Mar 13, 2011

Множная этымалёгія

Акрамя шырокай адменнасьці, адной з малазразумелых для сучасьніка рысаў вйа̄каран̣ы зьяўляецца множная этымалёгія. Хаця прыманьне некалькіх утварэньняў аднаго слова можна палічыць адной зь відаляў адменнасьці, насамрэч гэта нешта адваротнае. Добра вядомы выпадак, калі адна выява ўжываецца ў розных змыслах і лічыцца прыгэтым рознымі словамі, што маюць аднолькавую выяву (sarūpa). Але выпадак множнай этымалёгіі іншы - тут адна выява, маючы рознае ўтварэньне і адрозьненьне ў змысьле, лічыцца тым ня менш адным словам.

Такія словы - у асноўным словы-загадкі, пакінутыя ведавымі паэтамі нашчадкам. Іх утварэньне было пытаньнем ужо ў час Па̄н̣іні і Йа̄скі (аўтара нірукты). Калі нірукта (этымалёгія) цалкам прысьвечана іх разгадваньню, то Па̄н̣іні ў Aṣṭādhyāyī пра іх утварэньне фармулюе адну сӯтру - uṇādayo bahulam 3.3.1. Калі каротка, то: "uṇ і далейшыя афіксы - разнастайна". Сӯтры пра гэтыя афіксы вынесены з Aṣṭādhyāyī ў асобны твор - Uṇādi-sūtāṇi, пра аўтарства якіх спрачаюцца. Тэкст дайшоў у некалькіх рэдакцыях, што моцна розьняцца між сабой.

Uṇагалоўныя - гэта kṛt-афіксы, пры даданьні якіх да кораня адбываецца вялікая і разнастайная нерэгулярнасьць, апісваць якую дакладнымі правіламі было папросту неэканомна. Бо калі на адзін выпадак выдзяляецца адно правіла, змысел яго існаваньня зьнікае. Многія словы, што сканчаюцца на ун̣а̄ді-афіксы, зусім ня ўзгадваюцца ў сӯтрах і ўтвараюцца па аналёгіі. Прынцып, па якім утвараюцца словы ў ун̣а̄ді-сӯтрах просты - слова дзеліцца на prakṛti (аснову) і pratyaya (афікс), а аснова або зводзіцца да dhātu (кораня), або мае ў дадатак яшчэ і upapada (дапаможнае слова). Некаторыя словаўтварэньні ў ун̣а̄ді-сӯтрах пакідаюць у даволі вялікіх словах ад кораня ўсяго першы гук, а ўсё засталае робяць афіксам. Такія словы як ca ("і") таксама ўтвараюцца ад каранёў, што лічыцца вельмі сумнеўным. Таму аўтарытэт ун̣а̄ді-сӯтраў у многіх выпадках вельмі ўмоўны. Не зважаючы на гэта, цяжка пераацаніць іх значэньне як крыніцы па санскрыцкай этымалёгіі.

Але як адно і тое самае слова можа ўтварацца адразу ад некалькіх каранёў? Напрыклад, слова pumān (мужчына). Патаньджалі ўтварае яго ад кораня (спараджаць ці прасоўваць) - sūteḥ sap prasave pumān (Mahābhāṣya 1.2.64.10). Паводле розных вэрсіяў ун̣а̄ді-сӯтраў яно ўтвараецца ад кораня (абараняць) - pāter ḍuṃsic/ḍuṃsun (Uṇādi 1.183/189), або ад (ачышчаць) - pūño muk sun (Uṇādi 9.48). Камэнтатары звычайна пералічваюць усе вэрсіі, не адкідаючы ніводнай, не называючы іх ні правільнымі ні няпрявільнымі, толькі выдзяляючы адну як асноўную. Такім чынам слова pumān афарбоўваецца для вучня вйа̄каран̣ы адразу некалькімі змысламі - дзейнасьцію, творчасьцю, чысьцінёй і абаронай.

Слова puruṣa паводле Бр̣гада̄ран̣йака-упанішады ўтвараецца ад кораня uṣ (спальваць) з дапаможным словам puras (папярэдні) - sa yat pūrvo 'smāt sarvasmāt sarvān pāpmana auṣat tasmāt puruṣaḥ. oṣati ha vai sa taṃ yo 'smāt pūrvo bubhūṣati ya evaṃ veda - "Той, хто папярэдні ад усяго гэтага, спаліў усё зло, таму ён пуруша. Таму спальвае той, хто так ведае, таго, хто жадае быць перад ім" (Bṛhadāraṇyaka-upaniṣad 1.4.1). Ш́ан̣кара̄ча̄рйа, камэнтуючы іншы фрагмэнт той самай упанішады (г.зн. дакладна ведаючы пра існаваньне іншай дэрывацыі), тлумачыць слова дваяка - 1) як pūrṇam anena sarvaṃ (Bhagavad-gītā-bhāṣya 8.4) - "якім поўніццца ўсё") - г.зн. утвораным ад кораня pṝ і 2) як puruṣaḥ puri śayanāt (Bhagavad-gītā-bhāṣya 8.4) - "жыве ў целе/горадзе" - як утворанае ад кораня vas (жыць, сяліцца) і pur (крэпасьць, цела). Апошняя дэрывацыя ўскосна ўзгадваецца і ў Бгаґавад-Ґі̄це, можа быць як алюзія на верш з Ш́вета̄ш́ватара-упанішада (navadvāre pure dehī... Bhagavad-gītā 5.13 Śvetāśvatara-upaniṣad 3.18). Паводле уна̄д̣і-сӯтраў puruṣa ўтвараецца ад кораня pur (папярэднічаць) - puraḥ kuṣan (Uṇādi 4.75). Для чалавека традыцыі падобнае слова мае адначасова некалькі спосабаў утварэньня, і такіх прыкладаў мноства.

Ужо тое, што паходжаньне слова больш за дзьве тысячы гадоў тлумачыцца некалькімі спосабамі, робіць для нас яго этымалёгію множнай, і кожны варыянт верным і вартым уліку проста як факт культуры. Але так яно было ўжо ў час камэнтатараў ун̣а̄ді-сӯтраў, і таму адсутнасьць змаганьня за правільны варыянт. Але больш за тое, без гістарычнай і аўтарскай пэрспэктывы меркаваньні пра варыянты дэрывацыі апынаюцца ў прасторы адной сьвядомасьці, дзе ўсё роўна, чый менавіта розум падумаў думку, галоўнае, што носьбіт мовы на гэта ў прынцыпе здольны. Здольнасьць (śakti) да варыянтнай дэрывацыі аднаго слова выяўляецца ўжо ня проста вонкавай лексыкаграфічнай карэктнасьцю, але нутраной рысай самой культуры.

Бальшыня словаў, што дапускаюць множную этымалёгію, - гэта загадкі, пакінутыя р̣шы, ведавымі паэтамі. І ў гэтым выпадку мнагазначнасьць слова зьяўляецца ня так вынікам неразуменьня формы, як наўмыснасным намерам. Бо ўсякі паэтычны тэкст зьяўляецца загадкай, наўмыснай мнагазначнасьцю, што выклікае ўспрымальніка на пераадоленьне неразуменьня. Загадваньне і разгадка загадак - насамрэч улюбёны занятак р̣шы (brahmodyam).

Калі мнагазначнасьць увогуле зьяўляецца рысай паэтычнага, то спосабы яе выяўленьня залежаць ад паэтычнай мовы і праяўляюцца на тым узроўні, на якім мова зьяўляецца творчай і апэратыўнай. Так, у сучаснай мове гатовага слоўнікавага запасу і культурнага слоўніку, у сытуацыі, калі "усё ўжо створана", творчасьць абмяжоўваецца толькі апошнім гарызантальным плянам ужываньня мовы - камбінацыяй і кампіляцыяй алюзіяў і рэмінісцэнцыяў на іншыя гатовыя заархіваваныя тэксты. Гэта апошняя, трэцяя ступень паэзіі, яе канец, бо гэта канец творчасьці мовы. У адваротнасьць гэтаму паэтычная мова р̣шы зьяўляецца творчай цалкам, ад пачатку да канца, ад адзінага сэнсу да сэнсаў гукаў, каранёў, словаў і сказаў. Гэта вэртыкальная творчасьць, вынікам якой сталася мова пазьнейшых людзей. Для мовы, у якой дэрывацыя зьяўляецца актыўнай апэратыўнай дзейнасьцю, творчасьцю, а не тлумачэньнем ужо гатовых формаў, стварэньне мнагазначнасьці дэрывацыі зьяўляецца паэтычным прыёмам, спосабам загадаць загадку.

Гэта першая ступень паэзіі, на якой утварэньне самой мовы зьяўляецца паэтычнай творчасьцю. Кожная наступная ступень ператварае папяпрэднюю ў сваю загадку. На прыступку ніжэй мова пакідаецца як ужо стваранае, як фон і сродак для ўтварэньня зьместаў і сюжэтаў. На трэцяй ступені ўтвораныя зьместы стаюцца аб'ектам камбінаторнай гульні асацыяцыяў. Гісторыя паэзіі - гэта гісторыя паступовага спуску сьвядомасьці ад поўнай вэртыкальнай творчасьці мовы да гарызантальнай камбінаторыкі адсылак на адсылкі.

Слова можа быць утвораным адразу ад некалькіх каранёў толькі ў тым выпадку, калі самі карані ўтвораны з больш першасных складнікаў - фанэмаў мовы. Калі карані зьяўляюцца толькі прамежкавымі элемэнтамі на сьцезе ад альфабэту змыслаў да канчатковых словаў, складнікам, падначаленым актыўнаму ўтварэньню, волі да мовы (vivakṣā), слова выяўляецца насамрэч утвораным не з каранёў, а з гукаў мовы. Сам жа корань як прамежкавая стадыя можа быць прадметам загадкі і паэтычнай мнагазначнасьці - якім менавіта сьцегам прайшоў адзіны змысел да гэтай выявы.

Вйа̄каран̣а Па̄н̣іні зьяўляецца лёгікай санскрыту. Калі, прыкладам, камэнтатары Бгаґавад-Ґі̄ты спрачаюцца пра інтэрпрэтацыю ш́локі, яны зьвяртаюцца да ка̄рака-катэгорыяў, правілаў Па̄н̣іні пра kṛt-, taddhita- і samāsa-ўтварэньні ў якасьці довадаў. Мова большая за любы твор, створаны на ёй. Па̄н̣іні ахапіў сваёй граматыкай усю папярэднюю мову і стаўся асновай наступнай. Ён рашчыніўся ў санскрыце як соль у вадзе. Пра яго нічога не вядома, але любы папярэдні тэкст вывучаецца празь яго і любы наступны тэкст створаны знаўцам яго. Таму ён ужо ў кожным гуку санскрыту.

Змысловыя катэгорыі вйа̄каран̣ы, яе першасныя і другасныя ўтварэньні зьяўляюцца спосабам мысьленьня чалавека традыцыі. У гэтым змысьле этымалёгія зьяўляецца вэртыкальнай лёгікай мовы, вэртыкальным мысьленьнем. Множная этымалёгія, якая з гарызантальнага гледзішча здаецца нявырашанай праблемай дэрывацыі, для вэртыкальнага мысьленьня зьяўляецца адным са спосабаў самавыяўленьня.

Mar 8, 2011

Багавітава Песьня, 1 ўзыход, паслоўны пераклад

atha prathamo ‘dhyāyaḥ
Першы ўзыход

dhṛtarāṣṭra uvāca
dharmakṣetre kurukṣetre samavetā yuyutsavaḥ
māmakāḥ pāṇḍavāś caiva kim akurvata saṃjaya |1.1|

dhṛta-rāṣṭraḥ – Дгрытараштра, uvāca – прамовіў:
dharma-kṣetre – На полі дгармы, kuru-kṣetre – на полі Куру māmakāḥ – мае сыны pāṇḍavāḥ ca eva – і сыны Панду, sam-ava-itāḥ – якія сышліся, yuyutsavaḥ – жадаючыя змагацца, kim – што akurvata – ўчынілі, saṃjaya – о Саньджая?

sañjaya uvāca
dṛṣṭvā tu pāṇḍavānīkaṃ vyūḍhaṃ duryodhanas tadā
ācāryam upasaṅgamya rājā vacanam abravīt |1.2|

sañjayaḥ – Санджайа uvāca – прамовіў:
dṛṣṭvā – Убачыўшы tu – ж vi-ūḍhaṃ – пашыхтаванае anīkaṃ – войска pāṇḍava- сыноў Панду, rājā – князь dur-yodhanaḥ – Дур’ёдгана tadā – тады, upa-saṅ-gamya – падышоўшы ā-cāryam – да настаўніка (Дроны), abravīt – прамовіў vacanam – слова:

paśyaitāṃ pāṇḍuputrāṇām ācārya mahatīṃ camūm
vyūḍhāṃ drupadaputreṇa tava śiṣyeṇa dhīmatā 1.3

1.3 paśya – Глядзі etāṃ – на гэтае mahatīṃ – вялікае camūm – войска putrāṇām – сыноў pāṇḍu- Панду, ā-cārya – о настаўніку, vi-ūḍhāṃ – пашыхтаванае putreṇa – сынам drupada- Друпады (Дгрыштад’юмнам), tava – тваім dhīmatā – разумным śiṣyeṇa – вучнем.

atra śūrā maheṣvāsā bhīmārjunasamā yudhi
yuyudhāno virāṭaś ca drupadaś ca mahārathaḥ 1.4

1.4 atra – Тут śūrāḥ – волаты, mahā- вялікія iṣu-āsāḥ – лучнікі, samāḥ – роўныя bhīma- Бгіму arjuna- і Арджуну yudhi – ў бітве: yuyudhānaḥ – Ююдгана virāṭaḥ ca – і Вірата, drupadaḥ ca – і Друпада, mahā-rathaḥ – вялікакалёсы ваяр,

dhṛṣṭaketuś cekitānaḥ kāśirājaś ca vīryavān
purujit kuntibhojaś ca śaibyaś ca narapuṅgavaḥ 1.5

1.5 dhṛṣṭa-ketuḥ – Дгрыштакету, cekitānaḥ – Чэкітана і rājaḥ ca – і князь kāśi- Кашы vīryavān – мужны, puru-jit – Пуруджыт, kunti-bhojaḥ ca – і Кунтыбгоджа, śaibyaḥ ca – і нашчадак Шыбі, nara-puṅ-gavaḥ – муж як бык (магутны),

yudhāmanyuś ca vikrānta uttamaujāś ca vīryavān
saubhadro draupadeyāś ca sarva eva mahārathāḥ 1.6

1.6 yudhā-manyuḥ ca – і Юдгаман'ю vi-krāntaḥ – адважны uttama-ojāḥ ca – і Уттамаўджас vīryavān – мужны, saubhadraḥ – сын Субгадры draupadeyāḥ ca – і сыны Друпадоўны, sarve – усе eva – напраўду mahā-rathāḥ – вялікакалёсыя ваяры.

asmākaṃ tu viśiṣṭā ye tān ni bodha dvijottama
nāyakā mama sainyasya saṃjñārthaṃ tān bravīmi te 1.7

1.7 ye – Якія tu – ж asmākaṃ – з нашых vi-śiṣṭāḥ – выбітныя, nāyakāḥ – правадыры mama – майго sainyasya – войска, tān – тых ni bodha – даведайся, uttama – о вышні dvi-ja- – двойчы-роджаны, bravīmi – я скажу tān – іх te – табе saṃjñā-arthaṃ – для параўнаньня.

bhavān bhīṣmaś ca karṇaś ca kṛpaś ca samitiñjayaḥ
aśvatthāmā vikarṇaś ca saumadattis tathaiva ca 1.8

1.8 bhavān – Пан (Дрона), bhīṣmaḥ ca – і Бгішма, karṇaḥ ca – і Карна, kṛpaḥ ca – і Крыпа, samitiṃ-jayaḥ – у баёх пераможца, aśvatthāmā – Ашваттхаман vi-karṇaḥ ca – і Вікарна, tathā eva ca – а таксама saumadattiḥ – сын Сомадатты,

anye ca bahavaḥ śūrā madarthe tyaktajīvitāḥ
nānāśastrapraharaṇāḥ sarve yuddhaviśāradāḥ 1.9

1.9 anye ca – і іншыя bahavaḥ – многія śūrāḥ – волаты, tyakta- якімі пакінута jīvitāḥ – жыцьцё mad-arthe – дзеля мяне, nānā- рознай śastra- зброяй pra-haraṇāḥ – узброеныя, sarve – усе vi-śāradāḥ – дасьведчаныя yuddha- ў бітвах.

aparyāptaṃ tadasmākaṃ balaṃ bhīṣmābhirakṣitam
paryāptaṃ tvidameteṣāṃ balaṃ bhīmābhirakṣitam 1.10

1.10 a-pari-āptaṃ – Бязьмежная tad – тая asmākaṃ – нашая balaṃ – сіла, abhi-rakṣitam – абароненая bhīṣma- Бгішмам (які мог памерці толькі з уласнага жаданьня), tu – а idam – гэтая balaṃ – сіла eteṣāṃ – іх pari-āptaṃ – абмежаваная, abhi-rakṣitam – абароненая bhīma- Бгімам (пазбытага такога дару багоў).

ayaneṣu ca sarveṣu yathābhāgam avasthitāḥ
bhīṣmam evābhi rakṣantu bhavantaḥ sarva eva hi 1.11

1.11 ca – І таму sarveṣu – на ўсіх ayaneṣu – падыходах (дзе можа адбыцца прарыў ворага) ava-sthitāḥ – пастаўленыя yathā-bhāgam – адпаведна сваім аддзелам eva hi – перадусім sarve – усе bhavantaḥ – панове abhi rakṣantu – хай бароняць eva – менавіта bhīṣmam – Бгішму.

tasya sañjanayan harṣaṃ kuruvṛddhaḥ pitāmahaḥ
siṃhanādaṃ vinadyocchaiḥ śaṅkhaṃ dadhmau pratāpavān 1.12

1.12 saṃ-janayan – Спрычыняючы tasya – яго harṣaṃ – баявы дух, pitāmahaḥ – дзед, vṛddhaḥ – старшыня kuru- роду Куру, pratāpavān – агнявіты ucchaiḥ – высока (ўзьняўшы), dadhmau – падзьмуў śaṅkhaṃ – у чарупу, vi-nadya – выгукнуўшы nādaṃ – гук siṃha- лява.

tataḥ śaṅkhāś ca bheryaś ca paṇavānakagomukhāḥ
sahasaivābhyahanyanta sa śabdas tumulo'bhavat 1.13

1.13 tataḥ – Затым abhi ahanyanta – загучалі sahasā eva – адразу ж śaṅkhāḥ ca – і чарупы bheryaḥ ca – і літаўры, paṇava- маленькія бубны, ānaka- і вялікія бубны, go-mukhāḥ – і рогі, saḥ – і той śabdaḥ – гук abhavat – стаўся tumulaḥ – тлумам.

tataḥ śvetair hayair yukte mahati syandane sthitau
mādhavaḥ pāṇḍavaś caiva divyau śaṅkhau pradadhmatuḥ 1.14

1.14 tataḥ – Затым mādhavaḥ – нашчадак Мадгу (Крышна) pāṇḍavaḥ ca eva – і сын Панду (Арджуна), sthitau – якія стаялі mahati – на вялікім syandane – баявым возе, yukte – запрэжаным śvetaiḥ – белымі hayaiḥ – коньмі, pra dadhmatuḥ – падзьмулі divyau – ў боскія, дзівосныя śaṅkhau – чарупы.

pāñcajanyaṃ hṛṣīkeśo devadattaṃ dhanañjayaḥ
pauṇḍraṃ dadhmau mahāśaṅkhaṃ bhīmakarmā vṛkodaraḥ 1.15

1.15 hṛṣīka-īśaḥ – Пан чуваньня pāñca-janyaṃ – у Паньчаджан'ю, dhanaṃ-jayaḥ – Скарба-зваёўца deva-dattaṃ – у Дэвадатту, а bhīma-karmā – страшны ўчынкамі vṛka-udaraḥ – Воўча-жывотны dadhmau – падзьмуў mahā- у вялікую śaṅkhaṃ – чарупу pauṇḍraṃ – Паўндру.

anantavijayaṃ rājā kuntīputro yudhiṣṭhiraḥ
nakulas sahadevaś ca sughoṣamaṇipuṣpakau 1.16

1.16 kuntī-putro – Сын Кунты, rājā – князь yudhiṣṭhiraḥ – Юдгіштхіра anantavijayaṃ – у Анантавіджаю, а nakulaḥ – Накула saha-devaḥ ca – і Сагадэва sughoṣa- у Суґгошу maṇi-puṣpakau – і Маніпушпаку.

kāśyaś ca parameṣvāsaḥ śikhaṇḍī ca mahārathaḥ
dhṛṣṭadyumno virāṭaś ca sātyakiś cāparājitaḥ 1.17

1.17 kāśyaḥ ca – і князь Кашы, parama- навышні iṣu-āsaḥ – лучнік, śikhaṇḍī ca – і Шыкхандын, mahā-rathaḥ – вялікакалёсы ваяр, dhṛṣṭa-dyumnaḥ – Дгрыштад'юмна virāṭaḥ ca – і Вірата, sātyakiḥ ca – і сын Сaт’які, a-parā-jitaḥ – непераможны,

drupado draupadeyāśca sarvaśaḥ pṛthivīpate
saubhadraśca mahābāhuḥ śaṅkhān dadhmuḥ pṛthakpṛthak 1.18

1.18 drupadaḥ – Друпада draupadeyāḥ ca – і сыны Друпадоўны, saubhadraḥ ca – і сын Субгадры mahā-bāhuḥ вялікарукі, pṛthivī-pate – о пане зямлі (Дгрытараштра), sarvaśaḥ – адусюль pṛthak pṛthak – усе асобна адразу dadhmuḥ – падзьмулі śaṅkhān – у чарупы.

sa ghoṣo dhārtarāṣṭrāṇāṃ hṛdayāni vyadārayat
nabhaśca pṛthivīṃ caiva tumulobhyanunādayan 1.19

1.19 saḥ – Той tumulaḥ – тлумны ghoṣaḥ – гром vi adārayat – разрываў hṛdayāni – сэрцы dhārtarāṣṭrāṇāṃ – сыноў Дгрытараштры, abhi-anu-nādayan – напаўняючы рэхам nabhaḥ ca – і неба pṛthivīṃ ca eva – і зямлю.

atha vyavasthitān dṛṣṭvā dhārtarāṣṭrān kapidhvajaḥ
pravṛtte śastrasaṃpāte dhanur udyamya pāṇḍavaḥ 1.20

1.20 atha – І вось pra-vṛtte – калі ўжо была гатовая да бою saṃpāte – уся śastra- зброя, dṛṣṭvā – глянуўшы dhārtarāṣṭrān – на сыноў Дгрытараштры, vi-ava-sthitān – пашыхтаваных, pāṇḍavaḥ – сын Панду, kapi-dhvajaḥ – малпа-сьцяжны, ud-yamya – узьняўшы dhanuḥ – лук,

hṛṣīkeśaṃ tadā vākyam idam āha mahīpate
senayor ubhayor madhye rathaṃ sthāpaya me'cyuta 1.21

1.21 tadā – тады āha – мовіў hṛṣīka-īśaṃ – Пану Чуваньня idam – гэтае vākyam – слова, mahī-pate – о пане зямлі (Дгрытараштра): madhye – “Паміж ubhayoḥ – абодвух senayoḥ – войскаў sthāpaya – пастаў me – мой rathaṃ – воз, a-cyuta – о Непарушны,

yāvad etān nirikṣe'haṃ yoddhukāmān avasthitān
kair mayā saha yoddhavyam asmin raṇasamudyame 1.22

1.22 yāvad – каб ahaṃ – я nir ikṣe – разгледзеў etān – гэтых avasthitān – якія стаяць насупраць, yoddhu-kāmān – прагных змагацца, saha – з kaiḥ – кім mayā – мне yoddhavyam – належыць біцца asmin – ў гэтым raṇa-samudyame – ратным пачыне,

yotsyamānān avekṣe'haṃ ya ete'tra samāgatāḥ
dhārtarāṣṭrasya durbuddher yuddhe priyacikīrṣavaḥ 1.23

1.23 avekṣe – каб глянуў ahaṃ – я yotsyamānān – на тых, што зьбіраюцца змагацца, ye – якія ete – гэтыя atra – сюды sam-ā-gatāḥ – сышліся, cikīrṣavaḥ – жадаючы зрабіць priya- прыемнае yuddhe – ў бітве dur-buddheḥ – зламыснаму dhārtarāṣṭrasya – сыну Дгрытараштры”.

evam ukto hṛṣīkeśo guḍākeśena bhārata
senayor ubhayor madhye sthāpayitvā rathottamam 1.24

1.24 hṛṣīkeśaḥ – Пан чуваньня, uktaḥ – якому было сказана evam – так guḍākā-īśena – Панам сну bhārata – о нашчадак Бгараты (Дгрытараштра), sthāpayitvā – паставіўшы uttamam – найлепшы ratha- воз madhye – паміж ubhayoḥ – абодвух senayoḥ – войскаў,

bhīṣmadroṇapramukhataḥ sarveṣāṃ ca mahīkṣitām
uvāca pārtha paśyaitān samavetān kurūn iti 1.25

1.25 pra-mukhataḥ – перад абліччам bhīṣma- Бгішмы droṇa- і Дроны, sarveṣāṃ ca – і ўсіх kṣitām – уладароў mahī- зямлі, uvāca – мовіў iti – так: pārtha – “О сын Прытхі, paśya – глядзі etān – на гэтых kurūn – нашчадкаў Куру sam-ava-itān – якія сышліся разам”.

tatrāpaśyat sthitān pārthaḥ pitṝn atha pitāmahān
ācāryān mātulān bhrātṝn putrān pautrān sakhīṃs tathā 1.26

1.26 tatra – там apaśyat – убачыў pārthaḥ – сын Прытхі sthitān – стаялых pitṝn – бацькоў, atha – а таксама pitāmahān – дзядоў, ā-cāryān – настаўнікаў, mātulān – вуёў bhrātṝn – братоў, putrān – сыноў, pautrān – унукаў, tathā – а таксама sakhīn – сяброў,

śvaśurān suhṛdaś caiva senayor ubhayor api
tān samīkṣya sa kaunteyaḥ sarvān bandhūn avasthitān 1.27

1.27 śvaśurān – сьвёкраў, su-hṛdaḥ ca eva- і таварышаў ubhayor api – у абодвух senayor – войсках. sam-īkṣya – Агледзеўшы tān – тых sarvān – усіх bandhūn – сваякоў, avasthitān – пашыхтаваных,

kṛpayā parayāviṣṭo viṣīdann idam abravīt
dṛṣṭvemaṃ svajanaṃ kṛṣṇa yuyutsuṃ samupasthitam 1.28

1.28 kṛpayā – спагадай parayā – вялікай ā-viṣṭaḥ – праніклы, vi-ṣīdan – роспачны, abravīt – ён сказаў idam – гэта: dṛṣṭvā – “Убачыўшы imaṃ – гэты sva-janaṃ – свой род, kṛṣṇa – о Крышна, sam-upa-sthitam – які стаў з абодвух бакоў, yuyutsuṃ – жадаючы змагацца,

sīdanti mama gātrāṇi mukhaṃ ca pari śuṣyati
vepathuś ca śarīre me romaharṣaś ca jāyate 1.29

1.29 sīdanti – асядаюць, млеюць mama – мае gātrāṇi – канцавіны, mukhaṃ ca – і рот, твар pari śuṣyati – перасыхае, vepathuḥ ca – і дрыжаньне śarīre – ў целе me – маім, harṣaḥ ca – і ўздым roma- валасоў jāyate – узьнікае,

gāṇḍīvaṃ straṃsate hastāt tvak caiva paridahyate
na ca śaknomy avasthātuṃ bhramatīva ca me manaḥ 1.30

1.30 straṃsate – выпадае hastāt – з рукі gāṇḍīvaṃ – Ґандыва, tvak ca eva – і скура pari dahyate – гарыць, na ca śaknomi – і не магу я ava-sthātuṃ – трывала стаяць, iva ca – і нібы bhramati – блукае me – мой manaḥ – мысел.

nimittāni ca paśyāmi viparītāni keśava
na ca śreyo'nupaśyāmi hatvā svajanam āhave 1.31

1.31 nimittāni ca – І прыкметы viparītāni – вычварныя paśyāmi – я бачу, keśava – о Забойца Кешына. na ca – І не anu paśyāmi – прадбачу я śreyaḥ – лепшага, дабра, hatvā – забіўшы sva-janam – свой род ā-have – у вайне.

na kāṅkṣe vijayaṃ kṛṣṇa na ca rājyaṃ sukhāni ca
kiṃ no rājyena govinda kiṃ bhogair jīvitena vā 1.32

1.32 na kāṅkṣe – Я не жадаю vi-jayaṃ – перамогі, kṛṣṇa – о Крышна, na ca – ані rājyaṃ – ўладарства, sukhāni ca – ці асалодаў. kiṃ – Што naḥ – нам rājyena – ад княства, go-vinda – Здабыўца Зямлі ці Кароў, kiṃ – што bhogaiḥ – ад асалодаў, vā – або kiṃ – што jīvitena – ад жыцьця,

yeṣām arthe kāṅkṣitaṃ no rājyaṃ bhogāḥ sukhāni ca
ta ime'vasthitā yuddhe prāṇāṃs tyaktvā dhanāni ca 1.33

1.33 (калі) arthe – дзеля yeṣām – якіх kāṅkṣitaṃ – жаданае naḥ – для нас rājyaṃ – княства, bhogāḥ – асалоды sukhāni ca – і шчасьці, te ime – менавіта тыя avasthitāḥ – супрацьсталіся yuddhe – ў бітве, tyaktvā – пакінуўшы prāṇān – жыцьці dhanāni ca – і багацьці.

ācāryāḥ pitaraḥ putrās tathaiva ca pitāmahāḥ
mātulāḥ śvaśurāḥ pautrāḥ śyālāḥ sambandhinas tathā 1.34

1.34 ā-cāryāḥ – Настаўнікі, pitaraḥ – бацькі, putrāḥ – сыны, tathā eva ca – а таксама pitāmahāḥ – дзяды, mātulāḥ – вуі, śvaśurāḥ – сьвёкры, pautrāḥ – унукі, śyālāḥ – швагры, tathā – а таксама sambandhinas – родзічы.

etān na hantum icchhāmi ghnato'pi madhusūdana
api trailokyarājyasya hetoḥ kiṃ nu mahīkṛte 1.35

1.35 na icchhāmi – Я не хачу hantum – забіваць etān – іх, api – нават ghnataḥ – забіваны, madhu-sūdana – о Забойца Мадгу, api – нават hetoḥ – дзеля, з прычыны rājyasya – ўладарства trailokya – над трысьветам, kiṃ nu – пагатоў mahī-kṛte – дзеля зямлі.

nihatya dhārtarāṣṭrān naḥ kā prītiḥ syājjanārdana
pāpam evāśrayed asmān hatvaitān ātatāyinaḥ 1.36

1.36 kā – Якая prītiḥ – прыемнасьць, асалода naḥ – нам syāt – будзе, ni-hatya – забіўшы dhārtarāṣṭrān – сыноў Дгрытараштры, janārdana – о Прытулак Людзей? evа – Толькі pāpam – гана, зло ā śrayet – углыне asmān – нас, hatvā – забіўшы etān – іх, ātatāyinaḥ – напінаючых лукі, гатовых забіваць.

tasmān nārhā vayaṃ hantuṃ dhārtarāṣṭrān svabāndhavān
svajanaṃ hi kathaṃ hatvā sukhinaḥ syāma mādhava 1.37

1.37 tasmān – Таму na arhāḥ – не павінны vayaṃ – мы hantuṃ – забіваць sva-bāndhavān – сваіх родзічаў, dhārtarāṣṭrān – нашчадкаў Дгрытараштры. kathaṃ – Як hi – жа syāma – зможам мы быць sukhinaḥ – шчасьлівыя, mādhava – о нашчадак Мадгу, hatvā – забіўшы sva-janaṃ – свой род?

yadyapyete na paśyanti lobhopahatacetasaḥ
kulakṣayakṛtaṃ doṣaṃ mitradrohe ca pātakam 1.38

1.38 api – Нават yadi – калі ete – яны, lobha- ад прагнасьці upa-hata- пазбытыя cetasaḥ – чуваньня, сумленьня, na paśyanti – ня бачаць doṣaṃ – ганы, kṛtaṃ – прычыненай kṣaya- зьнішчэньнем kula- роду, ca – і pātakam – падзеньня, злачынства drohe ў варожасьці mitra- да сяброў,

kathaṃ na jñeyam asmābhiḥ pāpād asmān nivartitum
kulakṣayakṛtaṃ doṣaṃ prapaśyadbhir janārdana 1.39

1.39 kathaṃ – як asmābhiḥ – намі, pra-paśyadbhiḥ – якія прадбачаць doṣaṃ – гану, kṛtaṃ – прычыненую kṣaya- зьнішчэньнем kula- роду, janārdana – о Прытулак Людзей, na jñeyam – можа быць нязнаным тое, ni-vartitum – як адвараціць asmān – нас pāpād – ад зла?

kulakṣaye praṇaśyanti kuladharmāḥ sanātanāḥ
dharme naṣṭe kulaṃ kṛtsnam adharmo'bhibhavaty uta 1.40

1.40 kṣaye – Пры зьнішчэньні kula- роду pra-ṇaśyanti – гінуць sanātanāḥ – вечныя, заўсёдныя dharmāḥ – правы, законы kula- роду, naṣṭe – калі гіне dharme – права, a-dharmaḥ – няправа uta – то abhi bhavati – апаноўвае kṛtsnam – ўвесь kulaṃ – род.

adharmābhibhavāt kṛṣṇa praduṣyanti kulastriyaḥ
strīṣu duṣṭāsu vārṣṇeya jāyate varṇasaṅkaraḥ 1.41

1.41 abhi-bhavāt – Ад перамогі a-dharma- няправа, kṛṣṇa – о Крышна, pra duṣyanti – псуюцца striyaḥ – жанчыны kula- роду, duṣṭāsu – калі сапсуты strīṣu – жанчыны, vārṣṇeya – о нашчадак роду Врышні, jāyate – пачынаецца saṃ-karaḥ – зьмяшэньне varṇa- станаў.

saṅkaro narakāyaiva kulaghnānāṃ kulasya ca
patanti pitaro hy eṣāṃ luptapiṇḍodakakriyāḥ 1.42

1.42. saṃ-karaḥ – Зьмяшэньне narakāya – (вядзе) да пекла kula-ghnānāṃ – і забойцаў роду kulasya ca – і род, hi – бо patanti – падаюць eṣāṃ – іх pitaraḥ – продкі, lupta- пазбытыя kriyāḥ – аброкаў piṇḍa- клёцак udaka- і вады.

doṣair etaiḥ kulaghnānāṃ varṇasaṅkarakārakaiḥ
utsādyante jātidharmāḥ kuladharmāśca śāśvatāḥ 1.43

1.43 etaiḥ – Гэтымі doṣaiḥ – ганамі ghnānāṃ – забойцаў kula- роду, -kārakaiḥ – што ўчыняюць saṃ-kara- зьмяшэньне varṇa- станаў, ut sādyante – зьнішчаюцца dharmāḥ – правы jāti- племені dharmāḥ ca і правы śāśvatāḥ – вечныя kula- роду.

utsannakuladharmāṇāṃ manuṣyāṇāṃ janārdana
narake niyataṃ vāso bhavatīty anuśuśruma 1.44

1.44 manuṣyāṇāṃ – Для людзей, utsanna- якімі зьнішчаны dharmāṇāṃ – правы kula- роду, jana-ardana – о Прытулак Людзей, niyataṃ – неўнікнёнае vāsaḥ – сяліба narake – ў пекле bhavati – бывае iti – так śuśruma – мы пачулі anu – паводле спадчыны.

aho bata mahat pāpaṃ kartuṃ vyavasitā vayam
yad rājyasukhalobhena hantuṃ svajanam udyatāḥ 1.45

1.45 aho bata – О гора, mahat – вялікае pāpaṃ – зло vayam – мы vi-ava-sitāḥ – вырашылі kartuṃ – зрабіць, yad – што ud-yatāḥ – гатовыя hantuṃ – забіць sva-janam – свой род lobhena – ад прагі rājya- ўладарства sukha- і асалоды.

yadi mām apratīkāram aśastraṃ śastrapāṇayaḥ
dhārtarāṣṭrā raṇe hanyus tan me kṣemataraṃ bhavet 1.46

1.46 yadi – Калі mām – мяне a-pratī-kāram – без супраціву, a-śastraṃ – бяз зброі śastra-pāṇayaḥ – зброя-рукія dhārtarāṣṭrāḥ – сыны Дгрытараштры hanyuḥ – заб'юць raṇe – на полі бітвы, tat – тое me – мне bhavet – будзе kṣemataraṃ – прымальней.

evam uktvārjunaḥ saṅkhye rathopastha upāviśat
visṛjya saśaraṃ cāpaṃ śokasaṃvignamānasaḥ 1.47


1.47 evam – Так uktvā – мовіўшы saṃ-khye – на полі бітвы, arjunaḥ – Арджуна, mānasaḥ – мысел якога saṃ-vigna- быў узрушаны śoka- жалем upa aviśat – сеў upa-sthe – на спод ratha- воза, vi-sṛjya – выпусьціўшы cāpaṃ – лук sa-śaraṃ – са стрэламі.

Mar 2, 2011

Імя пачатку


Ом - першы гук, які гаворыць немаўля, гук, які мычаць сьвятарныя каровы у Індыі, гук, якім пачынаюцца ўсе мантры і гімны Ведаў. Слова praṇava, якім называецца склад ом, утвараецца ад прыстаўкі pra (наперад) і кораня nu, што мае два асноўныя сэнсы - "зрушвацца зь месца, пачынацца" і "праслаўляць". Ад яго ўтвараюцца словы nava і navīna (новы), а часьціца nu значыць "цяпер, вось, ну". Пран̣ава значыць "абнаўленьне, пачынаньне з пачатку" і "праслаўленьне". Гэта знак звароту да пачатку, сымбаль сана̄тана-дгармы, ведавай спадчыны. praṇavaḥ sarvavedeṣu śabdaḥ khe pauruṣaṃ nṛṣu - "Я ў ведах пран̣ава, ў людзях людзкасьць, слова ў прасторы" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 7.8). Што значыць "ом" і чаму ён лічыцца сьвятарным?

Для сучаснага чалавека, звыклага да супрацьстаўленьня культуры і прыроды, мова ўспрымаецца як нешта штучнае, ненатуральнае, што адрозьнівае яго ад жывёлаў і вылучае з засталага сьвету. Наадварот, у упанішадах мова пералічваецца часам сярод здоляў (indriya), прыродных здольнасьцяў чалавека, разам са зрокам, слыхам, дотыкам, нюхам.

Нават не прыкладаючы высілкаў, проста дыхаючы, чалавек увесь час гаворыць два гукі - so'ham ("я той"). Каб вымавіць гук, ён адкрывае рот і напружвае галасавыя зьвязкі, і дых (prāṇa) ператвараецца ў гук, які на слых успрымаецца як a. Калі, вымаўляючы a, узьняць сьпінку языка да сярэдняга нёба, той самы гук будзе гучаць як i. Калі самкнуць вусны да маленькага кола, той самы гук будзе чутны як u. Калі амаль дакрануцца языком да сярэдняга нёба, ён ператворыцца ў ya, а калі дакрануцца цалкам, то стане ca. Так, зьмена меры - месца і высілкаў вымаўленьня - утварае з аднаго гуку ўсе засталыя, увесь альфабэт гукаў. І хаця яны ўспрымаюцца як асобныя літары і фанэмы, для граматыста яны - аформлены жыцьцёвы дых (prāṇa). Адзінае і першаснае, што сталася ўсімі гукамі мовы, не перастае быць сабой, калі зьмяняецца мера, што накладаецца на яго.

Дачыненьні выявы і змыслу абавязковыя (nitya). Выява абавязкова зьяўляецца выявай змыслу, і змысел абавязкова зьяўляецца змыслам выявы. Не бывае выявы бяз змыслу і наадварот, няма змыслу без выявы, хаця адносіны іх могуць быць не зусім простымі. Гукі мовы ня могуць ня мець змыслу, бо маюць выяву.

Утварэньне альфабэту гукаў у роце чалавека зьяўляецца праявай на ўзроўні грубай мовы (vaikharī) больш тонкага ўтварэньня змыслаў у роце змыслаў. Як з дыху ўзьнікае гук, а зь першага гуку празь зьмену меры ўзьнікаюць усе засталыя гукі, утвараючы кола фанэмаў (varṇa-cakram), так з адзінага змыслу празь зьмену меры ўзьнікае альфабэт змыслаў, спалучэньне якога далей дае змыслы каранёў і афіксаў. Іх спалучэньне ў сваю чаргу ўтварае словы, якія даюць бясконцую колькасьць магчымых выказваньняў. Прыгэтым адзіны першасны змысел (parā vāk) заўсёды застаецца і нікуды не зьнікае на ўсіх узроўнях праявы мовы, як першасны гук нікуды не зьнікае ўва ўсіх словах мовы. Ён незаўважны, як незаўважны дых, пры вымаўленьні гукаў, як незаўважныя гукі, калі ўспрымаюцца змыслы. mātṛkā - матрыца змыслаў - гэта рот змыслаў, які спараджае альфабэт змыслаў, накладаючы меру (mātrā) на першасны і адзіны змысел.

Адзінкай разуменьня і выяўленьня змыслу зьяўляецца выказваньне (vākyam). Яно валодае цэласьцю змыслу. Сказ складаецца з словаў, словы ўтвараюцца з асноваў і афіксаў, асновы ўзыходзяць да каранёў ці часьціцаў. Прыгэтым агульны змысел каранёў і асноваў абмяжоўваецца, удакладняецца змыслам афіксаў. Карані ўтвараюцца спалучэньнем гукаў альфабэту, абмяжоўваючы іх яшчэ больш агульны змысел. Утварэньне гукаў абмяжоўвае адзіны першачатковы змысел, пачатак мовы.

Першапачаткова гэты ўзровень мовы быў такім жа дзейным, як цяпер утварэньне сказаў з абмежаванага слоўнікавага запасу. Для рышы, пачынальнікаў мовы, усе ўзроўні мовы былі творчымі і дзейнымі. Для іх нашчадкаў узровень утварэньня каранёў ужо ператварыўся ў гатовы слоўнік першаэлемэнтаў, але захавалася творчасьць на засталых узроўнях. Сучасны чалавек апусьціўся на апошнюю прыступку словаўтварэньня, калі набор гатовых, адарваных ад першакрыніцы змыслу словаў, спалучаецца паміж сабой на гарызантальнай роўніцы ў рознай пасьлядоўнасьці.

Змысел выказваньня зьяўляецца вынікам спалучэньня змыслаў словаў, якія ў сваю чаргу задаюцца спалучэньнем сэнсаў каранёў і афіксаў, утвораных спалучэньнем сэнсаў гукаў. У такім разе сэнс любога, нават вельмі складанага, выказваньня ўрэшце выяўляецца толькі спалучэньнем элемэнтаў альфабэту змыслаў. Тады ўсякі "зьнешні" і "ўказальны" змысел перастае быць зьнешнім змыслам, а ўсякае зьнешне-скіраванае спазнаньне выяўляецца толькі адбіткам і чарговай наперад зададзенай сфармаванасьцю (saṃskāra). Тады цэлем спазнаньня канчаткова стаецца альфабэт і матрыца змыслаў. Гэты сьцег вядзе да пачатку мовы і выводзіць з-пад улады яе нутраных межаў.

Каб вымавіць пран̣аву, трэба шырока раскрыць рот, і вымаўляючы галосны, пакрысе закрыць яго, скончыўшы доўгім насавым гукам (anusvāra). Уся мова зьмяшчаецца ў альфабэце мовы, усе змыслы мовы зададзены альфабэтам змыслаў. Усе гукі мовы зьмяшчаюцца ў гэтым руху ад адкрытага да закрытага роту пры вымаўленьні пран̣авы. Усе змыслы мовы зьмяшчаюцца ў змысьле гэтага сьвятарнага складу. Гук ом азначае śabda-brahman, адзіны першасны змысел, праяўлены як сусьвет. Ом значыць вышэйшую мову (parā-vāk), якой пранікнуты і ў межах якой адбываюцца ўсе ўзроўні праявы. Гаворачы ом, зьвяртаюцца да пачатку ўсяго, называючы яго імя.

īśvara-praṇidhānād vā. kleśa-karma-vipāka-āśayair a-parāmṛṣṭaḥ puruṣa-viśeṣa īśvaraḥ. tatra nir-ati-śayaṃ sarva-jña-bījam. pūrveṣām api guruḥ kālena an-avacchedāt. tasya vācakaḥ pra-ṇavaḥ. taj-japas tad-artha-bhāvanam. tataḥ pratyak-cetanā-adhigamo 'py antarāya-abhāvaś ca - "Або ад пакладаньня на Ўладара. Уладар - першачалавек, пазбыты залежнасьці ад болю, што ўзьнікае ў выніку высьпяваньня пладоў кармы. У ім найвышэйшае семя ўсякага знаньня. Ён настаўнік нават першых настаўнікаў, бо не абмежаваны часам. Яго імя пран̣ава. Паўтарэньне яго імя вядзе да выяўленьня яго змыслу. Ад выяўленьня яго змыслу ўзьнікае непасрэднае ўспрыманьне ісьціны і адсутнасьць перашкодаў" (Патаньджалі, Йоґа-сӯтры, 1.23-29).