Sep 22, 2014

Цела

Слова 'цела' паходзіць ад кораня 'цягнуць' і азначае сродак нацягненьня. Блізка да гэтага, слова 'прастора' паходзіць ад кораня 'сьціраць' і азначае абшар, расьцяг, распаўсюд.

Здаецца, што цела разьмяшчаецца ў прасторы. Але ў прасторы існуе толькі вобраз цела. Напраўду, гэта прастора існуе ў целе.

Цела - гэта прастора прастораў. Усе іншыя прасторы існуюць у прасторы цела. Цела - гэта кросны, на якіх ткуцца тканіны ўсіх іншых прастораў, зроку, слыху і ўсіх магчымых здоляў.

Як прастора прастораў, як корань дрэва мовы прастораў, гэта цела мае справу з мовай часу. Гэта цела часуе прастору і прастаруе час.

Будова цела мае стойнае і зьменнае, касьцяк прастораў і кроў часу. І ўсе прасторы ўспрыманьня - часткі гэтага касьцяка, а іх зьменлівы зьмест - рух крыві ў яго рэках.

Мова часу злучае целы, і целы з аднолькавай будовай прастораў ствараюць супольны сьвет. Супольнасьць прасторы палягае не наперадзе, у яе вобразе, а ў мове целаў, задоўга да зьяўленьня вобразаў.

Уладар цела мае ўладу над целам, але саступае яе мове часу, пускаючы ў сябе вобразы іншых целаў, разьмяшчаючы іх у сваіх прасторах.

Мова цела спараджае целы, надзяляючы іх супольнай будовай і разьмяшчаючы ў адным часе.

Народ - гэта мова целаў, цела целаў, спараджальнік целаў і стваральнік супольнай прасторы сьвету. Вечнасьць целаў - у целе народу.



No comments:

Post a Comment