Oct 27, 2013

Ісьцінныя імёны

Ёсьць старажытнае ўяўленьне пра тое, што кодная істота, кожная рэч у сьвеце мае сваё ісьціннае імя. А ўся сукупнасьць такіх імёнаў складае ісьцінную мову. Лічыцца, што сваё ісьціннае імя варта хаваць, бо імя дае ўладу над яго формай. Пасьвячэньне, пераход істоты ў іншы стан, таксама накладаньнем новага імені. Зважачы на хаатычную разнастайнасьць сьвету гэтая ідэя здаецца дзіўнай. Рэчы і істоты здаюцца "проста" і "ўсяго толькі" рэчамі і істотамі, выпадковымі асобнікамі з сэрыі падобных. Як усё гэтае бясконцае мноства можа мець свае ісьцінныя імёны?

Арганізм уяўляе сабй сыстэму органаў, "дзейнікаў", што выконваюць пэўную функцыю дачынна адно аднаго. Любы арганізм можна прадставіць як мову, што мае сваю лексыку, граматыку і сынтаксіс. Элемэнты ідэнтыфікуюцца першаснымі імёнамі. Імёны ўтварюць клясавую гіерархію з дапамогай другасных імёнаў імёнаў, якія затым зьяўляюцца аб'ектам сынтаксычных правілаў, што арганізуюць працу структурнай цэласьці. Для працы мовы неабходна прастора імёнаў, у межах якой імёны ўнікальны.

Элемэнт, што складае частку арганізму, сам пры гэтым можа быць цэлым арганізмам. У такім разе формай імені аказваецца цэлая мова, са сваёй сыстэмай імёнаў, мэта-імёнаў і сынтаксычных правілаў. Калі прадставіць арганізм чалавечага грамадзтва як мову, то форму яе імёнаў складаюць людзі, складаныя арганізмы. Органы цела чалавека ў сваю чаргу маюць сваю нутраную будову, і таксама ўляўляюць сабой асобныя мовы. З гледзішча мовы вышэйшага ўзроўня імя такога элемэнта можна прадставіць сабе ў выглядзе дамэннай структуры: < імя элемэнта ў мове-дамэне >.< імя элемэнта ў мове-субдамэне>... як адрэсы ў інтэрнэце.

Сьвет адзіны і цэлы, мае адзін пачатак. Усё ў ім так ці інакш зьвязана паміж сабой. Гэтую ўзаемназьвязаную цэласьць можна назваць арганізмам сьвету, што мае сваю "мову сьвету". З гэтага гледзішча любы элемэнт сьвету, кожны чалавек, кожная клетка і кожны атам, наколькі б яны ні былі аддаленыя ад пачатку маюць сваю ўнікальную адрэсу, імя, што складаецца з дамэнаў, суб-дамэнаў і ў рэшце рэшт свайго ісьціннага імені.


No comments:

Post a Comment