Feb 1, 2015

Сапфо, 31

Той здаецца мне да багоў падобным
чалавек, каторы з табой сам-насам
сеўшы побач, мовіць і твой салодкі
  слухае голас,

ды чароўны сьмех, што маё напраўду
сэрца біцца хутка ў грудзях змушае,
бо адразу, толькі цябе я бачу,
  страчваю мову,

мой язык маўкліва дранцвее, тонка
льюцца стромні полымя па ўсім целе,
зрок ня бачыць мой анічога, вушы
  поўняцца звонам. 

пот па скуры долу цячэ, трымценьне
ўсё сабой сягае, жаўцей за травы,
ёсьць я, ці ўжо блізу памерла пэўна,
  так падаецца.

пераклаў са старагрэцкай Міхаіл Баярын.

Катул, 51

Роўным богу той для мяне здаецца,
той, калі магчыма, вышэй за бога,
хто сядзіць паблізу цябе штознову,
       бачыць і чуе


сьмех салодкі твой, што ў мяне нябогі

ўсе пачуцьці скраў, калі я пабачыў
Лесбія, цябе, у мяне няма больш
       голасу ў роце,

мой язык дранцвее, агонь па целе
тонка льецца, звонам зьвіняць уласным
вушы, сховам ночы двайным сукрыты
       сьветачы зроку.

Лёгкасьць ёсьць, Катуле, табе цяжарам,
лёгкасьць робіць прагным цябе над меры,
лёгкасьць моцных здаўна князёў і княствы
       нішчыла цалкам.

пераклаў з лаціны Міхаіл Баярын

Jan 19, 2015

Гальлё

як павольна галініць дрэва зямлі
свае рэкі разлогамі мараў
так ласкава чакае сустрэчы вякі
з дрэвам дрэваў наканаваным
як імкліва зрынаецца дрэва нябёс
стадам птахаў бліскучых з-за хмараў
так сплятаюць яны залатое гальлё
нараджаючы новае зьзяньне

Jan 18, 2015

Аповед Аповедаў

Спадчына зьвязвае настаўніка і вучня. Прыгэтым настаўнік сам зьяўляецца вучнем свайго настаўніка. Такім чынам іх сувязь утварае дрэва спадчыны.

Настаўнік перадае вучню свой аповед. Але ягоны вучань распавядае свайму вучню ня толькі яго аповед, але і аповед пра свайго настаўніка, які яго яму перадаў.

Настаўленьні збольшага складаюцца з аповедаў пра настаўнікаў, у якіх зьмяшчаюцца іх настаўленьні, у якіх зьмяшчаюцца іншыя аповеды пра іншых настаўнікаў.

Так утвараецца аповед у аповедзе. Папярэдні аповед загортваецца ў наступны. Спадчына аказваецца аповедам у аповедзе, і ўтварае дрэва аповедаў.

Прыгэтым вучань можа аб'ядноўваць сабой некалькі дрэваў спадчынаў. Вучань трох настаўнікаў у настаўленьні сайму вучню злучае ўсе іх аповеды ў адзін свой.

Калі коранем дрэва спадчыны быў першы настаўнік, то коранем дрэва аповеду ёсьць апошні вучань. Дрэва аповеду нібы адлюстроўвае і перагортвае дрэва спадчыны.

Але кожнае адгалінаваньне дрэва спадчыны ўяўляе сабой дрэва аповеду, і чым далей па галінах, тым яно квяцісьцей і буйней. Спадчына расьце, калі пераказваецца наступнікам.

Людзі адной спадчыны - гэта людзі, што чулі адзін аповед. Аповед, загорнуты ў мноства іншых аповедаў. І кожнае пакаленьне спадчыны павялічвае дрэва аповеду.

Народ - гэты людзі адной спадчыны. Тут на кожным пакаленьні ляжыць абавязак пераказу, аб'яднаньня і загортваньня папярэдніх аповедаў ў свой аповед.

Зьяўленьне сутворы вялікага стылю выяўляецца ў зьяўленьні Аповеду Аповедаў. Гэта Магабгарата. Гэта Тысяча і адна ноч. 

Аповед Аповедаў зьбірае ўсе аповеды сутворы ў адным аповедзе, утварае зь іх дрэва аповедаў і робіць яго тым самым адзіным аповедам, які чулі ўсе людзі Спадчыны.

Аповед Аповедаў - гэта запавет, які мае быць зьдзейсьнены. Каб стаць сутворай вялікага стылю, мы маем сабраць усе нашы аповеды ў адзін, Аповед Аповедаў.

Jan 3, 2015

Мова Спадчыны

Спачатку верш існуе ў прасторы думкі яго стваральніка. Тут ён мае быцьцё і цэласьць, бо мае адну радзіму. 

Затым ён выказваецца радок за радком, утвараючы радно ў прасторы явы. І тут ён ужо ня мае ні быцьця, ні цэласьці, бо ня мае адной радзімы.

Быцьцё і цэласьць тут маюць толькі адзінкі прасторы, якія ня знаюць, што імі нарысаваны верш.

Затым верш выдзяляецца як рысунак з прасторы явы, чытаецца і пачынае існаваць у прасторы думкі чытача. Тут ён зноў мае быцьцё і цэласьць, бо мае адну радзіму.

Але цяпер ён мае ўжо дзьве радзімы, два быцьці і дзьве цэласьці. І з кожным наступным выказваньнем і чытаньнем, колькасьць яго радзімаў і быцьцяў расьце і памнажаецца.

Верш кожны раз зьнікае пры выказваньні і ўзьнікае пры чытаньні, губляецца ў мностве явы і атрымлівае адзінства ў мове быцьця. 

Больш таго, быцьці верша памнажаюцца нават тады, калі яго чытае сам ягоны стваральнік. Ці застаецца ён прыгэтым адным і тым самым вершам?

Толькі мова, правілы выказваньня і чытаньня, аб'ядноўваюць усе гэтыя вершы ў адзін верш і робяць яго тым самым.

Сувязь усіх гэтых вершаў азначае кожны раз зьніканьне і ўзьніканьне, паміраньне і ўваскрашэньне. 

І кожнае новае выказваньне і чытаньне ўтварае дрэва Спадчыны, што пачынаецца ад стваральніка і галініцца да ўсіх яго чытачоў і пераказьнікаў.

Акрамя мовы, гэта Спадчына робіць верш адзіным, аб'ядноўваючы ўсе яго асобнікі ў галіны дрэва, узводзячы яго да каранёвага быцьця.

Быцьцё верша - гэта множнае, мнагамесцавае, моўнае быцьцё, аб'яднанае правіламі чытаньня. Гэта галіннае быцьцё, аб'яднанае дрэвам Спадчыны. 

Але быцьцё кубка нічым асабліва не адрозьніваецца ад быцьця верша. Гэта таксама выказваньне, што спачатку мае адзінае быцьцё ў намеры стваральніка, а затым існуе як радно ў тканіне явы. 

Кубак чытаецца карыстальнікам, і затым атрымлівае месца ў мове яго быцьця. Як і верш, кубак таксама ўтварае сваё дрэва спадчыны.

Спадчына як перадача знаньня азначае перадачу ня проста выказваньня, але самой мовы праз прастору явы. Мова таксама зьнікае і ўзьнікае, губляе і атрымлівае быцьцё. 

Але спадчына верша насамрэч нічым асабліва не адрозьніваецца ад спадчыны цэлай Мовы. Бо верш - гэта мова верша, гэта агульная будова, запоўненая асобным зьместам, гэта імёны і ўзоры.

Спадчына - гэта заўсёды перадача Мовы. Маўленьне - гэта найменшы чын спадчыны, у якім яе можна злавіць усю адразу.

Мова абавязкова мае наўвеце Спадчыну. Калі гэта выказваньне, яго нехта сказаў. Калі гэта верш, яго нехта стварыў. Выказваньне абавязкова вядзе назад, да свайго стваральніка.

Але, каб даваць адзінства множнаму і галіннаму быцьцю, дрэва Спадчыны само павінна быць, мець адно месца. Дзе яно? 

Хто яе трымае, хто бачыць яе, хто зьбірае яе галіны ў адно дрэва? Дзе той зрок, у якім яна мае сваё адзінства?

Бо калі гэтага месца няма, няма верша, няма кубка, няма знаньня, няма мовы, няма спадчыны. Нішто ня робіць іх адзінымі і цэлымі.

Каб была спадчына, патрэбна мова Спадчыны. Мова Спадчыны яднае мноста быцьцяў ў адзін аповед, называе іх спадчынай і яднае ў дрэва. 

Перад чалавекам кожнае імгненьне адбываюцца імклівыя зьмены явы. Чалавек яднае іх у выявы, а затым злучае тоествам выяву з аднаго імгненьня з выявай з другога імгненьня. 

Перасоўваньне рэчы справа налева - гэта цэлы аповед, у якім нешта трымае тоества той рэчы, што была справа, і той рэчы, што апынулася зьлева. 

Ёсьць мова, якая ўвесь час піша аповед быцьця, яднае зьмены выяваў у рысы, а рысы ў выявы аповеду. Гэтая мова кожны раз гаворыць - гэта той самы кубак, гэта той самы верш. 

Гэта мова Спадчыны. Яна мае быцьцё і цэласьць, бо мае адзінае месца ў грамадзе дзеяў і моваў, называнай чалавекам.

Яе дрэва можна чытаць, зь яго можна рабіць выказваньні. У ёй мае быць быць сваё быцьцё і сваё існае, свой слоўнік сюжэтаў і яго асобныя ўвасабленьні.

І калі мова Спадчыны ёсьць у чалавеку, яна ёсьць і ў мове чалавека, зь якой ён паходзіць як быцьцё паходзіць з існага, а выказваньне з мовы.

І калі Спадчына ёсьць у мове чалавецтва, яна мае радзіму ў Народзе, Вялікім Чалавеку.

Dec 31, 2014

Далонь

неба падае на зямлю
сонца пыніць сваю хаду
зоры вернуць сваё сьвятло
я кранаю тваю далонь
кон хапае маю душу
і вяртае ў тваю руку

Dec 30, 2014

Зараніца. Мова рухаў

Зараніца

Гэта другая частка зрокавай мовы "Зараніца", заснаванай на мярэжы традыцыйных беларускіх узораў. Першая частка "Зараніцы" прысьвечана Мове прасьветаў. "Зараніца" - гэта вынік канструктыўнай лінгвітыстыкі і дапаможны сродак для вывучэньня Мовы руху як часткі "Ўзораў Свадзеі".

Прасьвет

Прасьвет узьнікае ў празоры. Празора - гэта свадзея, празь якую праглядае іншая свадзея. Празора ўтварае мярэжу прасьветаў. Усякая свадзея, зьявіўшыся ў празоры, стаецца адным з прасьветаў.



Кола прасьветаў

Прасьвет азначае сам сябе, але гаворыць пра ўсё, што празь яго праглядае. Змысел прасьвету складае дзеяньне яго ўтварэньня. Кола прасьветаў - гэта паўната дзеяньняў. Кола прасьветаў падзяляе паўнату свадзеі на часткі, так што кожнай свадзеі адпавядае адзін з прасьветаў.



Рух

Рух - гэта намер пераходу ад аднаго дзеяньня да іншага. Рух - гэта імя ў мове руху. Выказваньне мовы руху становіцца зьявай руху. Рух, што зьяўляецца з мовы руху, кожны раз паўтараецца і таму ўтварае круг. Зыходны прасьвет руху называецца зьнікам, а выніковы - вынікам руху.



Мярэжа руху

Мярэжа руху злучае сабой чатыры прасьветы, што ўтвараюць круг руху. Два ад'яўленыя прасьветы складаюць стажар мярэжы і выяўляюць зьнік, зыходнае дзеяньне руху. Два ад'яўленыя прасьветы складаюць роўню руху і выяўляюць вынік, выніковае дзеяньне руху.



Стан і Зьмена

Рух ад аднаго прасьвету да іншага ўтварае зьмену. Рух ад аднаго прасьвету да такога самага прасьвету складае стан.



Глыбіня руху

Рух, што сьціскае сабой чатыры прасьветы, мае сваю глыбіню. Глыбіня руху выяўляецца знакамі ў сяродку мярэжы руху, што злучае сабой чатыры прасьветы.



Ёсьць сем глыбіняў руху - намер, рушэньне, дотык, ахоп, пранікненьне, прасяг і тойства.



Паглыбленьне руху ўтварае кола поўнае кола руху, пераносячы погляд на рух на ўсе яго падзеі.



Месца

Прасьвет, што пачынаецца дзеяй, можа стаць месцам для іншага прасьвету. Месца можа быць абноўлена іншым прасьветам. Знакам месца руху зьяўляюцца дужкі вакол прасьвету.

Напрамак

Месца можа мець два напрамкі - ад сябе і да сябе. Месца, напрамленае ад сябе выяўляецца дужкамі з прамянямі навонкі. Месца, напрамленае да сябе, выяўляецца дужкамі з прамянямі ўнутро.



Мяжа

Напрмленае месца можа мець мяжу. Мяжа месца можа быць адкрытай і закрытай. Закрытая мяжа азначае завершанае дзеяньне і выяўлецца прамянямі, загнутымі да сяродку. Адкрытая мяжа азначае незавершанае дзеяньне і  выяўляецца прамянямі, загнутымі да сяродку.


Мяжа і напрамак руху

Мяжа і напрамак руху выяўляюцца дужкамі вакол мярэжы руху.


Прастора

Рух, у якім адбываецца іншы рух, утварае прастору руху. Прастора - гэта рух, які ахоплівае іншы рух. Рух прасторы трывае, пакуль мінаюць усе зьмешчаныя ў ёй рухі. Прастора таксама можа быць месцам. Прастора месцаў можа абнаўляцца, мець свой напрамак і мяжу. Знак прасторы складаецца з двух прасьветаў. Верхні прасьвет прасторы азначае зьніковае дзеяньне, а ніжні - выніковае дзеяньне. Знак прасторы падзяляе сабой два знакі рухаў.


Крылы прасторы

Зьнік прасторы ўтварае яе левае крыло, а вынік - правае. Зьнікам ці вынікам прасторы можа быць і асобны прасьвет, які ў такім разе выконваецца двайнымі рысамі.


Глыбіня прасторы

Рух прасторы можа мець сваю глыбіню. Глыбіня прасторы выяўляецца збліжэньнем прасьветаў прасторы і даданьнем да іх знакаў глыбіні зьверху і зьнізу.


Прастора таксама можа мець сем глыбіняў:



Мяжа і напрамак прасторы

Рух прасторы можа мець свой напрамак і мяжу. Знакі напрамку і мяжы прасторы выяўляюцца вакол знакаў рухаў, ахопленых прасторай.


Прастора  прастораў

Прастора можа быць прасторай іншых прастораў. Знак прасторы прастораў выяўляецца паміж знакамі напрамку і мяжы дзьвю прастораў.



Пасьлядоўнасьць руху

Пасьлядоўнасьць руху складаецца з крайніх прасьветаў прасторы. Яны пасьлядоўна зьяўляюцца ў мове часу зьяўляюцца пры выкананьні выказваньня мовы руху.

Дзейнік

У мове руху дзейнік утвараецца, калі адзін рух стаецца прасторай іншага руху. Тое, што зьяўляецца "падзеямі" ці "сувоямі" ў прамове, выконваецца на мове руху як зьмяшчэньне адным дзеяньнем іншага. Так, прыкладам, "моўнік" (асоба маўленьня) ў мове руху - гэта рух "маўленьня" ў прасторы "пранікненьня". І правае, і левае крыло дзейніка поўніцца адным рухам.
Выказьнік

У мове руху дзейнік, што злучае сабой два іншыя дзейнікі, завецца выказьнікам. Так, прыкладам, сказ "моўнік мовіць" можа быць перакладзены ў мову руху за два крокі: "моўнік" - гэта "маўленьне" ў прасторы "пранікненьня", а "мовіць" - гэта маўленьне ў прасторы "працягу". Затым "пранікненьне" і "працяг" яднаюцца прасторай "кіраваньня".


Рух сказу

З гледзішча мовы руху сказ - гэта рух. Рух сказу ўтварае прастору для іншых рухаў. Прастора сказу можа расьці бясконца іншымі рухамі сказу, скрайнімі прасьветамі якіх зьяўляецца сказ мовы руху. Мова руху мае неабмежаваную колькасьць частак сказу. Часткі сказу мовы руху не абмежаваныя мярэжай сказу, а свабодна ўтвараюцца - як і слоўнік мовы руху.

Мова руху

Разуменьне можа быць дзейным і іменным. Іменнае разуменьне складаецца ў распазнаньні імені ў руху. Іменнае разуменьне стаіць. Дзейнае разуменьне складаецца ў выкананьні руху на мове руху. Дзейнае разуменьне рушыць. Мова руху - гэта мова дзейнага разуменьня прасторы і часу, быцьця і існага, явы і праявы, мовы і маўленьня.

Шрыфт "Рух"

Шрыфт "Рух" створаны адмыслова дзеля выяўленьня знакаў мовы руху. Шрыфт зьмяшчае інструкцыі Open Type, якія, аднак, могуць працаваць не ўва ўсіх праграмах і апэрацыйных сыстэмах.

Знакам прасьветаў тут адпавядаюць літары кірылічнага альфабэту.


Каб перагарнуць знак, пасьля яго трэба паставіць знак "-", а каб утварыць мярэжу руху, пасьля яго патрэбна набраць знак "+". Знак клічніка ўтварае зьнік руху, а наступны прасьвет стаецца яго вынікам. Лічбы ад аднаго да сямі дадаюць глыбіню руху. Каб утварыць знак прасторы, патрэбна набраць вялікую літару. Знак "-" перагортвае знак прасторы. Знак клічніка ўтварае зьнік прасторы, а наступны прасторавы прасьвет стаецца яе вынікам. Лічбы ад аднаго да сямі ўтвараюць знакі глыбіні прасторы.

Каб утварыць знак месца, патрэбна пасьля прасьвету набраць знак "0". Каб зьмяніць напрамак месца  трэба дадаць да яго знак "-". Каб утварыць закрытую мяжу трэба дадаць да напрамку знак "+", а каб утварыць адкрытую мяжу - знак "=". У выпадку мярэжы руху, для ўтварэньня напрамку і мяжы яна атачаецца знакамі "8" і "9", да якіх дадаюцца тыя самыя дадатковыя знакі.



Калі шрыфт усталяваны і знакаўтваральныя інструкцыі працуюць як мае быць, можна паспрабаваць гэты утваральнік выпадковых рухаў.