Sep 1, 2011

Цэль

Палітыка на санскрыце - nīti - "вядзеньне, кіраваньне", палітык - netṛ - "правадыр, кіраўнік", той, хто вядзе. Вядзе куды? Палітыка - майстэрства ставіць цэль (artha) і весьці да цэлю. Ставіць цэль значыць выяўляць волю (vara), рабіць выбар з усемагчымасьці выбару. Пастаўлены цэль апраўдвае сродкі, стварае каштоўнасьць, дабро і зло, плюс і мінус, задае алгарытм меншых выбараў, стварае сьцег.

Чалавецтвам кіруюць канчатковыя цэлі. Вялікія адказы на пытаньні "у чым змысел жыцьця?", "навошта жыць?". Збаўленьне, пустата, вызваленьне, несьмяротнасьць. Як толькі дадзены адказ на такое пытаньне, у ім наперад зададзены алгарытм дасягненьня цэлю. Дасягненьне цэлю адкладаецца, але па дарозе да яе ён робіць высілкі, аддае сілу, круціць колы. Па дарозе да вялікіх цэляў чалавецтва стварае культуру і цывілізацыю. Колькі канчатковых цэляў, столькі і культураў. Рэлігіі - гэта вялікая палітыка, вялікі праект, статкі і іх пастухі.

Але чаму ўвогуле чалавек задае гэтыя пытаньні: "у чым сэнс жыцьця?", "навошта я жыву?". Выява мае змысел, і змысел мае выяву. Няма выявы бяз змыслу і змыслу без выявы. І хаця выява можа мець мноства змыслаў, і змысел выяўляцца мноствамі выяваў, гэта толькі перашыфроўка першаснай сувязі. Выява і змысел - два бакі аднаго. Выява гэта мяжа, а змысел – нутро, аднаго і таго самага. Першаснае неабмежаванае дзеліцца і выява стварае змысел, але ўнутры і вонках межаў застаецца бязьмежнае.

Чалавек знаходзіць сябе як выяву і пытае, у чым мой змысел? Сваё жыцьцё, свой час ён знаходзіць як змысел. Але гэтае пытаньне ўлучае яго ў парадак прычыны і абумоўленасьці. Яно робіць яго рэччу сярод рэчаў. І знаходзяцца хітрыя мудрацы, што ласкава прапаноўваюць яму свае канчатковыя адказы. І як толькі ён прымае адзін з канчатковых адказаў, ён аддае свой час вялікаму праекту, якім усё апраўдана. І знойдуцца апэратары канвэера, што разьмяркуюць меншыя цэлі і паставяць меншыя задачы. Змысел праекта толькі ў тым, каб скрасьці і заняволіць сьвятарны час чалавека, зрабіць яго крыніцай энэргіі для электрастанцыі. Запрэгчы яго круціць нявольнічыя калёсы цывілізацыі па дарозе да вялікага цэлю. І ёсьць спажывец у гэтай энэргіі.

Але ёсьць адказ на пытаньне пра змысел жыцьця. Гэтае пытаньне мае змысел толькі тады, калі зьдзяйсьняецца толькі адна магчымасьць, калі так, але не інакш. І тады пытаньне пра змысел жыцьця значыць: чаму менавіта так? а таксама: як менавіта павінна быць? Але калі зьдзяйсьняюцца ўсе адмены адразу, усе магчымасьці, пытаньне страчвае свой змысел. І так, і так, і інакш. Кола часу зьдзяйсьняе ўсе адмены, і кожнае жыцьцё - імгненьне вялікага часу. І з гледзішча сяродка кола час дадзены ўвесь адразу, і толькі перажываецца як працягласьць. Усемагутнасьць, зьдзяйсьненьне ўсемагчымасьці здымае пытаньне і задае новае.

Калі чалавек выява, ён ужо і змысел і цэль. І сярод усеагульнай прычыннасьці і разумнасьці ўсяго, самае дзіўнае - гэта ягонае пытаньне. У ім, як загадка таявы, хаваецца адказ. Як можа быць няведаньне прычыны сярод усеагульнай прычыннасьці? І калі гэты змысел задае сваё пытаньне, гэта значыць, што гэтая беспрычыннасьць, свабода ад абумоўленасьці і ёсьць яго змысел. Свабода - sva-bhāva, сваё быцьцё, - sva-rūpa свая ява, - sva-prakṛti, свая прырода, sva-artha - свой змысел, свой цэль. Чалавек  зыходзіць з пачатку і тым самым ужо ёсьць яго цэлем, і гэты цэль - свабода і яе зьдзяйсьненьне, воля, выбар (vara).

Свабода як выбар, свабода як адказ сам па сабе стварае вялікі цэль, вялікую палітыку і вялікую культуру, супрацьлеглую вялікаму праекту заняволеньня. tadā draṣṭus sva-rūpevasthānam – “тады зорца ўсталёўваецца ў сваёй яве", становіцца самім сабой - так фармулюе цэль йоґі Патаньджалі.

No comments:

Post a Comment