З Духам Цяжару размаўляе Заратуства ў Ніцшэ і яго абвяшчае сваім ворагам. "Той, хто навучыць людзей лётаць, зрушыць усе межавыя камяні. Ён прымусіць самыя камяні лётаць, і новым імем назаве зямлю — імем "лёгкая"."
Сапраўды, няма для чалавека нічога недасяжнага, калі выяўляе ён волю і ставіць цэлі. Ён мог бы зьдзейсьніць немагчымае, дасягнуць небывалай велічы, мог бы лятаць наяве. Лятаць - значыць бесьперашкодна зьдзяйсьняць любую волю.
Але пэўная сіла прыціскае яго да Зямлі, напаўняючы рэчы вагой дабра і зла. Гэта Дух Цяжару напаўняе чалавека стомай, адчаем, а пасьля вяртае яго ў сон, дзе да яго прыходзіць Дух Лёгкасьці.
Бо ёсьць ужо ў чалавека прастора, дзе ён можа лятаць. Там, у сьне, дзе пануе Дух Лёгкасьці, усякая воля зьдзяйсьняецца цалкам і адразу. І маючы гэтую прастору ў сваёй непадзельнай уладзе, ён ня ставіць сабе ніякіх вялікіх цэляў, а проста адпачывае.
Аказваецца, патрэбна яму зусім ня веліч, і не дасягі, а іх цяжар і цьвёрдасьць. Толькі супраціў рэчаў робіць іх для чалавека сапраўднымі. Толькі тады, калі атрымлівае адпор, прымае ён жыцьцё за праўду.
З Духам Лёгкасьці размаўляе Катул у 51-ым вершы і яго абвяшчае сваім ворагам. "Лёгкасьць ёсьць, Катуле, табе цяжарам. Лёгкасьць робіць прагным цябе над меры. Лёгкасьць моцных здаўна князёў і панствы нішчыла цалкам".
Невыносная лёгкасьць быцьця прымушае несьмяротнага стаць чалавекам, ваяроў шукасць сьмерці на полі боя, уладара дзяржавы прайграць сваё княства ў косткі, а герояў рамана Кундэры вярнуцца ў акупаваную Чэхію.
Дух Лёгкасьці ўраўнаважвае Дух Цяжару і на іх мяжы ўзьнікае Дух Спакою. Гэта ён пануе, калі ў раўнавазе чалавек цешыцца пэўнасьцю і цьвярозасьцю быцьця, не імкнучы наперад, і не зварочваючы назад.
Тры гэтыя духі ўвесь час зьмяняюць і перамагаюць адно аднаго, і толькі колазваротная суплынь гэтай зьмены і робіць сьвет рэчаісным і сапраўдным. Бо варта толькі аднаму зь іх перамагчы напоўніцу, уся сапраўднасьць адразу зьнікне.
Тры гэтыя духі - гэта тры пачуцьці, тры вялікія эмоцыі. І гэтыя тры пачуцьці - гэта напраўду тры рухі - ўзыходны, зыходны і роўны. З гэтых трох рухаў можна ўтварыць усе засталыя, укладаючы іх адно ў адно, утвараючы цэлую мову пачуцьцяў.
У ведавай спадчыне яны зьяўляюцца як тры кметы (guṇa) - краса (rajas), цемра (tamas) ды іста (sattva), якія звычайна тлумачацца менавіта як тры эмоцыі - страсьць, ачмурэньне й спакой. З гэтых трох пачуцьцяў і складаецца (tri-guṇa-mayī) зман сапраўднасьці (māyā).
І вось, калі мова пачуцьцяў - гэта мова рухаў, і прастора явы таксама ўтвараецца мовай рухаў, тады выяўляецца, што як рэчыва сьвету, так і яго "сапраўднасьць", зроблена з адной і той самай мовы.
Кожны чалавечы рух, кожная чалавечая думка агорнута пачуцьцём, эмоцыяй і кіруецца пачуцьцём. Цяжка знайсьці ў чалавечай сутворы непачуцьцёвы твор і неэмацыйную думку. І тое, што выглядае такім, толькі стварае адпаведнае адчуваньне. Пачуцьцёвасьць не выдаляецца зь сьвету як яго будаўнічае рэчыва.
Усе думкі і ўчынкі выяўляецца агорнутым пачуцьцямі. Але чаго вартыя цэлі, калі ты ведаеш, што за цябе іх паставіў Дух Лёгкасьці, ды іх дасягненьні, калі вагой іх напоўніў Дух Цяжару? Чаго вартае пачуцьцё прыкрасьці, што ўзьнікае ад гэтага запытаньня, калі яно ўтвараецца з тых жа пачуцьцяў?
Выйсьці за межы пачуцьцяў немагчыма, застаючыся ўнутры мовы цэляў, вартасьцяў і дасягненьняў, лёгкасьці і цяжару, дабра і зла. Узьняцца над пачуцьцямі можна, толькі авалодаўшы іх мовай, змусіўшы мысьленьне гаварыць імі як уласнымі катэгорыямі.
І калі мысьленьне пачынае думаць пачуцьцямі, яно стварае яшчэ адну сапраўднасьць, мастацтва.
No comments:
Post a Comment