May 10, 2014

Зьвяз дабравольных слуг Радзімы

Для мяне адным зь лепшых прыкладаў пасьпяховай традыцыяналісцкай нацыяналістычнай арганізацыі ў сучасным сьвеце зьяўляецца індыйскі Rashtriya Swayamsewak Sangh (Зьвяз дабравольных слуг Радзімы). Заснаваны Кешавам Балірамам Хедгеварам ў 1925 годзе, ён паставіў сваёй мэтай не заваяваньне палітычнай улады, а уплыў на грамадзтва - фармаваньне індыйскага характару і аб'яднаньне нацыі.

Варта сказаць, што аб'яднаць стракатую Індыю, у якой жывуць тысячы народаў, не згубіўшы прыгэтым квітнеючай разнастайнасьці, задача зусім няпростая. Але стваральнікі RSS знайшлі рашэньне ў самой індыйскай традыцыі, скарыстаўшыся ідэяй "галінаў" (shakha), на якія падзяляліся ведавыя школы, захоўваючы прыгэтым традыцыю адзінай без аднастайнасьці або падпарадкаваньня ўсіх аднаму чалавеку.

Сябры арганізацыі рэгулярна сустракаюцца ў адным месцы, разам займаюцца традыцыйнымі фізычнымі практыкаваньнямі, слухаюць лекцыі, сьпяваюць гімн Радзімы. Яны самі вызначаюць мэты сваёй галіны - дзе яны могуць быць карыснымі сваёй Радзіме і дабравольна дапамагаюць людзям і дзяржаве. Такім чынам яны здабылі вялікі аўтарытэт у народзе без палітычных лозунгаў і асаблівай агітацыі.

Раз на год RSS зьбіраецца на сьвятарным полі Куру-кшэтра, дзе адбылася бітва Магабгараты. Мяркуючы па фатаздымках відовішча вельмі ўражвае. Цяпер іх некалькі мільёнаў. Яны заснавалі свае школы, унівэрсітэты, прафсаюзы, і палітычную партыю - Bharatiya Janat Parti (Народную партыю Індыі), якая ў выніку трымала ўладу дэмакратычынм шляхам цягам 20 гадоў. Прыгэтым сама сангха не ператваралася ў палітычную партыю. 

Мой асабісты досьвед зносінаў зь сябрамі RSS у Індыі быў вельмі станоўчы. Гэта быў якраз той нячасты выпадак адсутнасьці расізму ў стаўленьні да белага чалавека.

Мне здаецца, што нам у Беларусі не стае менавіта такой арганізацыі нацыяналістаў - не яшчэ адной палітычнай партыі, а менавіта арганізацыі аб'яднаньня грамадзтва і ўплыву на грамадзтва, якая заваявала бы аўтарытэт у вачах людзей станоўчымі ўчынкамі, і аб'яднала бы нацыянальныя сілы ў магуту, зь якой варта лічыцца. А надзейная палітычная перамога можа грунтавацца толькі на здабыцьці падтрымкі грамадзтва.


Імпэрыя

Імпэрыя - гэта праект цывілізацыйнай экспансіі. Імпэрыя нясе з сабой адзіны стандарт жыцьця для ўсіх захопленых народаў: адну мову, адну культуру, аднолькавыя структуры кіраваньня. Імпэрыя робіцца магчымай толькі тады, калі культура завяршаецца, даходзіць да стадыі сэрыйнага памнажэньня.

Імпэрыя нараджаецца з жаданьня быць несьмяротным. Гэта не абавязковы этап разьвіцьця цывілізацыі, а вампірычны выбар яе эліты - працягнуць жыцьцё ўласнай закончанай культуры за кошт іншых, маладзейшых культураў. Імпэрыя адбірае ў захопленых народаў перадусім іх лепшых людзей і ставіць сабе на службу, а затым гарантуе спакой і стабільнасьць астатнім.

На ўзроўні колькасьці імпэрыя назапашвае незьлічоныя багацьці. Але на ўзроўні якасьці імпэрыя - гэта беднасьць і галеча, адзіны стандарт на ўсіх. Імпэрыя - зло таму, што яна зьбядняе чалавецтва. Гэта прапанова прадаць першародзтва за сачавіцавую поліўку. “Навошта вынаходзіць ровар сваёй уласнай культуры, калі мы ўсё ўжо для вас прыдумалі”. Выбар на карысьць такой “лёгкасьці” жыцьця пазбаўляе сэнсу жыцьця. 



Глябалізм - гэта чарговая хваля элінізму, калі ўсё чалавецтва ператвараецца ў адну сусьветную імпэрыю. Нам падаюць гэта як непазьбежнасьць: адзіна магчымы вынік прагрэсу. Маўляў, рана ці позна народы, культуры і мовы зьнікнуць, і затсанецца адна. Прыгэтым мы бачым, як рэгіянальныя імпэрыі (Расея, Індыя, Кітай) ўдзельнічаюць у тэндэры на глябалізацыю народаў сьвету. У якасьці фальшывай альтэрнатывы глябалізацыі нам падсоўваюць “мнагапалярнасьць”, сьвет, падзелены імпэрыямі на часткі.

Але прагрэс - гэта узбагачэньне, а не зьбядненьне чалавецтва. Прагрэс - гэта толькі чалавецтва тысячы культураў, а не адной імпэрыі. Багацьце чалавецтва здабываецца ў глыбіню, а не праз надбудову зьверху усё новых узроўняў гіерархіі. Адмаўленьне імпэрыі прыгэтым не азначае адмаўленьня цывілізацыі, адмаўленьне глябалізацыі не азначае адмаўленьня адзінства чалавецтва. 

Вайна з імпэрыяй - гэта вайна за культуру, за права на сваю форму для свайго зьместу. Прычым культура ў гэтай барацьбе мае сваю вялікую перавагу - яна заўсёды мае справу з прыродай. Цывілізацыя імпэрыі для яе - ўсяго толькі гліна для яе гаршчкоў.

Колькасьць і якасьць

Насельніцтва Беларусі складае 9-10 мільёнаў. І мы думаем, што нас малавата для таго, каб ствараць сваю цывілізацыю.

Вось энцыклапедыя "Вялікае княства Літоўскае" (Т.1. С. 55–57.) кажа: "...ў 1528 насельніцтва ВКЛ складала крыху больш за 2 млн. чал., з іх на тэр. Беларусі – каля 1 млн. ... Пры гэтым колькасць шляхты (разам з сем’ямі) складала прыблізна 50 тыс. чал., гар. насельніцтва – 200–250 тыс." Гэта значыць, раней, у часы Рагвалода і Міндоўга, яго было яшчэ меней.

І гэтай колькасьці хапіла, каб збудаваць адну з найвялікшых імпэрыяў сьвету, правесьці дзясяткі войнаў, стварыць уласную культуру і цывілізацыю, якую мы лічым сваёй спадчынай. 

Відавочна, справа ня ў колькасьці, а ў якасьці.


Свая сацыяльная форма

Сяргей Дацюк кажа важныя для нас рэчы. Што дзяржавы зьнікаюць, і на іх месца прыходзяць карпарацыі. Што дыялектыку новага сьвету становіць супрацьстаяньне сеткавых гармадаў і карпарацыяў. Што надыходзіць час нетэрытарыяльных сеткавых дзяржаў, створаных сеткавымі грамадамі. Што постмадэрнізм вычарпаў сябе і замест яго надыходзіць канструктывізм. 

Наш нацыянальны рух ад 19 стагодзьдзя ставіць сабе мэтай пабудову нацыянальнай дзяржавы. Пакуль мы змагаемся за дзяржаву і мысьлім палітыку адпаведна, яна тым часам зьнікае. У гэтым сэнсе Студэнцкае Этнаграфічнае Таварыства карысьней за ўсе нашы палітычныя партыі.

Мы маглі бы шукаць рэалізацыю не ва ўчорашніх, а ў заўтрашніх сацыяльных формах. Мы маглі бы будаваць нацыянальную карпарацыю, або сеткавыя грамады, што збудуюць сеткавую дзяржаву. Мы рухаемся па інэрцыі, якую трэба спыніць. Мы гуляем па чужых правілах, паводле якіх выйграць немагчыма. Энэргія абмежаваная, і яе трэба правільна разьмяркоўваць. Трэба нанова паставіць сябе ў становішча айцоў-заснавальнікаў.

Ігнат Абдзіраловіч на пачатку 20-га стагодзьдзя паставіў пытаньне пра нацыянальную сацыяльную форму. Нам трэба разгарнуць наш нацыянальны сэнс у сваю сацыяльную форму, якой бы яна не была. Замест гэтага мы зноў перажываем чарговую нармалізацыю пад чужыя стандарты учорашняга дня. Магчыма, нам трэба зусім іншае, не дзяржава і не карпарацыя, а нешта сваё, пакуль невядомае і непраяўленае. Але той новы сьвет, пра які кажа Дацюк, пакуль яшчэ дае нам у гэтым многа магчымасьцяў.


Багіня Беларусь

Нацыяналізм - гэта не ідэалёгія, а рэлігія. Рэлігія Багіні-Маці. Гэта Багіня Беларусь паклікала нас да сябе. Нацыяналістам робяць не рацыянальныя довады, а чыста рэлігійныя перажываньні. "Маці родная, Маці-Краіна, не суцішыцца гэтакі боль. Ты прабач, ты прымі свайго сына, за цябе яму ўмерці дазволь!"

І калі мы хочам перамогі нашаму нацыяналізму, нам варта гэта добра зразумець. Бо рэлігія мае свае ”правілы гульні”, і пакуль мы гуляем па чужых правілах, нам не перамагчы. Нам трэба займацца не дэканструкцыяй нацыянальнай міфалогіі, а яе ўмацаваньнем. Ня трэба рубіць галіну, на якой сядзіш. Для нацыі няма нічога важней за нацыянальны міф. Бо нацыянальная культура і палітыка - гэта толькі перавод нацыянальнага Міфу ў нацыянальны Логас, а не супадзеньне зручных эканамічных і палітычных абставінаў.

Міфалогія - гэта фрэймворк нацыянальнай сьвядомасьці, што архетыпова вызначае нашы паводзіны ў жыцьці. Гэта нацыянальная Вечнасьць. Карона Вітаўта, бітва пад Воршай, лісты Каліноўскага - гэта вечныя падзеі нацыянальнай міфалогіі. Ня важна, колькі войскаў было ў Беларускай Народнай Рэспублікі, важна якое месца гэтая падзея займае ў нашай нацыянальнай міфалогіі - гэта падзея маніфэстацыі нашай нацыянальнай Волі.


Apr 23, 2014

Зьмяя і вяроўка

Гледачы прыходзяць у тэатар дзеля зьдзіўленьня і прыносяць з сабой сьвет, што складаецца зь вядомага - іх звычайнага жыцьця. Аднак, сьвет актораў таксама складаецца толькі зь вядомага - выдатна вывучаных роляў, добра знаёмага сцэнарыя, дэкарацыяў і складу выканаўцаў. Прычым, вядомае абодвух гэтых сьветаў - насамрэч аднаго парадку. Гасьне сьвятло, і сустрэча двух сьветаў вядомага спараджае невядомае. У чуваньнях гледачоў узьнікае мніва, ілюзія, ня зводная да дэкарацыяў, словаў і рухаў актораў, існае іншага парадку, дзеля зьяўленьня якога ўсе ўдзельнікі сабраліся ў адным месцы. 

Дзед лічыць, што добра ведае гэты сьвет - што было, тое і будзе, няма нічога новага пад сонцам.  Усё, што чакае ў жыцьці яго нашчадкаў, яму здаецца загадзя прадвызначаным, і магчыма так і ёсьць. Але ён сядае і распавядае ўнуку гісторыю, падобную на праўду. Той слухае сьпярша зь цікавасьцю, затым са зьдзіўленьнем і захапленьнем, пакуль у канцы гісторыі з расчараваньнем не разумее, што дзед яго папросту разыграў. Пакуль ён быў у гэтай гульні, ён быў рэчывам для існаваньня нечага тонкага новага. Лацінска слова illusio паходзіць ад кораня ludo (гуляць) азначае ўласна “розыгрыш, быцьцё ў гульні” (in-lusio). Навошта чалавек, спавядаючы рэлігію вядомага, стараецца зьдзівіць, стварыць невядомае ў іншых?

Адна з самых дзіўных рысаў чалавечага роду - гэта жаданьне пераконваць адно аднаго. Што заўгодна, але ўпэўнена нешта ўпіхваць сваім бліжнім. Каб там, з таго боку, у існаваньні якога па вялікім рахунку няма ніякай пэўнасьці, адбылося нешта дзіўнае, новае, невядомае. І гэта ня проста жаданьне пакінуць свой сьлед, адпячатак у іншым - бо з гэтага боку ніколі ня ясна, што тут я і што тут сваё. Гэта і ня радасьць архітэктара, што бачыць дасканалае ўвасабленьне свайго намыслу ў рэчыве. 



Жаданьне пераканаць, перакінуць мяч на той бок пляцоўкі, стварыць мніва ў іншым чуваньні нясе ў сабе веер нечаканасьцяў. Створаны верш будзе прачытаны не такім, якім быў напісаны, і тым ня менш прапаноўваецца чытачам з дакладным веданьнем пра гэта. Мніва - галоўная чалавечая творчасьць. Прычым гэты занятак людзей выглядае аднолькава дзіўна на любой рацыянальнай асноведзі, ад адвайты да аб’ектна-арыентаванага праграмаваньня.

Мніва, рэчаіснасьць, што лепіцца з рэчыва іншага чуваньня, называецца на санскрыце māyā. Гэтае слова, утворанае ад кораня  (мерыць, ствараць, будаваць) літаральна значыць “збудову, твор” і тлумачыцца як тое, “чым ствараецца, беспрысутна паказваецца” нешта. З аднаго боку, ілюзорнасьць зманнасьць вытворнага супрацьстаіць тут ісьціне першаснага і пратворнага. Гліна - існая, а гаршчок - мніва. Золата - існае, завушніца - мніва. Род - існае, усё іншае - мніва.

Щанкара тлумачыць ілюзію на прыкладзе чалавека, што глядзіць на вяроўку, прымае яе за зьмяю і пужаецца. rajju-sarpavad ātmānaṃ jīvaṃ jñātvā bhayaṃ vahet - “Як зьмяю за вяроўку прызнаўшы Сябе за жывое, ён спараджае страх…” (Ātmabodhaḥ 27). Або на прыкладзе слупа, які здалёк падаецца чалавекам, а пры набліжэньні вяртаецца ў сваю сапраўдную існасьць. sthāṇau puruṣavad bhrāntyā kṛtā brahmaṇi jīvatā, jīvasya tāttvike rūpe tasmin dṛṣṭe ni vartate - “Нібы слуп здалёк чалавекам, жывым бытам Род падаецца, калі ж бачаць тойсную яву, адно ў другім спанікае” (Ātmabodhaḥ 45).

І зьмяя, і вяроўка належаць да аднаго парадку, узроўня вядомага. Гледачам у тэатры паказваюць вяроўку, а яны бачаць зьмяю. І гэтая другая зьмяя належыць ужо да іншага, невядомага паверху існаваньня, бо рэчывам для яе выступае чуваньне гледача. І тут мніва разварочвае перад намі свае бясконцыя магчымасьці. Зьляпіць з гэтага рэчыва мы можым усё, што толькі можам уявіць; даць існаваньне ўсяму, што мы пажадаем. І ў гэтым змысьле, māyā - гэта не ілюзорны вытвор, а канструктыўная цэль, што паверх за паверхам будуе складаную рэчаіснасьць. Тое, дзеля чаго ўсё наведваньне тэатру і задумана. Складаньне вядомага дае ў выніку больш за свае складнікі.

Cьвятло зноў запальваецца, гледачы і акторы пакідаюць залю і сцэну. Што цяпер з тым агульным зманам, які яны толькі што стварылі? Навошта ўсё гэта было? Сьвет стаў большы. Гледачы зносяць з сабой з тэатру новую зьмяю і новую вяроўку, каб пазнаць іх зноў, гледзячы новае прадстаўленьне. Мніва зноў і зноў надбудоўваецца на мніве. З птушынага палёту над долам рэчаіснасьці гэтая шалёная пераканаўчая чыннасьць чалавецтва выглядае як бліскучая будаўнічая чыннасьць шматпавярховага мурашніка мніва.

Apr 18, 2014

Усьмешкі аўгураў

Слова інаўгурацыя на лаціне азначае літаральна пасьвячэньне ў аўгуры. Аўгуры былі рымскай сьвятарскай калегіяй, адказнай за гаданьні і іх тлумачэньні. Слова augur хутчэй за ўсё паходзіць ад au- (у) і gurus\gyrus (кола). Пасьля зьвяржэньня цара і ўсталяваньня рэспублікі у Рыме зьявілася новая сьвятарская пасада - rex sacrorum ці rex sacrificus - сьвятарны кароль,  другі па значнасьці сьвятар пасьля вялікага пантыфіка. Сьвятарны кароль павінен быў выконваць абрады (sacra publica), якія раней рабіў кароль сапраўдны (адначасна і сьвятарны). Сьвятарныя каралі прызначаліся аўгурамі па ўказу калегіі пантыфікаў - г.зн. некалі аўгуры, перакладчыкі мовы боскай волі, займаліся выбарам сапраўднага сьвятарнага караля-жраца.



Галоўным абавязкам аўгураў было правядзеньне гаданьняў (прыкладам аўспіцыяў) і іх тлумачэньне, інтэрпрэтацыя. Слова інтэрпрэтацыя значыць на лаціне пасярэдніцтва, паміж (inter) незразумелым і жадаючым разумець, маючым запытаньне (preсes - просьба, запытаньне, пажаданьне). У гэтым сэнсе інтэрпрэтацыя значыць тое самае што і ‍мэдыя. Сэнс абраньня сьвятарнага караля аўгурамі хутчэй за ўсё складаўся ў выбары яго праз гаданьне і яго тлумачэньне.

Пасьвячэньне на ўладу, памазаньне, каранацыя, інаўгурацыя - ключавы момант судакрананьня духовай і сьвецкай уладаў, калі адна ўлада асьвячае другую. У выпадку аўгураў духовая ўлада выяўляецца вельмі спэцыфічнай - яна забясьпечваецца толькі інтэрпрэтацыяй волі багоў, якая знаходзіцца праз гаданьне. Гэта лёгка вядзе да перахопу здэградаванымі жрацамі голасу боскай улады. Цыцэрон, які сам быў абраны аўгурам, ужо ня мог выконваць свае абавязкі (гаданьні і тлумачэньні) без усьмешкі. Г.зн. што прынамсі ў час імпэрыі аўгуры ўжо займаліся непрыхаванымі маніпуляцыямі, агульнымі для здэградаваных аракулаў. Выраз "усьмешка аўгура" сталася прымаўкай. Сёньня слова інаўгурацыя азначае ўрачыстую цырымонію ўступу на пасаду, прыкладам прэзыдэнта ці манарха, і не абыходзіцца без сваіх аўгураў.


Тое, што цяпер адбываецца ў нашай краіне, магчыма толькі з прычыны размытасьці ўяўленьня ў людзей пра дабро і зло, праўду і ману, якое фармуецца і задаецца духовай уладай. Пры яе адсутнасьці адпаведнае месца ў сьвядомасьці грамадзтва тым ня менш застаецца і выкарыстоўваецца рознымі падабенствамі. Тое, што сьвятары асьвячаюць сваёй прысутнасьцю ўсенародны сход і інаўгурацыю, для тэхнічнага інтэлігента і паспалітага чалавека азначае, што зло гэта дабро, і наадварот. Гэта санкцыя і індульгенцыя. Фальсіфікацыя выбараў адпавядае захопу ўлады інтэрпрэтатара над боскай воляй і жадаючым яе разуменьня. Інтэрпрэтацыя, што, адчуваючы сваю ўседазволенасьць з усьмешкай аўгура вымаўляе фразу пра голас народу і голас Бога. Хто яны, гэтыя ўсьмешлівыя перакладчыкі нагвалю ў чырвона-зялёны таналь: "чальцы цэнтральнай калегіі по выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх гаданьняў, чальцы абодвух палатаў, судзьдзі, урадоўцы, вядомыя дзеячы навукі, культуры і мастацтва, прадстаўнікі партыяў і рэлігійных канфесіяў, дыпляматы і замежныя госьці".