Aug 30, 2014

Прастора і Час

Ёсьць змысел часу, дзея часу і ўспрыманьне часу. Змысел часу - ня тое самае, што дзея часу. І сама па сабе зьмена яшчэ не стварае час. Час утвараецца адначаснасьцю дзьвюх дзей, што будуецца трэцяй дзеяй - мовай часу.

Пераадкрыцьцё дзеі, што зьяўляецца іменем для мовы часу, утварае дзею часу. Час як дзея немагчымы бяз мовы.

Мова часу робіць магчымай мову руху. Мова руху ўтварае прастору як затрыманы выказ працягу, унутры якога выказваюцца ўсе іншыя прасторы і рухі.

Прастора ствараецца насуперак дзеі часу. Час адбываецца з таго боку погляду, а прастора - з гэтага.

Будову прасторы складаюць сталыя крокі круга працягу, унутры якіх адбываюцца зьмены. Таму кожны крок круга прасторы - імя, а яго зьмест - ява. Таму прастора - гэта мова прасторы.

Усё сталае - гэта пад-прастора ў мове прасторы, усё рухомае - гэта явы імён прасторы. Неба, Зямля, Захад, Усход, Поўнач, Поўдзень, Верх і Ніз - усё гэта мы носім з сабой, усё гэта затрыманы чын у мове прасторы.

Прастора ствараецца дзеяй часу, але даймо, успрыманьне часу ўтвараецца прасторай. Прастора чытае час і запісвае яго ў крокі свайго кругу, спыняючы яго і ператвараючы ў прастору. Гісторыя, успрыманьне часу - гэта пераклад з мовы часу ў мову прасторы.



Мова прасторы

Чын у мове руху - гэта трохкутная будова, што складаецца з імені і явы. Імя чыну - гэта яго змысел, вяршыня трохкутніка, а ява - пасьлядоўнасьць зьдзяйсьненьня, аснова трохкутніка чыну.

Імя чыну яднае пасьлядоўнасьць і стварае яе працягласьць. Імя чыну само па сабе зьяўляецца трохутнай будовай, што мае крыніцу і цэль, адкуль і куды, з чаго у што.

Ява чыну зьяўляецца кругам, што можа мець некалькі крокаў. Але кожны крок кругу явы можа сам быць чынам - мець сваё імя і яву, змысел і пасьлядоўнасьць. Мова руху надбудоўвае імёны чыну над імёнамі чыну, ствараючы над-кругі і пад-кругі пасьлядоўнасьці.

Для зьдзяйсьненьня чыну патрэбна толькі мова часу, кожны крок якой забірае з сабой крок кругу чыну. Абнаўленьне дзеі адпаведна мове часу трымае "пару адначаснасьці", што заўжды складаецца з імені чыну і пэўнага кроку пасьлядоўнасьці. Чын чытаецца ў глыбіню, і ў гэтай глыбіні ствараецца цэласьць руху.

***
Прастора лічыцца звычайна належнай парадку быцьця, нібыта яна насамрэч існуе па той бок погляду. Але прастора - гэта толькі пэўны спосаб прадстаўленьня змыслу і як прадстаўленьне існуе і ствараецца па гэты бок погляду. Як такая прастора згортваецца пры засынаньні і разгортваецца пры прачынаньні.

Хаця ўсе змыслы, што ўтвараюцца мярэжай падзей - гэта ўжо змыслы прасторы, стварыць змысел прасторы і стварыць прастору руху - зусім розныя задачы. Але аб'ядноўваючы пасьлядоўнасьць у працягласьць, імя чыну стварае тым самым і першую прастору, расьцяг чыну ад крыніцы да цэлі.

Уявім сабе такі чын працягласьці, што мае імя і пасьлядоўнасьць, кожны крок якой у сваю чаргу зьяўляецца дзеяй, што аднаўляецца іншым чынам. Чын працягласьці трымаецца нязьменным цягам усяго чуйнаваньня, мовай часу абнаўляецца толькі зьмест яго крокаў.

Раўналежная зьмена ўсіх крокаў чыну працягласьці ставарае прастору руху. Разнастайная будова круга працягласьці стварае разнастайнасьць магчымых прастораў. Прастора прастораў - разготвае свае дзеі іншымі прасторамі.

Спадчына продкаў апісвае прастору як кола, крокамі якога зьяўляюцца староны сьвету, кожнай зь якіх адпавядае пара году, які таксама апісваецца як кола. Прастора - гэта чын у мове руху. Гэта выказваньне, унутры якога выказваюцца іншыя выказы. Прастора - гэта затрыманы круг часу, застылы ўспамін.



Мова сказу

У мове чыну бег мае імя, якое аб'ядноўвае пасьлядоўнасьць станаў, што зноў і зноў разгортваецца па крузе, пакуль доўжыцца бег. Ён мае сваю агульную будову - крыніцу і цэль, што запаўняюцца значэньнямі на ўвесь чын, а таксама будову кругу, што запаўняюцца значэньнямі на кожным яго кроку - адкуль і куды перастаўляць ногі.

Гэтаксама і сказ зьяўляецца часткай мовы чыну, мае сваю агульную будову - значэньні, што маюць сілу на ўвесь сказ, і будову кругу - значэньні, што мяняюцца на кожным яго кроку. Габрыэль Гарсія Маркес напісаў раман, што складаўся з аднаго вялікага сказу - "Сто гадоў адзіноты". Сказ жывой размоўнай мовы, сапраўды, ня мае межаў гнуткасьці і працягласьці, мяняе свае значэньні і цэлі цягам свайго гаварэньня - як мяняе цэлі і хуткасьць бег.

Сказ мовы мае будову кругу, што можа паўтарацца, пакуль ня будзе выказаны змысел сказу. Крок гэтага кругу мае выказваць частку змыслу разам з адзінкай, што выражае яе адносіны да ўсёй цэласьці сказу. Гэтыя адзінкі, што ўлучаюць і пазначаюць часткі выказванага змыслу, зьяўляюцца часткай мовы сказу. Назавем гэта кругавым суладам. Кругавы сулад дазваляе ўлучаць у адну пасьлядоўнасьць мноства адзінак мовы сказу, ператвараючы ў пасьлядоўнасьць глыбінныя змысловыя будовы.

Змысел сказу ёсьць увесь адразу. Ён можа расьці ў час маўленьня, але гэты рост толькі дадае да адначасовасьці. Змысел сказу ў прамове - гэта непасьлядоўная будова, што складаецца з мноства мярэжаў. Мярэжа мае абмежаваную колькасьць частак і расьце ў глыбіню, раскрываючыся іншымі мярэжамі. Назавем гэта мярэжавым суладам. Мярэжавы сулад дазваляе ўтварыць любы змысел як глыбінную будову абмежаваных мярэжаў.

Мярэжавы сулад дазваляе выразіць любыя сказавыя адносіны глыбіннай будовай, але не дазваляе зьмясьціць іх усе на адным узроўні. Калі ў сказе мовы можа быць два ці тры дачыны ("ідзе ў горад у краму да сябра"), то ў сказе прамовы гэтаму змыслу адпавядаюць некалькі мярэжаў, аб'яднаных надмярэжамі ("ён(1) ідзе ў горад(2). ён(=1) ідзе ў краму(3,in2). ён(=1) ідзе да сябра(in3)"). Зьдзяйсьняючы пераклад зь мярэжавага суладу ў кругавы, сказ дазваляе паставіць усе адносіны на адзін узровень - утвараючы мову сказу.

Адзінкі мовы сказу ўлучаюць у сябе адзінкі змыслу, згорнутыя ў імёны. Але прыгэтым уся разнастайнасьць мовы сказу, усе пазнакі, канчаткі, прыназоўнікі і займеньнікі, згортваюць такія самыя змыслы, як і імёны, якія яны ўлучаюць. Так, напрыклад, у злучэньні "падарунак для сябра" прыназоўнік "для" згортвае дзеяньне "прызначэньня": "падарунак прызначаецца сябру". Такім чынам, усякі змысел дзеяньня ў мове сказу можа спарадзіць асаблівую "часьціну сказу".

А гэта можа зрабіць мову сказу такой жа разнастайнай і неабмежаванай, як мова слоўніка. Гэта стварае магчымасьць для мовы, што зьмяшчае ня толькі будоўлю імёнаў слоўніка, але і будоўлю імёнаў суладу. Гэта значыць, што мова сынтаксу можа стацца такой жа гнуткай і ўтваральнай, як мова слоўніка. Гэта значыць таксама, што кругавы сулад ня проста пераводзіць глыбіннае ў пасьлядоўнае, але стварае новыя ўзроўні змыслу, немагчымыя іншым чынам. Разьняволеньне мовы сказу і круговога суладу робіць сказ здольным пасьлядоўна выразіць любую глыбіню.



Aug 15, 2014

Будова чыну

Чын і змысел чыну - зусім не адно і тое самае. Зрабіць змысел чыну і зрабіць чын - розныя заданьні. Здаецца, што чын адбываецца, імя яго называе. Але не, імя называе толькі яго змысел, наставу па яго выкананьні. Бяз імені ж чын рассыпаецца на адзінкі, што скадаюць пасьлядоўнасьць.

Чын рушыць, і праз працягласьць, што ствараецца змыслам чыну, здаецца нечым адзіным, цэлым і постым. Але тое, што мае і працягласьць, і пасьлядоўнасьць, ужо ня можа быць простым.

Чын мае будову, у якой імя і змысел чыну - толькі яе часткі. І ў такім разе імя чыну насамрэч папярэднічае чыну. Чын немагчымы бяз мовы, якая яго спараджае. Бяз мовы ёсьць толькі змысел чыну.

Імя - гэта скарачэньне явы. Імя захоўвае пасьлядоўнасьць, а затым разгортвае яе ў мове часу. Таму імя - загад і скарачэньне чыну.

Скарачэньне злучае пачатак і канец. Пачатак - гэта адкуль, крыніца, а канец - куды, цэль. Імя чыну - гэта яго намер, гэта заўсёды адкуль і куды, крыніца і цэль. Нават калі яны супадаюць.

Чын мае будову, што складаецца з імені, крыніцы і цэлю. Намер - занятак уладара. Усё засталае здольле - хто, чаго, дзе і іншыя абставіны - спускаецца на прыступку ніжэй. Здольнасьць заставацца ва ўладзе - гэта здольнасьць будаваць мову чыну.

'Узьнікаць' - значыць спачатку ня быць, а пасьля быць. 'Ісьці' значыць перасоўваць ногі. Што не было і што ўзьнікла, адкуль і куды перасоўваць - гэта высьвятляецца на месцы.

Намер - гэта выбар імя для чыну. Намер намервае - адкуль і куды, з чаго у што. Успрыманьне чыну наадварот гадае пра намер, чытае круг чыну і атрымлівае яго імя.

Імя абуджае і ўзнаўляе чын раз за разам. Таму любы змысел чыну ўтварае круг. Стан - гэта аднакрокавы круг, зьмена - двукрокавы, а рух - мнагакрокавы.

Корань слова - гэта імя чыну, скарочаны намер. Гэта скарачэньне крыніцы і цэлю. Сказ, дзе гукі значаць адкуль, як і куды. У будове кораня захоўваецца сынтакс мовы чыну, сулад намеру.




Aug 7, 2014

Ноч

рукі начных нябёс
гладзяць твае валасы
ты гледзіш у вочы зор
і пазнаеш сябе

і з кожным дотыкам ты
будзеш усё танчэй
а вочы начных нябёс
будуць далей расьці



Aug 6, 2014

На паверхні

Імя скарачае мноства да адзінкі. Імёны скарачаюцца да імён імёнаў, мовы - да мовы моваў. І ўся мова выяўляецца вялікім скарачэньнем скарачэньняў. 

Усякае мноства можна скараціць да яго назвы і мець справу з адным. Але скарачэньне да імені выяўляецца таксама ўладай разгортваньня імені ў мноства. Кожнае імя - гэта загад, а мова - ўлада.

За паверхняй імені могуць хавацца неверагодныя невычэрпныя глыбіні. Але ўладар мае справу з паверхняй. Як жук-плывунец ён сьлізгае па вадзе мовы і заўжды застаецца зьверху.

Ён перажывае досьвед, паглыбляецца ў разуменьні змыслаў, але кожны раз выходзіць зь іх чыстым і пустым, і зноў мае справу з усім адразу. Як масла ў вадзе ён не расчыняецца ў тым, што бачыць і не застаецца ў ім.

Той, хто ёсьць толькі зараз, зьдзіўлецца таму, як гэта - быць заўжды. Але дзіўна якраз тое, як ён не размазваецца па часе і застаецца ў адным імгненьні. Чаму ён не зыходзіць у мінулае разам зь ім? Якім чынам ён застаецца на паверхні часу?

Вечнасьць адначаснасьці насамрэч заўжды перад намі - гэта роўня зроку, якую мы бачым. Імгненьне - гэта імя пасьлядоўнасьці і мноства, што ўвесь час мяняе свой зьмест. Імгненьне - зусім ня частка пасьлядоўнасьці часу, а наадварот, тое, што ўзвышаецца над ім і яго пераўзыходзіць.

Мова як корань імёнаў заўжды застаецца зьверху, як імёны заўжды застаюцца паверх яваў. Улада як сталае заставаньне зьверху - гэта дзея мовы. Імгненьне - гэта ўлада над часам, мова часу.


Мова і рух

Рух адбываецца ў прасторы назіраньня, бо інакш ён застаецца невядомым нават для свайго чыньніка. І тут рух мае сваю будову.

Рух адбываецца як пасьлядоўная зьмена станаў. Чалавек ідзе - пасьлядоўна перастаўляе ногі. Але кожны кадр гэтай пасьлядоўнасьці паасобку стаіць і не складае рух. Ісьці - ня роўна ніводнаму становішчу ног, што складаюць хаду.

Аднак, і ўсе кадры разам таксама не зьяўляюцца рухам. І разам, і паасобку яны стаяць. Толькі назіральнік са свайго боку бачыць рух як працягласьць і адзінства, якім з адваротнага боку адпавядае пасьлядоўнасьць станаў.

Але рух - таксама ня той змысел чыну, што яднае разасобленую пасьлядоўнасьць у працягласьць. Бо ўзяты паасобку змысел чыну таксама толькі стаіць.

Такім чынам, рух - гэта сувязь змыслу і пасьлядоўнасьці станаў. І гэта сувязь мовы, тоества імені і явы. Рух кожны раз перакладае змысел чыну ў пасьлядоўнасьць яго выкананьня.

Рух - гэта мова. Змысел руху скаладае яго імя, а пасьлядоўнасьць станаў - яву. Мова руху ператварае слова ў дзею, "што" у "як", стан у плынь. Кожнае імя ў мове рухаў складае напрамак, ад зыходнага стану да цэлю.

Намер выбірае змысел і разгортвае яго ў рух. Воля гаворыць мовай руху.