Калі Агонь узгадваецца ў Ведах, паэт зьвяртаецца да этымалагічнай і міфалагічнай рэчаіснасьці. Калі паэт Калідаса ўзгадвае ў вершы Агонь, ён упэўнены, што ягоны слухач супаставіць словы ня толькі з усімі вывучанымі ў маленстве напамяць гімнамі, але і з усімі прачытанымі гісторыямі Пуранаў, а таксама зь вершамі іншых знакамітых паэтаў яго часу.
Стыль Гамэра зьяўляецца высокім толькі ў перакладах. Ён называе рэчы сваімі імёнамі і скупы на загадкі. Але ўжо ў час Плятона кожнае старагрэцкае слова правяраецца на ўзгадваньне ў Гамэра, а чытач эліністычнай паэзіі зьвязвае слова з кантэкстам усёй антычнай літаратуры. Так адрозьніваюцца маладыя і старыя сутворы.
Цягам мінулага стагодзьдзя слова беларускага паэта зьвязвалася ў чатача галоўным чынам з чутымі народнымі песьнямі і паданьнямі. Звароты да эўрапейскага фонду памяці выглядаюць груба і недарэчна. Паэт старой сутворы мабыць мусіў бы разьлічваць на веданьне лацінамоўнага эпасу і старабеларуск хронік.
У канцы стагодзьдзя мы паспрабавалі ўвесьці ў літаратуру эўрапейскую перадсьмяротную асацыятыўнасьць. Але нельга пражыць тысячагодзьдзе за дзесяць год: чужыя асацыяцыі бясьсьледна зьнікаюць у маладой мове. Удалы верш усё адно гаворыць пра простыя рэчы і вялікія міфы. І тое, што бальшыня носьбітаў мовы бліжэйшыя сто гадоў будзе прыходзіць да нас звонку, гарантуе нам яшчэ доўгае шчасьлівае юнацтва, час нацыянальнай міфалогіі і этымалогіі.
Стварэньне пісьма для мовы - гэта нібыта рух насуперак плыні. Але толькі насуперак плыні часу чужых культур, што не нясе нам нічога, акрамя згубы самасьці і рашчыненьня. І зусім адпаведна часу нашага маленькага чалавецтва.
No comments:
Post a Comment