Sep 22, 2014

Панства

У час свайго найвялікшага росквіту Вялікае Княства Літоўскае было Панствам.

"Права пісаныя", вядомыя пазьней пад лацінскай назвай Статут, былі “даны панству Вялікаму Княству Літоўскаму, Рускаму і Жамойцкаму і іных чэраз наясьнейшага пана караля Жыґімонта".

Слова 'панства' перадусім азначае быцьцё і якасьць пана. Словы 'пан' і 'пані' роднасныя санскрыцкім словам pati (пан, уладар, муж) і patnī (пані, жонка) і паходзяць ад кораня pā (бараніць, ахоўваць). Такім чынам, 'панства' - гэта patitva, быцьцё ўладаром і абаронцам.

З другога-боку, панства - гэта лучнасьць паноў, грамада, што ўтвараецца панамі, а не панаванымі, праз супольную ўгоду. Панства - гэта літва, ліючая сябе форма, грамада ваяроў, што паўстае зьнізу ўверх і само зьмяняе сябе. І абсяг, на які разгартаецца ўлада гэтага панства.

У старабеларускай мове 'панства' значыць адначасова "дзяржава, краіна, грамадзтва, панаваньне", а 'пан' - гэта грамадзянін, паўнапраўны ўдзельнік грамады і яе ўзброены абаронца. Нашы продкі стварылі дзяржаву, кожны ўдзельнік якой быў панам.

"Політэя" Плятона можа быць перакладзена на беларускую мову толькі як 'Панства', бо азначае лучнасьць і якасьць 'палітаў', паноў, грамадзянаў, а ня ўладу аднаго над усімі.

Гэтаксама слова 'палітыка' як занятак і зносіны 'палітаў' можа быць перакладзена і зразумета толькі як панства.

Лацінскае слова 'цывілізацыя' паходзіць ад слова civis (жыхар, грамадзянін) і таксама перакладаецца як "панства" ці "панстваваньне", панства як тэхналёгію жыцьця.

Грамадзва, пабудову якога наш нацыяналізм мае паставіць сабе за цэль, мае быць менавіта Панствам, а не дзяржавай. Мы хочам быць Панствам, а ня проста мець над сабой дзяржаву ці гаспадара. І дзеля гэтага мы маем стаць панамі і называць адно аднаго панамі.



No comments:

Post a Comment