Dec 19, 2014

Эўрапеец

Я лічу сябе эўрапейцам, чалавекам заходняга сьвету. Я выразна зразумеў гэта ў Індыі, дзе востра адчуў сябе асобным, іншым і чужым усяму вакол. Гэтую асобнасьць я называю асобай. Я цаню яе і не хачу ад яе пазбаўляцца. Для мяне каштоўна тое, што на ўсходзе лічаць ілюзіяй.
У Індыі, пасьля наведаньняў многіх бажніцаў, я зразумеў, што мае рэлігійныя перажываньні - гэта пачуцьці эўрапейскага чалавека. Я насамрэч не разумею, што адчуваюць у храмах індыйцы. І я думаю, што ім незнаёма тое трымценьне, якое мы адчуваем перад боствам.
У Індыі я зразумеў, што кахаю як эўрапейскі чалавек. Мае ўяўленьні пра каханьне паходзяць з казак пра рыцараў і прыўкрасных паннаў. Там я выразна адчуў, што пад аднымі імёнамі мы разумеем зусім іншыя рухі сьвядомасьці. І мне здаецца, што гэты вымер душы ім недаступны.
У мастацтве і мысьленьні я шукаю новага, а не дасканалага ўвасабленьня таго самага. Я разумею і суперажываю мадэрнісцкаму мастацтву, якое традыцыяналісты называюць вычварэньнем. Я знаходжу прыгожым і вартым першаснае і новае.
"Эўрапейскі" - для мяне - гэта перадусім прыметнік асобы, а не грамадзтва. Тое, як эўрапеец ушаноўвае боскае, кахае і суперажывае мастацтву - усё гэта вынікае з асобы. Быць эўрапейцам для мяне значыць быць асобным і першаснасным.
І як эўрапеец я ня бачу нічога эўрапейскага ў імкненьні адпавядаць "эўрапейскім" стандартам і нормам, жыць у люстэрку чужой сапраўднасьці. Нішто не здаецца мне больш аддаленым ад эўрапейскага духу, чым дабравольная другаснасьць, самапрыніжэньне перад усім "эўрапейскім", сама-калянізацыя.
Імкненьне адпавядаць эўрапейскім стандартам, жыць і рабіць так, як гэта робяць там, у сапраўдным цывілізаваным сьвеце, робіць з нас не эўрапейцаў, а калёнію Эўропы. Толькі ў адрозьненьні ад індзейцаў і афрыканцаў, мы робім гэта з сабой самі. Маючы поўнае права на ўласную эўрапейскую спадчыну.
Быць эўрапейцам - значыць насьледаваць спадчыну эўрапейскага духу, традыцыю першасных і сьмелых. Мы эўрапейцы, калі мы першасныя. Не тады, калі пераймаем заходнія тэхналёгіі, а тады, калі замахваемся на стварэньне ўласнага вялікага стылю, беларускай цывілізацыі.

No comments:

Post a Comment