Зьявілася відэа маёй публічнай лекцыі "Узоры Свадзеі. Мэтафізыка мовы". Вельмі ўдзячны "Лятучаму унівэрсытэту" за гэтую выдатную магчымасьць зьвярнуцца да беларускай культурнай і інтэлектуальнай супольнасьці. Дзякую ўсім, хто прысутнічаў і глядзеў трансляцыю. Прэзэнтацыю можна таксама знайсьці тут.
Jun 3, 2014
Паволя
Алесю Разанаву прыпісваюць выслоўе пра вялікі талент: "Глыбокая рака цячэ павольна".
Першае ўражаньне пра нашу мову звонку - гэта яе павольнасьць. Гэта мабыць адна з самых нясьпешных моваў у сьвеце, асабліва калі слухаеш старых. Мяркуючы па ўсім, старабеларуская была яшчэ павольней. Такім самым нясьпешным здаецца звонку наш народ і сутвора.
Але слова "павольна" значыць у нас ня толькі "няхутка", але і "па сваёй волі", ня змушана, не прысьпешана, свабодна. А куды сьпяшаць, хіба перад бацькі ў пекла? Знутры мовы павольнасьць аказваецца нязмушанасьцю, свабодай.
Гаварыць толькі тады, калі ёсьць воля. А калі няма, то гаварыць на іншай. Заўсёды зьдзіўляўся, як у вёсках пераходзяць з табой на трасянку і ня хочуць прызнаваць сваю мову беларускай. Нібы берагуць яе ад усіх нарматываў.
Творчасьць можа быць толькі нязмушанай, павольнай. Паволя - гэта тое, што адрозьнівала старых грэкаў і старых індусаў - яны стваралі так, нібы мелі цэлую вечнасьць.
Наша мова - толькі для паволі, для цэлай вечнасьці. Яе берагуць для нашай сутворы. Праз нас у сьвет цячэ глыбокая рака, што ні ад кога не адстае, нікога не даганяе, нікім не паганяецца.
May 23, 2014
Родны Кут
Першапачаткова словам “стыль” называлі асадку, палачку для пісьма. заточаную пад пэўным кутом. Усё напісанае такой асадкай мае агульную якасьць, почырк, які ў выніку таксама назвалі стылем.
Культура - гэта сутвора, агульны твор. Гэта супольная памяць народу, што захоўвае ўсе ўзоры дзеля іх узнаўленьня. Гаршчок, зроблены з гліны ў сутворы становіцца ўзорам, сутворам гаршка, што далей узнаўляецца ў кожным новым гаршку. І як лучнасьць усіх узораў сутвора абавязкова зьяўляецца стылем, што накладае пячаць на ўсе вытворы, што зь яе паходзяць.
Але каб вылепіць гаршчок з гліны, трэба спачатку мець ідэю гаршка, ёмішча для вадкасьці. Ідэя гаршка - гэта пэўная змысловая работа, для зьдзяйсьненьня якой неабходны мэтад, спосаб спазнаньня і змысьленьня. Гэта спосаб стварэньня знаньня ўвогуле, свой родны кут погляду на ўсё.
Гэта тая нябачная асадка, кут завастрэньня якой надае агульную якасьць усім узорам адной сутворы. Пазычаючы чужую асадку, народ пачынае працаваць на чужую сутвору, што бы ён ні ствараў. А сутвора, што мае ў сабе свой родны кут, называецца сутворай вялікага стылю.
May 22, 2014
Уладар
З існага, з мовы народу, паэт кліча да быцьця чатыры постаці - Прарока, Песьняра, Ваяка і Ўладара.
Прарок - “варожыць праявы”. Гэта той, хто выклікае і зьнішчае праявы імёнаў. Уладай слова ён “скідае з народу ўрок” чужога сьветагляду. Ён яднае людзей у краіну і бярэ зь іх клятву вернасьці. Гэта першае пакліканьне. Гэта доўг нацыянальнай філасофіі.
Пясьняр - “будзіць нябожчыкаў”. Гэта “баян былога і будучага”, той, хто адказвае за Паданьне, трымае сувязь продкаў і нашчадкаў. Гэта сэрца, што адбівае рытм крыві. Гэта другое пакліканьне. Гэта доўг нацыянальнага мастацтва.
Ваяк - “заваёўвае свой край”. Гэтай той, хто ачышчае “яго палі ад чужых бадзяк” і стаіць на стражы яго “гранічнай мяжы”. Гэта “волат на вогненным кані” - чалавек чыну. Гэта трэцяе пакліканьне. Гэта доўг нацыянальнай палітыкі.
Уладар - “прыходзіць пад сьцяг”. Гэта забыты гаспадар, кароль сьвету, што мае “адбудаваць збураны пасад”. У Ўладары прачынаецца Воля народу. Уладарства - гэта “Божы Дар”, які спускаецца зь нябёс. Гэта чацьвертае пакліканьне. Гэта дар нацыянальнага ўладарства.
Каб атрымаць гэты дар, мы маем атрымаць тры ўлады - уладу Прарока, Песьняра і Ваяка - уладу ўласнага Сьветагляду, уласнага Паданьня і ўласнай Магуты. Гэта тры даўгі, якія мы маем аддаць Бацькаўшчыне. Каб мы запанавалі сабой, гэтыя чатыры імёны маюць атрымаць свае явы.
May 20, 2014
Народ
Чалавек - ня толькі чалавек, але нашчадак усіх сваіх продкаў і продак усіх сваіх нашчадкаў, увесь свой Род. Род людзей узыходзіць да Першага Продка. Першы Продак зьяўляецца ўвасабленьнем Вялікага Продка.
Чалавек - ня толькі чалавек, але частка чалавецтва, грамады людзей, безь якой яго няма і ня можа ўзьнікнуць. Грамада людзей - гэта станова, што ўяўляе сабой мову. Яна мае свае імёны і правілы іх дачыненьня. Імёны гэтай мовы ініцыялізуюцца жывымі людзьмі. Гэтая мова і ёсьць чалавецтва.
Вялікі Продак стварыў мову чалавецтва, а затым ініцыялізаваў яе імёны усім сабой, такой жа мовай чалавецтва. Так нарадзіўся першы чалавек, а яго нашчадкі сталі явамі імёнаў мовы чалавецтва. Вялікі Продак нараджаецца ў кожным чалавеку, каб спазнаць паўнату сябе. Таму людзі - гэта племя, спаўненьне чалавека.
Чалавецтва нараджаецца і жыве ўнутры Вялікага Продка і бачыць яго як сьвет, што зьяўляе перад ім Маўклівая Мова, Радзіма. Людзі паміраюць унутры Вялікага Продка, які захоўвае іх усіх у памяці мовы чалавецтва. Паміраючы, чалавек далучаецца да ліку продкаў, Дзядоў. Іх нашчадкі займаюць месца продкаў у мове чалавецтва.
Народ - гэта чалавецтва, гэта паўната становы, структуры, калі ўсе імёны мовы чалавецтва запоўнены людзьмі. Але чалавецтва расьце, яно памнажаецца і людзей становіцца больш за імёны мовы грамадзтва. Так узьнікае малады рой, які аддзяляецца ад чалавецтва і стварае новы народ, новую поўную мову чалавецтва, запаўняючы сабой яе імёны. У новым народзе зноў ёсьць першы Продак і яго нашчадкі.
Чалавек бяз долі ў народзе, бязь імені ў мове чалавецтва - чалавек празапас. Каб атрымаць долю ў народзе, трэба ня проста нарадзіцца, але атрымаць імя ў мове народу.
Людзі гавораць паміж сабой Гаваркой Мовай, гэта іх твор. Але іх Гаваркую мову слухае і паказвае іншым толькі Маўклівая Мова Вялікага Продка. Гаворачы між сабой, яны, ня ведаючы таго, гавораць толькі зь ім. Гаваркой Мовай народы твораць свае сутворы як узоры на тканіне першай Маўклівай Мовы.
Subscribe to:
Posts (Atom)





