Mar 30, 2011

Самакменьне

Ш́рі̄ Ш́ан̇кара-а̄ча̄рйа

Чаканае прагнымі волі, спакойнымі, збытымі страсьці,
жарбою згубцамі ган, самакменьне сьцьвярджаецца гэта. |1|
Між іншых сродкаў дасягу кем толькі - сродак вызволі;
як гатаваць без агню - не дасягчы вызволі бяз знаньня. |2|
Бо чын, неварожы аблудзе, няведаньне не выдаляе,
толькі веда зьнішчае няведу, як пры стрэчы зьзяньня і цемры. |3|
Нібы схаваны нязнаньнем, па згубе яго зноў адзіны
Сам сабой сябе асьвятляе, як сонца па хмараў сыходзе. |4|
Душу, што ў брудзе нязнаньня, спазнаньнем зрабіўшы бясплямнай,
знаньне само мае зьнікнуць, як у чыстай вадзе пыл катакі. |5|
На сон бо падобна суплынь, супоўная гіды і жады,
як сьніцца, здаецца істотай, з прабудай стаецца нябытам. |6|
Датуль сьвет здаецца істотай, як срэбрам здаецца пярліна,
покі Род ня будзе спазнаны ўсяго чыста нядвойнай асновай. |7|
У апоры ўсяго і прычыне, ўладары навышнім, сусьветы
узьнікаюць, існуюць і гінуць, як бурбалкі ў пеністых водах. |8|
З сама-існа-чуйнага Вішн̣у, які паўсюль і заўсёды, 
усе розныя ўтвораны зьявы, як із золата зроблены ўкрасы. |9|
Як прастора пан здоляў выбытны прымае мноствы адзеяў,
іх падзеламі нібы падзельны, ізноў па іх згубе адзіны. |10|
Пад уладай мноства адзеяў пароды, аселі і станы
на Сябе накладаюцца толькі, як смакі і кветы на воды. |11|
Зь велябыту, што мае пяць частак, субытае, зьбертае чынам,
цела месцам спажывы уцехі й пакуты завецца. |12|
Што мае пяць дыхаў і мысел, кем і дзясяцера здоляў,
вытвор непяцёрнага быту, цела тонкае - сродак спажывы. |13|
Беспачатна і неапісальна няведа - адзея прычыны,
Іншым ад гэтае тройцы адзеяў Сябе уважацьме. |14|
Улучаны ў сховаў пяцёра утвораным зь іх падаецца
Сам чысты, як на адзежы чорным крышталь падаецца. |15|
Схаванага ў цела балоны зьвязкаў лушчэньнем належыць
Сябе нутранога ачысьціць як зерне рыжоў ад паловы. |16|
Бо Сам заўсёды паўсюдны зьзяе ня ўсюды выяўна,
у кменьні толькі відочны, як Месяца ў перлах адсьветак. |17|
Розным ад цела і здоляў, мыслу, кему й пратворы
ведаць належыць Сябе, як пана, іх дзеяў назорцу. |18|
Калі здолі занятыя чынам, Сам здаецца занятым таксама
няцямным, як Месяц між хмараў рухомых, здаецца рухомым. |19|
Ад сама-чуваньня залежна цела, кем, мысел і здолі,
свае цэлі чыну сягаюць, як людзі залежна ад сонца. |20|
Чын з кметамі здоляў і цела надаецца бязрозна таму, хто
сама-існа-чуйны, бясплямны, як цемра ноччу нябёсам. |21|
Зь нязнаньня мысловай адзеі надаюць Сабе чыньнікаў станы,
як Месяцу, віднаму ў плыні, ўдаецца плынь і рух водаў. |22|
Страсьці, жаданьні, ўцехі, пакуты збываюцца ў кменьні,
у сьненьні глыбокім зьнікаюць, не Сабе яны ўласны, а кему. |23|
Як сонца - ў сьвятле, у сьцюжы - вады, як полымя - ў пале,
гэтак свабыт Сябе ў вечнай чысьціні існа-чуйна-шчасьця. |24|
Сябе існа-чуйнага частку і кменьня дзею злучыўшы,
нярозьненьне гэтых абодвух распачынае "Я знаю". |25|
Няма Сябе вытварэньня, і ў кеме ня маецца кменьня,
душа, зазнаўшы ўвесь бруд, яго лічыць знаўцам і зорцам. |26|
Прыняўшы Сябе за жыўца, як у страху зьмяю за вяроўку,
“Не жывец я, а Сама-навышні”, - так знаючы, збавіцца страху. |27|
Адзін Сам асьвятляе здолі, кем і мысел, нібыта сьвечка,
што сама збаны асьвятляе, і не асьвятляецца імі. |28|
Для кменьня Сябе ня трэба кменьня іншага, Сам ёсьць кменьне,
як іншай сьвечкі ня трэба для асьвятленьня сьвечкі. |29|
Ўсе адзеі адмовіўшы сказам "Ня гэта, Ня гэта”, належыць
веляказамі ўведаць адзінства Сама-вышняга й Сама-жывога. |30|
Ад няведы да цела, што відна, усё гэта зьнікома як пена,
ад Сябе мае ўведаць адрозным, "я чысты Род” веляказам. |31|
Бо іншы ад цела, ня маю народзінаў, старасьці, сьмерці,
бо іншы ад здоляў, ня маю абсягамі здоляў зьвязаньня. |32|
Бо іншы ад мыслу, ня маю болю, страсьці, страху, агіды,
“Я сьветлы, ня дых, ня мысел" - загадвае Слова сьвятое. |33|
Бяскметны, бязьдзейны, вечны, безадменны і беззаганны,
безвытворны і безвыяўны, бясплямны, заўсёды я вольны. |34|
Я ўсё, і ўнутры, і звонку, паўсюль, як прастора, нязьменны,
заўсёды ўсёроўны, поўны, нязьвязны, нярушны, чысты. |35|
Адзін, вечны, чысты і вольны, непадзельны, шчасны, нядвойны,
ісьціна, знаньне, бясконцасьць - я той Род найвышэйшы. |36|
Так у паўторы станоўны "Я толькі Род” запаміну
нішчыць расьсевы няведы, як лекі нішчаць хваробы. |37|
Сеўшы ў самоце, бязжарсны, кім пераможаны здолі,
аднога Сябе мае бавіць бязьмежным неіншацэльна. |38|
У Сабе ўсё чыста, што відна, дабракемны, розумам зьліўшы,
аднога Сябе мае бавіць чыстай заўсёды прасторай. |39|
Пакінуўшы явы і кветы ўсе, веднік апошняга змыслу,
супоўны чуваньня і шчасьця тады набывае сваяву. |40|
Знаўца, знанага й знаньня падзелу няма ў Сама-вышнім,
адна чуйнага й шчаснага ява, таму Сам Сябе асьвятляе. |41|
Калі церці гэтак станоўна запалкі Сябе засяродам,
узьнятае полымя знаньня усе дровы спаліць няведы. |42|
Перш знаньне нібы сьвітаньне далае суцэльную цемру,
затым Сябе Сам паяўляе, нібы праменісты сьветач. |43|
Хаця Сам заўсёды наяўны, зь няведы здаецца ён зьніклым,
а па згубе яе бы набыты, - як на шыі ўласнай каралі. |44|
Нібы слуп здалёк чалавекам, жывым бытам Род падаецца,
калі ж бачаць тойсную яву, адно ў другім спанікае. |45|
Узьніклае зь перабываньня ў сваявы тоестве знаньне
скора "я" і "маё" выдаляе, як поблыт сьвету старонаў. |46|
У Сабе ўвесь сьвет без астачы яднар, што пэўны ў вызнаньні,
бачыць адзіным Сабою, зерачы вокам ізнаньня. |47|
“Увесь гэты сьвет - толькі Сам, няма кром Сябе анічога" -
ўсё чыста Сабой толькі бачыць, як з гліны збаны ды судзіны. |48|
Тагавед, жывы і свабодны хай адзеяў старых кіне кметы,
існа-чуйна-шчаснага явай хай стане, як з вопрадня мятлік. |49|
Пераплыўшы мора аблуды, мноствы чортаў-страсьцяў забіўшы,
зьяднаны, ў спакоі тойсамы зьзяе яднар самашчасны. |50|
Мінучыя вонкія ўцехі пакінуўшы, сама-здавольны,
як сьвечка ў збане асьвятляе нутро сваё ён самастойны. |51|
Маўчар, прысутны ў адзеях, іх правам няплямны, як неба,
усёведны жыць можа як дурань, і нязьвязны ляцецьме як вецер. |52|
Маўчар па растаньні адзеяў у Вішн̣у ўвойдзе бязрозна,
як вада ў ваду, неба ў неба, як сьвятло ў сьвятло без астачы. |53|
Больш няма ад якога дасягу, больш няма ад каторага ўцехі,
больш няма ад каторага знаньня, уважаць тое Родам належыць. |54|
Больш няма ад якога, што бачыць, больш няма па якім зноў-бываньня,
больш няма ад якога, што знаці, уважаць тое Родам належыць. |55|
Скрозь поўны, ўверсе і ўнізе, існа-чуйна-шчасны, нядвойны,
адзіны, бясконцы, вечны, уважаць тое Родам належыць. |56|
Ў ведазьвершах у яве адмоўя што ўказана нязьменнае тое,
адно суцэльнае шчасьце, уважаць тое Родам належыць. |57|
Да часткі шчасьця дапаўшы, таго, які ўвесь і ёсьць шчасьце,
ўсе створы, ад самага Роду, усе шчасныя ў рознае меры. |58|
Зь ім лучны ўсе чыста рэчы, усе сувязі рэчаў ім лучны,
таму ўседасяжны той Род, як ва ўсім малацэ быве масла. |59|
Немалы, невялікі, нядоўгі, некароткі, няўзьніклы, нязьменны,
што бязь явы, кметы і назвы, уважаць тое Родам належыць. |60|
Чыім зьзяньнем сьвятляецца сонца, які не асьвятляецца сонцам,
чым гэта ўсё робіцца відным, уважаць тое Родам належыць. |61|
Які ўсюды ўнутры і навонках, які сам увесь сьвет асьвятляе,
зьзяе Род як жалезная куля ў вагні расьпячоная жарам. |62|
Род ад сусьвету адрозны, і няма кром Роду нічога,
калі іншым нешта здаецца, гэта зман, як мара ў пустэльні. |63|
Усё, што бачна і чутна, ня быцьме іншым ад Роду,
знаньнем тоества гэта ёсьць Род, існа-чуйна-шчасны, нядвойны. |64|
Сама-існа-чуйнага бачыць паўсюдным вокам ізнаньня,
і ня бачаць вокам нязнаньня, як сьляпыя бліскучае сонца. |65|
Ачышчоная ў полымі знаньня, запаленым слуханьнем ведаў,
душа, пазбытая бруду, сама нібы золата зьзяе. |66|
Сам, узыйшлы ў нябёсах сэрца - цемразгубнае сонца кменьня, 
ўседасяжны і ўсеапорны сьвеціць і ўсё асьвятляе. |67|
Незалежна ад месца, краю і часу паўсюднага, 
згубцу болю, прачыстага, вечна шчаснага,
хто шануе ў прошчы Сябе самога, ўсе дзеі кінуўшы,
усёведны хай стане, паўсюдны, ад сьмерці вольны. |68|

ОМ Існае Тое

Пераклаў з санскрыту Міхаіл Баярын.

2 comments:

  1. як агня - жар

    мо: як агнЮ - сквар?

    ReplyDelete
  2. і праўда, дзякуй, паправіў

    ReplyDelete