Шосты ўзыход
Сьвяты Бог прамовіў:
Незалежны ад плёну чыну належны чын які чыніць,
той адрочнік, і той йоґі́н, не бязвогневы, не безабрадны. |1|
Што называюць адрокам, тое йоґай ведай, сын Пан̣д̣у,
бо без адроку намераў йоґі́н не бывае ніякі. |2|
Які моўкнік да йоґі ўзыходзіць, для таго чын завецца дзейсным,
для таго, хто ўзьняўся да йоґі, спакой называецца дзейсным. |3|
Калі ні да цэляў здоляў, ні да чынаў не дападае
адрочнік усіх намераў, тады ўзьнятым да йоґі завецца. |4|
Хай уздыме сябе сабой, хай сам сябе не апускае,
бо толькі сам сабе сябра, і толькі сам сабе вораг. |5|
Сябра сам сабе для таго, кім адолены сам сабою,
у варожасьці да не-сябе сам сабе будзе як вораг. |6|
З супакоеным, самаадольным навышні сам супадае
у холадзе, сьпёцы, пакутах, уцехах, павазе, зьнявазе. |7|
Спатолены знаньнем, вызнаньнем, канцавосны, адолеўшы здолі,
йоґін едным завецца аднакі да жвіру, золата, гліны. |8|
Сябраў, любых, варожых, староньніх, пасярэдніх, агідных, родных,
злых і добрых пераўзыходзіць той, розум якога аднакі. |9|
Йоґі́н хай яднае няспынна сябе ў таямніцы сталы,
самотны, чуцьцё суняўшы, бесспадзеўны, неназапашны. |10|
Усталіўшы ў чыстым месцы пасад для сябе трывалы,
незанізкі, незавысокі, коўдрай, шкурай, Куш́ай пакрыты, |11|
аднацэльным мысел зрабіўшы, чын чуцьця і здоляў суняўшы,
на пасадзе сеўшы, яднацьме йоґу для самачышчэньня. |12|
Роўна цела, сьпі́ну і шыю хай нярушна трымае трывалы,
узерыўшы ў носа вяршыню, не зьвяртаючы ўвагі навокал. |13|
Хай самаспакойны, бясстрашны, сталы ў волі Роду дасягу,
едны ісьніць, мысел суняўшы, чуцьцём да мяне, вышняй цэлі. |14|
Які так яднае няспынна йоґі́н сябе, мысел суняўшы,
у неруш-вярхоўны спакой, прысутны ўва мне, ўзыходзіць. |15|
Няма йоґі таму, хто замнога есьць ці ня есьць анічога,
звыкламу спаць замнога або чуйнаваць, Ардж́уна. |16|
Для стрыманага ў ежы й спачыне, намаганьнямі стрымнага ў чыне,
для стрымнага ў сьненьні й чуваньні будзе йоґа згубай пакуты. |17|
Калі чуцьце сунятае цалкам у сабе застаецца толькі,
збыты прагі да ўсіх пажадаў тады назаваецца едным. |18|
Як сьвечка ў бязьветры ня рушыць - зраўнаны такім падабенствам
йоґі́н, якім чуцьце сунята, які сябе ў йоґу яднае. |19|
Дзе адпачывае чуцьцё, спынёнае йоґі адданьнем,
дзе сам сабой сябе бачыць і сам сабой сабе рады, |20|
надздалёвае поўнае шчасьце, асяжнае розумам толькі
дзе ўведвае ён, дзе стаўшы больш з тоества не адпадае. |21|
што дасягшы, ня лічыць нічога іншага большым дасягам,
дзе стаўшы, ня ўзрушыцца болей нават вялікай пакутай, |22|
тое ведай злукі пакуты разлукай, йоґай названай;
тую йоґу належыць рашуча яднаць адваротным чуваньнем. |23|
Узьніклых з уявы пажадаў адрокшыся ўсіх без астачы,
здоляў усю грамаду суцэльна мыслам суняўшы, |24|
паволі паволі спыні́цца мае розумам, воляй стрыманым,
у сабе ўсталяваўшы мысел, ні пра што разважаць ня мае. |25|
Чаму б і куды б не зыходзіў мысел рухавы, нястойкі,
хай яго адусюль адняўшы, да сябе ўва ўладу вяртае. |26|
Йоґі́на, чый мысел спакойны, суцішаны страсьці якога,
які брагманам стаў, бязбрудны, страчае навышняе шчасьце. |27|
Яднаючы гэтак няспынна йоґі́н сябе, вольны ад бруду,
дасягае бязьмежнага шчасьця дотыку брагмана лёгка. |28|
Сябе існым ува ўсіх бытах, і ў сабе самым усе быты
бачыць йоґай самаадзіны, паўсюль аднакавы зрокам. |29|
Які бачыць мяне паўсюдна, і ўсё ўва мне які бачыць,
я не зьнікаю ў яго, і ён у мяне не зьнікае. |30|
Мяне існым ува ўсіх бытах хто бажае, абраўшы адзінства,
якім чынам не існаваў бы, йоґі́н той ва мне існуе. |31|
Які ўсюды сабе падабенствам як адно тое самае бачыць
пакуту або асалоду, той йоґі́н уважаны навышнім. |32|
Ардж́уна прамовіў:
Тая йоґа, якую ты мовіў як аднакасьць, Мадгу-забойца,
у яе не магу я разгледзець праз рухавасьць трывалай асновы. |33|
Бо мысел рухавы, вірлівы, моцны і крэпкі, Кр̣шн̣а,
яго затрыманьне лічу я бы ветра спыненьне цяжкім. |34|
Сьвяты Бог прамовіў:
Несумнеўна, магутнарукі, цяжкастрымны мысел, рухавы,
але заданьнем, сын Кунті, спыняецца ён і бясстрасьцем. |35|
Для несамастрымнага йоґу я ўважаю цяжкадасяжнай,
але намагар самаўладны дасягнуць яе высілкам здольны. |36|
Ардж́уна прамовіў:
Які зь верай, але бяз стрыму, чый мысел зрушыў ад йоґі,
не дасягшы йоґі зьвяршэньня, якім сьцегам ідзе ён, Кр̣шн̣а? |37|
Ці абедзьве дарогі згубіўшы, бы разьвеянай хмарай ня гіне
безасноўны, магутнарукі, які з сьцегу брагман̣а збочыў? |38|
Гэты сумнеў мой, Кр̣шн̣а, расьцяць без астачы ты маеш,
бо ад цябе ніхто іншы расьцяць той сумнеў ня можа. |39|
Сьвяты Бог прамовіў:
Па̄ртха, ня тут, і ня там для такога ня маецца згубы,
дабрачынец ніякі дрэннай дарогай, сыне, ня рушыць. |40|
Праведных сьветаў дасягшы, там безьліч гадоў пражыўшы,
бацькоў чыстых, багатых у доме родзіцца зрушаны зь йоґі. |41|
Або нават у йоґінаў родзе духовых ён узьнікае,
але вельмі рэдка дасяжна ў сьвеце такое раджэньне. |42|
Там ён ад мінулага цела тую розуму повязь прымае,
і ўзмацняе сваё намаганьне да зьвяршэньня, Куру нашчадак. |43|
Да ранейшых сваіх стараньняў ён вяртаецца нават міжволі,
знаць йоґу жадаючы проста, слова-брагман пераўзыходзіць. |44|
Імкнучы намагарна да йоґі, йоґі́н, ачышчоны ад бруду,
дасягшы па многіх раджэньнях, рушыць дарогай вышэйшай. |45|
Ад жарбітаў йоґін вялікшы, яго лічаць вялікшым ад знаўцаў,
ад чыньнікаў йоґін вялікшы, таму, Ардж́уна, станься йоґі́нам. |46|
Але з усіх чыста йоґі́наў хто сабою адданы мне цалкам,
мне зь верай сябе прысьвячае, той для мяне самы едны. |47|
ОМ ТАТ САТ
такі ў сьвятых Песьнях Бога, велічных упанішадах, брагма-ведзе, йоґа-наставе, у сумове сьвятога Кр̣шн̣ы і Ардж́уны шосты ўзыход на імя "Йоґа самаўладаньня".
Пераклаў з санскрыту Міхась Баярын.
No comments:
Post a Comment