May 20, 2014

Народ

Чалавек - ня толькі чалавек, але нашчадак усіх сваіх продкаў і продак усіх сваіх нашчадкаў, увесь свой Род. Род людзей узыходзіць да Першага Продка. Першы Продак зьяўляецца ўвасабленьнем Вялікага Продка. 

Чалавек - ня толькі чалавек, але частка чалавецтва, грамады людзей, безь якой яго няма і ня можа ўзьнікнуць. Грамада людзей - гэта станова, што ўяўляе сабой мову. Яна мае свае імёны і правілы іх дачыненьня. Імёны гэтай мовы ініцыялізуюцца жывымі людзьмі. Гэтая мова і ёсьць чалавецтва.

Вялікі Продак стварыў мову чалавецтва, а затым ініцыялізаваў яе імёны усім сабой, такой жа мовай чалавецтва. Так нарадзіўся першы чалавек, а яго нашчадкі сталі явамі імёнаў мовы чалавецтва. Вялікі Продак нараджаецца ў кожным чалавеку, каб спазнаць паўнату сябе. Таму людзі - гэта племя, спаўненьне чалавека.

Чалавецтва нараджаецца і жыве ўнутры Вялікага Продка і бачыць яго як сьвет, што зьяўляе перад ім Маўклівая Мова, Радзіма. Людзі паміраюць унутры Вялікага Продка, які захоўвае іх усіх у памяці мовы чалавецтва. Паміраючы, чалавек далучаецца да ліку продкаў, Дзядоў. Іх нашчадкі займаюць месца продкаў у мове чалавецтва.

Народ - гэта чалавецтва, гэта паўната становы, структуры, калі ўсе імёны мовы чалавецтва запоўнены людзьмі. Але чалавецтва расьце, яно памнажаецца і людзей становіцца больш за імёны мовы грамадзтва. Так узьнікае малады рой, які аддзяляецца ад чалавецтва і стварае новы народ, новую поўную мову чалавецтва, запаўняючы сабой яе імёны. У новым народзе зноў ёсьць першы Продак і яго нашчадкі.

Чалавек бяз долі ў народзе, бязь імені ў мове чалавецтва - чалавек празапас. Каб атрымаць долю ў народзе, трэба ня проста нарадзіцца, але атрымаць імя ў мове народу.

Людзі гавораць паміж сабой Гаваркой Мовай, гэта іх твор. Але іх Гаваркую мову слухае і паказвае іншым толькі Маўклівая Мова Вялікага Продка. Гаворачы між сабой, яны, ня ведаючы таго, гавораць толькі зь ім. Гаваркой Мовай народы твораць свае сутворы як узоры на тканіне першай Маўклівай Мовы.



Поўдзень

ты далёкага сонца пасланьне, 
паўднёвая веліч паветра,
абяцаеш мне рай на зямлі, 
калыхаючы шолахам сьветлым,

і пяром у прадоньне дрымоты 
зарынаючы дрогкія веі,
па той бок ажываюць навалы
грымотныя крокі па глебе.



карціна - Мікалай Чурлёніс, "Саната пірамід"

Сымбалі роднага краю

“Вось сымбаль твой, забыты краю родны!” - кажа паэт пра гаршчок насеньня, знойдзены ў эґіпецкай магіле. Старажытнае зерне, кінутае ў глебу, дае новую ўскалось. Край жа родны раскрываецца як крыніца, што прабіваецца зь зямлі на прастор.

І нельга сказаць, што зерне зьяўляецца сымбалем крыніцы. Бо і зерне, і крыніца - сымбалі аднаго вечнага чыну вымыканьня з матчынай прасторы. А гаворка ўвогуле ідзе пра беларускую нацыю.

“А дзе ж тая крынічэнька, што голуб купаўся?” - пытае хлапец у песьні, і дадае - “А дзе ж тая дзяўчынонька, што я заляцаўся?” Дзяўчына робіцца раўналежнай крыніцы паводле агульнага чыну, што ўчыняецца над ёй: “А ўжо з тае крынічэньні валы воду п’юць. А ўжо тую дзяўчыноньку за руку вядуць.” І гэта робіцца дзеля далейшага магічнага сэнсавага дзеньня: “А я ж тую крынічэньку тыччам ператычу. А я ж тую дзяўчыноньку клічам пераклічу”.

Ізноў нельга сказаць, што крыніца зьяўляецца сымбалем дзяўчыны, або наадварот, што дзяўчына зьяўляецца сымбалем крыніцы. І дзяўчына, і крыніца робяцца сымбалем падставовага дзеяньня страты і аднаўленьня чысьціні.

Сымбаль - гэта знак, які азначае сваё дзеяньне, свадзею. Крыніца - сымбаль вымыканьня, магіла - сымбаль пахаваньня, кола - сымбаль паўнаты. Сымбаль ствараецца як раўналежнасьць, дзеяньне паўторанае ў іншай прасторы. Сымбалічны сэнс выявы роўны руху, які яе стварае. Сымбалічны сэнс гуку роўны дзеяньням вымаўленьня, якія яго спараджаюць. Таму ўсякая ява мае мае сымбалічны сэнс, які затым толькі закрываецца значэньнем, калі адно пачынае азначаць другое.

Беларускі арнамэнт - гэта мова чыстага сымбалізму, узоры свадзеі. Тут усё насамрэч азначае ня зьявы і рэчы, але толькі тыя чыстыя дзеяньні, сымбалямі якіх зьяўляюцца зьявы і рэчы. Дзеля разуменьня ўзораў патрэбны перадусім пошук іх сэнсу, іх супастаўленьне са слоўнікам падставовых дзеяў, і толькі ў другую чаргу - пошук іх значэньня, магічнага і валявога судачыненьня зь іншымі явамі праяўленага сьвету.



May 10, 2014

Зеўра

разрываецца зеўра нябёс за сьпіной
немакрыкам тугі па зямлі абяцанай
які боль назіраць за тваёю красой
о багіня Радзіма што станецца явай



вобраз: Мікалай Чурлёніс, Саната Пірамід, 1908

Мова і ініцыяцыя

Знаньне прадстаўляецца і інсталюецца як мова, сувязь імёнаў і формаў. Засваеньне знаньня - гэта засваеньне пэўнай мовы. Носьбіты пэўнага знаньня выглядаюць у вачах іншых як носьбіты невядомай мовы. Пра што яны гавораць - незразумела. І ўваход у кола знаўцаў забясьпечваецца вывучэньнем іх мовы. Такім чынам, мова выконвае ролю ініцыяцыі, пасьвячэньня.

Вывучэньне мовы падзяляецца на дзьве часткі - пасыўную, калі чалавек пачынае яе разумець, і актыўную, калі чалавек сам на ёй пачынае гаварыць. Але і традыцыйнае навучаньне таксама падзяляецца на тыя ж дзьве стадыі. І ініцыяцыя лічыцца сапраўднай толькі тады, калі чалавек абудзіць у сабе традыцыю, “загаворыць” яе мовай. Гэта цуд самаабуджэньня, які нельга падмяніць выкананьнем усіх правілаў традыцыі. Дзіўна, але знаўцу мовы дазваляецца парушаць яе правілы.

Наша нацыя стваралася вакол нашай мовы. Наша мова - гэта нясьмерце нашых продкаў, нас і нашых нашчадкаў, сховішча нашага досьведу і знаньня. Каб стаць часткай беларускай нацыі, атрымаць долю ў нясьмерці нашага роду, трэба прайсьці ініцыяцыю - загаварыць па-беларуску. І ніяк інакш. Ня змог - не прайшоў выпрабаваньня.



Вялікі стыль

Спачатку ўсё гэта было самім Сабой. Ён захацеў стаць усім і стаў усім. І паглядзеўшы на ўсё, Сам сказаў: я - гэта ўсё, бо я стварыў гэта ўсё. Так паводле Упанішадаў Пачатак сьвету глядзіць на сьвет і на нас, яго нашчадкаў. Пачатак пазнае сябе ў сьвеце як сваю ўсемагуту, сваю свабоду.

Але ўявім сабе яшчэ як глядзіць на сьвет прадстаўнік культуры вялікага стылю, што жыве напрыканцы гісторыі ўласнай цывілізацыі - эгіпецкі фараон, прыдворны паэт Калідаса або вытанчаны заходні эўрапеец нашых дзён. Ён бачыць перад сабой толькі вытворы ўласнай культуры ўва ўсім: у архітэктуры, побыце, мастацтве, пародзістых расьлінах і жывёлах - і можа сказаць сабе: я - гэта ўсё, бо я стварыў гэта ўсё.


Але мы глядзім на сьвет ня так. Ува ўсім вакол мы бачым або прыроду, або вытворы іншых цывілізацыяў. І гледзячы на ўсё гэта, мы можам сказаць толькі як Сам на пачатку праявы: я хачу стаць усім і я стану ўсім. Каб пасьля, убачыўшы вакол сьвет твораў сваёй культуры, сказаць сабе: я - гэта ўсё, бо я стварыў гэта ўсё зь сябе.


Нацыя стварае ўласную культуру, каб убачыць у ёй сваё адлюстраваньне і пазнаць у ім сябе. І калі мы пазнаем сябе ў выяве, творы ці вершы, мы знаем - гэта наша культура, а калі не пазнаем - гэта чужая. Я магу бясконца сузіраць узоры на беларускім рушніку, бо нешта ўва мне пазнае ў гэтых узорах Сябе. І я хачу, каб мой нашчадак у нейкім калене, адчуў гэта, гледзячы на створаны намі сьвет.



Воля і Хаос

Космас нараджаецца з хаосу. Прыгэтым, космас звычайна перакладаецца як "парадак", а хаос, наадварот, як "беспарадак". Па-старагрэцку, аднак, слова космас значыць "красу, упрыгожаньне, форму", а слова хаос азначае "прорву, расколіну, разрыў". Правільным этымаляґічным перакладам "хаосу" мае быць слова "зеўра".

Вось жа не парадак нараджаецца зь беспарадку, а краса і выява нараджаецца зь зеўры, разрыву першаснай паўнаты і адзінства існа-няіснага. Усе праявы, быты, людзі, культуры, народы родзяцца з разрыву паўнаты Роду.

Кожны з нас нясе ў сабе хаос, разрыў, празь які ў быцьцё прыходзіць новае, празь які быцьцё намі расьце, празь які нішто і нябыт ператвараецца ў быт і што. І мы перадусім і ёсьць гэты разрыў, зеўра, а не выявы, якія яна спараджае. Што можна зрабіць з гэтым хаосам, які чалавек нясе ў сабе, які яго спарадзіў і зрабіў існым? Усё. Ён ператвараецца ўва ўсё. Наш хаос - гэта наш кон і час. Скончыцца ён, і скончымся мы.

Але і наша нацыя, вялікі беларускі Чалавек, нараджаецца з разрыву паўнаты і аднастайнасьці, які выдзяляе нас з плеромы чалавечага роду. Мы нясем у сабе Беларускі Хаос, зеўру Нацыі, празь якую ў быцьцё прыходзіць наша культура. Наша нацыя - гэта наш кон, ад якога нам не зыйсьці як ад самога сябе.

Слова Воля, акрамя іншага азначае ў нашай мове "пустату": "вольная прастора" значыць "пустая прастора". Мы адчуваем у сабе Волю як свабодную, неабумоўленую нічым магуту, яшчэ пустату, якую мы можам ператварыць у любы чын і быцьцё водле свайго выбару. І чым большая зеўра магуты адкрываецца ўнутры нас, тым большай мы адчуваем нашу Волю.

Так, мы яшчэ не "адбыліся" як нацыя. Мы яшчэ не стварылі сваёй культуры. І калі мы думаем пра сваё, у нас адкрываецца зеўра і бездань. Але чым шырэй гэтая беларуская бездань, тым магутней нашая Воля, зь якой нараджаецца наш космас і наша ява.