Jul 29, 2011

Сэрца

śraddhāvāṃl labhate jñānaṃ - "У якога ёсьць вера, атрымлівае знаньне" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 4.39). Што такое вера? Які змысел веры? Як зьвязаныя вера і знаньне? Якім чынам знаньне вынікае зь веры?


Чалавек як істота зьяўляецца ў выніку раскрыцьця адзінага змыслам і явай, іменем (nāman) і вобразам (rūpa). Чалавек жыве ў сьвеце знаньня, і толькі суадпаведнасьць, тоеснасьць (tattva) явы і змыслу робіць магчымым знаньне. Імя і вобраз - гэта імя і вобраз чыну (karman) адзінага. Чалавек мае пяць здоляў чуваньня (indriya). Тры зь іх утвараюць для чалавека тры сьветы (tri-bhuvanam): неба (svar), зямлю (bhū) і прастору сярод (bhuvas). Слых (śrotra) - найтонкая і найхуткая здоль - ужыта як прастора імені і змыслу, неба, прастора Таго. Здоль зроку (cakṣus) - доўгая і трывалая - ужыта як прастора явы і вобразу, зямля, апора Гэтага. Паміж імі адбываецца і яднае іх прастора руху і чыну, здоль дотыку (sparśa) і ветру (vāyu). Імя - чын у прасторы слыху, вобраз - чын у прасторы зроку. Пяць здоляў - гэта пяць выяваў (vyakti) адзінага вялікага быту (mahābhūta). 

Ісьненьне ў адной прасторы зводзіцца да простай рэакцыі на імпульсы без усякай магчымасьці знаць пра сябе, сваё існаваньне і чын, раджэньне і сьмерць, без магчымасьці зьмяніць сваю долю. Для істоты, пазбытай суадпаведнасьці змыслу і явы, любая разнастайнасьць прастораў будзе збытнай, няўведнай і няіснай, роўнай той самай адной прасторы. І толькі падзел на змысел і яву, імя і вобраз робіць магчымым знаньне і сама-змысьленьне, сьвядомасьць. І хаця змысел і ява ня тоесны вобразу і імені, хаця здолі слыху і зроку ўжываюцца як прасторы змыслу і явы, чалавечыя слых і зрок могуць узьнікнуць толькі разам і як вынік узьнікненьня явы і змыслу. Што робіць неба сінім і бязьмежным, траву зялёнай, а дрэва высокім у нашых вачах? Чаму зямля ўнізе, а неба ўверсе? Чаму мы бачым такім тое, што бачым? Бо сьвет як прастора явы і ўсякая асобная ява абавязкова зьяўляецца выявай змыслу. Змысел і ява ўтвараюць слых і зрок як прасторы сваёй праявы. Разрозьненьне змыслу і імені, вобразу і явы другаснае ў чалавеку, а першапачатковае неразрозьненьне цалкам апраўднае.

Знаньне можа быць толькі знаньнем ісьціны (sattva), таго, як насамрэч ёсьць. Бяз знаньня быцьцё нібы роўнае нябыту. Знаньне ісьціны, вернага немагчымае без раскрыцьця аднаго існага ў дзьвю прасторах - таго і гэтага, азначальнага і азначанага, назоўнага і называнага, змыслу і явы і іх суадпаведнасьці, судачыннасьці, тоества. "Гэта ёсьць тое", тое змысел гэтай явы, тое імя гэтага вобразу - гэтае падставовае двойства і лучнасьць явы і змыслу завецца тоествам (tattva). Тое, што лучыць гэтыя дзьве прасторы, цьвердзіць іх абавязковую (nitya) адпачатковую лучнасьць (sambandha) - папярэднічае і знаньню, і ісьціне, і чалавеку як істоце знаньня. Змысел абавязкова зьяўляецца змыслам явы, а ява абавязкова зьяўляецца явай змыслу, яны ўзьнікаюць і існуюць адначасова, аднаго няма без другога. Тоества мае наўвеце ня проста сувязь таго ці іншага імені і вобразу, але суцэльную першапачатковую вернасьць, ісьціннасьць прасторы явы і прасторы змыслу як перадумовы ўсякага знаньня.

Дзіця спазнае сьвет, зыходзячы з адной гэтай пэўнасьці (pratyaya) ў тоестве змыслу і явы. Яно знае, нічога яшчэ ня знаючы, але давяраючы, што знаньне магчымае ў прынцыпе, што пытаньні маюць адказы, і гэтая прастора даверу пакрысе запаўняецца знаньнем. Вера мове, прыняцьце тоества змыслу і явы, давер да мовы неабходная як перадумова спазнаньня і вучэньня. Сумнеў можа ўзьнікнуць толькі пасьля веры і ніколі перад ёй, бо сумнеў гэта сумнеў у вернасьці. Вера (śrat) робіць магчымым знаньне, ісьціну і чалавека. śraddhāvāṃl labhate jñānaṃ - "Які мае веру, атрымлівае знаньне".  (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 4.39). Зь веры насамрэч вынікае знаньне.

Слова śraddhā (вера) складаецца з слова śrat (ці śrad) і кораня dhā (ставіць, класьці, усталёўваць). śrat ужываецца як прыстаўка і зь іншымі каранямі - kṛ (рабіць) і (даваць). Слова śrat можа паходзіць ад кораня śrathазьнявольвацца, дападаць, пакладацца, далучацца, зьвязвацца), а ў прычынным змысьле значыць "старацца, намагацца, радавацца, зьвязваць". Або, магчыма, ад незасьведчанага кораня śrad. śrath перагукаецца з śri (льнуць, дападаць, апірацца), śru (слухаць, чуць) і śrambh (давяраць). Ад слова śrat паходзяць бел. "сярод, сярэдні, сэрца", "сердаваць, сярчаць", рас. "среди, сердце, усердствовать, сердиться", лац. "cor, cordis" (сэрца), "credo" (верыць), грэц. "καρδία" (сэрца), анг. "heart" (сэрца). śraddhā такім чынам значыць засяроджаньне, усталяваньне сярэдзіны, сэрца, цэнтру, сувязь, злучэньне, дападаньне адно да аднаго.

Цяпер звыкліся ўяўляць сэрца як руха́вы кавалак мяса ўнутры цела, а веру як бяздумнае прыняцьце за праўду неправераных зьвестак. Але калі адмовіцца ад ілюзіі зрокавай выявы як аб'ектыўнай рэальнасьці і зразумець яе як тое, чым яна і зьяўляецца - выявай, зрокавым выказам змыслу, то што тады будзе сэрцам, сяродкам, цэнтрам істоты і сьвету? У чым змысел сэрца? Што яно чыніць? Сярэдзіна, сэрца яднае істоту як сяродак кола яднае сьпіцы і вобад у кола. Сэрца робіць часткі цэлым целам. Бяз сэрца істота памірае, і сабраныя ў яе складнікі распадаюцца. Таму істота цалкам можа быць зьведзеная да свайго сэрца, месьціва душы, крыніцы жыцьця і руху. Чалавек як істота жыве ў сьвеце мовы і знаньня, і калі распадаецца знаньне і мова, ён перастае быць чалавекам. Чалавечы сьвет - гэта ўпарадкаваная цэласьць явы і змыслу. Таму тое, што зьбірае і злучае ўсе явы і змыслы ў цэласьць мовы і цэласьць сьвету, зьяўляецца сэрцам мовы і чалавека. Верай завецца гэты цэльны, жывільны чын сэрца, тая абавязковая сувязь імені і вобразу, змыслу і явы, што робіць саму мову магчымай.

Ёсьць першасная суадпаведнасьць, пачатковае тоества сэрца сьвету і сэрца істоты, вялікага і маленькага чалавекаў. Празь сярэдзіну гэтых двух колаў праходзіць вось сусьвету, злучаючы іх у вялікі воз. Зрух, перамяшчэньне цэнтру малога кола адпаведна зьмяняе яго судачыненьне зь вялікім колам. Гарызантальная адлегласьць паміж двума цэнтрамі адсутнічае, таму перанос цэнтру азначае падарожжа па прасторы ўсемагчымасьці. Вера, змысьленая як чын сэрца, як магута зрабіць пэўны змысел цэнтрам істоты, зьмясьціць істу ў сваё сэрца, выбірае дарогу і вызначае сьвет. śraddhāmayoyaṃ puruṣo yo yacchraddhaḥ sa eva saḥ - "Чалавек гэты цалкам зроблены зь веры, якая яго вера, такі і ён сам" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 17.3).

Папярэднічаючы знаньню, вера вызначае існасьць і няіснасьць. aśraddhayā hutaṃ dattaṃ tapas taptaṃ kṛtaṃ ca yat, asad ity ucyate pārtha na ca tat prepya no iha - "Што абракаюць, жарбуюць, дораць ці чыняць бязь веры, няісным, Па̄ртха, завецца, бо ні тут, ні пасьля не існу́е."  (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 17.28). Зьнявера, сумнеў (saṃśaya) ірве абавязковую сувязь тоества, якое перадумоўлівае самы чалавечы сьвет. Разбураючы веру, сумнеў насамрэч разбурае самога чалавека, спляжваючы яго стоцевы траісты сьвет у аднамерную рэактыўную прастору. Сьцьверджаньне неабавязковасьці, адвольнасьці і ўмоўнасьці сувязі явы і змыслу, імені і вобразу хаця і мае разумовае апраўданьне, насамрэч супярэчыць розуму як суадпаведнай прасторы змыслу, выдаляючы самую яго сярэдзіну. ajñaścāśraddadhānaśca saṃśayātmā vinaśyati, nāyaṃ loko'sti na paro na sukhaṃ saṃśayātmanaḥ - "Які знаньня ня мае і веры, той самасумнеўны гіне, ні гэты сьвет, ані вышні, ні шчасьце для самасумнеўных" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 4.40).

sa prāṇam asṛjata, prāṇāc chraddhāṃ khaṃ vāyur jyotir āpaḥ pṛthivīndriyaṃ mano 'nnam, annād vīryaṃ tapo mantrāḥ karma lokā, lokeṣu nāma ca - "Ён спарадзіў дых, з дыху ўзьнікла вера, прастор, вецер, сьвятло, воды, зямля, здоль, мысел, ежа, зь ежы - семя, жарба́, мантры, чын, сьветы, і ў сьветах імя (Праш́на-упанішад 6-4). Слова prāṇa значыць прад-рух, пачатак руху, і адначасова пра-рух, рух наперад. Зь першаруху, дыху спачатку зьяўляецца вера. Вера становіць яву і ў явы зьяўляецца імя. Нездарма іншае слова, якім называецца вера (viśvāsa) значыць літаральна "выдых".

máyā só ánnam atti yó vipáśyati yáḥ prā́ṇiti yá īṃ śṛṇóty uktám, amantávo mā́ṃ tá úpa kṣiyanti śrudhí śruta śraddhiváṃ te vadāmi - "Мной ежу той есьць, які бачыць, які дыхае, слухае сказ які, несьвядома жывуць ува мне яны, слухай, слушны, верна кажу я"  (Р̣г-веда 10.125.4). Чалавек жыве і чыніць у мове, на зямлі явы, пад небам змыслу. Верай пачынаецца праява мовы, вера паўсюдна расчынена ў мове. Вера мове ёсьць крыніцай знаньня.

No comments:

Post a Comment