць. |2|
У таго знай адрок сапраўдным, хто не злуе і ня прагне,
бо нядвойны, магутнарукі, зь вязьма́ вызваляецца лёгка. |3|
Асобнымі са̄н̇кхйу і йоґу ня ўчоныя клічуць, а дзеці,
хто ў адным усталіцца добра, плён абаіх здабывае. |4|
Які са̄н̇кхйі стан дасягаюць, у той самы йоґі́ны ўзыходзяць,
як адно і са̄н̇кхйу, і йоґу, так які бачыць, той бачыць. |5|
Але цяжка, магутнарукі, дасягнуць адроку бязь йоґі,
задзіночаны йоґай моўкнік у брагман скора ўзыходзіць. |6|
Самачысты, самаадольны, едны йоґай, скарыўшы здолі,
хто стаў сам сабой усіх бытаў, ня пляміцца, чынячы нават. |7|
"Не чыню анічога" - хай лічыць зьяднаны, тоества ведар,
калі бачыць, чуе, кранае, есьць, сьпіць, нюхае, дыхае, ходзіць, |8|
калі кажа, бярэ, спаражняе, размыкае вочы, змыкае,
"Здолі цэлямі здоляў заняты" - думку такую трымае. |9|
Аддаўшы брагману ўчынкі, хто чыніць, пакінуўшы зьвязак,
той ня пляміцца ганай, як лотаці ліст вадою. |10|
Розумам, целам, мыслам, аднымі здолямі толькі,
йоґі́ны чын чыняць, адрокшы зьвязак для самачышчэньня. |11|
Плён чыну кінуўшы, едны дасягае спакой дасканалы,
няедны, ад плёну залежны вязьніцца чынам пажады. |12|
Мыслам адрокшы ўсе чыны, шчасна ўладар прабывае,
цельны ў горадзе дзевяцібрамным ня чыніць, не прычыняе. |13|
Ні чыну, ні чыньніцтву сьвету ня творыць пан уладарны,
ні сувязі плёну і чыну, свабода явіцца толькі. |14|
Нічыйго дабрачыну й злачыну не бярэ на сябе паўсюдны,
нязнаньнем пакрытае знаньне, чмурацца гэтым стварэньні. |15|
Але самазнаньнем якімі зьнішчана тое нязнаньне,
у тых нібы сонца знаньне асьвятляе вышняе Тое. |16|
Тое сам якіх, у Тым розум, Тое вышняя цэль, аснова,
тыя рушаць да незвароту, бруды разьвеяўшы знаньнем. |17|
У ветласьцю й ведамі поўным сьвятары, ў слане і карове,
у псе і псажэрцы мудры адно тое самае бачыць. |18|
Ім і тут пераможаны сьвет, у аднакасьці сталы чый мысел,
бо бязганны аднакі брагман, таму ён у брагмане сталы. |19|
Весяліцца ў прыемным ня мае, ў непрыемным лякацца ня мае
неаблудны, розумастойкі, брагмавед у брагмане сталы. |20|
Незалежны ад дотыкаў вонкіх сам шчасьце ў сабе знаходзіць,
брагмаеднасьцю самаадзіны дасягае нязгубнага шчасьця. |21|
Асалоды ад судакрананьня, што ўзьнікаюць з улоньня пакуты,
маюць канец і пачатак, ім, сын Кунті, ня рады разумны. |22|
Хто здольны трываць ужо тут, яшчэ да вызволі зь цела,
цягу ўзьніклую з гневу й пажады, той муж зьяднаны і шчасны. |23|
Усярэдзіне шчасьце і радасьць, усярэдзіне сьветач якога,
той йоґін у брагмана неруш, брагманам стаўшы, ўзыходзіць. |24|
Дасягаюць брагмана неруш рушы, пазбытыя ганаў,
самаўнятыя, двойства расьсекшы, што рады дабру ўсіх бытаў. |25|
У пазбытых пажады і гневу, намагарных, суемцаў чуваньня,
самаўведных паўсюль навокал брагмана неруш існуе. |26|
Дотык вонкавы кінуўшы вонках, засяродзіўшы зрок між броваў,
удыху і выдыху рухі зраўнаўшы ўсярэдзіне носа, |27|
мысел, розум, здолі суняўшы, да вызволі нацэлены моўкнік,
жаданьня, страху і гневу пазбыты, заўсёды той вольны. |28|
Спажыўцу жарбы́ і аброку, усіх сьветаў навышняга пана,
усіх бытаў сябру пазнаўшы, мяне, ён дасягае спакою. |29|

ОМ ТАТ САТ
такі ў сьвятых Песьнях Бога, велічных упанішадах, брагма-ведзе, йоґа-наставе, у сумове сьвятога Кр̣шн̣ы і Ардж́уны пяты ўзыход на імя "Йоґа адроку".

Пераклаў з санскрыту Міхась Баярын.

No comments:

Post a Comment