Jun 16, 2014

Князь сьвету

Дзіця да сямі гадоў мудрыя называюць князем. Зь яго зьяўленьнем мы ператвараемся у адданых дабравольных слуг. Празь яго праходзіць вось сьвету, усё круціцца вакол яго клопатам і абаронай. Усе вакол саступаюць зьнешняму сваю свабоду дзеля таго, каб поўную свабоду гульні і творчасьці меў ён. Напраўду, гэты безадказны свавольнік і гуляка і ёсьць змысел існаваньня сям'і, яе сяродак, дзеля яго яна толькі і сабралася разам.

Дух чалавека жыве ў целе не раўнаючы як свавольнае дзіця. Усе рукі, ногі, вочы і вушы стараюцца яму дагадзіць, і ў выпадку небясьпекі без сумневаў абракаюць сабой, каб ён не адказаў за свае няўзважаныя рашэньні. Уся гэтая грамада здоляў і абалонак ўвесь час старанна працуе, каб ён адчуваў сябе свабодным і мог дазволіць сабе жадаць.


Народ - вялікая сям'я. Тут дарослыя абракаюць сваім часам і сіламі, каб нехта зусім вольны гуляў у двары зь сябрамі, маляваў неверагодныя выявы і ўвесь час скакаў, хаця бы да сямі гадоў. Усе войскі і дзяржаўныя установы патрэбны толькі дзеля абароны і клопату пра іх, маленькіх вольных людзей. 


Народ - вялікае цела. І як сяродак істоты не ў руках і не ў нагах, а ў свабодзе і сваволі самога сябе, так і сяродак народу не ў галоўным вайскаводзе і не ў галоўным сьвятары, а ў свабодным чалавеку, князю сьвету, якому ўсе яны служаць. Толькі свабодны можа ствараць, любіць і абракаць сабой.

No comments:

Post a Comment