Jan 27, 2011

Незабыўнае знаньне

6.1.1 śvetaketur hāruṇeya āsa | taṃ ha pitovāca śvetaketo vasa brahmacaryam | na vai somyāsmat-kulīno 'nanūcya brahmabandhur iva bhavatīti.
6.1.2 sa ha dvādaśavarṣa upetya caturviṃśativarṣaḥ sarvān vedān adhītya mahāmanā anūcānamānī stabdha eyāya | taṃ ha pitovāca uta tam ādeśam aprākṣyaḥ.
6.1.3 yenāśrutaṃ śrutaṃ bhavaty amataṃ matam avijñātaṃ vijñātam iti | kathaṃ nu bhagavaḥ sa ādeśo bhavatīti.
6.1.4 yathā somyaikena mṛtpiṇḍena sarvaṃ mṛnmayaṃ vijñātaṃ syāt | vācārambhaṇaṃ vikāro nāmadheyaṃ mṛttikety eva satyam
6.1.5 yathā somyaikena lohamaṇinā sarvaṃ lohamayaṃ vijñātaṃ syāt | vācārambhaṇaṃ vikāro nāmadheyaṃ loham ity eva satyam.
6.1.6 yathā somyaikena nakhanikṛntanena sarvaṃ kārṣṇāyasaṃ vijñātaṃ syāt | vācārambhaṇaṃ vikāro nāmadheyaṃ kṛṣṇāyasam ity eva satyam | evaṃ somya sa ādeśo bhavatīti.
6.1.7 na vai nūnaṃ bhagavantas ta etad avediṣuḥ | yad dhy etad avediṣyan kathaṃ me nāvakṣyan | iti bhagavāṃs tv eva me bravītv iti | tathā somyeti hovāca.
6.7.1 ṣoḍaśakalaḥ somya puruṣaḥ | pañcadaśāhāni māśīḥ | kāmam apaḥ piba | āpomayaḥ prāṇo na pibato vicchetsyata iti.
6.7.2 sa ha pañcadaśāhāni nāśa | atha hainam upasasāda kiṃ bravīmi bho iti | ṛcaḥ somya yajūṃṣi sāmānīti | sa hovāca na vai mā prati bhānti bho iti
6.7.3 taṃ hovāca yathā somya mahato 'bhyāhitasyaiko 'ṅgāraḥ khadyotamātraḥ pariśiṣṭaḥ syāt | tena tato 'pi na bahu dahet | evaṃ somya te ṣoḍaśānāṃ kalānām ekā kalā atiśiṣṭā syāt | tayaitarhi vedān nānubhavasi | aśāna | atha me vijñāsyasīti.
6.7.4 sa hāśa | atha hainam upasasāda | taṃ ha yat kiṃ ca papraccha sarvaṃ ha pratipede.
6.7.5 taṃ hovāca | yathā somya mahato 'bhyāhitasyaikam aṅgāraṃ khadyotamātraṃ pariśiṣṭaṃ taṃ tṛnair upasamādhāya prājvalayet tena tato 'pi bahu dahet.
6.7.6 evaṃ somya te ṣoḍaśānāṃ kalānām ekā kalātiśiṣṭābhūt | sānnenopasamāhitā prājvālī | tayaitarhi vedān anubhavasi | annamayaṃ hi somya manaḥ | āpomayaḥ prāṇaḥ | tejomayī vāg iti | tad dhāsya vijajñāv iti vijajñāv iti.

Chāndogya-upaniṣad 6.1, 6.7

6.1.1 Быў Ш́ветакету сын Арун̣і. Яму так мовіў бацька: "Ш́ветакету, прайдзі брагмачарйу. Бо няма, дарагі, у нашым родзе такога, які б не наўчыўшыся, быў бы адно сваяком бра̄гман̣а".
6.1.2 І зыйшоўшы на дванаццаць гадоў, ён прыйшоў ва ўзросьце дваццацічатырох гадоў, вывучыўшы ўсе Веды, ганарлівы, лічачы сябе ўчоным, горды. Яму бацька мовіў: "Ш́ветакету, дарагі, ну калі ты такі ганарлівы, горды і лічыш сябе ўчоным, ці спытаў ты пра тую наставу,
6.1.3 якім чынам нячутае стаецца чутым, нядуманае думаным, незразумелае зразумелым?" - "Якая ж, спадару, гэтая настава?"
6.1.4 Як, дарагі, з дапамогай аднаго кавалка гліны разумеецца ўсё глінянае, бо выраб - імя, стварэньне мовы, і менавіта гліна - ісьціна,
6.1.5 як, дарагі, з дапамогай аднаго кавалка золата разумеецца ўсё залатое, бо выраб - імя, стварэньне мовы, і менавіта золата - ісьціна,
6. як, дарагі, з дапамогай адных нажніцаў для пазногцяў разумеецца ўсё жалезнае, бо выраб - імя, стварэньне мовы, і менавіта жалеза - ісьціна, такая, дарагі, гэтая настава.
6.1.7 "Сапраўды тыя паны гэтага ня ведалі, бо калі б яны гэта ведалі, чаму не сказалі мне? Таму хай скажа мне Пан." - так мовіў дарагі.
6.7.1 "Шаснаццаць частак, дарагі, мае пуруша. Ня еш пятнаццаць дзён. Пі колькі хочаш, бо дых, што складаецца з вады, не аддзяляецца ад таго, хто п'е".
6.7.2. І ён ня еў пятнаццаць дзён. І вось ён прысеў каля яго. "Чаго мне казаць, пане?" - "Р̣чі, дарагі, йаджусы, са̄маны". Ён мовіў: "Яны не зьяўляюцца мне, пане".
6.7.3. Ён мовіў яму так: "Як, дарагі, ад многіх дроваў застаецца адзін вугельчык, маленькі як сьветлячок, і ім многа не спаліць, так, дарагі, у цябе ад шаснаццаці частак, засталася адна частка. І ёй ты не ўспрымаеш Веды. Еш. Тады ты мяне зразумееш".
6.7.4. Ён паеў. І пасьля той прысеў ля яго. І на ўсё, што той пытаў, ён адказаў.
6.7.5. Ён мовіў: "Як, дарагі, засталым ад многіх дроваў адзіным вугельчыкам, маленькім як сьветлячок, пакрыўшы яго травой, можна яе запаліць і пасьля спаліць многае,
6.7.6. так, дарагі, у цябе з шаснаццаці частак, была засталася адна, і яна, пакрытая ежай, запальваецца, і ёй ты цяпер успрымаеш Веды. Бо зь ежы, дарагі, складаецца мысел. З вады складаецца дых. З агня - мова". І ён вызнаў гэта ад яго, вызнаў гэта.

Jan 25, 2011

Берагі


рэкі топяць свае ільды
хаты бураць свае муры
мора прагне неба вады
каб адолець свае берагі

птахі рушаць свае вятры
рыбы рыюць свае віры
сонца да ўсходу ідзе ўначы
каб у неба сваё ўзысьці

Jan 24, 2011

Неба бяз зор


усё згубіў
стаю ў пустаце
але сьветла ў сэрцы
неба бяз зор
рэжа наскрозь
чорная вось
ноч напралёт
перародавы рай
корань і зерне
месяца ўзмахам
вейкай мяча
заснуць назаўжды
зьвячэўшы багі
ідзі да канца
зацяўшы сябе
да болю ў горле
агнём звышновай
выдалю межы
апошняй воляй

Зора


дзе мая зора, я да якой ішоў
добра бачыў удзень, а ўначы згубіў
ці згасла таму назад мільярды гадоў
ці вочы асьлеплі ад яе блізіні
як адрозьніць цяпер адну між гэтых агнёў
у пагражаючым вечнай цемрай небе душы

напісаў па прыезьдзе з Бгараты ў 2007

Jan 19, 2011

Горад багоў


Альфабэт і пісьмо, якім звычайна пішуць на санскрыце, называецца Devanāgarī. Гэтае слова утвараецца з двух: deva – “бог”, і nagara – “горад”. Гэта слова вынятковае (nipātanam) з гледзішча граматыкі. Калі зразумець яго як devānāṃ nagarī (“горад багоў”), ёсьць анамалія ў vṛddhi перашага складу nagarī, калі ж гэта taddhita-ўтварэньне - devanagarād āgatā (lipiḥ) “(пісьмо), што паходзіць з гораду багоў” - яно павінна было б выглядаць як daivanagarī. Таму некаторыя лічаць, што да слова nāgarī (“гарадзкі”) маглі проста дадаць пасьля слова deva (“бог”). Але ёсьць і іншыя, старажытныя выняткі такога ж роду, дзе на vṛddhi замяняецца першы склад другой часткі сама̄сы. Важна іншае: тое, што пісьмо і альфабэт санскрыту ў культуры больш за тысячу гадоў называецца “горадам багоў” ці лічыцца “паходзячым з гораду багоў”, ня можа быць беззмысловым. Хто такія дэвы, багі? Што такое горад багоў і дзе ён знаходзіцца? І чаму альфабэт санскрыту называецца горадам багоў або паходзіць зь яго?

У ітігасах і пуранах сусьвет уяўляе сабой яйка Роду (brahma-aṇḍa), у якім зьмяшчаюцца ніжэйшыя, сярэднія і вышэйшыя сусьветы (loka). У цэнтры кола сьвету (pari-maṇḍalaḥ) узвышаецца як агонь бяз дыму (vi-dhūma iva pāvakaḥ) залатая гара (kanaka-parvataḥ) Меру (meruḥ - Mahābhārata 6.7.8). Яе схілы чатырох кветаў, вакол яе як пялёсткі лотаці знаходзяцца выспы-кантынэнты (dvīpa). Праз гару Меру праходзіць вось сусьвету, над ёй вісіць палярная зорка (dhruva), яе абыходзяць вакол сонца, месяц і зоры (Mahābhārata 6.7.14). На схілах гары Меру жывуць дэвы (багі).


На традыцыйных выявах гару Меру звычайна паказваюць зь вяршыняй долу. Як і ў выпадку сусьветнага дрэва (aśvattha), карані якога ўверсе, а галіны ўнізе (Mahābhārata 6.37.3), гэта сымбаль пачатку ўверсе. З другога боку, перагорнутая вяршыня гары ўтварае два ўзаемапранікнутыя трохкутнікі, шасьціканцовую зорку, сымбаль сувязі магара і магуты, мужчынскага і жаночага. Нечаканае знаньне гэты сымбаль дае ў сувязі з гіторыяй пра пахтаньне акіяну: Зрабіўшы вяршыню Меру (гару Мандару) пестам, а сусьветнага зьмея Шешу вяроўкай, дэвы і асуры (дэманы, старэйшыя браты дэваў) узьбілі акіян малака (kṣirodadhi), і здабылі напой несьмятротнасьці (amṛta). Выпіўшы яго, яны зрабіліся неўміручымі (amara).



Горад багоў, сталіца ўладара дэваў, Індры, знаходзіцца на гары Меру і называцца  amarā (несьмяротная) ці amarāvatī  “сяліба несьмяротнасьці”. amarā ў жаночым родзе значыць таксама "матка", што наўпрост рэзануе з mātṛkā. Горад несьмяротных ня могуць наведаць і ўбачыць няправедныя істоты (Mahābhārata 3.43.38). Чароўная гара і горад багоў на ёй – агульнае месца ў міталёгіях інда-эўрапейскіх народаў, прыкладам Алімп у старажытных грэкаў.

Гара ўтварае вэртыкальны вымер. Яе вяршыня – Адно, пачатак праявы і полюс сьвету, а аснова - мноства праяўленага. Трохкутнік схілаў гары зьяўляецца шляхам праявы ад Аднаго да мноства. Гэта вэртыкальная, мэтафізычная мапа сусьвету, жыхар якога ўлучаны ў вэртыкальную аброчную размову розных пластоў рэчаіснасьці. Ідэнтыфікацыя гары багоў на мапе нашай зямлі будзе толькі сымбалем, праекцыяй ідэі, прымальнай толькі ў такой якасьці – весьці ўгору, да рэчаіснасьці вышэйшага парадку.

Для славянскага вуха слова nagara нібы гаворыць "на гары". Дзіўным чынам, але сапраўды горад - гэта месца на гары. Слова nagara (горад) звычайна ўтвараюць паводле варттікі да сутры Паніні 5.2.107 ад naga (гара), якая ў сваю чаргу ўтвараецца ад na (не) і кораня gam (ісьці, рухацца) паводле 5.2.107 і значыць "нерухомы, непарушны". Назву гары Меру ўтвараюць ад кораня mi (усталёўваць, грунтаваць, будаваць, мерыць) ці (мерыць, фармаваць, ствараць) афіксам ru (Uṇādi 4.110). І тут сугучча таксама выяўляецца дарэчы. Вось кола сусьвету, што праходзіць праз гару Меру зьяўляецца непарушнай кропкай дачыненьня ўсяго рухомага (jagat), мерай руху. Вось кола - гэта месца, дзе адсутнічае час, і таму гэта месца несьмяротнасьці. Горад багоў - гэта восевае, непарушнае, палярнае месца, блізкае да вяршыні першапрынцыпу.

Але горад утвараецца яго жыхарамі, і ў гэтым змысьле горад багоў – гэта сукупнасьць багоў. Хто такія багі? Слова deva (бог) утвараецца кораня div (зьзяць, гуляць, спаборнічаць). У беларускай ад гэтага кораня засталіся "дзівіцца, зьдзіўляцца, дзіўны" і "дзеўка". Слова div (dyauḥ) значыць таксама "неба". Дзіўныя сьветлыя істоты, несьмяротныя жыхары нябёсаў, гульцы бясконцых гульняў, пра якія распавядаюць шматлікія міты, бясконцыя спаборнікі асураў.

Усе дэвы маюць сваю ролю, функцыю, увасабляюць сабой пэўныя сілы сьвету. Няма дэваў, якія былі б проста прадстаўнікамі роду дэваў. Любая ідэя, катэгорыя ў выніку выяўляецца ўвасобленай дэвам. Агонь, вада, вецер. Дэвы шматпрысутныя, бо ёсьць паўсюль, дзе прысутнічае ўвасобленая імі зьява. Як бог агня ёсьць у кожным агні. У гэтым сэнсе яны несьмяротныя. Як калі агонь гасьне, яго ідэя, крыніца яго праявы гарыць заўсёды. Дэвы маюць змысел толькі ўсе разам, у дачыненьні адно да аднаго, як кола багоў, як і існасьці, якія яны ўвасабляюць. Узьнікненьне, радавод дэваў цалкам супастаўляецца са сьцегам праявы таттваў. Дэвы - гэта ўвасобленыя, сьвядомыя, дзейныя ідэі, вонкавы, зьзяючы бок Ведаў. Корань vid (ведаць, відзець) нездарма адваротны кораню div (зьзяць), як адваротныя адно аднаму змыслы "відзець" і "дзівіцца". Тыя, пра каго пураны распавядаюць гісторыі, апісваюцца як таттвы ў ведантах. Індра, ўладар багоў, зьяўляецца Атманам у упанішадах. Сайана называе дэваў жыцьцёвымі дыхамі сусьвету (prāṇa).

З пачатку ўтвараецца ўсё і працягвае быць аформленым пачаткам. Таму кожны з дэваў зьяўляецца ўвасабленьнем, mūrti прынцыпу, і ў гэтым сэнсе ушаноўваецца як самы галоўны. Атаясамленьне сябе з пачаткам (tat tvam asi) адрозьнівае дэваў ад іх ворагаў асураў, якія атаесамляюць сябе зь целам (гл. гісторыю вучнёўства ў Праджапаті Індры і Вірочаны - Chāṇḍogya-upaniṣad 8.7.12).

Альфабэт (varṇa-cakram) - гэта кола формаў, сукупнасьць фанэмаў мовы. Varṇa, фанэма - элемэнт, які разрозьнівае змысел. Усё складанае разумеецца з дапамогай простага. Для разуменьня сказ (vākya) дзеліцца на словы (pada), словы на асновы (prakṛti) і афіксы (pratyaya) і ўрэшце ўзводзяцца да каранёў (dhātu). Карані зьяўляюцца крыніцай змыслу, які з кожным разам больш звужаюць афіксы (pratyaya). Такім чынам пры разуменьні адбываецца зварот да найбольш агульных змыслаў. Карані, афіксы, часьціцы зьяўляюцца абмежаваньнем яшчэ больш агульных змыслаў, якія выяўляюць варны, фанэмы.  Варны разьмяжоўваюць, падзяляюць адзіны, першасны змысел, і далей спалучаючыся, утвараюць карані, зерні (bīja) больш канкрэтных змыслаў. Не бывае выявы бяз змыслу і змыслу без выявы. Сувязь выявы і змыслу абавязковая (nitya). Уласна праходжаньне ў два бакі поўнага сьцегу праявы мовы, ад адзінага сэнсу да варнаў, ад варнаў да дгату, ад дгату да падаў, ад падаў да вакйі і назад, называецца вйакарана (vyākaraṇam), граматыка санскрыту.

З гледзішча вйакараны фанэмы санскрыцкага альфабэту маюць змысел. Яны выяўляюць найбольш агульныя ідэі, для ўтварэньня якіх дастаткова самой сьвядомасьці. Кола варнаў, альфабэт санскрыту - гэта Веды, аснова знаньня. І ў гэтым змысьле кожны гук альфабэту зьяўляецца ўвасабленьнем боства, дэвы, а іх сукупнасьць утварае горад багоў, deva-nagaram, вэртыкальнае непарушнае месца несьмяротнасьці, матрыцу змыслу. Таму пісьмо, якое зьяўляецца яго візуальнай праекцыяй, называюць devanāgarī, пісьмом гораду багоў.

Jan 18, 2011

Двухбаковы рух

Чалавечы род дзеліцца на мужчын і жанчын. Чалавек - род, мужчына і жанчына - від. Такая звыклая для сучаснасьці думка. Але чалавек толькі від, праява мужчыны і жанчыны. Мужчынскае і жаночае ўва ўсім, у жывёлах і кветках, апсарах і гандгарвах, дэвах і асурах. Мужчынскае і жаночае - падставовыя катэгорыі, а чалавек толькі від істоты, прыватны выпадак. Сьцег праявы ідзе ад агульнага да асобнага. Сьпярша адно, пасьля два, пасьля ўся безьліч. У гэтым змысьле істота сьпярша стаецца мужчынам ці жанчынаю, і толькі пасьля чалавекам.

Мне ўзгадваецца адна раджастханская мініятура: герой і гераіня гуляюць у нейкую настольную гульню на тэрасе палаца. Мужчына і жанчына тут - герой і гераіня, а чалавек - фішкі ў іх гульні. Белыя ці чорныя, пасыўныя аб'екты маніпуляцыі. Эгалітарызм бачыць толькі шахматную дошку, забываючы пра гульцоў. Я ўяўляю такое мэта-каханьне: герой і гераіня, мяняючы целы розных істотаў, ад кветак да багоў, забываюць сябе і ўзгадваюць сябе, перажываючы закаханасьць адно ў аднаго мільёны разоў як упершыню. lī, сьвет як гульня каханьня вялікай жанчыны і вялікага мужчыны.

sa vai naiva reme, tasmād ekākī na ramate, sa dvitīyam aicchat, sa haitāvān āsa yathā strīpumāṃsau sampariṣvaktau, sa imam evātmānaṃ dvedhāpātayat, tataḥ patiś ca patnī cābhavatām, tasmād idam ardhabṛgalam iva sva iti ha smāha yājñavalkyaḥ, tasmād ayam ākāśaḥ striyā pūryata eva, tāṃ samabhavat, tato manuṣyā ajāyanta - "Але ён ня радаваўся. І таму самотны ня радуецца. Ён захацеў другога. І ён стаў такім, як жанчына і мужчына, якія абдымаюць адно аднаго. І такога сябе ён змусіў рухацца (apātayat) ў два бакі (ці "распаўся на два"), і адтаго сталі быць муж (pati) і жонка (patnī). І таму мы як паловы цэлага - так мовіў Йа̄джнявалкйа. І таму гэтая прастора поўніцца толькі жанчынай. Ён быў зь ёй, і адтаго нарадзіліся людзі". (Бр̣гада̄ран̣йака-Упанішад 1.4.3)

Гук pa ёсьць праявай змыслу паўнаты, гук ta - змыслу "таго", у корані pat яны гучаць як рух на той бок да\ад паўнаты. pat перакладаецца звычайна як "ісьці, рухацца". apātayat - мінулы час ад другаснага кораня pat-ṇic - "спрычыніў рух, зарухаўся". dvedhā apātayat можна перакласьці як "спрычыніў дваякі рух", "зарухаўся ў два бакі, туды-сюды", або перакладаюць як "падзяліўся на два". Сьпярша ён стаўся як склешчаныя ў адбымках мужчына і жанчына, а пасьля прычыніў дваякі рух. Сьвет адбываецца як каханьне мужчыны і жанчыны, выток праявы - іх каханьне.

Досьведна мы ўспрымаем наадварот: асобныя мужчына і жанчына сустракаюцца, падабаюць адно аднаго, займаюцца каханьнем, дасягаюць яго вяршыні і зноў распадаюцца на асобныя часткі. Тут наадварот: мужчына і жанчына толькі ўзьнікаюць у выніку каханьня. Сьпярша яны на вяршыні каханьня, пасьля яны рухаюцца ў два бакі, і затым стаюцца мужчынам і жанчынаю. І тады каханьне асобных мужчынаў і жанчынаў ужо не падзея ў часе, а выйсьце з часу, спроба падскочыць і на імгненьне дакрануцца да гэтай страчанай вяршыні, пачатку, ад якога літаральна паходзяць людзі. Тут вымаўлена невымоўнае. Бо гаварыць пра недваістае дваістай мовай можа толькі паэзія. Тут поўны давер да мовы, першасныя сэнсы, граматыка як лёгіка традыцыі.

so heyam īkṣāṃ cakre. kathaṃ nu mātmana eva janayitvā sambhavati. hanta tiro 'sānīti. sā gaur abhavad vṛṣabha itaraḥ. tāṃ sam evābhavat. tato gāvo 'jāyanta. vaḍavetarābhavad aśvavṛṣa itaraḥ. gardabhītarā gardabha itaraḥ. tāṃ sam evābhavat. tata ekaśapham ajāyata. ajetarābhavad basta itaraḥ. avir itarā meṣa itaraḥ. tāṃ sam evābhavat. tato 'jāvayo 'jāyanta. evam eva yad idaṃ kiñca mithunam ā pipīlikābhyas tat sarvam asṛjata - "І яна азірнулася наўкол: як нарадзіўшы мяне зь сябе, ён быве са мной? Даволі гэтага, адвярнуся. І яна сталася каровай, а ён быком. І ён быў зь ёй. І адтаго нарадзіліся каровы. Яна сталася кабылай, а ён канём. Асьліцай яна, а ён аслом. І ён быў зь ёй. І адтаго нарадзіліся непарнакапытныя. Казой сталася яна, а ён казлом. Авечкай сталася яна, а ён баранам.  І ён быў зь ёй. Адтаго нарадзіліся козы і авечкі. Такім чынам ён стварыў усё парнае, аж да мурашоў” (Бр̣гада̄ран̣йака-Упанішад 1.4.4).

tāṃ sam abhavat – літаральна: “ён быў зь ёй”, “ён кахаў яе”. Тут “быць” значыць “кахаць”, а каханьне значыць "су-быцьцё". sam-bhū - перходны дзеяслоў: “каго, што?”.  Гук sa значыць “разам”, гук bha значыць “узьнікаць”. Ён узьнік зь ёй разам. Уся дарога праяўленьня паўстае як любоўная гісторыя, вынікам і ўвасабленьнем якой урэшце выяўляемся мы самі. І гэтае ўсьведамленьне робіць нас пачаткам.

Jan 13, 2011

Вялікі Воз


Час заўважны адносна руху. Рух адбываецца адносна нерухомага і тым самым ёсьць рух па коле. Таму час - кола. У цэнтры кола ёсьць вось, месца дзе руху няма. Там дзе няма руху, няма і часу. Сьвядомасьць успрымальніка руху - адзіная нерухомая кропка дачыненьня. Празь сьвядомасьць праходзіць вось сусьвету. Сьвядомасьць - прастора руху, яна супрацьстаіць рухомаму як частка і цэлае. Кола - паўната магчымасьці руху, яго ўсеварыянтнасьць, усемагчымасьць.

Рух мае наўвеце частковасьць рухомага. Поўнае адно для частковага. Быццьцё (sat) адно для ўсяго, што ёсьць. Быцьцё ёсьць адносна сьвядомасьці (cit), таму сьвядомасьць адно для ўсяго, што ёсьць. Сьвядомасьць і быцьцё супадаюць (samādhīyete). Saccidekambrahma - быцьцё і сьвядомасьць адно, і гэтае адно - Брагман. Ад санскрыцкага слова brahman паходзіць слова “время”. Досьведна час успрымаецца як кола - дня, месяца, году, жыцьця.

Астралёгія супастаўляе вялікае кола часу сусьвету і кола часу жыцьця чалавека. Яны суадносяцца як частка і цэлае. Адно ўтварае другое, і таму адно складаецца з другога. Таму ў меншым коле можна бачыць адлюстраваньне большага і наадварот. Астралягічная карта (janma-cakram – "кола нараджэньня") ці гараскоп ("часагляд") задаецца часам нараджэньня чалавека, становішчам рухомага адносна нерухомага на момант нараджэньня.

На карце ўсё, што разварочваецца як жыцьцё, працягласьць, бачыцца адразу, адначасова. Усё жыцьцё чалавека зьяўляецца толькі разваротам імгненьня вялікага часу. Гараскоп - гэта магчымасьць (śakti), прырода, прад-дзеяньне (pra-kṛti), мяжа, мера (mātrā) чалавека. Кола вялікага часу зьмяшчае паўнату такіх імгненьняў, усемагчымасьць, усеварыянтнасьць. І з гледзішча восі, цэнтра кола, яны ўсе дадзеныя адразу як гараскоп сусьвету. Увесь час, рэалізацыя ўсіх варянтаў адбываецца для цэнтра кола адразу, не як працягласьць, але як вечны ўсебаковы сполах.

Варыянты ўтвараюцца спалучэньнем рухомых складнікаў адносна адно аднаго і нерухомай сеткі. Знаньне спалучальнасьці скданікаў дае магчымасьць убачыць жыцьцё як код жыцьця, як мову праграмаваньня таго, што перажываецца і адчуваецца. Як тое, што на экране кампутара выглядае прыгожай візуальнай гульнёй насамрэч напісана на пэўнай мове. З гледзішча астралёгіі мінулыя нараджэньні (pūrva-janmāni) выглядаюць проста матэматычнымі апэрацыямі.

Астралёгія дае магчымасьць паглядзець на сьвет вачыма пачатку. І сьвет бачыцца ёй як свабода (sva-tantra), усемагутнасьць (sarva-śakti) пачатку. Яна праводзіць вось паміж цэнтрам вялікага кола сусьвету і цэнтрам кола чалавека і ўтварае Вялікі Воз. Астралёгія на санскрыце называецца jyautiṣam, навука пра jyotiḥ – “сьветачы”. Узор зораў ператвараецца ў сьвятло сьвядомасьці.

Jan 6, 2011

Таява і розум

На першай ступені розум выяўляе сябе ў тлумачэньні, адказах на 7 пытаньняў, галоўнае зь якіх "чаму?" Розум знаходзіць прычыну, спосаб сувязі складнікаў, якія абумоўлівае адно другім. Гэта - таму, што тое, а тое - таму, што гэта. Усё разумна, абумоўлена, усё зьязана з усім. Неразумнае выключана, бо любы складнік мае дачыненьне да цэлага і іншых складнікаў. Розум зьвязвае складнікі, разьмешчаныя на роўніцы. Вынік першай ступені - будова.

На другой ступені розум выходзіць на ўзровень вышэй і высьвятляе прычыну ўзьнікненьня складнікаў. Роўніца, на якой былі нанесеныя складнікі, выяўляецца адным з пластоў шматпавярховай дарогі. Розум адкрывае стоцевы шлях, выбудоўвае вось праявы. Тут прычыннасьць стаецца аб'ёмнай. Яна рашчынена як у сувязі, так і ў паходжаньні складнікаў. Мэтафізыка, пералік тоестваў, апошняй зь якіх зьяўляецца прычына усіх прычынаў - вынік другой ступені. Cіла, што ня зводзіцца да складніка, сувязі, роўніцы, тоества, стоці. Дзейная набмежавальнасьць, пра якую гаварыць можна толькі з гледзішча яе наступстваў. Сіла, што спрычыняе падзел паўнаты на складнікі. Знайшоўшы прычыну ўсяго, розум тым самым нібыта знаходзіць прычыну сябе. І хаця ён нібыта дасягае цэлю, зь яе прынцыповай беспрычыннасьцю яму проста няма чаго рабіць. Яна не здавальняе, бо не тлумачыць розум.


На трэцяй ступені розум знаходзіць сябе і дасьледуе сябе. Прыняўшы сваю абмежавасьць, розум зводзіць сябе да мэханізму распадзелу, часткі мовы, і спрабуе падумаць самаўзьнікненьне. Мова і разуменьне мовы стаецца галоўным кменем. Розум абарочваецца назад і высьвятляе, праз што адбываецца разуменьне? Само разуменьне адгэтуль ужо зьяўляецца толькі практыкаваньнем для ўважлівага назіраньня, якія запыты і куды прыгэтым пасылаюцца. Такім чынам розум выходзіць на кола змыслаў, гульнёй паказу і замсты якіх даецца любы іншы, які заўгодна складаны ці просты змысел. Альфабэт скрайне агульных змыслаў, узнаўленьне якіх не патрабуе нічога іншага, акрамя самой сьвядомасьці, складае матрыцу змыслаў. Яе спазнаньне стаецца новым галоўным цэлем. Гэта кола першапачатковых ідэяў, ведаў. Спазнаньне матрыцы змыслаў, яе будовы і ўзьнікненьня зьяўляецца спазнаньнем спазнаньня, спазнаньнем мовы і розуму. Пры вясьвятленьні паходжаньня змыслаў з усемагчымай паўнаты, змыслы выяўляюцца выявамі. Спазнаўшы матрыцу змыслаў у адначасовай паўнаце, розум прыходзіць да свайго вызваленьня. Вынікам трэцяй ступені зьяўляецца выпраява.


Існасьць таявы, паэзіі - схаванае, загадка, іншасказ, няпростая мова. Узыходзячы па трох ступенях, розум выкрывае прычыны і прычыны прычынаў. Прадмет розуму - схаваная прычына, загаданая загадка. Пошуку прычыны абавязкова папярэднічае яе сукрыцьцё. Калі розум дадумваецца да таявы, ён знаходзіць, што таява ўжо папярэднічае розуму. Таява зьяўляецца рэчаіснасьцю розуму. Нязнаньне зьяўляецца полем знаньня. Мужчынская дзейнасьць адкрыцьця прычыны мае загадкавы жаночы кмень. Само слова прычына - літаральны пераклад слова prakṛti (прад-чын, прырода). Таява - прычына, прырода, маці розуму.

Узыйшоўшы да матрыцы змыслаў, дасягнуўшы свабоды, розум знаходзіць усемагчымасьць як канчатковы адказ на ўсе пытаньні і сябе як праяву ўсемагутнасьці. Прайшоўшы сьцег праявы назад ён пачынае сьцег праявы наперад. І тады розум сам стаецца прычынай, прыродай, загадкай, ствараючы таяву. Таява - гэта tūrya розуму. Сукрываючы знаньне, ён стварае брамы і брамы спакушаюць зайсьці. tasmād virāḷ ajāyata virājo adhi pūruṣaḥ (RV 10.90.5) - "Ад яго нарадзілася Вірат і ад Вірат зноў нарадзіўся Пуруша".