Mar 2, 2011

Імя пачатку


Ом - першы гук, які гаворыць немаўля, гук, які мычаць сьвятарныя каровы у Індыі, гук, якім пачынаюцца ўсе мантры і гімны Ведаў. Слова praṇava, якім называецца склад ом, утвараецца ад прыстаўкі pra (наперад) і кораня nu, што мае два асноўныя сэнсы - "зрушвацца зь месца, пачынацца" і "праслаўляць". Ад яго ўтвараюцца словы nava і navīna (новы), а часьціца nu значыць "цяпер, вось, ну". Пран̣ава значыць "абнаўленьне, пачынаньне з пачатку" і "праслаўленьне". Гэта знак звароту да пачатку, сымбаль сана̄тана-дгармы, ведавай спадчыны. praṇavaḥ sarvavedeṣu śabdaḥ khe pauruṣaṃ nṛṣu - "Я ў ведах пран̣ава, ў людзях людзкасьць, слова ў прасторы" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 7.8). Што значыць "ом" і чаму ён лічыцца сьвятарным?

Для сучаснага чалавека, звыклага да супрацьстаўленьня культуры і прыроды, мова ўспрымаецца як нешта штучнае, ненатуральнае, што адрозьнівае яго ад жывёлаў і вылучае з засталага сьвету. Наадварот, у упанішадах мова пералічваецца часам сярод здоляў (indriya), прыродных здольнасьцяў чалавека, разам са зрокам, слыхам, дотыкам, нюхам.

Нават не прыкладаючы высілкаў, проста дыхаючы, чалавек увесь час гаворыць два гукі - so'ham ("я той"). Каб вымавіць гук, ён адкрывае рот і напружвае галасавыя зьвязкі, і дых (prāṇa) ператвараецца ў гук, які на слых успрымаецца як a. Калі, вымаўляючы a, узьняць сьпінку языка да сярэдняга нёба, той самы гук будзе гучаць як i. Калі самкнуць вусны да маленькага кола, той самы гук будзе чутны як u. Калі амаль дакрануцца языком да сярэдняга нёба, ён ператворыцца ў ya, а калі дакрануцца цалкам, то стане ca. Так, зьмена меры - месца і высілкаў вымаўленьня - утварае з аднаго гуку ўсе засталыя, увесь альфабэт гукаў. І хаця яны ўспрымаюцца як асобныя літары і фанэмы, для граматыста яны - аформлены жыцьцёвы дых (prāṇa). Адзінае і першаснае, што сталася ўсімі гукамі мовы, не перастае быць сабой, калі зьмяняецца мера, што накладаецца на яго.

Дачыненьні выявы і змыслу абавязковыя (nitya). Выява абавязкова зьяўляецца выявай змыслу, і змысел абавязкова зьяўляецца змыслам выявы. Не бывае выявы бяз змыслу і наадварот, няма змыслу без выявы, хаця адносіны іх могуць быць не зусім простымі. Гукі мовы ня могуць ня мець змыслу, бо маюць выяву.

Утварэньне альфабэту гукаў у роце чалавека зьяўляецца праявай на ўзроўні грубай мовы (vaikharī) больш тонкага ўтварэньня змыслаў у роце змыслаў. Як з дыху ўзьнікае гук, а зь першага гуку празь зьмену меры ўзьнікаюць усе засталыя гукі, утвараючы кола фанэмаў (varṇa-cakram), так з адзінага змыслу празь зьмену меры ўзьнікае альфабэт змыслаў, спалучэньне якога далей дае змыслы каранёў і афіксаў. Іх спалучэньне ў сваю чаргу ўтварае словы, якія даюць бясконцую колькасьць магчымых выказваньняў. Прыгэтым адзіны першасны змысел (parā vāk) заўсёды застаецца і нікуды не зьнікае на ўсіх узроўнях праявы мовы, як першасны гук нікуды не зьнікае ўва ўсіх словах мовы. Ён незаўважны, як незаўважны дых, пры вымаўленьні гукаў, як незаўважныя гукі, калі ўспрымаюцца змыслы. mātṛkā - матрыца змыслаў - гэта рот змыслаў, які спараджае альфабэт змыслаў, накладаючы меру (mātrā) на першасны і адзіны змысел.

Адзінкай разуменьня і выяўленьня змыслу зьяўляецца выказваньне (vākyam). Яно валодае цэласьцю змыслу. Сказ складаецца з словаў, словы ўтвараюцца з асноваў і афіксаў, асновы ўзыходзяць да каранёў ці часьціцаў. Прыгэтым агульны змысел каранёў і асноваў абмяжоўваецца, удакладняецца змыслам афіксаў. Карані ўтвараюцца спалучэньнем гукаў альфабэту, абмяжоўваючы іх яшчэ больш агульны змысел. Утварэньне гукаў абмяжоўвае адзіны першачатковы змысел, пачатак мовы.

Першапачаткова гэты ўзровень мовы быў такім жа дзейным, як цяпер утварэньне сказаў з абмежаванага слоўнікавага запасу. Для рышы, пачынальнікаў мовы, усе ўзроўні мовы былі творчымі і дзейнымі. Для іх нашчадкаў узровень утварэньня каранёў ужо ператварыўся ў гатовы слоўнік першаэлемэнтаў, але захавалася творчасьць на засталых узроўнях. Сучасны чалавек апусьціўся на апошнюю прыступку словаўтварэньня, калі набор гатовых, адарваных ад першакрыніцы змыслу словаў, спалучаецца паміж сабой на гарызантальнай роўніцы ў рознай пасьлядоўнасьці.

Змысел выказваньня зьяўляецца вынікам спалучэньня змыслаў словаў, якія ў сваю чаргу задаюцца спалучэньнем сэнсаў каранёў і афіксаў, утвораных спалучэньнем сэнсаў гукаў. У такім разе сэнс любога, нават вельмі складанага, выказваньня ўрэшце выяўляецца толькі спалучэньнем элемэнтаў альфабэту змыслаў. Тады ўсякі "зьнешні" і "ўказальны" змысел перастае быць зьнешнім змыслам, а ўсякае зьнешне-скіраванае спазнаньне выяўляецца толькі адбіткам і чарговай наперад зададзенай сфармаванасьцю (saṃskāra). Тады цэлем спазнаньня канчаткова стаецца альфабэт і матрыца змыслаў. Гэты сьцег вядзе да пачатку мовы і выводзіць з-пад улады яе нутраных межаў.

Каб вымавіць пран̣аву, трэба шырока раскрыць рот, і вымаўляючы галосны, пакрысе закрыць яго, скончыўшы доўгім насавым гукам (anusvāra). Уся мова зьмяшчаецца ў альфабэце мовы, усе змыслы мовы зададзены альфабэтам змыслаў. Усе гукі мовы зьмяшчаюцца ў гэтым руху ад адкрытага да закрытага роту пры вымаўленьні пран̣авы. Усе змыслы мовы зьмяшчаюцца ў змысьле гэтага сьвятарнага складу. Гук ом азначае śabda-brahman, адзіны першасны змысел, праяўлены як сусьвет. Ом значыць вышэйшую мову (parā-vāk), якой пранікнуты і ў межах якой адбываюцца ўсе ўзроўні праявы. Гаворачы ом, зьвяртаюцца да пачатку ўсяго, называючы яго імя.

īśvara-praṇidhānād vā. kleśa-karma-vipāka-āśayair a-parāmṛṣṭaḥ puruṣa-viśeṣa īśvaraḥ. tatra nir-ati-śayaṃ sarva-jña-bījam. pūrveṣām api guruḥ kālena an-avacchedāt. tasya vācakaḥ pra-ṇavaḥ. taj-japas tad-artha-bhāvanam. tataḥ pratyak-cetanā-adhigamo 'py antarāya-abhāvaś ca - "Або ад пакладаньня на Ўладара. Уладар - першачалавек, пазбыты залежнасьці ад болю, што ўзьнікае ў выніку высьпяваньня пладоў кармы. У ім найвышэйшае семя ўсякага знаньня. Ён настаўнік нават першых настаўнікаў, бо не абмежаваны часам. Яго імя пран̣ава. Паўтарэньне яго імя вядзе да выяўленьня яго змыслу. Ад выяўленьня яго змыслу ўзьнікае непасрэднае ўспрыманьне ісьціны і адсутнасьць перашкодаў" (Патаньджалі, Йоґа-сӯтры, 1.23-29).

No comments:

Post a Comment