Dec 28, 2014

Прастора явы

Мова руху мае справу толькі з колам прасьветаў. Усякі змысел бачыцца празь мярэжу знаку як прасьвет. А ўся паўната змыслу адпавядае паўнаце кола прасьветаў. Кола прасьветаў - гэта кола дзеяньняў. 

Рух злучае сабой два дзеяньні. Рух пачынаецца як намер зьмены, што яднае сабой два прасьветы, адно зь якіх мае стаць на месцы другога.

Рух, што злучае два рухі - гэта рух рухаў. Рух рухаў утварае прастору руху. Гэта дзеяньне, унутры якога адбываюцца іншыя дзеяньні.

Прасьветы, зьяднаныя рухам, называюцца крыламі руху, зьніковае - левым, а выніковае - правым.

Калі крыло руху само раскрываецца Дзеяй, яно можа абнаўляць свой зьмест і мець свой аповед. Такая прастора руху становіцца месцам руху.

Прастора, дзе кожны рух адкрываецца месцам завецца прасторай месцаў. Кожны яе прасьвет можа быць зьменены мовай руху.

Прастора руху расьце як дрэва, што кожны раз падзяляецца на дзьве галіны. Непаўторнае дрэва прасторы, што разварочвае ўсемагчымасьць прасьветаў, ўтварае мову прасторы. 

У мове прасторы любое месца можа быць знойдзена праз пасьлядоўнасьць прасьветаў, якія да яго вядуць. Пасьлядоўнасьць прасьветаў утварае імя месца.

Калі кола мае 32 прасьветы, імя крайніх прасьветаў прасторы можа быць скарочана да аднаго прасьвету.

Калі кожны крайні прасьвет прасторы раскрываецца новым дрэвам прасторы, утвараецца новы вымер прасторы. Імя месца складаецца з крайніх прасьветаў вымерыў.

Калі кола мае 32 прасьветы, любое месца трохвымернай прасторы будзе складацца з трох прасьветаў. Такая прастора мае 32 768 месцаў. 

Зьмест прасторы месцаў можа быць запоўнены іншымі прасьветамі. Такая прастора месцаў утварае прастору явы.

Калі прастора явы сама зьяўляецца дзеяй, кожная яе зьмена ўтварае аповед, і зьмест усяго аповеду застаецца даступным для аднаўленьня на вызваленым месцы.

Прастора явы, сама ўтвораная як выказваньне мовы руху, зьяўляецца дачынам загадаў мовы руху. Загад мовы руху воліць зьмяніць зьмест месца іншым прасьветам.

Прастора явы ўтварае тканіну, на якой можа быць выяўлены ўзор прасьветаў. Рэч зьяўляецца ў прасторы явы як пасьлядоўнасьць загадаў руху.

Рэч у прасторы явы - і ёсьць сама прастора ява. Перамяшчэньне рэчы - гэта зьмена зьместу прасторы явы. 

Рэч складаецца зь месцаў прасторы і вызначаецца іх зьместам. Зьмест месцаў абмежаваны колам прасьветаў.

Разам, крайні прасьвет прасторы і ягоны зьмест ўтвараюць адзінку, атам явы. Толькі адзінкі явы маюць быцьцё ў прасторы явы, рэч мае тут толькі выяву. 

Рэч утвараецца як пасьлядоўнасьць загадаў мовы руху. Рэч - гэта узор явы на тканіне явы. А імя рэчы - гэта тэкст, радно загадаў мовы руху, якія яе ўтвараюць.


Рэч, нарысаваная на прасторы явы, ня мае ў ёй адзінага месца, і таму ня мае там свайго быцьця. Яна мае адзінае месца толькі ў мове быцьця, дзе захоўваецца яе імя як радно загадаў руху.

Dec 23, 2014

Ключы

колькі гадоў мінула, што ўсе забылі калі
былі замкнутыя дзьверы і зьніклі гаспадары

куды растуляюцца брамы, каго спыняюць муры
хто вырабіў з золку явы ад іх залатыя ключы

дзе іх знайшоў твой позірк, як увайшоў сюды
як могуць з пачатку сьвету чакаць тут твае сьляды

Dec 19, 2014

Эўрапеец

Я лічу сябе эўрапейцам, чалавекам заходняга сьвету. Я выразна зразумеў гэта ў Індыі, дзе востра адчуў сябе асобным, іншым і чужым усяму вакол. Гэтую асобнасьць я называю асобай. Я цаню яе і не хачу ад яе пазбаўляцца. Для мяне каштоўна тое, што на ўсходзе лічаць ілюзіяй.
У Індыі, пасьля наведаньняў многіх бажніцаў, я зразумеў, што мае рэлігійныя перажываньні - гэта пачуцьці эўрапейскага чалавека. Я насамрэч не разумею, што адчуваюць у храмах індыйцы. І я думаю, што ім незнаёма тое трымценьне, якое мы адчуваем перад боствам.
У Індыі я зразумеў, што кахаю як эўрапейскі чалавек. Мае ўяўленьні пра каханьне паходзяць з казак пра рыцараў і прыўкрасных паннаў. Там я выразна адчуў, што пад аднымі імёнамі мы разумеем зусім іншыя рухі сьвядомасьці. І мне здаецца, што гэты вымер душы ім недаступны.
У мастацтве і мысьленьні я шукаю новага, а не дасканалага ўвасабленьня таго самага. Я разумею і суперажываю мадэрнісцкаму мастацтву, якое традыцыяналісты называюць вычварэньнем. Я знаходжу прыгожым і вартым першаснае і новае.
"Эўрапейскі" - для мяне - гэта перадусім прыметнік асобы, а не грамадзтва. Тое, як эўрапеец ушаноўвае боскае, кахае і суперажывае мастацтву - усё гэта вынікае з асобы. Быць эўрапейцам для мяне значыць быць асобным і першаснасным.
І як эўрапеец я ня бачу нічога эўрапейскага ў імкненьні адпавядаць "эўрапейскім" стандартам і нормам, жыць у люстэрку чужой сапраўднасьці. Нішто не здаецца мне больш аддаленым ад эўрапейскага духу, чым дабравольная другаснасьць, самапрыніжэньне перад усім "эўрапейскім", сама-калянізацыя.
Імкненьне адпавядаць эўрапейскім стандартам, жыць і рабіць так, як гэта робяць там, у сапраўдным цывілізаваным сьвеце, робіць з нас не эўрапейцаў, а калёнію Эўропы. Толькі ў адрозьненьні ад індзейцаў і афрыканцаў, мы робім гэта з сабой самі. Маючы поўнае права на ўласную эўрапейскую спадчыну.
Быць эўрапейцам - значыць насьледаваць спадчыну эўрапейскага духу, традыцыю першасных і сьмелых. Мы эўрапейцы, калі мы першасныя. Не тады, калі пераймаем заходнія тэхналёгіі, а тады, калі замахваемся на стварэньне ўласнага вялікага стылю, беларускай цывілізацыі.

Пачатак

Быць - значыць узьнікаць. Узьнікаць - значыць мець месца ўзьнікненьня, пачатак. Быць - значыць мець пачатак.

Рух, перамена месцаў, выконваецца на мове быцьця як пасьлядоўнасьць узьнікненьняў. У быцьці і зьнікненьне, і перамяшчэньне - гэта толькі ўзьнікненьне і рост.

Быцьцё не мяняе месца. Узьнікшы ў ім, яно ўжо не зьнікае, але само можа стаць месцам для іншага быцьця.

Месца, якое стаецца месцам, расьце ў глыбіню. Быцьцё толькі паглыбляецца. Таму месца - гэта толькі месца ўзьнікненьня.

Месца - гэта пачатак. І пачатак - гэта месца, радзіма. Месца нараджае.

Але быцьцё ня можа ўспрыняць свой пачатак. Быцьцё напрамлена наперад, і пачатак заўжды застаецца ў яго за сьпінай.

Для ўсяго, што зьяўляецца ў яго ўспрыманьні, яно ўжо само зьяўляецца месцам. І як пачатак яно ня можа ўбачыць сябе.

Усё, што зьяўляецца ў яго ўспрыманьні - гэта сувязь прычынаў і вынікаў, бясконцасьць якой забясьпечваецца самой мярэжай змыслу.

Але глыбіні быцьця, што раскрываюцца наперадзе, нібыта падказваюць, што і там, за сьпінай могуць быць такія ж бясконцыя глыбіні.

Відзея пачатку ўзьнікае як змысел прычыны сябе. Убачыць пачатак - гэта спроба зрабіць немагчымае - абярнуцца назад і ўбачыць месца свайго быцьця.

Але пачатак, што мае іншы пачатак, - гэта не пачатак, а працяг. Відзея пачатку - гэта змысел пачатку пачаткаў, прычыны прычын, месца ўсіх месцаў.

Відзея пачатку - гэта відзея самабыцьця і самаўзьнікненьня, быцьця месцам і пачаткам самому сабе. Толькі такі пачатак - гэта Пачатак.

І калі рост быцьця - гэта паглыбленьне і занурэньне, то дарога да Пачатку - гэта ўсплыцьцё на паверхню, да месца ўзьнікненьня ўсяго.

Месца ўтварае быцьцё ў сабе і ўтварае яго зь сябе. Гэта яго вытвор, яно зроблена зь яго як кубак зроблены з гліны.

Гэта сам Пачатак стае і расьце быцьцём. Гэта ён нырае ў сваю глыбіню і ўсплывае, выносячы зь яе скарб знаньня самабыцьця.

І той, хто ўсплывае да Пачатку, аказваецца самім Пачатакам. Як той, каго сьняць, аказваецца тым, хто сьніць.

Dec 14, 2014

Цэль

Быць - значыць мець месца, а быць цэлым - значыць мець адно месца. Калі быцьцё - гэта пытаньне месца, то цэласьць - гэта пытаньне яго адзінства.

Ёсьць толькі тое, што цэлае, што мае адно месца быцьця, адну радзіму. І толькі цэлае сапраўды заслугоўвае на дзеяслоў "ёсьць".

Тое, што складаецца з частак, можа быць цэлым толькі тады, калі ўсе яго часткі зьмяшчаюцца ўнутры яго. Толькі тады яно "ёсьць". У іншым разе "ёсьць" толькі яго імя.

Слоўнік быцьця, онталёґія - гэта выдзяленьне цэласьцяў і іх разьмяшчэньне адно ў адным. Гэта слоўнік цэласьцяў.

Мова ёсьць і ёсьць цэлай таму, што дрэва імён мае адзінае месца ў дзеі. Імя ёсьць і ёсьць цэлым таму, што мае адно месца на дрэве мовы.

Выказваньне - гэта паўтарэньне імені, рух па дрэве мовы. Чытаньне выказваньня - гэта таксама паўтарэньне імені, таксама рух па дрэве мовы. 

Толькі імя можа быць прачытанам, зьвераным з дрэвам мовы. Выказваньне мовы ёсьць і ёсьць цэлым таму, што можа быць прачытаным. 

Выказваньне мовы рухаў утварае дрэва рухаў, дзе адзін рух стаецца прасторай для іншых рухаў. Прастора ўтварае дрэва мовы, па якім усякі рух можа быць знойдзены і заменены.

Рэчыва - гэта якасьць прасторы, яе канчатковае напаўненьне. Адзінка рэчыва ёсьць і ёсьць цэлым таму, што мае адно месца на дрэве прасторы.

Рэч - гэта абрыс рэчыва. Гэта выказваньне мовы руху, выкананае ў  дрэве прасторы. Рэч выдзяляецца як цэлае, бо мае адно месца на дрэве прасторы.

Імя называе рэч, указваючы на яе месца. Рэч можна стварыць, перамясьціць, ператварыць, зьнішчыць, зьмяніўшы месца ў дрэве прасторы, назваўшы яе імя.

Цэлае - гэта тое, што мае цэль, адно месца, на якое ўказвае імя, называючы яго. Гэта тое, што можа быць знойдзена на дрэве мовы.

Цэласьць ствараецца мовай. Няцэлае ня ёсьць. Што ня мае цэлю, таго няма ў мове, таго сапраўды няма.

Dec 11, 2014

Радзіма

Першапачаткова "быцьцё" значыць узьнікненьне і нараджэньне. Дзеяслоў "быць" родны санскрыцкаму bhū (быць, узьнікаць), ад якога bhūmi (зямля) і старагрэцкаму φύω (нараджаць), адкуль φύσις (прырода) і "фізыка".

Узьнікненьне і нараджэньне парабуе месца. Быцьцё - гэта перадусім пытаньне месца. Быць - значыць месць месца. Быцьцю патрэбна крыніца, адкуль яно ўзьнікае і падстава, якая яго трымае. Месца нараджэньня завецца радзімай.

У быцьці ёсьць толькі ўзьнікненьне. І зьнікненьне тут - гэта ўзьнікненьне на месцы іншага ўзьнікненьня. Зьмяніць месца - гэта зьнікнуць у адным месцы і ўзьнікнуць у другім, і гэта ўжо іншае быцьцё.

З гледзішча быцьця чын "пастаўленьня на месца" выглядае складаным дзеяньнем: у адным месцы ўзьнікае быцьцё намеру паставіць, у другім месцы ўзьнікае быцьцё пастановы, а ў трэцім месцы ўзьнікае яго замена. І кожны раз яно толькі ўзьнікае.

У выпадку быцьця, адкуль, дзе і куды супадаюць назаўжды і ніколі не зьмяняюцца. Быцьцё быве, пакуль яго трымае месца. І зьнікае, калі на гэтым месцы ўзьнікае іншае быцьцё. Таму насамрэч яно толькі ўзьнікае, і ніколі не зьнікае. Радзіма - гэта несьмяротнасьць. Радзіма - яна адна і назаўжды.

Наша Радзіма - гэта месца, у якім мы ўзьніклі і зь якога нам не зысьці. Яна не перад намі, а за намі. Яна ня ўзоры краявідаў у нашых вачах, і нават не тканіна зроку, на якой яны зьяўляюцца перад намі. Яна - тая, хто трымае і нас, і іх, пакуль мы губляем іх са свайго погляду. Радзіма незаменная і безумоўная.

Знаньне быцьця - гэта вызначэньне месца быцьця. Вызначэньне месца - гэта пошук імені на дрэве імён. Імя - гэта месца быцьця ўзору. Мова - месца быцьця імён. Знаньне адкрывае Мову як месца месцаў, Радзіму Радзім.

Dec 7, 2014

Шрыфт "Узоры Свадзеі"

Шрыфт "Узоры Свадзеі" створаны для выражэньня знакаў змысловай прамовы, якую вывучае канструктыўная тэорыя сэнсу. Шрыфт зьмяшчае Open Type інструкцыі, якія, аднак, могуць працаваць не ва ўсіх праграмах і апэрацыйных сыстэмах.  


Шрыфт зьмяшчае абмежаваны нароб знакаў лацініцы, неабходных для хуткага набору падзеяў прамовы:

Падзея можа мець сем глыбіняў. Глыбіня адпавядае падзеі надмярэжы, што злучае сабой мярэжы аднаякага сувою. Глыбіні пазначаюцца знакамі адпаведных лікаў:

Раскрытая падзея - гэта падзея першай глыбіні. Раскрытыя падзеі набіраецца маленькімі літарамі.
Падзеі іншых глыбіняў набіраюцца як спалучэньне маленькай літары і адпаведнай лічбы (a2 c3 p7). Такім чынам утвараецца 49 знакаў:


Сем падзеяў складаюць мярэжу. Унутры мярэжы падзеі адасабляюцца адмысловым знакам крыжа:


Тоества падзеяў утварае сувой. Падзеі сувою проста запісваюцца пасьлядоўна:


Калі мярэжа сувою зьмяшчае іншыя раскрытыя падзеі, утвараецца развой. Падзеі развою запісваюцца ў дужках, прычым першай ідзе падзея сувою:


Акрамя таго, часткамі Узораў Свадзеі зьяўляюцца паўпадзеі. Паўпадзеі набіраюцца дадатковымі знакамі:


Шрыфт створаны такім чынам, што лацінскі актантны код лёгка пераводзіцца ў Узоры Свадзеі без усякіх зьменаў кадаваньня - простай заменай шрыфта:



Акрамя таго, шрыфт зьмяшчае неабходны набор кірылічных знакаў са шрыфта "Магута" для магчымасьці стварэньня асаблівага "псэўдокоду", што ўжываецца ў вучэбных мэтах:


Напрыклад:

Шрыфт распаўсюджваецца свабодна для некамэрцыйнага выкарыстаньня пад умовамі ліцэнзіі SIL Open Font License. Пры распаўсюджаньні вітаюцца спасылкі на аўтара і ягоны сайт.

Міхаіл Баярын
07.12.2014