Oct 15, 2014

Месца руху

Адказаць на пытаньне "дзе?" важней, чым адказаць на пытаньні "чаму?" і "навошта?". Дзе адбываецца рух?
Рух нібыта адбываецца ў прасторы. Але ўспрымаецца не прастора, а толькі вобраз прасторы. І ў вобразе прасторы выяўляецца толькі вобраз руху.
Прастора - гэта працяглае выказваньне мовы руху. Гэта рух, у кроках якога разьмяшчаюцца вобразы іншых рухаў. Вымоўнік жа прасторы не існуе ў прасторы.
У прасторы разьмяшчаецца ня цела, а толькі вобраз цела. Наадварот, гэта прастора, у якой выяўляюцца вобразы рухаў, існуе ў целе, як прасторы прастораў. І само цела існуе ў целе грамады.
Вобраз цела ня робіць рух, бо вобраз увогуле ня можа быць крыніцай руху. Гэта рух перамяшчае вобраз цела па вобразе прасторы. Рух заўсёды большы за вобраз, які ён мяняе.
Сказ "чалавек ідзе" азначае: невідочная воля выказвае намер перамяшчэньня падначаленага сабе вобразу чалавека. І сам гэты вобраз - таксама вобраз рухаў.
Першасная мова продкаў мела лад мовы руху і была мовай прасьветаў. Мова дзейнага ладу ня проста мае іншыя будовы прэдыкацыі, але бачыць рух толькі як вынік волі. 
Вобраз ніколі ня ёсьць крыніцай свайго руху. Камень ня можа ляжаць, але можа быць толькі паложаным. І дождж ня можа ісьці, калі ён ня бог дажджу.
Зрух да сучаснай мовы і сьветагляду пачаўся менавіта з палічэньня вобразу - крыніцай руху. 
Рух адбываецца не ў прасторы, а па-над прасторай. І, ахопліваючы прастору як дачын намеру, рух большы за прастору.
Рух прычыняецца намерам. Калі ёсьць рух, то за ім - намер, і крыніца намеру - воля. Намер злучае два станы, наяўны і майбытны, крыніцу і цэль.
Мова над-дзеі выслухоўвае і выконвае намер, выказаны мовай руху, вяртаючы яго вобраз у празоры ўспрыманьня.
У волі ствараецца мова руху, у мове руху ствараюцца целы, унутры целаў ствараюцца прасторы, у прасторах ствараюцца вобразы. Сапраўднае месца адбыцьця руху - у мове руху.


No comments:

Post a Comment