Jun 16, 2014

Гарышча

У маленстве летам у вёсцы на гарышчы ў лазьні ў мяне быў свой схоў. Я забіраўся туды і апынаўся па-за ўсім, недаступны нікому, і ўвесь сьвет распасьціраўся перада мной.

Там я рабіў толькі тое, што вырашыў рабіць я сам. Напрыклад, меч. Праблема выбару зыходзячы толькі з самога сябе была для мяне галоўнай. Мне здавалася прыніжальным мець іншыя прычыны сваіх дзеяньняў, акрамя сваіх рашэньняў. Што я толькі не рабіў, каб даказаць сабе сваю свабоду. Тады сваім прынцыпам я зрабіў не паведамляць нікому пра свае рашэньні, а толькі паказваць вынікі.

Мне ніколі не пераказаць тыя бездані думкі, якія разгортваліся перада мной у 12 гадоў, калі я быў па-за ўсім. Свабоду самазыходжаньня і быцьцё па-за ўсім я зрабіў тады сваім радыкальным праектам і плянам жыцьця. Зыйсьці з чалавецтва, дзе ўсё маё жыцьцё загадзя вызначана, у чыстую свабоду і самоту, зьнішчыць усе свае згадкі і сьляды.

І цяпер, каб мысьліць свабодна, мне патрэбна гэтае гарышча па-над усім, куды я сыходжу з чалавецтва, дзе перада мной распасьціраецца ўвесь сьвет.

No comments:

Post a Comment