Спадчына зьвязвае настаўніка і вучня. Прыгэтым настаўнік сам зьяўляецца вучнем свайго настаўніка. Такім чынам іх сувязь утварае дрэва спадчыны.
Настаўнік перадае вучню свой аповед. Але ягоны вучань распавядае свайму вучню ня толькі яго аповед, але і аповед пра свайго настаўніка, які яго яму перадаў.
Настаўленьні збольшага складаюцца з аповедаў пра настаўнікаў, у якіх зьмяшчаюцца іх настаўленьні, у якіх зьмяшчаюцца іншыя аповеды пра іншых настаўнікаў.
Так утвараецца аповед у аповедзе. Папярэдні аповед загортваецца ў наступны. Спадчына аказваецца аповедам у аповедзе, і ўтварае дрэва аповедаў.
Прыгэтым вучань можа аб'ядноўваць сабой некалькі дрэваў спадчынаў. Вучань трох настаўнікаў у настаўленьні сайму вучню злучае ўсе іх аповеды ў адзін свой.
Калі коранем дрэва спадчыны быў першы настаўнік, то коранем дрэва аповеду ёсьць апошні вучань. Дрэва аповеду нібы адлюстроўвае і перагортвае дрэва спадчыны.
Але кожнае адгалінаваньне дрэва спадчыны ўяўляе сабой дрэва аповеду, і чым далей па галінах, тым яно квяцісьцей і буйней. Спадчына расьце, калі пераказваецца наступнікам.
Людзі адной спадчыны - гэта людзі, што чулі адзін аповед. Аповед, загорнуты ў мноства іншых аповедаў. І кожнае пакаленьне спадчыны павялічвае дрэва аповеду.
Народ - гэты людзі адной спадчыны. Тут на кожным пакаленьні ляжыць абавязак пераказу, аб'яднаньня і загортваньня папярэдніх аповедаў ў свой аповед.
Зьяўленьне сутворы вялікага стылю выяўляецца ў зьяўленьні Аповеду Аповедаў. Гэта Магабгарата. Гэта Тысяча і адна ноч.
Аповед Аповедаў зьбірае ўсе аповеды сутворы ў адным аповедзе, утварае зь іх дрэва аповедаў і робіць яго тым самым адзіным аповедам, які чулі ўсе людзі Спадчыны.
Аповед Аповедаў - гэта запавет, які мае быць зьдзейсьнены. Каб стаць сутворай вялікага стылю, мы маем сабраць усе нашы аповеды ў адзін, Аповед Аповедаў.
No comments:
Post a Comment