Акрамя шырокай адменнасьці, адной з малазразумелых для сучасьніка рысаў вйа̄каран̣ы зьяўляецца множная этымалёгія. Хаця прыманьне некалькіх утварэньняў аднаго слова можна палічыць адной зь відаляў адменнасьці, насамрэч гэта нешта адваротнае. Добра вядомы выпадак, калі адна выява ўжываецца ў розных змыслах і лічыцца прыгэтым рознымі словамі, што маюць аднолькавую выяву (sarūpa). Але выпадак множнай этымалёгіі іншы - тут адна выява, маючы рознае ўтварэньне і адрозьненьне ў змысьле, лічыцца тым ня менш адным словам.
Такія словы - у асноўным словы-загадкі, пакінутыя ведавымі паэтамі нашчадкам. Іх утварэньне было пытаньнем ужо ў час Па̄н̣іні і Йа̄скі (аўтара нірукты). Калі нірукта (этымалёгія) цалкам прысьвечана іх разгадваньню, то Па̄н̣іні ў Aṣṭādhyāyī пра іх утварэньне фармулюе адну сӯтру - uṇādayo bahulam 3.3.1. Калі каротка, то: "uṇ і далейшыя афіксы - разнастайна". Сӯтры пра гэтыя афіксы вынесены з Aṣṭādhyāyī ў асобны твор - Uṇādi-sūtāṇi, пра аўтарства якіх спрачаюцца. Тэкст дайшоў у некалькіх рэдакцыях, што моцна розьняцца між сабой.
Uṇ-загалоўныя - гэта kṛt-афіксы, пры даданьні якіх да кораня адбываецца вялікая і разнастайная нерэгулярнасьць, апісваць якую дакладнымі правіламі было папросту неэканомна. Бо калі на адзін выпадак выдзяляецца адно правіла, змысел яго існаваньня зьнікае. Многія словы, што сканчаюцца на ун̣а̄ді-афіксы, зусім ня ўзгадваюцца ў сӯтрах і ўтвараюцца па аналёгіі. Прынцып, па якім утвараюцца словы ў ун̣а̄ді-сӯтрах просты - слова дзеліцца на prakṛti (аснову) і pratyaya (афікс), а аснова або зводзіцца да dhātu (кораня), або мае ў дадатак яшчэ і upapada (дапаможнае слова). Некаторыя словаўтварэньні ў ун̣а̄ді-сӯтрах пакідаюць у даволі вялікіх словах ад кораня ўсяго першы гук, а ўсё засталае робяць афіксам. Такія словы як ca ("і") таксама ўтвараюцца ад каранёў, што лічыцца вельмі сумнеўным. Таму аўтарытэт ун̣а̄ді-сӯтраў у многіх выпадках вельмі ўмоўны. Не зважаючы на гэта, цяжка пераацаніць іх значэньне як крыніцы па санскрыцкай этымалёгіі.
Але як адно і тое самае слова можа ўтварацца адразу ад некалькіх каранёў? Напрыклад, слова pumān (мужчына). Патаньджалі ўтварае яго ад кораня sū (спараджаць ці прасоўваць) - sūteḥ sap prasave pumān (Mahābhāṣya 1.2.64.10). Паводле розных вэрсіяў ун̣а̄ді-сӯтраў яно ўтвараецца ад кораня pā (абараняць) - pāter ḍuṃsic/ḍuṃsun (Uṇādi 1.183/189), або ад pū (ачышчаць) - pūño muk sun (Uṇādi 9.48). Камэнтатары звычайна пералічваюць усе вэрсіі, не адкідаючы ніводнай, не называючы іх ні правільнымі ні няпрявільнымі, толькі выдзяляючы адну як асноўную. Такім чынам слова pumān афарбоўваецца для вучня вйа̄каран̣ы адразу некалькімі змысламі - дзейнасьцію, творчасьцю, чысьцінёй і абаронай.
Слова puruṣa паводле Бр̣гада̄ран̣йака-упанішады ўтвараецца ад кораня uṣ (спальваць) з дапаможным словам puras (папярэдні) - sa yat pūrvo 'smāt sarvasmāt sarvān pāpmana auṣat tasmāt puruṣaḥ. oṣati ha vai sa taṃ yo 'smāt pūrvo bubhūṣati ya evaṃ veda - "Той, хто папярэдні ад усяго гэтага, спаліў усё зло, таму ён пуруша. Таму спальвае той, хто так ведае, таго, хто жадае быць перад ім" (Bṛhadāraṇyaka-upaniṣad 1.4.1). Ш́ан̣кара̄ча̄рйа, камэнтуючы іншы фрагмэнт той самай упанішады (г.зн. дакладна ведаючы пра існаваньне іншай дэрывацыі), тлумачыць слова дваяка - 1) як pūrṇam anena sarvaṃ (Bhagavad-gītā-bhāṣya 8.4) - "якім поўніццца ўсё") - г.зн. утвораным ад кораня pṝ і 2) як puruṣaḥ puri śayanāt (Bhagavad-gītā-bhāṣya 8.4) - "жыве ў целе/горадзе" - як утворанае ад кораня vas (жыць, сяліцца) і pur (крэпасьць, цела). Апошняя дэрывацыя ўскосна ўзгадваецца і ў Бгаґавад-Ґі̄це, можа быць як алюзія на верш з Ш́вета̄ш́ватара-упанішада (navadvāre pure dehī... Bhagavad-gītā 5.13 Śvetāśvatara-upaniṣad 3.18). Паводле уна̄д̣і-сӯтраў puruṣa ўтвараецца ад кораня pur (папярэднічаць) - puraḥ kuṣan (Uṇādi 4.75). Для чалавека традыцыі падобнае слова мае адначасова некалькі спосабаў утварэньня, і такіх прыкладаў мноства.
Ужо тое, што паходжаньне слова больш за дзьве тысячы гадоў тлумачыцца некалькімі спосабамі, робіць для нас яго этымалёгію множнай, і кожны варыянт верным і вартым уліку проста як факт культуры. Але так яно было ўжо ў час камэнтатараў ун̣а̄ді-сӯтраў, і таму адсутнасьць змаганьня за правільны варыянт. Але больш за тое, без гістарычнай і аўтарскай пэрспэктывы меркаваньні пра варыянты дэрывацыі апынаюцца ў прасторы адной сьвядомасьці, дзе ўсё роўна, чый менавіта розум падумаў думку, галоўнае, што носьбіт мовы на гэта ў прынцыпе здольны. Здольнасьць (śakti) да варыянтнай дэрывацыі аднаго слова выяўляецца ўжо ня проста вонкавай лексыкаграфічнай карэктнасьцю, але нутраной рысай самой культуры.
Бальшыня словаў, што дапускаюць множную этымалёгію, - гэта загадкі, пакінутыя р̣шы, ведавымі паэтамі. І ў гэтым выпадку мнагазначнасьць слова зьяўляецца ня так вынікам неразуменьня формы, як наўмыснасным намерам. Бо ўсякі паэтычны тэкст зьяўляецца загадкай, наўмыснай мнагазначнасьцю, што выклікае ўспрымальніка на пераадоленьне неразуменьня. Загадваньне і разгадка загадак - насамрэч улюбёны занятак р̣шы (brahmodyam).
Калі мнагазначнасьць увогуле зьяўляецца рысай паэтычнага, то спосабы яе выяўленьня залежаць ад паэтычнай мовы і праяўляюцца на тым узроўні, на якім мова зьяўляецца творчай і апэратыўнай. Так, у сучаснай мове гатовага слоўнікавага запасу і культурнага слоўніку, у сытуацыі, калі "усё ўжо створана", творчасьць абмяжоўваецца толькі апошнім гарызантальным плянам ужываньня мовы - камбінацыяй і кампіляцыяй алюзіяў і рэмінісцэнцыяў на іншыя гатовыя заархіваваныя тэксты. Гэта апошняя, трэцяя ступень паэзіі, яе канец, бо гэта канец творчасьці мовы. У адваротнасьць гэтаму паэтычная мова р̣шы зьяўляецца творчай цалкам, ад пачатку да канца, ад адзінага сэнсу да сэнсаў гукаў, каранёў, словаў і сказаў. Гэта вэртыкальная творчасьць, вынікам якой сталася мова пазьнейшых людзей. Для мовы, у якой дэрывацыя зьяўляецца актыўнай апэратыўнай дзейнасьцю, творчасьцю, а не тлумачэньнем ужо гатовых формаў, стварэньне мнагазначнасьці дэрывацыі зьяўляецца паэтычным прыёмам, спосабам загадаць загадку.
Гэта першая ступень паэзіі, на якой утварэньне самой мовы зьяўляецца паэтычнай творчасьцю. Кожная наступная ступень ператварае папяпрэднюю ў сваю загадку. На прыступку ніжэй мова пакідаецца як ужо стваранае, як фон і сродак для ўтварэньня зьместаў і сюжэтаў. На трэцяй ступені ўтвораныя зьместы стаюцца аб'ектам камбінаторнай гульні асацыяцыяў. Гісторыя паэзіі - гэта гісторыя паступовага спуску сьвядомасьці ад поўнай вэртыкальнай творчасьці мовы да гарызантальнай камбінаторыкі адсылак на адсылкі.
Слова можа быць утвораным адразу ад некалькіх каранёў толькі ў тым выпадку, калі самі карані ўтвораны з больш першасных складнікаў - фанэмаў мовы. Калі карані зьяўляюцца толькі прамежкавымі элемэнтамі на сьцезе ад альфабэту змыслаў да канчатковых словаў, складнікам, падначаленым актыўнаму ўтварэньню, волі да мовы (vivakṣā), слова выяўляецца насамрэч утвораным не з каранёў, а з гукаў мовы. Сам жа корань як прамежкавая стадыя можа быць прадметам загадкі і паэтычнай мнагазначнасьці - якім менавіта сьцегам прайшоў адзіны змысел да гэтай выявы.
Вйа̄каран̣а Па̄н̣іні зьяўляецца лёгікай санскрыту. Калі, прыкладам, камэнтатары Бгаґавад-Ґі̄ты спрачаюцца пра інтэрпрэтацыю ш́локі, яны зьвяртаюцца да ка̄рака-катэгорыяў, правілаў Па̄н̣іні пра kṛt-, taddhita- і samāsa-ўтварэньні ў якасьці довадаў. Мова большая за любы твор, створаны на ёй. Па̄н̣іні ахапіў сваёй граматыкай усю папярэднюю мову і стаўся асновай наступнай. Ён рашчыніўся ў санскрыце як соль у вадзе. Пра яго нічога не вядома, але любы папярэдні тэкст вывучаецца празь яго і любы наступны тэкст створаны знаўцам яго. Таму ён ужо ў кожным гуку санскрыту.
Змысловыя катэгорыі вйа̄каран̣ы, яе першасныя і другасныя ўтварэньні зьяўляюцца спосабам мысьленьня чалавека традыцыі. У гэтым змысьле этымалёгія зьяўляецца вэртыкальнай лёгікай мовы, вэртыкальным мысьленьнем. Множная этымалёгія, якая з гарызантальнага гледзішча здаецца нявырашанай праблемай дэрывацыі, для вэртыкальнага мысьленьня зьяўляецца адным са спосабаў самавыяўленьня.
No comments:
Post a Comment