Oct 19, 2014

Лад мовы

Паводле спосабу прэдыкацыі выдзяляюць мовы актыўнага, намінатыўнага і эргатыўнага ладу. Прэдыкацыя - гэта āśraya, разьмяшчэньне дзеяньня. Так, сказ "чалавек стварае гаршчок" разьмяшчае стварэньне ў чалавека, сказ "гаршчок стараецца чалавекам" разьмяшчае яго гаршку, сказ жа "стварэньне чалавекам гаршка" разьмяшчае гаршок і чалавека ў стварэньне.

Мова руху дае нам сцэну, на якой магчыма разыграць лад мовы ў асобах. Адзінкай мовы руху зьяўляецца рух - ад аднаго чыну ад іншага, які сам у сваю чаргу можа быць рухам. Мова руху адрозьнівае змысел, вобраз і рух. Усё, што мы рузумеем як змысел, будзе разумецца зусім інакш як рух у мове руху. Мова руху дае стваральны спосаб разуменьня.

Прастора, цела і сказ як рухі ў мове руху - зусім ня тое самае, што змыслы прасторы, цела і сказу - і зусім ня тое самае, што вобразы прасторы, цела, сказу. Бо звычайна мы разумеем не прастору, а змысел прасторы, і ўспрымаем не прастору, а вобраз прасторы. Зразумець ці ўспрыняць саму прастору - гэта значыць паставіць заданьне зразумець і ўспрыняць рух.

Размова на мове руху мае на ўвеце чытаньне прасторы вобразаў і выказваньне намераў у яе дачыненьні. Вынікам прачытаньня намеру мовай над-дзеі зьяўляцца зьмена вобразаў у вобразных прасторах. І гэтая зьмена вобразаў можа быць патлумачана разнастайна. Бо ёсьць вобраз руху, вобразы ўдзельнікаў руху і ёсьць тыя ўдзельнікі руху, якія ніколі не зьяўляюцца ў выглядзе вобразаў. І тут адбываецца прэдыкацыя, разьмяшчэньне дзеяньня, судачыненьне вобразаў.

Так, зьмена вобразаў, якую мы выражаем сказам "чалавек сячэ дрэва" дае першую магчымасьць разьмясьціць вобразы чалавека і дрэва ўнутры вобраза сячэньня, якое захоплівае іх і мяняе. Само сячэньне ў такім разе чытаецца як намер валявой асобы, іншага ўдзельніку цела сусьвету, што стаіць па-за вобразамі і прасторамі. Такая прэдыкацыя ўтварае мову актыўнага ладу.

У мовах актыўнага ладу словы падзяляюцца на віды паводле здольнасьці да самастойнага чыну. Чалавек тут можа ляжаць, і птах ляцець. Але камень можа быць толькі пакладзены ці запушчаны ў паветра. З гледзішча сцэны мовы руху такі падзел азначае адрозьненьне вобраза і неўспрымальнай валявой асобы. Вобраз ня можа быць крыніцай свайго руху. Дзеяньне разьмяшчаецца ў намеры, а вобразы - ўнутры дзеньня. Мова актыўнага ладу - гэта мова волі.

Лічыцца, што першасная мова інда-эўрапейцаў была мовай актыўнага ладу. Яе рэшткамі ў зьяўляецца катэгорыя "ніякага роду". Зрух да намінатыўнага ці эргатыўнага ладу азначае вялізарную зьмену сьветагляду, зь якой і нараджаецца сучасны сьвет і сучасны чалавек. Бо другая магчымасьць прэдыкацыі дазваляе атаясаміць асобу руху і яе вобраз, і далей - прыпісаць дзеяньне гэтаму вобразу. Разьмясьціць дзеньне ўнутры вобразу яго ўдзельніка значыць палічыць яго крыніцай дзеяньня.

І гэтая магчымасьць нясе ў сабе дзьве іншыя: прыпісаць сячэньне вобразу чалавека або прыпісаць яго вобразу дрэва. Бо зьмена вобразаў, якая пры гэтым адбываецца, аднолькава датычыць абодвух. Першы выбар - гэта выбар незалежнага стану, а другі - залежнага. Першы выбар утварае мову намінатыўнага ладу. Гэта мова асобы, але асобы атаясамленай зь яе вобразам. Вынікам будзе тое, што сказ "чалавек сячэ дрэва" становіцца аднолькава магчымым са сказам "дрэва сячэ чалавека" ці сказам "сячэньне выклікае падзеньне".

Вынікам другога выбару зьяўляецца мова эргатыўнага ладу, дзе дзеяньне разьмяшчаецца ў яго дачыне. Гэта, па вялікім рахунку, азначае, што асоба непераходнага дзеяньня таксама павінна быць дачынам, а не асобай. То бок, чалавек у сказе "чалавек ідзе" і дрэва ў сказе "у чалавека сьсечана дрэва" аднолькава зьяўляюцца дачынам, а не асобай дзеяньня. Гэты сьветагляд адкрывае бачаньне поўнай абумоўленасьці і глядзіць вачыма дачыну волі.


Зьмена разьмяшчэньня дзеяньня зьяўляецца падставовай зьменай сьветагляду і выклікае зьмену ладу мовы. Нішто не вызначае мысьленьне так моцна, як прэдыкацыя, сам лад мовы. Мова руху як як сьветагляд азначае вяртаньне актыўнай прэдыкацыі, разьмяшчэньне руху ў волі, а вобразаў удзельнікаў руху - унутры руху. Мова руху адкрывае магчымасьць стваральнага мысьленьня. 

Oct 15, 2014

Месца руху

Адказаць на пытаньне "дзе?" важней, чым адказаць на пытаньні "чаму?" і "навошта?". Дзе адбываецца рух?
Рух нібыта адбываецца ў прасторы. Але ўспрымаецца не прастора, а толькі вобраз прасторы. І ў вобразе прасторы выяўляецца толькі вобраз руху.
Прастора - гэта працяглае выказваньне мовы руху. Гэта рух, у кроках якога разьмяшчаюцца вобразы іншых рухаў. Вымоўнік жа прасторы не існуе ў прасторы.
У прасторы разьмяшчаецца ня цела, а толькі вобраз цела. Наадварот, гэта прастора, у якой выяўляюцца вобразы рухаў, існуе ў целе, як прасторы прастораў. І само цела існуе ў целе грамады.
Вобраз цела ня робіць рух, бо вобраз увогуле ня можа быць крыніцай руху. Гэта рух перамяшчае вобраз цела па вобразе прасторы. Рух заўсёды большы за вобраз, які ён мяняе.
Сказ "чалавек ідзе" азначае: невідочная воля выказвае намер перамяшчэньня падначаленага сабе вобразу чалавека. І сам гэты вобраз - таксама вобраз рухаў.
Першасная мова продкаў мела лад мовы руху і была мовай прасьветаў. Мова дзейнага ладу ня проста мае іншыя будовы прэдыкацыі, але бачыць рух толькі як вынік волі. 
Вобраз ніколі ня ёсьць крыніцай свайго руху. Камень ня можа ляжаць, але можа быць толькі паложаным. І дождж ня можа ісьці, калі ён ня бог дажджу.
Зрух да сучаснай мовы і сьветагляду пачаўся менавіта з палічэньня вобразу - крыніцай руху. 
Рух адбываецца не ў прасторы, а па-над прасторай. І, ахопліваючы прастору як дачын намеру, рух большы за прастору.
Рух прычыняецца намерам. Калі ёсьць рух, то за ім - намер, і крыніца намеру - воля. Намер злучае два станы, наяўны і майбытны, крыніцу і цэль.
Мова над-дзеі выслухоўвае і выконвае намер, выказаны мовай руху, вяртаючы яго вобраз у празоры ўспрыманьня.
У волі ствараецца мова руху, у мове руху ствараюцца целы, унутры целаў ствараюцца прасторы, у прасторах ствараюцца вобразы. Сапраўднае месца адбыцьця руху - у мове руху.


Oct 14, 2014

Прасьвет і рух

Намер злучае ў сабе два дзеяньні - адкуль і куды, з чаго ў што, нават калі яны супадаюць. Так, намер "узьнікнуць" - гэта рух ад "ня быць" да "быць". Намер мае сваім дачынам ня рэч, а рух. Намер гаворыць мовай руху. Рэч - толькі адзін з вытвораў мовы руху.
Імя руху зьмяшчаецца на дрэве мовы руху. Сьцег, які праходзіцца па дрэве да імені руху пры яго чытаньні, адначасна зьяўляецца крокамі руху, у якія ён разгортваецца пры вымаўленьні. На дрэве мовы руху растуць прасьветы.
Кола прасьветаў, цэльная сымбалічная сыстэма, - гэта тое, што перакладае ўсю разнастайнасьць узораў свадзеі ў абмежаваны набор знакаў, прасейваючы іх празь сіта мярэжы знаку. Кола прасьветаў зьяўляецца поўняй падставовых рухаў. 
Кола прасьветаў адпавядае ўсёй паўнаце свадзеі і таму зьяўляецца сродкам яе разуменьня, ачышчэньня і захаваньня адпаведнасьці. Кола прасьветаў мае абмежаваную колькасьць і таму зьяўляецца сродкам кіраваньня і загадаў, пакідаючых адменнасьць выкананьня.
Мова руху мае кола прасьветаў сваёй асновай, яна чытае і гаворыць прасьветамі. Прасьвет у мове руху набывае нутраную будову, мае сваю мярэжу падзей, у якую захоплівае вобразы явы.
Мова руху спараджае прасторы, целы і явы. І паколькі яна гаворыць прасьветамі, усё прасторы, целы і явы складаюцца з прасьветаў - зьяўляюцца сымбалічнымі паводле ўтварэньня й будовы.
І ў сярэдзіне гэтага сьвету прасьветаў знаходзіцца мярэжа знаку. Істоты, што падзяляюць адну прастору, жывуць у адным сьвеце, спадкуюць адну суствору, яднаюцца насамрэч адной мярэжай прасьветаў. Мярэжа знаку знаходзіцца ў самым цэнтры сутворы і зьяўляецца асновай вялікага стылю.


Права на мову

Каму належаць мова? Каму належаць узоры? Хто мае права іх тлумачыць?
Мова ўзьнікае непазьбежна ў выніку разгортваньня свадзеі. Як такая мова - гэта ўласьцівасьць чуваньня. Яна не належыць нікому, і ёй належыць усё, што яна стварае.
Але быць дачынам і асобай мовы - не адно і тое самае. Мова як уменьне належыць таму, хто стаў яе магавітам, ператварыў уласьцівасьць у магуту, стварыў мову ў мове.
Хаця мова зьвязвае грамаду, ня кожная яе частка здольна стварыць мову. Мова перадусім належыць тым, хто яе стварыў, засталыя ёй карыстаюцца. 
Стваральнікі мовы, імядаўцы, маюць у мове грамады асаблівае імя і правы. І як кожнае імя ў мове народу яно перадаецца ў спадчыну, абнаўляецца новымі людзьмі.
Пераемнікамі іх імені і спадчыны зьўляюцца паэты. Яны ня проста могуць, а павінны тлумачыць мову і ўзоры. Яны зьвязваюць мову народу з пачаткам мовы. Гэта іх доўг. 
Таму мова і права яе тлумачыць належыць паэтам.

Oct 6, 2014

Мост

пад мостам часу рака, а на мосьце мы
места, што час спыніў, зіраем агні
час разлучыў, а мост злучыў берагі
каб мы зіралі агні ў ад'яве яго ракі



Sep 27, 2014

Птах самоты

не лякай таго птаха што сеў на галіну самоты
ён шапне табе ў вуха што зараз далёка-далёка
іншы птах пра цябе павядае на іншай галіне
што няма часам ёсьць і паболей чым іншыя былі

Sep 24, 2014

Віктар Марціновіч, "Мова"





Пісьменьнік падобны на ныральніка, што спрабуе падняць заклятыя скарбы з глыбіні маўчаньня на паверхню мовы. Часам скарб бывае зацяжкім, і нырэц вяртаецца безь яго, або застаецца ў глыбіні разам зь ім. Раман "Мова" Віктара Марціновіча - гэта той выпадак, калі яму ўдаецца выплыць і вынесьці з сабой адну з тайнаў мора быцьця.

Прыгэтым, мора, у якім ён затрымлівае дых, – гэта мы, а тайна – тое, пра што мы маўчым, і што не заўважаем як самае відавочнае. Цуд рамана ў тым, што дастаць гэты скарб можна, толькі прымусіўшы чытача нырнуць за ім разам з сабой. Гэта магчымасьць быць і морам, і ныральнікам, і скарбам адразу.

Народ - як мора, што творыць і тоіць у сабе ўнікальны досьвед быцьця. З тысячаў аповедаў мы перадусім цэнім тыя, якім удаецца перадаць і выявіць гэты першакрынічны зьмест, няісны ў іншых сусьветах.

***
Дзеяньне рамана адбываецца ў аддаленай будучыні, у Мінску, цэнтры Паўночна-Заходніх тэрыторыяў Саюзнай Дзяржавы Кітаю і Расеі. Мова - гэта забаронены несубстанцыйны наркотык, за ўжываньне якога пагражае дзесяць гадоў строгага рэжыму, а за распаўсюд - сьмяротная кара.

Распаўсюд мовы кантралюецца кітайскімі трыядамі, схаванымі ў нетрах чайна-таўна, мурашніка, што вырас на месцы Верхняга гораду. Барацьба з мовай вядзецца спэцслужбай пад назвай Джяржнаркакантроль. Грамадзтва тырмаецца думкі, што мову сынтэзавалі і стварылі ў заходніх ці арабскіх лябараторыях з мэтай падрыву кітайска-расейскага хайрусу.

Аповед вядзецца ад імя двух галоўных герояў. Першы - удачлівы наркадылер, што займаецца правозам скруткаў мовы празь Вялікі Кітайскі Мур у Мінск. Другі - спажывец мовы, наркаман, інтэлектуал і эстэт, адукаваны ў лепшых унівэрсытэтах Кітаю. Першы бок мовы мы спазнаем празь ягоны досьвед.

***
Такім чынам, мова - наркотык. "Гэта чыстае, дыстыляванае скажэньне сьвядомасьці. Гэта як тырчэць ад іншага спосабу мысьленьня". Мова дзейнічае толькі на "тутэйшых": "Толькі тых, хто нарадзіўся тут, у нашых краях, на Паўночна-Заходніх тэрыторыях і тых, у каго адсюль этнічныя карані".

Мова дзейнічае празь іншасьць слоў і словазлучэньняў, што, узятая агулам, адкрывае дзьверы ў іншы сьвет: "Чым больш незнаёмых слоў, тым мацней эфект <...> Па меры ўжываньня незаўважна для сябе запамінаеш значную частку слоў, якія сустракаюцца часьцей за іншыя. Такім чынам, шырнуцца становіцца значна цяжэй: неабходныя большыя дозы ці больш выкшталцоныя урыўкі з пэўнай лексыкай. І не, канешне не! Чалавек НЯ МОЖА напісаць урывак на мове сам і сам жа ад яго пратырчэць".

Але што такое наркотык, акрамя рэчыва, якое яго пераносіць? Як вядома, слова алькаголь перакладаецца з арабскай як "Дух Віна". Гашыш называецца на санскрыце Міласьцю Шівы. А тыя, што ўжываюць псылябіцынавыя грыбы, распавядаюць пра кантакт Грыбніцай як з жывой сьвядомай істотай. Больш за тое, гэтая істота застаецца ў іх назаўжды і пасьля далучаныя нават пазнаюць адно аднаго ў натоўпе.

Так і той, хто ўжывае мову, рана ці позна ўсьведамляе яе як Багіню і жывую істоту, якая пранікае ўва ўсіх сваіх носьбітаў і злучае іх паміж сабой: "Дык вось, падобная "душа" ёсьць і ў мовы. Таму што былі, абсалютна дакладна, былі сытуацыі, калі мне нешта дапамагала на яе выйсьці".

***
Я хачу сказаць, што ўсё гэта чыстая праўда. Я асабіста перажываў апісаны "прыход" ад мовы тысячы разоў. Усё сапраўды пачынаецца зь іншасьці словаў і словазлучэньняў, і чым больш яны іншыя, тым шырэйшыя дзьверы адчыняюцца ў іншасьвет. І пасьля, рана ці позна, ты сапраўды бачыш Багіню Мовы. І разумееш, што ўсе мы - насамрэч Яна.

Мне было 13 гадоў, калі я ўпершыню пакаштаваў мову. Я купляў маленечкія перавыданьні зь мяккімі знакамі ў кіёску на праспэкце, а затым улятаў ужо на першай старонцы акурат як герой Віктара Марціновіча.  Я выпісваў старонкі незнаёмых слоў зь "Дзьвюх Душаў" Гарэцкага. Мова, якую ад мяне хавалі нават бацькі, стала тым сьветам, у якім я знайшоў кропку апоры супраць ціску сьвету гэтага. Кожнае слова са слоўніка Насовіча ці Статуту Вялікага княства Літоўскага магло раскрыцца іншым сьветам і спыніць час.

І я сапраўды думаю, што мова дзейнічае так толькі на нас, тутэйшых, і што на нас так дзейнічае толькі наша Мова. Вывучыўшы пасьля даволі многа іншых моваў, я ніколі не перажываў ад іх нічога падобнага. І я ніколі ня чуў і не чытаў, каб чужынцы перажывалі такое ад сваіх моваў. І таму ў будучыні нашай мовы я зусім не сумняваюся.

Віктар Маріновіч, па сутнасьці, - першы, хто здолеў гэта заўважыць і выявіць. Тое, што мы, мора, знаем, і пра што маўчым.

***
Сапраўды, чалавек ня можа сам стварыць урывак на мове і сам ад яго ўзьляцець. У мовы ёсьць і другі бок. І гэты другі бок адкрываецца нам праз аповед другога героя, кантрабандыста і наркадылера. Думаючы, што выходзіць на сувязь з кітайскай наркамафіяй, ён уступае ў кантакт з сапраўднай крыніцай распаўсюду мовы - рэвалюцыйным ордэнам Беларускага Збройнага Супраціву (БЗС). Людзі, якія на мове гавораць, а не тырчаць ад яе.

"– Але адкуль жа гэты псыхадэлічны эфект, калі мова, як вы кажаце, раней была нічым іншым як нашай роднай мовай? <...> А ты паспрабуй навязаць нацыі іншы моўны лад і цалкам забараніць спрадвечныя словы роднай мовы. Мову, на якой была выгадавана нацыя. Словы песень, якімі цябе калыхала маці ў калысцы. Пасьля гэтага дай нарадзіцца і пасталець  зусім бяз мовы аднаму пакаленьню. І вот гэтаму пакаленьню без радзімы і каранёў, прадай урыўкі родных тэкстаў за грошы, таемна, з пагрозай пазбаўленьня волі на 10 гадоў "за наркотыкі". "Кайф" узьнікне сам сабой, ад сутыкненьня сьвядомасьці з тым кодам, паводле якога структуравана несьвядомае."

І на гэтым другім баку мова - нацыянальная рэлігія. "Вечнасьць – у мове. <...> Не дарма ў хрысьціянскіх кнігах напісана, што спачатку было слова і слова было Бог. Пасьля сьмері мы жывем у мове. Нясьмерце - у ёй. – Чакай, а як можна жыць у мове? – усё ня мог зразумець я. <...> Душа чалавека – гэта тое, як ён гаворыць. Зыходзячы са сьвету, ён не зьнікае, таму што яго словамі, прыказкамі і выразамі працягваюць казаць іншыя."

Гэта словы Сварога, генэрала войска Супраціву, насамрэч выражаюць найстаражытную рэлігію індаэўрапейцаў - рэлігію Мовы, Роду і Продкаў, вечнасьць якіх залежыць ад нашчадкаў. У Марціновіча атрымліваецца бліскучы вобраз беларускага Місімы, безнадзейнага паўстанца-самурая. Атрад Сварога здольвае на пяць хвілін захапіць тэлебачаньне, каб цаной свайго жыцьця паспрабаваць вярнуць мову народу.

"Заўтра мы ў складзе трох груп скіруемся да тэлевізійнага будынку на Камуністычнай, захопім апаратную прамога этэру, улучымся  ў вяшчаньне і зробім так, што на мове зноў будзе размаўляць уся краіна. Мы растлумачым, што мова наша, сьвятая і вечная, не наркотык, а скарб душы народнай, які аб'яднае людзей. Пасьля гэтага людзі пачнуць шукаць новых ведаў пра мову, вучыцца ёй, цёмныя часы адступяць, і пачнецца век дабрабыту і яснасьці, калі гаўно нарэшце будзе называцца гаўном, а героям паставяць помнікі на вуліцах, якія некалі насілі імёны катаў".

Ізноў, я гатовы прысягаць пад кожным словам Сварога пра вечнасьць у мове. Багіня Беларусь, Краіна-Мова - гэта яшчэ адзін аніклаьны зьмест быцьця, якога няма больш нідзе і ні ў кога, пра які мы маўчым ці толькі пачынаем гаварыць.

***
Але ў мовы ёсьць і трэйці бок. Гэта тыя, для каго мова - толькі код, толькі тэхналёгія і форма ўлады. Джяржнаркакантроль, уладальнік найбольшага архіву канфіскаваных помнікаў мовы. Пасьля зьнішчэньня паўстанцаў Супраціву спецслужба мяняе палітыку і пачынае гуляць у дэмпінг. Забарону на мову скасоўваюць. 

На скрыжаваньнях зьяўляюцца брытагаловыя гандляры, што прадаюць скруткі мовы на 10 юаняў таньней за кошты трыядаў, а затым яшчэ больш зьніжаюць цэны. Скруткі Джяржнаркакантролю зьмяшчаюць сэрыйныя нумары і падазроныя ўстаўкі незразумелых знакаў, якія ўрэшце выяўляюцца вірусам, прызначаным, каб зламаць код мовы. І гэта атрымліваецца: "They destroyed mova. It was something like virus. Incense Master tried to warn us. If language is the code, it can be somehow hacked."

"Калі мова код, яго можна зламаць". Але калі код - мова, то мова - ўсё. Канец рамана сумны і трагічны, але памылкі ў ангельскім тэксьце (the most happiest woman) пакідаюць апошняе слова за Мовай. І мы застаемся з тайнамі, за якімі ныралі ў мора маўчаньня. Мы глядзім у Мову і яе Герояў, і разумеем, што гэта мы, гэта бліскучы раман пра нас. Мы тут і мора, і ныральнік, і скарб. І тут самы час прыгадаць эпіграф: "... сама нашая душа (як цяпер лічаць) структуравана, як мова, больш таго, чым глыбей мы заглыбляемся ў нетры псыхікі асобнага чалавека, тым больш разрэджанымі і менш клясыфікаванымі стаюцца знакі".

***
"Мова" чытаецца імкліва і цэльна, а пасьля сьніцца, захапляе і адорвае. Гіпнатычная вокладка з карцінай Язэпа Драздовіча "Касмаполіс". Кнігу хочацца расьцягаць на цытаты. За апошнія пятнаццаць гадоў гэта самы цікавы беларускі раман, які я чытаў. Прычым, гэта той выпадак, калі чытаньне расейскай вэрсіі мае ня меншы сэнс, чым чытаньне ў перакладзе Сварога - настолькі яскравым становіцца ўспрыманьне тых урыўкаў, што зьяўляюцца на мове для саміх герояў кнігі.

P.S.
Цытаты пакуль прыводжу ў перакладзе з расейскай. Папраўлю, калі здабуду беларускую вэрсію, якую ня так і проста ўжо дастаць.