Mar 23, 2011

Неруш


Чытаньне кожнага ведычнага гімну пачынаецца з пран̣авы і сканчаецца патройным усклікам - śāntiḥ śāntiḥ śāntiḥ. Слова śānti значыць "спакой, мір, канец". Яно ўтвараецца ад кораня śam (upaśame - "супакойвацца, заціхаць, сканчацца") афіксам ktin. Калі пран̣ава зьяўляецца іменем пачатку, то ў чым сэнс такога канца?

Спакой - гэта адсутнасьць руху, неруш, нязьменны стан. У корані śam гучыць гук ma, які значыць меру (māna). Нерухомае - мера рухомага. Адносна нерухомага адбываецца рух, таму ён у прынцыпе рух па коле. Час і прастора - час і прастора руху. Таму ў цэнтры кола ёсьць чароўнае нерухомае месца, dhruvam, у якім няма працягласьці, ні часу, ні прасторы. З гледзішча восі ўсё бачна адразу, увесь час і ўся пратора. Чым далей ад восі, тым хутчэйшы рух, тым скарэйшы час. Таму спакой - цэнтральны восевы стан.

Але з гледзішча руху спакой - гэта яго адсутнасьць, нішто, пустата. Гук śа, што гучыць у корані śam, значыць пустату (śūnyam). Такога месца, дзе няма ні прасторы, ні часу не існуе. Але кола відавочна круціцца, і ў яго ёсьць цэнтар. Таму спакой - станоўчая дзейная пустата, яўнае нішто. Sad-asat-param - вышэйшае за існае і няіснае.

nāsad āsīn no sadāsīt tadānīṃ (Ṛg-veda 10.129.1) - "Не было тады ні існага, ні няіснага". Тут ужываецца адзін з традыцыйных спосабаў выказаць невыказнае. Робіцца сьцьвярджэньне, прыкладам, matsthāni sarvabhūtāni - "усе быты ўва мне" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 9.4), пасьля сьцьвярджэньне адмаўляецца - na ca matsthāni bhūtāni - "але не ўва мне ўсе быты" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 9.5), і тое, што застаецца - і ёсьць пасланьне, сапраўдная мэта ўсяго выказваньня. Таму "ні існага, ні няіснага" значыць немагчымасьць кваліфікацыі - "тое, што было, не было ні існым, ні няісным". Любы рух выяўляецца зрухам, адыходжаньнем ад першапачатковага стану, паколькі ёсьць толькі ў параўнаньні зь ім. Таму спакой - першачапачатковы стан, нерухомы выток руху.

І хаця хуткае і кароткае жыцьцё чалавека прабягае нібыта далёка ад нябеснай восі, чалавек носіць месца пачатку і цэнтар сьвету ў самім сабе. У спакоі чалавек дасягае цэнтру сябе. Адобва цэнтры, маленькага кола чалавека і вялікага кола сьвету, якасна супадаюць, бо няма ні розьніцы, ні мяжы, ні адлегласьці паміж двама нерухомасьцямі. Паміж двума коламі праходзіць вось і ўтвараецца вялікі воз. Спакой выяўляецца для чалавека шляхам да пачатку, па якім ён ідзе сам (svayam), да сябе з дапамогай сябе (ātmanātmānam).

Спакой значыць канец, вяратаньне ў першачатковы стан. Толькі пасьля зруху ён можа атрымаць сваё імя. Гэта рух у адваротным кірунку, і ў гэтым змысьле спакой зьяўляецца іменем ініцыяцыі, вяртаньня да пачатку, нараджэньня назад. Слова śānti - выяўляе сутнасьць і каштоўнасьць ведавай традыцыі.

yogaś citta-vṛtti-nirodhaḥ. tadā draṣṭuḥ sva-rūpe'vasthānam. vṛtti-sārūpyam itaratra - "Йоґа (задзіночаньне) - гэта спыненьне руху (vṛtti) сьвядомасьці (citta). Тады адбываецца ўсталяваньне зорцы ў самім сабе (у сваёй яве). Інакш - яго падабенства да руху. (Патаньджалі. Йоґа-сӯтры, 1.2-4) Слова vṛtti азначае колавы, адносны рух, зварот, вярчэньне, аддаленьне ад першапачатковага стану. Любы рух сьвядомасьці, яе зьмяненьне ёсьць vṛtti. Слова yoga ўтвараецца ад кораня yuj (злучаць) і значыць дасягненьне адзінства, якое разумецца як дасягненьне ўласнай перашапачатковай прыроды, у адваротнасьць любой яе трансфармацыі. Тры галоўныя ступені йоґі - dharaṇā (ўтрыманьне ўвагі), dhyānam (роўная плынь увагі) і samādhi (супадзеньне) зьяўляюцца рознымі ступенямі спыненьня руху.

У такім разе śānti, спакой, адсутнасьць руху - назва ўласнай прыроды чалавека. nityaḥ sarvagataḥ sthāṇur acaloyaṃ sanātanaḥ. avyaktoyam acintyoyam avikaryoyam ucyate - "Вечны, паўсюдны, станоўны, заўсёдны ён, непарушны. Невыяўны ён і нямысны, яго невытворным лічаць" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 2.24-25).

eṣā brāhmī sthitiḥ pārtha naināṃ prāpya vimuhyati, sthitvāsyām antakālepi brahmanirvāṇam ṛcchati - "Такі стан брагман̣а, Па̄ртха, дасягшы яго, не блукае, пры сконе ў ім стаўшы нават, у неруш брагман̣а рушыць. (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 2.72) Слова nirvāṇam азначае "адсутнасьць ветру" паводле сӯтры Па̄н̣іні (8.2.50 nirvāṇo vāte), але паколькі тут гаворка ідзе пра брагман̣а, слова трэба разумець этымалягічна як "адсутнасьць руху" (паводле сэнсу кораня vā - gati-gandhanayoḥ).

Ш́а̄нті - гэта svāsthya (самастойнасьць, самавалоданьне, здароўе), першапачатковае восевае становішча сьвядомасьці, мэта і каштоўнасьць ведычнай традыцыі, кола сана̄тана-дгармы. Сёньня галоўным рухавіком жыцьця сталася адваротнае - аттракцыя, прыцягненьне і крадзеж увагі сьвядомасьці. Чалавеку прапаноўваюцца ўсе магчымыя відовішчы ў абмен на яго ўвагу. Кожнае імгненьне яго разрываюць на часткі і клічуць у розныя бакі ўсемагчымыя забавы. Яго ўвага - самы каштоўны тавар і грашовая адзінка. Такое грамадзтва "не ў сабе" (a-svastha), аб'ект выцягненьня і здабыцьця энэргіі. nāsti buddhir ayuktasya na cāyuktasya bhāvanā, na cābhāvayataḥ śāntir aśāntasya kutaḥ sukham - "Неяднаны розум ня мае, няма ў неяднанага творства, нятворчы ня мае спакою, адкуль неспакойнаму шчасьце?" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 2.66) Але ўвесь гэты рухавік разам можа быць спынены сілай безуважнасьці і спакою, якую кожны мае ў сабе сам.

No comments:

Post a Comment