May 10, 2014

Эйдапалітыка

Нацыянальны сэнс абумоўлены не геапалітыкай. Вартасьцямі Волі, Асобы, Выбару, увасобленых у творы мастацтва і дзяржаўныя інстытуты, нашы продкі абавязаны ня нашым краявідам, пушчам, рэкам і палям, а свайму мэтафізычнаму досьведу і выбару. Больш таго, абумоўленасьць краявідам пазбаўляе гэтыя ідэі ўсякай вартасьці.

Нацыянальны сэнс зыходзіць з эйдаплітыкі, палітыкі мэтафізычнага Неба чалавецтва, дзе адбываецца размова ідэяў, адкуль яны спускаюцца на Зямлю і ўвасабляюцца ў культурах і народах. Ідэі ствараюць культууры, а культуры ствараюць народы. А затым адбываецца тое, што падаецца нам геапалітыкай, барацьбой за гліну для ўсавабленьня сэнсаў.

Самым насычаным войнамі сюжэтам нашай гісторыі і міталёгіі зьяўляецца змаганьне за Русь, усходне-славянскую прастору. Два цэнтры, Вільня і Масква, некалькі стагодзьдзяў вялі бясконцыя крывавыя войны за чалавечае рэчыва. Але гэтае змаганьне было ня сэнсам існаваньня нашай дзяржавы, а вынікам сутыкненьня зь іншым сэнсам, увасобленым у іншы народ і дзяржаву, якая не пакідала нам месца на белым сьвеце.

Геапалітыка ня можа быць нацыянальнай ідэяй. Нацыянальным сэнсам ня можа быць ні змаганьне за ўсходніх славян, ні супрацьстаяньне Маскве, ні быцьцё "геапалітычным цэнтрам", ні Сярэдняя Эўропа, ні Эўразія, ні Балта-Чарнаморскі Зьвяз, ні Вялікая Поўнач. Усё гэта воз паперадзе каня, вынік паверадзе прычыны. Калі мы думаем свой нацыянальны праект, мы маем зыходзіць ня з нашага мінулага і нашай зямлі, а з нашага Неба і нашага Сэнсу.


Нутраное ўладарства

Нашу культуру папракаюць у самазамкнёнасьці, нутраной скіраванасьці. Пра нас мала ведаюць у сьвеце, нас мала перакладаюць на іншыя мовы, мы не імкнемся зваяваць сьвет сваімі творамі і вобразамі. У той час, як суседнія народы дасягаюць у гэтым посьпехаў.

Але, напраўду, нутраная скіраванасьць - гэта тое, што адрозьнівае культуру ад цывілізацыі. Культура мае справу з прыродай і непраявай, яна адбываецца ў чыстым сьвеце, ёй няма справы да ўплыву на навакольныя народы. Зьмена кірунку на вонкавы якраз і азначае завяршэньне культураґенэзу і пачатак уласнай цывілізацыі. Гэта цывілізацыя тыражуе на ўвесь сьвет здабытае культурай.

Нам важна зразумець, што мы жывем у час культуры, а не ў час цывілізацыі. Ня трэба, ствараючы верш, думаць пра яго распаўсюд - атрымаецца блага. І пакуль мы не завершым стварэньне свайго вялікага стылю, можна не марнаваць высілкі на зьнешнюю экспансію. Бо экспартаваць суседзям пазычаныя ў іх жа формы - значыць насіць соваў у Атэны.

Наадварот, нам трэба як мага паглыбіць нашу нацыянальную валявую мэдытацыю, паступова адпрэчваючы ўсё, што не зыходзіць з нас саміх, і разгарнуць у сваяву свой нацыянальны сэнс. І тады, дайшоўшы да скраю самазасяроджаньня, наша культура, успыхнуўшы звышновай каляднай зоркай, народзіць сваю цывілізацыю.


Зьвяз дабравольных слуг Радзімы

Для мяне адным зь лепшых прыкладаў пасьпяховай традыцыяналісцкай нацыяналістычнай арганізацыі ў сучасным сьвеце зьяўляецца індыйскі Rashtriya Swayamsewak Sangh (Зьвяз дабравольных слуг Радзімы). Заснаваны Кешавам Балірамам Хедгеварам ў 1925 годзе, ён паставіў сваёй мэтай не заваяваньне палітычнай улады, а уплыў на грамадзтва - фармаваньне індыйскага характару і аб'яднаньне нацыі.

Варта сказаць, што аб'яднаць стракатую Індыю, у якой жывуць тысячы народаў, не згубіўшы прыгэтым квітнеючай разнастайнасьці, задача зусім няпростая. Але стваральнікі RSS знайшлі рашэньне ў самой індыйскай традыцыі, скарыстаўшыся ідэяй "галінаў" (shakha), на якія падзяляліся ведавыя школы, захоўваючы прыгэтым традыцыю адзінай без аднастайнасьці або падпарадкаваньня ўсіх аднаму чалавеку.

Сябры арганізацыі рэгулярна сустракаюцца ў адным месцы, разам займаюцца традыцыйнымі фізычнымі практыкаваньнямі, слухаюць лекцыі, сьпяваюць гімн Радзімы. Яны самі вызначаюць мэты сваёй галіны - дзе яны могуць быць карыснымі сваёй Радзіме і дабравольна дапамагаюць людзям і дзяржаве. Такім чынам яны здабылі вялікі аўтарытэт у народзе без палітычных лозунгаў і асаблівай агітацыі.

Раз на год RSS зьбіраецца на сьвятарным полі Куру-кшэтра, дзе адбылася бітва Магабгараты. Мяркуючы па фатаздымках відовішча вельмі ўражвае. Цяпер іх некалькі мільёнаў. Яны заснавалі свае школы, унівэрсітэты, прафсаюзы, і палітычную партыю - Bharatiya Janat Parti (Народную партыю Індыі), якая ў выніку трымала ўладу дэмакратычынм шляхам цягам 20 гадоў. Прыгэтым сама сангха не ператваралася ў палітычную партыю. 

Мой асабісты досьвед зносінаў зь сябрамі RSS у Індыі быў вельмі станоўчы. Гэта быў якраз той нячасты выпадак адсутнасьці расізму ў стаўленьні да белага чалавека.

Мне здаецца, што нам у Беларусі не стае менавіта такой арганізацыі нацыяналістаў - не яшчэ адной палітычнай партыі, а менавіта арганізацыі аб'яднаньня грамадзтва і ўплыву на грамадзтва, якая заваявала бы аўтарытэт у вачах людзей станоўчымі ўчынкамі, і аб'яднала бы нацыянальныя сілы ў магуту, зь якой варта лічыцца. А надзейная палітычная перамога можа грунтавацца толькі на здабыцьці падтрымкі грамадзтва.


Імпэрыя

Імпэрыя - гэта праект цывілізацыйнай экспансіі. Імпэрыя нясе з сабой адзіны стандарт жыцьця для ўсіх захопленых народаў: адну мову, адну культуру, аднолькавыя структуры кіраваньня. Імпэрыя робіцца магчымай толькі тады, калі культура завяршаецца, даходзіць да стадыі сэрыйнага памнажэньня.

Імпэрыя нараджаецца з жаданьня быць несьмяротным. Гэта не абавязковы этап разьвіцьця цывілізацыі, а вампірычны выбар яе эліты - працягнуць жыцьцё ўласнай закончанай культуры за кошт іншых, маладзейшых культураў. Імпэрыя адбірае ў захопленых народаў перадусім іх лепшых людзей і ставіць сабе на службу, а затым гарантуе спакой і стабільнасьць астатнім.

На ўзроўні колькасьці імпэрыя назапашвае незьлічоныя багацьці. Але на ўзроўні якасьці імпэрыя - гэта беднасьць і галеча, адзіны стандарт на ўсіх. Імпэрыя - зло таму, што яна зьбядняе чалавецтва. Гэта прапанова прадаць першародзтва за сачавіцавую поліўку. “Навошта вынаходзіць ровар сваёй уласнай культуры, калі мы ўсё ўжо для вас прыдумалі”. Выбар на карысьць такой “лёгкасьці” жыцьця пазбаўляе сэнсу жыцьця. 



Глябалізм - гэта чарговая хваля элінізму, калі ўсё чалавецтва ператвараецца ў адну сусьветную імпэрыю. Нам падаюць гэта як непазьбежнасьць: адзіна магчымы вынік прагрэсу. Маўляў, рана ці позна народы, культуры і мовы зьнікнуць, і затсанецца адна. Прыгэтым мы бачым, як рэгіянальныя імпэрыі (Расея, Індыя, Кітай) ўдзельнічаюць у тэндэры на глябалізацыю народаў сьвету. У якасьці фальшывай альтэрнатывы глябалізацыі нам падсоўваюць “мнагапалярнасьць”, сьвет, падзелены імпэрыямі на часткі.

Але прагрэс - гэта узбагачэньне, а не зьбядненьне чалавецтва. Прагрэс - гэта толькі чалавецтва тысячы культураў, а не адной імпэрыі. Багацьце чалавецтва здабываецца ў глыбіню, а не праз надбудову зьверху усё новых узроўняў гіерархіі. Адмаўленьне імпэрыі прыгэтым не азначае адмаўленьня цывілізацыі, адмаўленьне глябалізацыі не азначае адмаўленьня адзінства чалавецтва. 

Вайна з імпэрыяй - гэта вайна за культуру, за права на сваю форму для свайго зьместу. Прычым культура ў гэтай барацьбе мае сваю вялікую перавагу - яна заўсёды мае справу з прыродай. Цывілізацыя імпэрыі для яе - ўсяго толькі гліна для яе гаршчкоў.

Колькасьць і якасьць

Насельніцтва Беларусі складае 9-10 мільёнаў. І мы думаем, што нас малавата для таго, каб ствараць сваю цывілізацыю.

Вось энцыклапедыя "Вялікае княства Літоўскае" (Т.1. С. 55–57.) кажа: "...ў 1528 насельніцтва ВКЛ складала крыху больш за 2 млн. чал., з іх на тэр. Беларусі – каля 1 млн. ... Пры гэтым колькасць шляхты (разам з сем’ямі) складала прыблізна 50 тыс. чал., гар. насельніцтва – 200–250 тыс." Гэта значыць, раней, у часы Рагвалода і Міндоўга, яго было яшчэ меней.

І гэтай колькасьці хапіла, каб збудаваць адну з найвялікшых імпэрыяў сьвету, правесьці дзясяткі войнаў, стварыць уласную культуру і цывілізацыю, якую мы лічым сваёй спадчынай. 

Відавочна, справа ня ў колькасьці, а ў якасьці.


Свая сацыяльная форма

Сяргей Дацюк кажа важныя для нас рэчы. Што дзяржавы зьнікаюць, і на іх месца прыходзяць карпарацыі. Што дыялектыку новага сьвету становіць супрацьстаяньне сеткавых гармадаў і карпарацыяў. Што надыходзіць час нетэрытарыяльных сеткавых дзяржаў, створаных сеткавымі грамадамі. Што постмадэрнізм вычарпаў сябе і замест яго надыходзіць канструктывізм. 

Наш нацыянальны рух ад 19 стагодзьдзя ставіць сабе мэтай пабудову нацыянальнай дзяржавы. Пакуль мы змагаемся за дзяржаву і мысьлім палітыку адпаведна, яна тым часам зьнікае. У гэтым сэнсе Студэнцкае Этнаграфічнае Таварыства карысьней за ўсе нашы палітычныя партыі.

Мы маглі бы шукаць рэалізацыю не ва ўчорашніх, а ў заўтрашніх сацыяльных формах. Мы маглі бы будаваць нацыянальную карпарацыю, або сеткавыя грамады, што збудуюць сеткавую дзяржаву. Мы рухаемся па інэрцыі, якую трэба спыніць. Мы гуляем па чужых правілах, паводле якіх выйграць немагчыма. Энэргія абмежаваная, і яе трэба правільна разьмяркоўваць. Трэба нанова паставіць сябе ў становішча айцоў-заснавальнікаў.

Ігнат Абдзіраловіч на пачатку 20-га стагодзьдзя паставіў пытаньне пра нацыянальную сацыяльную форму. Нам трэба разгарнуць наш нацыянальны сэнс у сваю сацыяльную форму, якой бы яна не была. Замест гэтага мы зноў перажываем чарговую нармалізацыю пад чужыя стандарты учорашняга дня. Магчыма, нам трэба зусім іншае, не дзяржава і не карпарацыя, а нешта сваё, пакуль невядомае і непраяўленае. Але той новы сьвет, пра які кажа Дацюк, пакуль яшчэ дае нам у гэтым многа магчымасьцяў.


Багіня Беларусь

Нацыяналізм - гэта не ідэалёгія, а рэлігія. Рэлігія Багіні-Маці. Гэта Багіня Беларусь паклікала нас да сябе. Нацыяналістам робяць не рацыянальныя довады, а чыста рэлігійныя перажываньні. "Маці родная, Маці-Краіна, не суцішыцца гэтакі боль. Ты прабач, ты прымі свайго сына, за цябе яму ўмерці дазволь!"

І калі мы хочам перамогі нашаму нацыяналізму, нам варта гэта добра зразумець. Бо рэлігія мае свае ”правілы гульні”, і пакуль мы гуляем па чужых правілах, нам не перамагчы. Нам трэба займацца не дэканструкцыяй нацыянальнай міфалогіі, а яе ўмацаваньнем. Ня трэба рубіць галіну, на якой сядзіш. Для нацыі няма нічога важней за нацыянальны міф. Бо нацыянальная культура і палітыка - гэта толькі перавод нацыянальнага Міфу ў нацыянальны Логас, а не супадзеньне зручных эканамічных і палітычных абставінаў.

Міфалогія - гэта фрэймворк нацыянальнай сьвядомасьці, што архетыпова вызначае нашы паводзіны ў жыцьці. Гэта нацыянальная Вечнасьць. Карона Вітаўта, бітва пад Воршай, лісты Каліноўскага - гэта вечныя падзеі нацыянальнай міфалогіі. Ня важна, колькі войскаў было ў Беларускай Народнай Рэспублікі, важна якое месца гэтая падзея займае ў нашай нацыянальнай міфалогіі - гэта падзея маніфэстацыі нашай нацыянальнай Волі.