Jan 19, 2011

Горад багоў


Альфабэт і пісьмо, якім звычайна пішуць на санскрыце, называецца Devanāgarī. Гэтае слова утвараецца з двух: deva – “бог”, і nagara – “горад”. Гэта слова вынятковае (nipātanam) з гледзішча граматыкі. Калі зразумець яго як devānāṃ nagarī (“горад багоў”), ёсьць анамалія ў vṛddhi перашага складу nagarī, калі ж гэта taddhita-ўтварэньне - devanagarād āgatā (lipiḥ) “(пісьмо), што паходзіць з гораду багоў” - яно павінна было б выглядаць як daivanagarī. Таму некаторыя лічаць, што да слова nāgarī (“гарадзкі”) маглі проста дадаць пасьля слова deva (“бог”). Але ёсьць і іншыя, старажытныя выняткі такога ж роду, дзе на vṛddhi замяняецца першы склад другой часткі сама̄сы. Важна іншае: тое, што пісьмо і альфабэт санскрыту ў культуры больш за тысячу гадоў называецца “горадам багоў” ці лічыцца “паходзячым з гораду багоў”, ня можа быць беззмысловым. Хто такія дэвы, багі? Што такое горад багоў і дзе ён знаходзіцца? І чаму альфабэт санскрыту называецца горадам багоў або паходзіць зь яго?

У ітігасах і пуранах сусьвет уяўляе сабой яйка Роду (brahma-aṇḍa), у якім зьмяшчаюцца ніжэйшыя, сярэднія і вышэйшыя сусьветы (loka). У цэнтры кола сьвету (pari-maṇḍalaḥ) узвышаецца як агонь бяз дыму (vi-dhūma iva pāvakaḥ) залатая гара (kanaka-parvataḥ) Меру (meruḥ - Mahābhārata 6.7.8). Яе схілы чатырох кветаў, вакол яе як пялёсткі лотаці знаходзяцца выспы-кантынэнты (dvīpa). Праз гару Меру праходзіць вось сусьвету, над ёй вісіць палярная зорка (dhruva), яе абыходзяць вакол сонца, месяц і зоры (Mahābhārata 6.7.14). На схілах гары Меру жывуць дэвы (багі).


На традыцыйных выявах гару Меру звычайна паказваюць зь вяршыняй долу. Як і ў выпадку сусьветнага дрэва (aśvattha), карані якога ўверсе, а галіны ўнізе (Mahābhārata 6.37.3), гэта сымбаль пачатку ўверсе. З другога боку, перагорнутая вяршыня гары ўтварае два ўзаемапранікнутыя трохкутнікі, шасьціканцовую зорку, сымбаль сувязі магара і магуты, мужчынскага і жаночага. Нечаканае знаньне гэты сымбаль дае ў сувязі з гіторыяй пра пахтаньне акіяну: Зрабіўшы вяршыню Меру (гару Мандару) пестам, а сусьветнага зьмея Шешу вяроўкай, дэвы і асуры (дэманы, старэйшыя браты дэваў) узьбілі акіян малака (kṣirodadhi), і здабылі напой несьмятротнасьці (amṛta). Выпіўшы яго, яны зрабіліся неўміручымі (amara).



Горад багоў, сталіца ўладара дэваў, Індры, знаходзіцца на гары Меру і называцца  amarā (несьмяротная) ці amarāvatī  “сяліба несьмяротнасьці”. amarā ў жаночым родзе значыць таксама "матка", што наўпрост рэзануе з mātṛkā. Горад несьмяротных ня могуць наведаць і ўбачыць няправедныя істоты (Mahābhārata 3.43.38). Чароўная гара і горад багоў на ёй – агульнае месца ў міталёгіях інда-эўрапейскіх народаў, прыкладам Алімп у старажытных грэкаў.

Гара ўтварае вэртыкальны вымер. Яе вяршыня – Адно, пачатак праявы і полюс сьвету, а аснова - мноства праяўленага. Трохкутнік схілаў гары зьяўляецца шляхам праявы ад Аднаго да мноства. Гэта вэртыкальная, мэтафізычная мапа сусьвету, жыхар якога ўлучаны ў вэртыкальную аброчную размову розных пластоў рэчаіснасьці. Ідэнтыфікацыя гары багоў на мапе нашай зямлі будзе толькі сымбалем, праекцыяй ідэі, прымальнай толькі ў такой якасьці – весьці ўгору, да рэчаіснасьці вышэйшага парадку.

Для славянскага вуха слова nagara нібы гаворыць "на гары". Дзіўным чынам, але сапраўды горад - гэта месца на гары. Слова nagara (горад) звычайна ўтвараюць паводле варттікі да сутры Паніні 5.2.107 ад naga (гара), якая ў сваю чаргу ўтвараецца ад na (не) і кораня gam (ісьці, рухацца) паводле 5.2.107 і значыць "нерухомы, непарушны". Назву гары Меру ўтвараюць ад кораня mi (усталёўваць, грунтаваць, будаваць, мерыць) ці (мерыць, фармаваць, ствараць) афіксам ru (Uṇādi 4.110). І тут сугучча таксама выяўляецца дарэчы. Вось кола сусьвету, што праходзіць праз гару Меру зьяўляецца непарушнай кропкай дачыненьня ўсяго рухомага (jagat), мерай руху. Вось кола - гэта месца, дзе адсутнічае час, і таму гэта месца несьмяротнасьці. Горад багоў - гэта восевае, непарушнае, палярнае месца, блізкае да вяршыні першапрынцыпу.

Але горад утвараецца яго жыхарамі, і ў гэтым змысьле горад багоў – гэта сукупнасьць багоў. Хто такія багі? Слова deva (бог) утвараецца кораня div (зьзяць, гуляць, спаборнічаць). У беларускай ад гэтага кораня засталіся "дзівіцца, зьдзіўляцца, дзіўны" і "дзеўка". Слова div (dyauḥ) значыць таксама "неба". Дзіўныя сьветлыя істоты, несьмяротныя жыхары нябёсаў, гульцы бясконцых гульняў, пра якія распавядаюць шматлікія міты, бясконцыя спаборнікі асураў.

Усе дэвы маюць сваю ролю, функцыю, увасабляюць сабой пэўныя сілы сьвету. Няма дэваў, якія былі б проста прадстаўнікамі роду дэваў. Любая ідэя, катэгорыя ў выніку выяўляецца ўвасобленай дэвам. Агонь, вада, вецер. Дэвы шматпрысутныя, бо ёсьць паўсюль, дзе прысутнічае ўвасобленая імі зьява. Як бог агня ёсьць у кожным агні. У гэтым сэнсе яны несьмяротныя. Як калі агонь гасьне, яго ідэя, крыніца яго праявы гарыць заўсёды. Дэвы маюць змысел толькі ўсе разам, у дачыненьні адно да аднаго, як кола багоў, як і існасьці, якія яны ўвасабляюць. Узьнікненьне, радавод дэваў цалкам супастаўляецца са сьцегам праявы таттваў. Дэвы - гэта ўвасобленыя, сьвядомыя, дзейныя ідэі, вонкавы, зьзяючы бок Ведаў. Корань vid (ведаць, відзець) нездарма адваротны кораню div (зьзяць), як адваротныя адно аднаму змыслы "відзець" і "дзівіцца". Тыя, пра каго пураны распавядаюць гісторыі, апісваюцца як таттвы ў ведантах. Індра, ўладар багоў, зьяўляецца Атманам у упанішадах. Сайана называе дэваў жыцьцёвымі дыхамі сусьвету (prāṇa).

З пачатку ўтвараецца ўсё і працягвае быць аформленым пачаткам. Таму кожны з дэваў зьяўляецца ўвасабленьнем, mūrti прынцыпу, і ў гэтым сэнсе ушаноўваецца як самы галоўны. Атаясамленьне сябе з пачаткам (tat tvam asi) адрозьнівае дэваў ад іх ворагаў асураў, якія атаесамляюць сябе зь целам (гл. гісторыю вучнёўства ў Праджапаті Індры і Вірочаны - Chāṇḍogya-upaniṣad 8.7.12).

Альфабэт (varṇa-cakram) - гэта кола формаў, сукупнасьць фанэмаў мовы. Varṇa, фанэма - элемэнт, які разрозьнівае змысел. Усё складанае разумеецца з дапамогай простага. Для разуменьня сказ (vākya) дзеліцца на словы (pada), словы на асновы (prakṛti) і афіксы (pratyaya) і ўрэшце ўзводзяцца да каранёў (dhātu). Карані зьяўляюцца крыніцай змыслу, які з кожным разам больш звужаюць афіксы (pratyaya). Такім чынам пры разуменьні адбываецца зварот да найбольш агульных змыслаў. Карані, афіксы, часьціцы зьяўляюцца абмежаваньнем яшчэ больш агульных змыслаў, якія выяўляюць варны, фанэмы.  Варны разьмяжоўваюць, падзяляюць адзіны, першасны змысел, і далей спалучаючыся, утвараюць карані, зерні (bīja) больш канкрэтных змыслаў. Не бывае выявы бяз змыслу і змыслу без выявы. Сувязь выявы і змыслу абавязковая (nitya). Уласна праходжаньне ў два бакі поўнага сьцегу праявы мовы, ад адзінага сэнсу да варнаў, ад варнаў да дгату, ад дгату да падаў, ад падаў да вакйі і назад, называецца вйакарана (vyākaraṇam), граматыка санскрыту.

З гледзішча вйакараны фанэмы санскрыцкага альфабэту маюць змысел. Яны выяўляюць найбольш агульныя ідэі, для ўтварэньня якіх дастаткова самой сьвядомасьці. Кола варнаў, альфабэт санскрыту - гэта Веды, аснова знаньня. І ў гэтым змысьле кожны гук альфабэту зьяўляецца ўвасабленьнем боства, дэвы, а іх сукупнасьць утварае горад багоў, deva-nagaram, вэртыкальнае непарушнае месца несьмяротнасьці, матрыцу змыслу. Таму пісьмо, якое зьяўляецца яго візуальнай праекцыяй, называюць devanāgarī, пісьмом гораду багоў.

6 comments:

  1. Словы песні з вёскі Балата Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці:

    Стойить гора высокая,
    А над горою ― гай.
    Зэлэный гай густэсэнькый
    Ны йначэ справди ― рай.

    А в тым гаю тэчэ ричка
    Як шкло вона блышчыть.
    Долыною шырокою
    Куды вона быжыть.

    Быжыть вона вдоль бэрога

    Там тры вырби схылылося,
    Да й журяцця воны.

    Шчо пройдэ любэ литычко
    Настануть холода.
    Осыплыцця з нас лыстэчко,
    Да й понысэ вода.

    Ой, нэ журытэсь вэрбонькы,
    Ишчэ прыдэ вэсна.
    А молодость нэ вэрнэцца,
    Нэ вэрнуцца года.

    ReplyDelete
  2. Са слоўніка Даля В.І.:

    Горний, вышний, высший, верхний; возвышенный, в прямом и переносном значении небесный, до мира духовного относящийся.

    Горнее место, возвышение за престолом, архиерейское седалище.

    Горняя, нагорная страна, горы; небеса, пребывание отшедших в вечность.

    ReplyDelete
  3. дзеўка хутчэй зьвязана з коранем "даіць", як і дзіцё. дзеўка - тая, што можа выкарміць грудзьмі. дзіцё - выкармленае грудзьмі. параўнайце, धि (карміць, жывіць, здаваляць) - धेनुुः (карова), धात्री (мамка, маці, зямля). сюды ж лац. fello (смакчу), femina (жанчына), fetus (плод, ураджай) са стандартным для лаціны пераходам dh --> f (пр., धूमः - fumus і інш.).

    ReplyDelete
  4. не выключаю сувязі, бо карані яшчэ і пазьліваліся ў выніку скарачэньня ліку фанэмаў. Але на дзеўку бясспрэчна дзівяцца:) Акрамя таго, у Індыі і цяпер называюць жанчыну देवि - багіня. Наконт дзіця, тут пэўна ад धी. Ад duh (даіць), можа, "дужы".

    ReplyDelete
  5. цікава наконт назвы дэванагары. Вашыя тлумачэньні цалкам ясныя, аднак дазволю сабе заўважыць, што прыкладам з пункту гледжаньня пэрсыдзкай мовы дэванагары прачытваецца як "пісьмо дэваў (дзіваў)". Без ўсялякіх там "гарадоў".

    дэвамі, як Вы безумоўна ведаеце, іранцы звалі багоў пакуль на зьмену гэтаму слову не прыйшло слова "бог" (таксама іранскага паходжаньня), якое пазьней зьмянілася шчэ раз у шэрагу іранскіх моў (на ходо і вытворныя). дэвамі ж пачалі клікаць ўсякія нехарошыя духі і г.д., дый робяць тое дагэтуль.

    нагары ж з пункту гледжаньня пэрсыдзкай мовы, напрыклад, (кажу так, бо таксама можна вывесьці зь некаторых іншых іранскіх моў) гэта ўвогуле азначае якраз пісьмо. Дзеяслоў нэгаштан (нячаста выкарыстоўваны як дзеяслоў у сучаснай мове, аднак вядомы ўсім і вядомы з больш архаічных тэкстаў) мае форму цяперашняга часу нэгар. Адсюль напрыклад і пэрсыдзкія словы рузнамэнэгар (журналіст) ці хабарнэгар (карэспандэнт, рэпартэр).

    То бок, ня ведаю, наколькі карэктна разважаць у гэтым рэчышчы, аднак здаецца, што карысьць для разуменьня можа быць.

    ReplyDelete
  6. Вялікі дзякуй за вельмі цікавую заўвагу. Нажаль у дадзеным выпадку мне не стае эрудыцыі, каб меркаваць ці зьяўляецца значэньне пісьма першасным або пераносным, і я не магу знайсьці блізкі санскрыцкі корань з аналягічным значэньнем, але я цалкам дапускаю існаваньне і такой дэрывацыі. Слова nagara мае сваю загадку. Я найперш кіраваўся сэнсамі, працяглы час замацаванымі ў культуры.

    ReplyDelete