Аповесьць пра праяву сьвету разгортваецца вакол "страчанага і знойдзенага". Першай дзеяй зьяўляецца суcтрэча і міг пазнаваньня, што вяртае позірк у перагляд былога, а затым зноў адбываецца ў канцы.
Героі пастылага і нуднага жыцьця, каханкі, ці кола сяброў, або баявая сэкта, ці ўсё разам узятае, расстаюцца дзеля пошуку новага, і сустракаюцца зноў незнаёмымі, забываюць сябе, каб сябе ўзгадаць. Гэта аповесьць пра тое, як узьнікае новае з абмежаваньня поўнага, пра тое, як новае ўвогуле стаецца магчымым, пра забыцьцё і ўзгад, пра гульню ўвогуле.
Раўналежна разгортваецца іншы аповед, працінаючы першы як уток аснову. Кола багоў у выраі ад няма чаго рабіць ці разнастайнасьці дзеля, вырашае пагуляць у людзей, сьмяротных, прыдумляе сюжэт і ўвасабляецца, прыкладам, у баявую сэкту, ці каханкаў, ці кола кансэрватыўных рэвалюцыянэраў, аб'яднаных дзеля апошняга перавароту. І згубіўшы памяць пра сваю несьмяротнасьць, з пакутна-асалодным самаадданьнем яны граюць свае ролі, парушаючы ўсе дамоўленыя правілы.
Героі сустракаюцца ў часе апошняй бітвы, на парозе новага дзіўнага сьвету, якому адылі ненаканавана ўвогуле быць, пазнаюць адно аднаго, забытае ўзгадваецца ўсё разам, і ў гэты міг з таго самага стаецца яшчэ болей. Тое самае вяртаецца паўнатой, але забытае і ўзгаданае дадаецца да паўнаты. Паўната перапаўняецца і пераўзыходзіць сябе.
І тут багі прачынаюцца. Гэты міг прачыну - пазнаваньня іншых і пазнаваньня сябе, сама-яднаньня, перапаўненьня і пераліцьця праз край - верхаваньне, самая іста аповесьці.
Адзінае і поўнае расстаецца з сабой, стаецца ўсім і забывае сябе, зноў з сабой сустракаецца, і пазнаўшы сябе, стаецца яшчэ большым, пераліваючыся праз свой край. Чуйнае (cit) знаходзіць сябе існым (sat). Існае і чуйнае супадае шчасным (ānanda).
matsthāni sarvabhūtāni - "Ува мне стаяць усе быты..." (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 9.4) na ca matsthāni bhūtāni - "І не ўва мне ўсе быты" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 9.5). Сьпярша прамаўляецца сказ, які пасьля цалкам адмаўляецца. Сьцьверджаньне ставіцца і здымаецца. Колькі было, гэтулькі павінна было б і застацца, але насамрэч стаецца болей. Дадаецца трэцяе выказваньне, што не магло бы быць выказана інакш.
Тое, што здаецца дадатным, быцьцём, праявай, сьцьверджаньнем, гісторыяй, для першаснай паўнаты, існага зьяўляецца адмоўем, яе зьмяншэньнем, яго забыцьцём. І тое, што для праявы і быцьця зьяўляецца адмоўем, канцом і росчынам, для паўнаты існага зьяўляецца станоўем, яе вяртаньнем. Але вяртаецца больш, чым было аднята. Дадаецца трэцяе, раней непрысутнае.
Слова brahman утвараецца з пратвору bṛh, што мае два асноўныя змыслы - расьці (vṛddhau) і мовіць (śabde). Мова пульсуе сьцьвярджэньнем і адмаўленьнем, і ўсякі раз толькі ўзрастае гэтым.
pūrṇam adaḥ pūrṇam idaṃ pūrṇāt pūrṇam udacyate, pūrṇasya pūrṇam ādāya pūrṇam evāvaśiṣyate - "Поўнае тое, поўнае гэтае, ад поўнага поўнае паходзіць, ад поўнага поўнае адняўшы, поўнае яшчэ і застаецца" (Бр̣гада̄ран̣йака-упанішад 5.1.1) З паўнаты існага выяўляецца паўната бытнага, і калі паўната бытнага вяртаецца ў паўнату існага, яшчэ адна паўната дадаецца. Трэйці вымер, што ствараецца выпраявай дадаецца да першага, калі другі здымаецца. Паўната можа толькі поўніцца, бо спыненая паўната ўжо ня поўная, абмежаваная сваім спынам. Паўната можа быць толькі дзейнай, актыўнай паўнатой, пульсуючай паўнатой самаявы. Вечнае вяртаньне - гэта вяртаньне ня толькі таго самага, але яшчэ большага.
я ўсё-такі не дапетрыў, чаму вяртаецца больш, чым аднята(
ReplyDeleteдадаў абзац, каб было ясьней
ReplyDeleteIn the tattvas of universal Experience the Śakti tattva in her jñāna aspect is the principel of nagation - niśedhavyāpārarūpā. Śakti, at first negates the 'This' - or the objective side of experience of Śiva.Only 'I' side of the experience remains - anāśrita Śiva. In order for the Universe to appear a break becomes necessary stage. Foe the Subjectivity disengaged from objectivity a new quality appears - not as indistinguishable unity of the first stage, but as a distinguishable, yet unitary experience as 'I-This'. (From Pratyabhijñahṛdayam)
ReplyDeleteтак, гаворка пра гэта, але ня толькі і ня так
ReplyDelete