Dec 11, 2014

Радзіма

Першапачаткова "быцьцё" значыць узьнікненьне і нараджэньне. Дзеяслоў "быць" родны санскрыцкаму bhū (быць, узьнікаць), ад якога bhūmi (зямля) і старагрэцкаму φύω (нараджаць), адкуль φύσις (прырода) і "фізыка".

Узьнікненьне і нараджэньне парабуе месца. Быцьцё - гэта перадусім пытаньне месца. Быць - значыць месць месца. Быцьцю патрэбна крыніца, адкуль яно ўзьнікае і падстава, якая яго трымае. Месца нараджэньня завецца радзімай.

У быцьці ёсьць толькі ўзьнікненьне. І зьнікненьне тут - гэта ўзьнікненьне на месцы іншага ўзьнікненьня. Зьмяніць месца - гэта зьнікнуць у адным месцы і ўзьнікнуць у другім, і гэта ўжо іншае быцьцё.

З гледзішча быцьця чын "пастаўленьня на месца" выглядае складаным дзеяньнем: у адным месцы ўзьнікае быцьцё намеру паставіць, у другім месцы ўзьнікае быцьцё пастановы, а ў трэцім месцы ўзьнікае яго замена. І кожны раз яно толькі ўзьнікае.

У выпадку быцьця, адкуль, дзе і куды супадаюць назаўжды і ніколі не зьмяняюцца. Быцьцё быве, пакуль яго трымае месца. І зьнікае, калі на гэтым месцы ўзьнікае іншае быцьцё. Таму насамрэч яно толькі ўзьнікае, і ніколі не зьнікае. Радзіма - гэта несьмяротнасьць. Радзіма - яна адна і назаўжды.

Наша Радзіма - гэта месца, у якім мы ўзьніклі і зь якога нам не зысьці. Яна не перад намі, а за намі. Яна ня ўзоры краявідаў у нашых вачах, і нават не тканіна зроку, на якой яны зьяўляюцца перад намі. Яна - тая, хто трымае і нас, і іх, пакуль мы губляем іх са свайго погляду. Радзіма незаменная і безумоўная.

Знаньне быцьця - гэта вызначэньне месца быцьця. Вызначэньне месца - гэта пошук імені на дрэве імён. Імя - гэта месца быцьця ўзору. Мова - месца быцьця імён. Знаньне адкрывае Мову як месца месцаў, Радзіму Радзім.

Dec 7, 2014

Шрыфт "Узоры Свадзеі"

Шрыфт "Узоры Свадзеі" створаны для выражэньня знакаў змысловай прамовы, якую вывучае канструктыўная тэорыя сэнсу. Шрыфт зьмяшчае Open Type інструкцыі, якія, аднак, могуць працаваць не ва ўсіх праграмах і апэрацыйных сыстэмах.  


Шрыфт зьмяшчае абмежаваны нароб знакаў лацініцы, неабходных для хуткага набору падзеяў прамовы:

Падзея можа мець сем глыбіняў. Глыбіня адпавядае падзеі надмярэжы, што злучае сабой мярэжы аднаякага сувою. Глыбіні пазначаюцца знакамі адпаведных лікаў:

Раскрытая падзея - гэта падзея першай глыбіні. Раскрытыя падзеі набіраецца маленькімі літарамі.
Падзеі іншых глыбіняў набіраюцца як спалучэньне маленькай літары і адпаведнай лічбы (a2 c3 p7). Такім чынам утвараецца 49 знакаў:


Сем падзеяў складаюць мярэжу. Унутры мярэжы падзеі адасабляюцца адмысловым знакам крыжа:


Тоества падзеяў утварае сувой. Падзеі сувою проста запісваюцца пасьлядоўна:


Калі мярэжа сувою зьмяшчае іншыя раскрытыя падзеі, утвараецца развой. Падзеі развою запісваюцца ў дужках, прычым першай ідзе падзея сувою:


Акрамя таго, часткамі Узораў Свадзеі зьяўляюцца паўпадзеі. Паўпадзеі набіраюцца дадатковымі знакамі:


Шрыфт створаны такім чынам, што лацінскі актантны код лёгка пераводзіцца ў Узоры Свадзеі без усякіх зьменаў кадаваньня - простай заменай шрыфта:



Акрамя таго, шрыфт зьмяшчае неабходны набор кірылічных знакаў са шрыфта "Магута" для магчымасьці стварэньня асаблівага "псэўдокоду", што ўжываецца ў вучэбных мэтах:


Напрыклад:

Шрыфт распаўсюджваецца свабодна для некамэрцыйнага выкарыстаньня пад умовамі ліцэнзіі SIL Open Font License. Пры распаўсюджаньні вітаюцца спасылкі на аўтара і ягоны сайт.

Міхаіл Баярын
07.12.2014


Dec 6, 2014

Праява

Праява - гэта выток явы, тое, што папярэднічае яве. Гэта таксама рух узьнікненьня явы, таксама папярэдні яве.

Але праява - гэта яшчэ і думка пра яву, якая робіць яе сваім дачынам. Яна, хаця і ўзьнікае пасьля явы, ставіць яе перад сабой і таксама папярэднічае яве.

Праява - гэта мэтафізыка, дарога праяўленьня, якой ява прыходзіць у сьвет і якой думка ўзыходзіць да яе вытоку.

Праява - гэта трохкутнік, на вяршыні якога адно, а ў падставе мноства ўсяго. Гэта дрэва сьвету, корань якога ўгары, а галіны долу. Гэта стажар, што лучыць Пачатак і Яву.

Тое, што множна ў яве, у праяве - адно. У праяве ад усяго толькі адзін асобнік. Праява - гэта відзея явы, яе правораз, паводле якога вырабляецца ява.

Усё, што ў яве бытуе адначасна, агонь, вада і зямля, у праяве ўзьнікае паслядоўна і родава - спачатку агонь, зь яго вада, а зь яе зямля.

З другога боку, усё, што ў яве перажываецца як пасьлядоўнасьць, вясна, затым лета, пасьля восень і зіма, у праяве ёсьць адразу і загадзя: і вясна, і лета, і восень і зіма.

Праява зьмяшчае сябе ў сабе. Кожная праява паўтарае першапраяву, і кожны вынік праявы яшчэ раз разгортваецца праявай.

Але ў мове таксама ўсяго толькі адзін асобнік. Усё, што множна ў выказваньні, у мове - адно. Усё, што ёсьць у мове - гэта ўзоры, паводле якіх вырабляюцца выказы.

У мове таксама пасьлядоўна і родава тое, што ў выказваньні існуе адначасова. Мова таксама - дрэва імён, корань якога ўгары, а галіны долу.

У мове таксама уся пасьлядоўнасьць выказу ёсьць адразу. Мова таксама зьмяшчае сябе ў сябе, бо кожная яе адзінка - таксама зьяўляецца мовай.

Праява - гэта мова яваў. Менавіта таму стан перад явай і думка пра яву аказваюцца ў адным папярэднім стане - у стане мовы. 

Вывучэньне праявы - гэта вывучэньне мовы, складаньне яе слоўніка, выдзяленьне пратвораў, апісаньне правілаў утварэньня, пошук яе пачатку.

І больш за тое, мова, якой мы гаворым, усе нашы назвы яваў - ужо ёсьць вынікам гэтага дасьледаваньня мовы праявы. І колькі такіх моваў, столькі і дарог да Пачатку праявы.

Але мова - таксама праява. Моваў мноства, і ёсьць адзін правобраз мовы, зь якога яны ўсе ўзьнікаюць. І моваў праявы можа быць многа.

Магчыма, бачаньне праявы, мэтафізыкі як мовы дае нават больш, чым бачаньне мовы як праявы. Бо стварэньне праяваў такое ж магчымае як і стварэньне моваў.

Калі бачаньне мовы як праявы стварае праяўную моваведу, мэтафізычную лінгвістыку, то бачаньне праявы як мовы стварае моўную веду праявы, лінгвістычную мэтафізыку.

Быць у сьвеце праявы такім жа свабодным і творчым, якім можна быць у стварэньні моваў - гэта якраз тая свабода, пра што вядзе запавет ліючайся явы.

Dec 4, 2014

Зьзяньне

так зьзяе прагай сябе
нічый пакуль яшчэ бог
і кожны ягоны крок
таемны віна глыток
пакуль яшчэ нічые
срэбныя роўні вачэй
узяўшы тое сьвятло
ня зробяць яго ярчэй

Nov 29, 2014

Спадчына

Спадчына - гэта асабовая сувязь настаўніка і вучня. 

Спадчына перадае знаньне. Але гэта не само знаньне, і не ягоныя вытворы, і ня збор яго носьбітаў. Гэта сувязь дзьвюх асобаў. Чын спадчыны адзінкавы і асабовы.

Паміж імі адбываецца размова. Знаньне выражаецца мовай. Спадчына - гэта вывучэньне Мовы. Спадчынай валодае той, хто яе вывучыў і можа ёй гаварыць.

Настаўнік - гэта вучань свайго настаўніка. Сувязь настаўнікаў і вучняў утварае род. Спадчына ўзыходзіць да сваёй крыніцы, настаўніка настаўнікаў. Спадчына вядзе да Пачатаку. 

Сувязь Спадчыны падобна на сувязь дзяцей і бацькоў. Але яшчэ больш верна, што сувязь дзяцей і бацькоў падобна на сувязь настаўнікаў і вучняў.

Вучань пераймае свайго настаўніка. І ўсе яны пераймаюць першага настаўніка. Таму навучаньне ў настаўніка - гэта асабовая сувязь з Пачаткам, крыніцай Мовы. 

Стаўленьне да настаўніка робіць настаўнікам. Таму вучнёўства сваім зьяўленьнем усталёўвае вось сьвету і стварае сувязь з Пачаткам.

Настаўнікам можа быць толькі асоба. У сьвеце Спадчыны за дзеяй стаіць воля. Калі гарыць агонь ці дзьме вецер, гэта робіць нехта. Агонь, Вецер, Мова, Спадчына і Таява могуць быць настаўнікамі, калі ўбачыць за імі Асобу.

Чын Спадчыны паўтараецца. Паўтор утварае кола. Праз кола Спадчыны стажарам праходзіць сувязь з Пачаткам. Каб утрымліваць сувязь з Пачаткам, чын спадчыны мае доўжыцца і паўтарацца.

Аднаўленьне Спадчыны - гэта аднаўленьне таго кола і стажара, ля якога Пачатку прыносіцца аброк вучнёўства.

Nov 28, 2014

Палон

пагляд вандроўніка, захоплены ў палон
вачэй і вуснаў навіной імклівай
вядзі яго да прывіднай вяршыні,
над прорвай цішыні ўзрастаючы мастом

Nov 23, 2014

Самабыцьцё

Добры лёс некалі закінуў мяне на адзін дзень у горад Чітторгарх, знакаміты сваёй крэпасьцю-ўдавой, поўнай бажніцаў Вялікай Багіні. Спусьціўшыся ноччу з замкавай гары, я апынуўся ў невялічнай хібары ў таварыстве трох вандроўных пустэльнікаў. Адзін быў стары, другі сярэдняга веку, а трэці даволі малады. У той час прадстаўнікі Традыцыі мне ўяўляліся такімі, як жывыя кнігі Рэнэ Ґенона, і я пачаў задаваць пытаньні. Здаецца, малодшы, зьдзіўлена адказаў мне: ты ж Сваямбгу (Сама-бытны ці Самаўзьніклы), ты знаеш санскрыт, чаму ты ўвогуле пытаеш? Гэтае слова я тады ўспрыняў як свой лёс і сваё імя.
Сёньня ў мяне выйшла кніга, якую я назваў "Самабыцьцё". Яна пра немагчымае - пра ідэю, якую я лічу ў Ведах галоўнай - пра самаўзьнікненьне. На санскрыце гэта слова гучала бы як Svayambhava. Наш розум, складаючы прычыны і наступствы, ня можа памысьліць, як нешта можа ўзьнікнуць само зь сябе. Але ён ня можа памысьліць і адваротнае, як пачатак можа ўзьнікнуць зь нечага іншага (тады ён не пачатак). І як ён можа ня ўзьнікнуць (тады ён не пачатак). Самаўзьнікненьне - гэта немагчымасьць цалком абавязковая і неўнікнёная.
Гледзячы на свае думкі, што ператварыліся ў рэч, якую можна дарыць сябрам, я ўзгадваю два глыбокія перажываньні, якія зьмянілі мяне цалком.
Адным з досьведаў, вынесеных мной з валявой мэдытацыі, было адчуваньне сябе вакном ці дзьвярыма з пустаты ў гэты сьвет. Я бачыў як кожны маленькі зрух маёй думкі ператварае нішто ў нешта. Я быў як няспынная плынь, якая прыносіць зь зеўры хаосу ў быцьцё новае, ніякім чынам гэтым быцьцём неабумоўленае. 
І першае, пра што я думаю, калі бачу гэтую кнігу, - гэта тое, што ў яе тут няма ніводнай прычыны. Гэта самая беспрычынная беларуская кніга. Няма нічога, што б яе тут патрабавала і клікала да быцьця. І гэта для мяне асабліва дарагое, бо мая Беларусь ёсьць таксама не таму, што для гэтага ёсьць прычыны, а таму што на гэта ёсьць наша воля.
Але другім бокам гэтага перажываньня было адчуваньне сябе канцавінай ці вокам Вялікага Чалавека. Я выразна бачыў, што ўсе людзі - адна вялікая істота, і ўсё, што мы лічым рэчаісным, існуе толькі ўнутры яе.
І гэты другі бок першага перажываньня наўпрост зьвязаны зь перажываньнем другім, магчыма наўпрост яму супрацьлеглым. Некалі расстаньне з блізкім чалавекам пазбавіла мяне ўсіх люстэркаў, у якіх я адбіваўся. І ў іншых люстэрках я не пазнаваў сябе, што ўжывую сутыкнула мяне з чалавечым неіснаваньнем. Датуль я лічыў сябе нязьменным духам, а ўсякую тоеснасьць сабе - сваім ворагам. І тут я зразумеў, так што раз-разумець ужо немагчыма, што я - гэта іншыя людзі, і нічога больш. Гэта люстэркі вачэй, у якіх я адбіваюся. Я - гэта вы ўсе.
Так, той незалежны і самаісны я, якім я лічыў сябе, ёсьць і нікуды ня можа зьнікнуць, але ў ім няма ні кроплі чалавечага. Нічога з таго мяне, што адбіваецца ў вашых вачах, не застанецца ў ім. Я - гэта іншыя людзі. Гэта мае продкі, мае нашчадкі, мае сябры, мае каханыя.
І калі я гляджу на гэту кнігу, я разумею, што яна ніколі не зьявілася бы на сьвет, без вас, сапраўднага рэчыва майго чалавечага існаваньня. Яна цалком абавязана вам сваім існаваньнем, мае сябры, мае абыякавыя, і нават мае варожыя.
І хаця гэтыя дзьве думкі здаюцца на першы погляд супрацьлеглымі: як нешта можа быць творам, цалком неабумоўленым і непатрабаваным рэчаіснасьцю, і творам, цалком абавязаным сваім існаваньнем іншым людзям, я, тым ня менш, бачу гэтыя два перажываньні як адно, бо недзе глыбока ўсё яшчэ бачу ўсіх людзей і ўвесь сьвет адным Вялікім Чалавекам.
І перадусім, я хачу выказаць удзячнасьць усім тым, дзякуючы каму гэтая кніга пабачыла сьвет: Я бясконца ўдзячны Аляксандру Стрыжанку за дапамогу ў выданьні "Самабыцьця", Ігару Бабкову за Прадмову да кнігі, якой я пакуль не заслугоўваю, выдавецтву "Логвінаў", якое ажыцьцявіла гэтае ўвасабленьне, Ігару Кулікову за сяброўства, карэктуру і рэдактуру, маёй сястры Аляксандры Баярынай за выдатныя здымкі, што выклікаюць ува ўсіх захапленьне, усім удзельнікам сэмінару "Самабыцьцё", якія былі першымі чытачамі развагаў і перакладаў, сабраных у гэтай кнізе.



P.S. Кнігу ўжо можна набыць у кнігарні "Логвінаў".