Jan 6, 2011

Таява і розум

На першай ступені розум выяўляе сябе ў тлумачэньні, адказах на 7 пытаньняў, галоўнае зь якіх "чаму?" Розум знаходзіць прычыну, спосаб сувязі складнікаў, якія абумоўлівае адно другім. Гэта - таму, што тое, а тое - таму, што гэта. Усё разумна, абумоўлена, усё зьязана з усім. Неразумнае выключана, бо любы складнік мае дачыненьне да цэлага і іншых складнікаў. Розум зьвязвае складнікі, разьмешчаныя на роўніцы. Вынік першай ступені - будова.

На другой ступені розум выходзіць на ўзровень вышэй і высьвятляе прычыну ўзьнікненьня складнікаў. Роўніца, на якой былі нанесеныя складнікі, выяўляецца адным з пластоў шматпавярховай дарогі. Розум адкрывае стоцевы шлях, выбудоўвае вось праявы. Тут прычыннасьць стаецца аб'ёмнай. Яна рашчынена як у сувязі, так і ў паходжаньні складнікаў. Мэтафізыка, пералік тоестваў, апошняй зь якіх зьяўляецца прычына усіх прычынаў - вынік другой ступені. Cіла, што ня зводзіцца да складніка, сувязі, роўніцы, тоества, стоці. Дзейная набмежавальнасьць, пра якую гаварыць можна толькі з гледзішча яе наступстваў. Сіла, што спрычыняе падзел паўнаты на складнікі. Знайшоўшы прычыну ўсяго, розум тым самым нібыта знаходзіць прычыну сябе. І хаця ён нібыта дасягае цэлю, зь яе прынцыповай беспрычыннасьцю яму проста няма чаго рабіць. Яна не здавальняе, бо не тлумачыць розум.


На трэцяй ступені розум знаходзіць сябе і дасьледуе сябе. Прыняўшы сваю абмежавасьць, розум зводзіць сябе да мэханізму распадзелу, часткі мовы, і спрабуе падумаць самаўзьнікненьне. Мова і разуменьне мовы стаецца галоўным кменем. Розум абарочваецца назад і высьвятляе, праз што адбываецца разуменьне? Само разуменьне адгэтуль ужо зьяўляецца толькі практыкаваньнем для ўважлівага назіраньня, якія запыты і куды прыгэтым пасылаюцца. Такім чынам розум выходзіць на кола змыслаў, гульнёй паказу і замсты якіх даецца любы іншы, які заўгодна складаны ці просты змысел. Альфабэт скрайне агульных змыслаў, узнаўленьне якіх не патрабуе нічога іншага, акрамя самой сьвядомасьці, складае матрыцу змыслаў. Яе спазнаньне стаецца новым галоўным цэлем. Гэта кола першапачатковых ідэяў, ведаў. Спазнаньне матрыцы змыслаў, яе будовы і ўзьнікненьня зьяўляецца спазнаньнем спазнаньня, спазнаньнем мовы і розуму. Пры вясьвятленьні паходжаньня змыслаў з усемагчымай паўнаты, змыслы выяўляюцца выявамі. Спазнаўшы матрыцу змыслаў у адначасовай паўнаце, розум прыходзіць да свайго вызваленьня. Вынікам трэцяй ступені зьяўляецца выпраява.


Існасьць таявы, паэзіі - схаванае, загадка, іншасказ, няпростая мова. Узыходзячы па трох ступенях, розум выкрывае прычыны і прычыны прычынаў. Прадмет розуму - схаваная прычына, загаданая загадка. Пошуку прычыны абавязкова папярэднічае яе сукрыцьцё. Калі розум дадумваецца да таявы, ён знаходзіць, што таява ўжо папярэднічае розуму. Таява зьяўляецца рэчаіснасьцю розуму. Нязнаньне зьяўляецца полем знаньня. Мужчынская дзейнасьць адкрыцьця прычыны мае загадкавы жаночы кмень. Само слова прычына - літаральны пераклад слова prakṛti (прад-чын, прырода). Таява - прычына, прырода, маці розуму.

Узыйшоўшы да матрыцы змыслаў, дасягнуўшы свабоды, розум знаходзіць усемагчымасьць як канчатковы адказ на ўсе пытаньні і сябе як праяву ўсемагутнасьці. Прайшоўшы сьцег праявы назад ён пачынае сьцег праявы наперад. І тады розум сам стаецца прычынай, прыродай, загадкай, ствараючы таяву. Таява - гэта tūrya розуму. Сукрываючы знаньне, ён стварае брамы і брамы спакушаюць зайсьці. tasmād virāḷ ajāyata virājo adhi pūruṣaḥ (RV 10.90.5) - "Ад яго нарадзілася Вірат і ад Вірат зноў нарадзіўся Пуруша".

No comments:

Post a Comment