Як ня трэба яднаць бытнае ў мора існага, яно і так адзінае, так ня трэба яднаць людзей у мора чалавецтва, і так зьяднанае. Калі зьяднаць бытнае ў існае, настане канец быцьця, бытнае расчыніцца ў сваім пачатку. Калі зьяднаць людзей у адзінае чалавецтва, настане канец людзей, чалавек расчыніцца ў сваім пачатку.
Вусень - гэта мова вусьня, а мятлік - гэта мова мятліка. Калі вусень ператвараецца ў мятліка, гэта мова вусьня ператвараецца ў мову мятліка. Народ - гэта поўнае чалавецтва, уся мова чалавецтва. Кожны народ насьледуе і перапісвае мову Вялікага Продка. Народамі чалавецтва расьце ўва ўсе бакі адразу. Кожны народ творыць сваю таямніцу і можа стаць яшчэ небывалым птахам у небе Духу.
Яднальнікі чалавецтва хочуць збудаваць мову з народаў, што будзе кіраваць народамі так, як мова народу кіруе людзьмі. Гэта стварэньне народу народаў, і каб збудаваць яго, патрэбна ўлучыць у яго эліты паняволеных народаў. Пазбытыя сваёй волі народы будуць пасьвіцца, а яны будуць іх стрыгчы. Гэта пчолы, што крадуць чужы мёд.
Стварэньне такой мовы - гэта галеча чалавецтва. Гэта такая ж творчасьць, як яднаньне ўсяго што ёсьць у адно існае. У такой мове народы страцяць сваю свабоду і тайну. Без магчымасьці кіраваць сабой, мяняць сваю мову, ім ніколі ня стаць птахам у небе Духу, не перапоўніцца сабой і ня ўбачыць народы-нашчадкі. У мове імпэрыі чалавек ніхто і зваць яго ніяк, а продкі ягоныя падаюць у пекла забыцьця. Дзеля росту чалавецтва нам няма чаго рабіць у любых імпэрыях.
No comments:
Post a Comment