Чалавечы род дзеліцца на мужчын і жанчын. Чалавек - род, мужчына і жанчына - від. Такая звыклая для сучаснасьці думка. Але чалавек толькі від, праява мужчыны і жанчыны. Мужчынскае і жаночае ўва ўсім, у жывёлах і кветках, апсарах і гандгарвах, дэвах і асурах. Мужчынскае і жаночае - падставовыя катэгорыі, а чалавек толькі від істоты, прыватны выпадак. Сьцег праявы ідзе ад агульнага да асобнага. Сьпярша адно, пасьля два, пасьля ўся безьліч. У гэтым змысьле істота сьпярша стаецца мужчынам ці жанчынаю, і толькі пасьля чалавекам.
Мне ўзгадваецца адна раджастханская мініятура: герой і гераіня гуляюць у нейкую настольную гульню на тэрасе палаца. Мужчына і жанчына тут - герой і гераіня, а чалавек - фішкі ў іх гульні. Белыя ці чорныя, пасыўныя аб'екты маніпуляцыі. Эгалітарызм бачыць толькі шахматную дошку, забываючы пра гульцоў. Я ўяўляю такое мэта-каханьне: герой і гераіня, мяняючы целы розных істотаў, ад кветак да багоў, забываюць сябе і ўзгадваюць сябе, перажываючы закаханасьць адно ў аднаго мільёны разоў як упершыню. līlā, сьвет як гульня каханьня вялікай жанчыны і вялікага мужчыны.
sa vai naiva reme, tasmād ekākī na ramate, sa dvitīyam aicchat, sa haitāvān āsa yathā strīpumāṃsau sampariṣvaktau, sa imam evātmānaṃ dvedhāpātayat, tataḥ patiś ca patnī cābhavatām, tasmād idam ardhabṛgalam iva sva iti ha smāha yājñavalkyaḥ, tasmād ayam ākāśaḥ striyā pūryata eva, tāṃ samabhavat, tato manuṣyā ajāyanta - "Але ён ня радаваўся. І таму самотны ня радуецца. Ён захацеў другога. І ён стаў такім, як жанчына і мужчына, якія абдымаюць адно аднаго. І такога сябе ён змусіў рухацца (apātayat) ў два бакі (ці "распаўся на два"), і адтаго сталі быць муж (pati) і жонка (patnī). І таму мы як паловы цэлага - так мовіў Йа̄джнявалкйа. І таму гэтая прастора поўніцца толькі жанчынай. Ён быў зь ёй, і адтаго нарадзіліся людзі". (Бр̣гада̄ран̣йака-Упанішад 1.4.3)
Гук pa ёсьць праявай змыслу паўнаты, гук ta - змыслу "таго", у корані pat яны гучаць як рух на той бок да\ад паўнаты. pat перакладаецца звычайна як "ісьці, рухацца". apātayat - мінулы час ад другаснага кораня pat-ṇic - "спрычыніў рух, зарухаўся". dvedhā apātayat можна перакласьці як "спрычыніў дваякі рух", "зарухаўся ў два бакі, туды-сюды", або перакладаюць як "падзяліўся на два". Сьпярша ён стаўся як склешчаныя ў адбымках мужчына і жанчына, а пасьля прычыніў дваякі рух. Сьвет адбываецца як каханьне мужчыны і жанчыны, выток праявы - іх каханьне.
Досьведна мы ўспрымаем наадварот: асобныя мужчына і жанчына сустракаюцца, падабаюць адно аднаго, займаюцца каханьнем, дасягаюць яго вяршыні і зноў распадаюцца на асобныя часткі. Тут наадварот: мужчына і жанчына толькі ўзьнікаюць у выніку каханьня. Сьпярша яны на вяршыні каханьня, пасьля яны рухаюцца ў два бакі, і затым стаюцца мужчынам і жанчынаю. І тады каханьне асобных мужчынаў і жанчынаў ужо не падзея ў часе, а выйсьце з часу, спроба падскочыць і на імгненьне дакрануцца да гэтай страчанай вяршыні, пачатку, ад якога літаральна паходзяць людзі. Тут вымаўлена невымоўнае. Бо гаварыць пра недваістае дваістай мовай можа толькі паэзія. Тут поўны давер да мовы, першасныя сэнсы, граматыка як лёгіка традыцыі.
so heyam īkṣāṃ cakre. kathaṃ nu mātmana eva janayitvā sambhavati. hanta tiro 'sānīti. sā gaur abhavad vṛṣabha itaraḥ. tāṃ sam evābhavat. tato gāvo 'jāyanta. vaḍavetarābhavad aśvavṛṣa itaraḥ. gardabhītarā gardabha itaraḥ. tāṃ sam evābhavat. tata ekaśapham ajāyata. ajetarābhavad basta itaraḥ. avir itarā meṣa itaraḥ. tāṃ sam evābhavat. tato 'jāvayo 'jāyanta. evam eva yad idaṃ kiñca mithunam ā pipīlikābhyas tat sarvam asṛjata - "І яна азірнулася наўкол: як нарадзіўшы мяне зь сябе, ён быве са мной? Даволі гэтага, адвярнуся. І яна сталася каровай, а ён быком. І ён быў зь ёй. І адтаго нарадзіліся каровы. Яна сталася кабылай, а ён канём. Асьліцай яна, а ён аслом. І ён быў зь ёй. І адтаго нарадзіліся непарнакапытныя. Казой сталася яна, а ён казлом. Авечкай сталася яна, а ён баранам. І ён быў зь ёй. Адтаго нарадзіліся козы і авечкі. Такім чынам ён стварыў усё парнае, аж да мурашоў” (Бр̣гада̄ран̣йака-Упанішад 1.4.4).
tāṃ sam abhavat – літаральна: “ён быў зь ёй”, “ён кахаў яе”. Тут “быць” значыць “кахаць”, а каханьне значыць "су-быцьцё". sam-bhū - перходны дзеяслоў: “каго, што?”. Гук sa значыць “разам”, гук bha значыць “узьнікаць”. Ён узьнік зь ёй разам. Уся дарога праяўленьня паўстае як любоўная гісторыя, вынікам і ўвасабленьнем якой урэшце выяўляемся мы самі. І гэтае ўсьведамленьне робіць нас пачаткам.
No comments:
Post a Comment