Oct 27, 2013

Ісьцінныя імёны

Ёсьць старажытнае ўяўленьне пра тое, што кодная істота, кожная рэч у сьвеце мае сваё ісьціннае імя. А ўся сукупнасьць такіх імёнаў складае ісьцінную мову. Лічыцца, што сваё ісьціннае імя варта хаваць, бо імя дае ўладу над яго формай. Пасьвячэньне, пераход істоты ў іншы стан, таксама накладаньнем новага імені. Зважачы на хаатычную разнастайнасьць сьвету гэтая ідэя здаецца дзіўнай. Рэчы і істоты здаюцца "проста" і "ўсяго толькі" рэчамі і істотамі, выпадковымі асобнікамі з сэрыі падобных. Як усё гэтае бясконцае мноства можа мець свае ісьцінныя імёны?

Арганізм уяўляе сабй сыстэму органаў, "дзейнікаў", што выконваюць пэўную функцыю дачынна адно аднаго. Любы арганізм можна прадставіць як мову, што мае сваю лексыку, граматыку і сынтаксіс. Элемэнты ідэнтыфікуюцца першаснымі імёнамі. Імёны ўтварюць клясавую гіерархію з дапамогай другасных імёнаў імёнаў, якія затым зьяўляюцца аб'ектам сынтаксычных правілаў, што арганізуюць працу структурнай цэласьці. Для працы мовы неабходна прастора імёнаў, у межах якой імёны ўнікальны.

Элемэнт, што складае частку арганізму, сам пры гэтым можа быць цэлым арганізмам. У такім разе формай імені аказваецца цэлая мова, са сваёй сыстэмай імёнаў, мэта-імёнаў і сынтаксычных правілаў. Калі прадставіць арганізм чалавечага грамадзтва як мову, то форму яе імёнаў складаюць людзі, складаныя арганізмы. Органы цела чалавека ў сваю чаргу маюць сваю нутраную будову, і таксама ўляўляюць сабой асобныя мовы. З гледзішча мовы вышэйшага ўзроўня імя такога элемэнта можна прадставіць сабе ў выглядзе дамэннай структуры: < імя элемэнта ў мове-дамэне >.< імя элемэнта ў мове-субдамэне>... як адрэсы ў інтэрнэце.

Сьвет адзіны і цэлы, мае адзін пачатак. Усё ў ім так ці інакш зьвязана паміж сабой. Гэтую ўзаемназьвязаную цэласьць можна назваць арганізмам сьвету, што мае сваю "мову сьвету". З гэтага гледзішча любы элемэнт сьвету, кожны чалавек, кожная клетка і кожны атам, наколькі б яны ні былі аддаленыя ад пачатку маюць сваю ўнікальную адрэсу, імя, што складаецца з дамэнаў, суб-дамэнаў і ў рэшце рэшт свайго ісьціннага імені.


Oct 24, 2013

Вялікі Чалавек

Мова - гэта сувязь імені і формы. З гэтага гледзішча чалавечае грамадзтва таксама зьяўляецца мовай. Кожны чалавек мае ўласнае імя, для якога ён сам зьяўляецца формай. Гэтыя ўласныя імёны складаюць яе лексыку. Мова грамадзтва мае сваю граматыку - імёны імёнаў, якія адносяць людзей да розных катэгорыяў, статусаў і клясаў. І свой сынтаксіс - правілы дачыненьняў паміж гэтымі граматычнымі катэгорыямі. Людзі мяняюцца, грамадзтва застаецца. Граматычныя імёны прысвойваюцца іншым адзінкам, а структура захоўваецца нязьменнай.

Мова грамадзтва ўтварае структуру, элемэнты і дачыненьні паміж элемэнтамі. Людзі для гэтай мовы - назоўнікі, а іх дачыненьні - дзеясловы. Правілы мовы вызначаюць, якім павінен быць адказ аднаго элемэнта на дзеяньне другога. "Рух ад сябе" аднаго складніка павінен адлюстравацца як "рух да сябе" іншым складнікам. З гэтага гледзішча ўвесь інтэрфэйс чалавечага ўспрыманьня - тое, што робіць неба сінім і разьмяшчае яго ўверсе, а зямлю чорнай і разьмяшчае яе ўнізе - зьяўляцца такой самай часткай мовы грамадзтва, як і элемэнты яго стркутуры. Гэта адна мова. І гэта невымерна пашырае яе абсяг. Бо правілы інтэрфэйса ўспрыманьня аднолькавыя для руху чалавека, каня і ветра. У мову грамадзтва ўваходзіць уся карціна сьвету.

Але грамадзтва нібыта складаецца зь людзей. Што застанецца, калі выдаліць іх з грамадзтва? Зьнікне лексыка, застанецца граматыка і сынкаксіс - структура, элемэнты і правілы іх дачыненьняў без усякай канцрэтнай формы. Плятанічная ідэя грамадзтва, макет, кляса зь неініцыялізаванымі пераменнымі. Што такое тады форма чалавека, якой ініцыялізуюцца імёны мовы грамадзтва?

Чалавек як форма свайго імені таксама аказваецца цэлай мовай чалавека. Як і грамадзтва, ён складаецца з узаемна-зьвязаных частак, форма якіх мяняцца, а функцыя застаецца. Яго цела цягам жыццья некалькі разоў цалкам зьмяняе свой склад. Мова чалавека мае свае лексыку, граматыку і сынтаксіс. Гэта значыць, што імя ў мове грамадзтва ініцыялізуецца і прадстаўляецца цэлай мовай як формай. Мова зьверху, і мова зьнізу. Мова звонку, і мова ўнутры. Чалавек аказваецца цэлым грамадзтвам, а грамадзтва - Вялікім Чалавекам. І гэты чалавек - Мова.

sahásraśīrṣā púruṣaḥ sahasrākṣáḥ sahásrapāt, sá bhū́miṃ viśváto vṛtvā́ty atiṣṭhad daśāṅgulám. púruṣa evédáṃ sárvaṃ yád bhūtáṃ yác ca bhávyam  - "Тысячагаловы Продак, тысячавокі, тысячаногі, абярнуўшы быцьцё адусюль, на дзесяць дванаццатых выстаў. Продак толькі ўсё гэта, што быта і тое, што будзе..." (Рыг-веда 10.90.1-2)

Гэты Вялікі Чалавек як мова пасродкуе сабой усе ўзаемадзеньні ўнутры сябе. Усё, што чалавек успрымае і выражае, праходзіць праз правілы мовы грамадзтва. Калі чалавек бачыць, то насамрэч перад сабой Вялікага Чалавека. Калі чалавек гаворыць, то насамрэч гаворыць зь Вялікім Чалавекам. Чалавек бачыць мову, гаворыць з мовай, дыхае мовай.

tásmād virā́ḷ ajāyata virā́jo ádhi pū́ruṣaḥ, sá jātó áty aricyata paścā́d bhū́mim átho puráḥ - "Зь яго узьнікла Улада, з Улады узьнік зноў Продак, ён, узьнікшы, пераўзыйшоў назад быцьцё і наперад". (Рыг-веда, 10.90.5)

Што адбываецца, калі структура ініцыялізуе свае элемэнеты сабой жа? Мова ўваходзіць сама ў сябе. І пры гэтым адбываецца нешта новае і небывалае раней. Яна расьце. Яе становіцца больш. Яна дасягае ўсебаковага самаўспрыманьня - бачыць сябе з усіх бакоў, гаворыць з кожнай часткай сябе самой, спазнае сябе ў сваёй усемагчымасьці. Яна - усё, што адбываецца ўнутры яе, усе людзі, небёсы і землі, вёсны і восені.

Неба гарыць

Tanzwut - Der Himmel brennt

Неба гарыць

Цені зьнікаюць
Сканчаецца ноч
Твае вусны гараць
Зноў у сэрцы маім

Цябе зноў я трымаю
Моцна ў руках
Мая тайная любоў
Мой вечны боль

Так ня можа быць вечна
Я сёньня сыходжу
І сонца змывае
Сваю кроў у моры

Не на векі вечныя
Наша адзінота
І нас не разлучае нічога
Калі неба гарыць

Твае сьлёзы сьвячаюць
Марскую ваду
У хваляў гульні
Я бачу твой твар

Не на векі вечныя
Наша адзінота
Нас больш не разлучае нічога
Калі неба гарыць




Der Himmel brennt

Die Schatten zerfallen 
Die Nacht geht zu Ende 
Dein Mund brennt 
Ein Mal in mein Herz 

Ich halt dich noch einmal 
Ganz fest in den Armen 
Meine heimliche Liebe 
Mein ewiger Schmerz 

Doch es wird nicht für immer sein 
Dass ich heut von dir geh 
Und die Sonne schwemmt 
Ihr rotes Blut in die See 

Nicht für die Ewigkeit 
Ist unsere Einsamkeit 
Und es bleibt nichts was uns trennt 
Wenn der Himmel brennt 

Deine Tränen erhellen 
Das Wasser der See 
Im Spiele der Wellen 
Dein Antlitz ich seh

Nicht für die Ewigkeit 
Ist unsere Einsamkeit 
Und es bleibt nichts was uns trennt 
Wenn der Himmel brennt 

Sep 20, 2013

Ціша перад бурай

Tanzwut - Die Ruhe vor dem Sturm

ні птаха ў нябёсах,
застыла зямля,
у мойчы й спакоі
заклята на век

i сонца сьвеціць,
і дождж ліе,
і нішто не сканчаецца,
і нішто не пачынаецца

пакуль час не дасьпее,
каб зьнішчыць заклён
i будзе сусьвет
належаць нам зноў

ты чуеш цішу,
цішу перад бурай?
нішто не назаўсёды,
нішто ня страчана навечна.

ты чуеш цішу,
цішу перад бурай?
час надасьпеў
для адраджэньня нашых чар

ні сьмеху людзкога,
ні ціхай малітвы.
ні ў сьне, ні ў чуваньні,
зьнесены ветрам

пакуль час не дасьпее,
каб зьнішчыць заклён.
і будзе сусьвет
належаць нам зноў

ты чуеш цішу,
цішу перад бурай?
нішто не назаўсёды,
нішто ня страчана навечна

ты чуеш цішу,
цішу перад бурай?
час надасьпеў
для адраджэньня нашых чар

пераклаў зь нямецкай Міхаіл Баярын.





Tanzwut - Die Ruhe Vor Dem Sturm

Kein Vogel am Himmel
Erstarrt ist das Land
In Leere und Stille
Auf ewig gebannt

Und die Sonne scheint
Und der Regen rinnt
Und nichts endet
Und nichts beginnt

Doch die Zeit ist reif
Den Bann zu zerstören
Dann wird die Welt
Wieder uns gehören

Spürst du die Ruhe
Die Ruhe vor dem Sturm
Nichts ist für immer
Nichts für die Ewigkeit verloren

Spürst du die Ruhe
Die Ruhe vor dem Sturm
Die Zeit ist reif
Dass unser Zauber neu geboren

Kein menschliches Lachen
Kein leises Gebet
Nicht schlafend, nicht wachend
Vom Winde verweht

Aug 17, 2013

Мова багоў

Мова існуе індывідуальна. Кожны носьбіт мовы мае сваю мову, сваю лексіку, граматыку і сінтаксіс. 

Але мова ўзьнікае дзеля ўзаемадзеньня зь іншымі, для зьдзяйсьненьня чыну, які нельга зрабіць аднаму. Узьнікненьне мовы - гэта ўвесь час сінхранізацыя мноства індывідуальных моваў. Толькі агульная справа патрабуе стварэньня мовы.

Тры працэсы ўтвараюць мову - лексіка, граматыка і сінкаксіс - спараджэньне элемэнтаў, стварэньне мэта-элемэнтаў і вызначэньне парадку мэта-элемэнтаў. Мы ўвогуле бачым сьвет як мову - як элемэнты, мэта-элемэнты і іх парадак.

Ёсьць мова, якую мы спараджаем самі, і ёсьць мова, для якой мы, ці тое, чым мы сябе лічым, ёсьць элемэнтамі, падпарадкаванымі пэўным граматыцы і сынтаксу. Законы і прычыннасьць і ёсьць нішто іншае як мова.

Мы звыкліся думаць пра гэту мову як пра твор аднаго бога, які ўсталяваў законы сьвету. Але калі ўсе натуральныя мовы - гэта мовы супольнасьцяў - узьнікаюць і існуюць як агульная справа, трэба меркаваць, што і тая мова, граматыка і сінтаксіс якой абавязковыя для гэтага сьвету, таксама можа быць калектыўным творам, мовай багоў.

Стваральнікі мовы, рышы, продкі багоў і людзей, у Ведах узгадваюцца менавіта ў множным ліку:

kā́mas tád ágre sám avartatā́dhi mánaso rétaḥ prathamáṃ yád ā́sīt, sató bándhum ásati nír avindan hṛdí pratī́ṣyā kaváyo manīṣā́ - "Жаданьне зь яго напачатку ўзьнікла, якое было семенем першым мыслу. Мяжу існага ў няісным знайшлі празорцы ў сэрцы, зыскуючы мысла-воляй." (Ṛgveda, 10-129.4)

bṛ́haspate prathamáṃ vācó ágraṃ yát praírata nāmadhéyaṃ dádhānāḥ, yád eṣāṃ śréṣṭhaṃ yád ariprám ā́sīt preṇā́ tád eṣāṃ níhitaṃ gúhāvíḥ - "Пане слова, быў першы пачатак мовы, калі імя-дзею рушылі дзейныя, што было ў іх найлепшае, чыстае, тое, глыбока сукрытае, любоўю яны явілі." (Ṛgveda, 10.71-1)

Багі, у множным ліку, робяць Мову многапрысутнай, многадасяжнай.

aháṃ rā́ṣṭrī saṃgámanī vásūnāṃ cikitúṣī prathamā́ yajñíyānām, tā́m mā devā́ vy àdadhuḥ purutrā́ bhū́risthātrām bhū́ry āveśáyantīm - "Я ўладарка, скарбніца скарбаў, чуйная, першая з вартых аброку, Той мяне ўстанавілі багі паўсюль многамесцавай, многадасяжнай" (Ṛgveda, 10.125-3).

Ці зьмяншае гэта як-небудзь Першапачатак? Не. Узьнікненьне мовы адначасова зьяўляецца ўзьнікненьнем законаў і правілаў, спараджэньнем асобнасьцяў і абмежаваньняў. Першапачатак, стваральнік стваральнікаў мовы, застаецца стваральнікам свабоды.

Паўтор

Калі мы слухаем музыку, напрыклад, Месяцовую санату, ёсьць імгненьне, калі пасьлядоўнасьць пачынае паўтарацца. І адразу ж тыя самыя ноты, што гучалі раней як мэлёдыя, становяцца нечым большым, выдзяляюцца ўжо як элемэнты кампазіцыі.

Паўтор аднаго элемэнта стварае рытм. Варыяваньне элемэнтаў стварае мэлёдыю. Паўтор мэлёдыі зноў стварае рытм, выдзядяючы элемэнт вышэйшага парадку. Варыяваньне мэта-элемэнтаў зноў стварае мэлёдыю. 

Паўтор стаіць у пачатку менаваньня. Змысел атрымлівае імя, калі паўтараецца. Паўтарэньне стаіць на пачатку граматыкі. Граматычнае мэта-імя зьяўляецца, калі паўтараецца агульны змысел імёнаў. Сінтаксіс утвараецца, калі паўтараецца пасьлядоўнасьць мэта-імёнаў. 

Думаючы пра мову і імёны, мы інтуітыўна адчуваем, што паўтарэньне тут прычым. Але справа ня ў колькасьці паўтораў, а ў рытме, які яны спараджаюць.

Паўтарэньне стварае граматыку мовы, яе элемэнты і мэта-элемэнты. Варыяваньне ставарае лексыку, спэктр у межах пэўнага ўзроўня. Паўтор, ствараючы рытм, кожны раз узводзіць мову на ўзровень вышэй. 

Як у музыцы, у любой мове ёсьць свая мова мэлёдыі, лексыка і свая мова рытму, граматыка. Мовай можна назваць усё, што мае паўтарэньне і варыяваньне.

Увесь гэты сьвет

Успамін

Раптам усплыў яркі ўспамін зь дзяцінства: у вёсцы было вясельле, нявеста раскідвала цукеркі і дзяці імгненна падбіралі іх з дарогі. Дзяцей было многа. Я спрабаваў падняць хоць адну, але ніколі не пасьпяваў. Было такое вострае пачуцьцё абдзеленасьці і адчужанасьці. Цукеркі скончыліся і я, мабыць, унутрана ўжо плакаў, але раптам гэтая неверагодная чыстая белая добрая істота падыходзіць да мяне і сама дае мне цукеркі ў рукі.


Перапын

У сваіх развагах мы звычайна зыходзім з ідэі працягласьці рэчаіснасьці, быцьця, суб'екта. Прадмет развагі існуе працягла, працягла існёе і той, хто разважае. Інакш губляецца сэнс развагі, і сама рэчаіснасьць таксама губляецца. Асабліва гэта важна для сучаснай навукі зь яе ідэяй аб'ектыўнасьці. Фізыка і гісторыя бачаць час і прастору як працягласьць.

Але гэтае бачаньне заўжды выносіць за дужкі той просты несумнеўны факт, што быцьцё ўвесь час перапыняецца і ня можа не перапыняцца. Мы ніколі не зьяўляемся сьведкамі няспынных часу, прасторы, быцьця, рэчаіснасьці. Сон зноў і зноў перапыняе быцьцё, перазапускае рэчаіснасьць, утварае новы суб'ект. І гэты новы суб'ект з усіх сілаў верыць у той, што зьяўляецца працягам учорашняга, што новая рэчаіснасьць працягвае старую.

Бо перапыннае быцьцё - ужо нибы і не быцьцё. Перапынны суб'ект - увогуле ніякі і не суб'ект. Перапынная рэчаіснасьць - увогуле нікуды ня вартая ў якасьці рэчаіснасьці. Чаго вартая перапынная гісторыя? Але суб'ект перапынны, быцьцё перапыннае, рэчаіснасьць перапынная. Бо ёсьць тое большае чым гэтая рэчаіснасьць, гэтае быцьцё, гэты суб'ект, што стварае гэтую рэчаіснасьць, гэтае быцьцё, гэты суб'ект. Таму што прыходзіць сон і перапыняе ўсё, а затым пачынае ўсё наноў. Дзень і ноч таму - найважнейшыя катэгорыі перапыннасьці.


Успамін успаміна


Успамін ажыўляе, аднаўляе памяць. Можна ўспомніць свой дзень, усе ўчынкі, сустрэчы і размовы свайго дня і ясна ўзгадаць сябе, які іх зьдзяйсьняў, у іх удзельнічаў. Але нельга ўзгадваць сябе ўзгадвачым. Успамін на гэтым спыняецца. Тут мы сустракаемся з тайнай.


Памяць нязьменная і нескасоўная, і ўжо гэтым успрымаецца як прымус суб'екта, але яна ўсё ж суцэльна належыць нам. Суб'ект успамінаў - уладар неадчужальнай уласнасьці, што ўвесь час прырастае актуаліяй. Немагчымасьць успомніць успамінаючага адкрывае суб'екта ўспамінаў як мэта-суб'екта, што пераўзыходзіць суб'екта перажываньня.

Няўклюднасьць

Няўклюднасьць, асабліва дзіцячая, кажа пра тое, што мы існуем ня тут, а тут і там, дзе ўсіх гэтых абмежаваньняў, якія ўвесь час парушаюць нашыя целы, няма. Варта нам крыху забыцца, і мы ў родным сьвеце, дзе ўсё выконваецца адразу, а не пасьлядоўна, праўь сьцены можна хадзіць, рэчы не абавязаны падаць долу і можна лётаць. Няўклюднасьць кажа пра тое, што сон - ня збор успамінаў і адбіткаў, а нашае прыроднае асяродзьдзе, дзе мы як рыбы щ вадзе.

Земнаводныя

Людзі зарадзіліся ў вадзе сну і "цягам эвалюцыі" выпаўзьлі на сушу чуйнаваньня.

Заваёўнік
Хаця сьвет чуйнаваньня неахвотна падпарадкоўваецца чалавеку і прымушае яго гуляць па сваіх правілах, у яго ёсьць і свая прастора, дзе ўсе яго жаданьні і ідэі без адвалокі спаўняюцца, сон. І чаго дасягнуў ён, чаго такога пажадаў, чаго такога стварыў, маючы гэтыя амаль бязьмежныя магчымасьці, такога, каб відавочна перасягала тыя магчымасьці, якія ён мае ў прасторы чуйнаваньня? Ён там проста адпачывае, ад змаганьняў у "сапраўдным" сьвеце.
Падобна, што чалавек кажа пра сваю несвабоду ў сьвеце чуйнаваньнязусім не таму, што ў яго тут нешта не атрымліваецца зрабіць ці дасягнуць. Для яго прынцыпова важна дасягнуць сваіх жаданьняў менавіта тут, дзе форма сухая, цьвёрдая і доўна трымае сьлед, дзе ён як захопнік і заваёўнік навязвае матэрыі сваю волю, а ня там, дзе ўсякая яго прыхамаць безумоўна зьдзяйсьняецца ў поўным аб'ёме паслухмяным вільготным асяродзьдзем.
Старэньне

Рэчы, што стварае чалавек, немінуча ўвесь час старэюць. Усё, што стварае чалавек, імкнецца да разбурэньня навязанай ім формы. Чаму адбываецца старэньне? Таму, што чалавек не адсюль, ён тут захопнік, чужы. Матэрыя, часова падпарадкаваная мове, выяўленьню імёнаў і вобразаў, адразу ж пачынае змагацца за сваю свабоду. У яе ёсьць свая мова, свае імёны і вобразы, свая граматыка і сінтаксіс. Быць рэччу - не яе прыроднае прызначэньне. Гэтаксама і цела, зробленае духам сваёй часовай выявай. Што значыць старэньне? Тоt, что там, на Радзіме, адкуль чалавек бярэ імёны і вобразы, яго няма.

Прадчуваньне

Калі адкрываеш для сябе нешта новае, кнігу, музыку, пісьменьніка, філязофію, то нейкі час яшчэ невядома, наколькі вялікая гэтая новая акдрытая прастора. І ў гэты час яна яшчэ бясконцая, гэтая расхінутая чароўная пэрспэктыва, цэлы сьвет наперадзе. Так, кніга мае гэтулькі старонак, і пісьменьнік напісаў гэтулькі раманаў, і ў музыкі ёсьць гэтулькі  альбомаў. Ёсьць нейкія межы. Але гэта вонкавыя межы, унутры ж раскрываецца бясконцая пэрспэктыва.

Ёсьць чары ў гэтым імгненьні, калі вывучаеш новую мову, і яшчэ не разумеючы яе, слухаеш яе гукі. Так можна слухаць яе толькі ў гэты момант пачатку навучаньня, бо пасьля гукі будуць незваротка прыдушаны змыслам. Зь іншага боку, калі няма намеру вывучэньня, гэта яшчэ проста гукі, а не невядомыя знакі, ня дзьверы ў іншыя сусьветы. Вучыць новую мову  - гэта як перажыць новае каханьне. Так глядзіш на чалавека, калі зь ім толькі знаёмішся, і пасьля яго, ужо знаёмага, нельга будзе ўбачыць такім самым.

Увесь гэты сьвет

Успамін нават аднаго імгненьня аднаўляе ўвесь сьвет цалкам, якім ён быў для мяне ў тое імгненьне. І колькі імёненьняў я перажыў, столькі сусьветаў я нясу ў сабе.

Ва ўспаміне ня толькі я - гэта я, але і ўсё засталае, увесь сьвет - таксама я. Успамін як сон, увесь цалкам складаецца зь мяне і зроблены мной. І ўсе імгненьні, якія я ўзгадваю, усё гэта - я, усё гэта робіцца мной і складаецца зь мяне.

Успамін нават аднаго імгненьня разгортвае цэлы сьвет, але гэта мой сьвет, такі, якім ён быў толькі для мяне.

Але вось гэтае імгненьне, якое зараз стане ўспамінам, сьвет у ім таксама толькі мой, такі, якім ён ёсьць толькі для мяне.

Гэтае імгненьне, якое зараз стане ўспамінам, увогуле можа стацца ўспамінамтолькі таму, што ўжо зараз робіцца мной і ўжо ўсё складаецца зь мяне, гэта і ёсьць я.

Я і ёсьць увёсь гэты сьвет.

І калі я памру, скончыцца ўвесь гэты сьвет, усе сусьветы, якія я нясу ў сабе. Ці магу я памерці?