З гледзішча мовы руху выдзяленьне дзейніка - як таго, які дзейнічае, так і таго, на якога скіравана дзеяньне - зьяўляецца будаўнічым заданьнем. Бо напачатку, у коле прасьветаў, на аснове якога будуецца мова руху, ёсьць толькі рух, і яшчэ няма ні таго, хто рухаецца, ні таго, што ён рушыць, ні некага, ні нечага.
Узьнікненьне дзейніка пачынаецца з выдзяленьня і супастаўленьня двух рухаў. На гэты момант у сказе "чалавек мовіць" пакуль што "чалавек" - гэта такі самы дзеяслоў, як і "мовіць", толькі больш павольны. Ёсьць адзін рух, які захоплівае вобраз іншага руху, пранікае ў яго і рушыць яго. Дзейнік заўважаецца як супастаўленьне двух рухаў, адзін зь якіх зьяўляецца прасторай другога. І ў дадзеным выпадку гэта рух "чалавек" адбываецца ўнутры руха "ідзе".
У першаснай мове інда-эўрапейцаў словы, што азначаюць дзейнікаў, існасьці і рэчы, утвараюцца ад дзеяслоўных каранёў, што азначаюць дзеяньні, пры дапамозе афіксаў, што азначаюць спосаб удзелу ў дзеяньні. Прыгэтым, афіксы таксама паходзяць ад дзеяслоўных каранёў.
Так, прыкладам, у санскрыце слова vad-i-tṛ 'моўнік' утвараецца ад кораня vad 'мовіць' афіксам tṛ, а корань tṝ азначае 'перасякаць'. Слова brah-man утвараецца ад кораня bṛh 'расьці' афіксам man, а корань man азначае 'мысьліць'. vad-i-tṛ узьнікае як 'працінаньне маўленьня', а brah-man - як 'мысьленьне ці ідэя росту'.
Паніні выдзяляе толькі 6 удзельнікаў дзеяньня, і для ўтварэньня іх імёнаў дастаткова 6 афіксаў, але першасных афіксаў у санскрыце некалькі сотняў, і мяркуючы па тэксьце Uṇādi-sūtra, прысьвечанаму непрадуктыўнаму словаўтварэньню, іх было нашмат больш -столькі ж, колькі і каранёў.
Сучасныя намінатыўныя мовы па змаўчаньні маюць наўвеце першаснасьць аб'екту, дзейніка і прэдыкацыю да яго дзеяньня. Спачатку дзейнік, пасьля дзеяньне. Колькасьць спосабаў удзелу ў дзеяньня абмежавана і замацавана граматычна. У першаснай мове інда-эўрапейцаў, наадварот, сьпярша дзеяньне, дзейнік узьнікае зь дзеяньня і колькасьць разнастайных дзейнікаў роўная колькасьці дзеяньняў.
Наданьне дзейніку першаснасьці, прыпісаньне яму дзеяньне - гэта велізарны па сваім значэньні пераварот, зь якога пачынаецца чалавек сучасны. Вяртаючы першаснасьць дзеяньню і ператвараючы дзейніка ў яго вытвор, мова руху робіць гэты пераварот яшчэ раз.
No comments:
Post a Comment