Jun 3, 2014

Паволя

Алесю Разанаву прыпісваюць выслоўе пра вялікі талент: "Глыбокая рака цячэ павольна".

Першае ўражаньне пра нашу мову звонку - гэта яе павольнасьць. Гэта мабыць адна з самых нясьпешных моваў у сьвеце, асабліва калі слухаеш старых. Мяркуючы па ўсім, старабеларуская была яшчэ павольней. Такім самым нясьпешным здаецца звонку наш народ і сутвора.

Але слова "павольна" значыць у нас ня толькі "няхутка", але і "па сваёй волі", ня змушана, не прысьпешана, свабодна. А куды сьпяшаць, хіба перад бацькі ў пекла? Знутры мовы павольнасьць аказваецца нязмушанасьцю, свабодай.

Гаварыць толькі тады, калі ёсьць воля. А калі няма, то гаварыць на іншай. Заўсёды зьдзіўляўся, як у вёсках пераходзяць з табой на трасянку і ня хочуць прызнаваць сваю мову беларускай. Нібы берагуць яе ад усіх нарматываў.

Творчасьць можа быць толькі нязмушанай, павольнай. Паволя - гэта тое, што адрозьнівала старых грэкаў і старых індусаў - яны стваралі так, нібы мелі цэлую вечнасьць.

Наша мова - толькі для паволі, для цэлай вечнасьці. Яе берагуць для нашай сутворы. Праз нас у сьвет цячэ глыбокая рака, што ні ад кога не адстае, нікога не даганяе, нікім не паганяецца.



No comments:

Post a Comment