Dec 14, 2014

Цэль

Быць - значыць мець месца, а быць цэлым - значыць мець адно месца. Калі быцьцё - гэта пытаньне месца, то цэласьць - гэта пытаньне яго адзінства.

Ёсьць толькі тое, што цэлае, што мае адно месца быцьця, адну радзіму. І толькі цэлае сапраўды заслугоўвае на дзеяслоў "ёсьць".

Тое, што складаецца з частак, можа быць цэлым толькі тады, калі ўсе яго часткі зьмяшчаюцца ўнутры яго. Толькі тады яно "ёсьць". У іншым разе "ёсьць" толькі яго імя.

Слоўнік быцьця, онталёґія - гэта выдзяленьне цэласьцяў і іх разьмяшчэньне адно ў адным. Гэта слоўнік цэласьцяў.

Мова ёсьць і ёсьць цэлай таму, што дрэва імён мае адзінае месца ў дзеі. Імя ёсьць і ёсьць цэлым таму, што мае адно месца на дрэве мовы.

Выказваньне - гэта паўтарэньне імені, рух па дрэве мовы. Чытаньне выказваньня - гэта таксама паўтарэньне імені, таксама рух па дрэве мовы. 

Толькі імя можа быць прачытанам, зьвераным з дрэвам мовы. Выказваньне мовы ёсьць і ёсьць цэлым таму, што можа быць прачытаным. 

Выказваньне мовы рухаў утварае дрэва рухаў, дзе адзін рух стаецца прасторай для іншых рухаў. Прастора ўтварае дрэва мовы, па якім усякі рух можа быць знойдзены і заменены.

Рэчыва - гэта якасьць прасторы, яе канчатковае напаўненьне. Адзінка рэчыва ёсьць і ёсьць цэлым таму, што мае адно месца на дрэве прасторы.

Рэч - гэта абрыс рэчыва. Гэта выказваньне мовы руху, выкананае ў  дрэве прасторы. Рэч выдзяляецца як цэлае, бо мае адно месца на дрэве прасторы.

Імя называе рэч, указваючы на яе месца. Рэч можна стварыць, перамясьціць, ператварыць, зьнішчыць, зьмяніўшы месца ў дрэве прасторы, назваўшы яе імя.

Цэлае - гэта тое, што мае цэль, адно месца, на якое ўказвае імя, называючы яго. Гэта тое, што можа быць знойдзена на дрэве мовы.

Цэласьць ствараецца мовай. Няцэлае ня ёсьць. Што ня мае цэлю, таго няма ў мове, таго сапраўды няма.

No comments:

Post a Comment